падцягнуць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.
1. Нацягнуць, напяць тужэй. Падцягнуць пасак. Падцягнуць атосы. ▪ Варанецкі падцягнуў папругі свайму жарабку, ускочыў на сядло, і яны панесліся напрамкі цераз поле да свінафермы. Дуброўскі. Доктар усхапіўся, хуценька надзеў фуражку, падцягнуў гальштук. Сіпакоў. // Разм. Закруціць тужэй, падшрубаваць. Падцягнуць гайку. // Нацягваючы, падняць вышэй. [Костусь] падцягнуў вышэй халявы паляўні[чы]х сваіх ботаў,.. саскочыў з весніц. Чорны. [Зарубін] усё-такі падаслаў газету, акуратна падцягнуў штаны на каленях і толькі пасля гэтага сеў. Мехаў.
2. Цягнучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н. Манг выбраў доўгую галіну, зачапіў човен, падцягнуў да берага. Маўр. Хутка ўжо драбіны былі закладзены даверху, аставалася ўскінуць некалькі бярвенняў, якія мы падцягнулі да воза. Дамашэвіч. Круцізна берага і густы чарот перашкаджалі падцягнуць рыбіну бліжэй. Ляўданскі.
3. Сабраць, сканцэнтраваць дзе‑н., перамясціць бліжэй да каго‑, чаго‑н. (вайсковыя сілы, часці). Першымі пачалі.. [вайну] белапалякі.. Падцягнулі .. войска, падвезлі гарматы, бронемашыны, зброю. Колас. Абарона была прарвана, і мы апынуліся ў Карпатах. Аднак і немцы не зявалі. Яны падцягнулі новыя сілы і злучылі лінію фронту. Няхай.
4. перан. Разм. Прымусіць лепш выконваць работу, свае абавязкі, падняць дысцыпліну. Каб мець час падцягнуць дачок па музыцы, Сасноўскія ў гэтым годзе раней, чым звычайна, прыехалі з дачы. Карпаў.
5. і без дап. Далучыцца да таго, хто спявае, падпяваючы яму. Нечакана за алешнікам, каля ракі, у вышыню ўзляцела вясёлая песня. Зазвінелі маладыя жаночыя галасы.. Ім падцягнулі мужчынскія басы. Шамякін.
6. безас. Разм. Уцягнуць унутр (жывот, бакі і інш.). — Які ты худы, косці адны. — Гаварыла [жонка] шэптам. — Адны косці. І жывата зусім няма, бач, падцягнула як. Галавач. Губы і шчокі.. [жонцы] падцягнула, у старасці ўжо гаварыць не магла, толькі шамкала. Кулакоўскі.
•••
Жывот падцягнула (падвяло) — хочацца есці.