Калупа́ць ’падчэпліваючы чым-н. вострым, аддзяляць, абдзіраць што-н.; рабіць у чым-н. паглыбленне’, ’капаць, ускопваць’, ’капацца, корпацца ў чым-н., дастаючы адтуль што-н.’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп.; бешан., Нар. сл.; Радч.; Сержп.; Федар. Рук.; Шат.), укр. колупати, рус. колупать ’тс’. Трубачоў (Эт. сл., 10, 160) на падставе польск. дыял. kolupać і ўсх.-слав. лексем дапускае рэканструкцыю прасл. kolupati. Верагоднасць такога рашэння нязначная, паколькі статус польск. слова няясны. Карловіч памячае яго як запазычанне з фіксацыяй у мове палякаў на перыферыі (за межамі моўнай тэрыторыі). Слаўскі гэту лексему не разглядае. Большую цікавасць выклікае польск. дыял. klupać ’калупаць’, асабліва ў сувязі з бел. клупаць і рус. клупать, аднак статус польск. слова няясны. Не вельмі ясны і статус дыялектных значэнняў; не выключана, што яны ў большасці другасныя. Асноўныя факты былі вядомыя этымолагам вельмі даўно і першыя спробы этымалогіі (Міклашыч, Мацэнаўэр і інш.) пакуль што не знайшлі альтэрнатывы. Трубачоў (там жа) лічыць, спасылаючыся на Фасмера, 2, 298, што слова ўтворана складаннем прэфікса ‑ko і дзеяслова *lupati. Сабалеўскі (Slavia, 5, 444) меркаваў аб гаплалогіі з кололупати, аднак з гэтым нельга нагадзіцца і з пункту погляду фармальнага і семантычнага крытэрыю. Паколькі папулярная ў апошні час думка адносна вялікай архаічнасці падобных прэфіксаў надзейна не пацвярджаецца, фактычна няма прычын лічыць разглядаемае слова праславянскім.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́пер (Шат.) ’кабан’. Ст.-рус., ст.-слав. вепрь, рус. вепрь, укр. вепр, ве́пер, польск. wieprz, чэш. vepř, балг. ве́пър, серб. ве̏пар. Прасл. *veprь ’вяпрук’ (магчыма, раней назоўнік i‑асноў). І.‑е. сувязі не вельмі пэўныя. Тлумачэнні: 1) роднасць з лат. vepris ’вяпрук’ (але, можа, гэта запазычанне з рус. мовы); 2) роднасць з лац. veprēs ’цярновы куст’ (першаснае значэнне слова *veprь магло быць ’шчаціністы, калючы’); 3) роднасць са ст.-інд. vápati ’рассыпае (семя)’; 4) сувязь з лац. aper, ст.-в.-ням. ebur ’вяпрук’ (ням. Eber). Не выключаецца, аднак, што *veprь — старое «праеўрапейскае слова». Гл. Фасмер, 1, 292 (там і літ-pa). Параўн. Махэк₂, 684.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вурва́лак ’кусок палена, цурбалак’ (дзярж., З нар. сл.; Нар. сл.). Ад вы́рваць ’адарваць, аддзяліць’ з пераходам ы > у, гл. вы́рвалак ’вялікі кавалак’ (Бяльк.), або урва́ць ’захапіць, адарваць’; параўн. урвала́ ’жарт, каламбур’ (сакольск., Арх. Федар.), што адпавядае польск. kawał ’тс’ (і ’кусок, кавалак’). Параўн., аднак, бурва́лак ’палена і інш.’ (гл.), для якога ўказваюць літоўскую крыніцу (Арашонкава і інш., БЛ, 3, 36), і паралельныя формы гродз. ушва́лак і бушва́лак ’кусок палена’ (Цых., ад *шваліць?), брагін. ушва́рак ’тс’ (Шатал., ад шва́рнуць ’шпурнуць’?) і інш., адносна спарадычнай замены в на б у ізаляваных словах параўн. Машынскі, Kultura, 2, 2, 856, 884.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́патнік1 ’той, хто носіць лапці’ (Яруш.), укр. лапо́тник ’тс’, рус. ла́потник ’той, хто прадае лапці’, (пагардж.) ’селянін’, ’адсталы, некультурны чалавек’, ’просты, няхітры чалавек’, ст.-рус. лопотникъ ’тс’. Усх.-слав. Да ла́паць2 (гл.). Сюды ж ла́патны.

Ла́патнік2 ’шчаўе конскае, Rumex confertus Willd’ (маг., смал., Кіс.). Да ла́паць2 (гл.). Матывацыя: форма ліста нагадвае лапаць (гл. рыс. 114, Станк.-Тал., 265). Не выключана, аднак, народна-этымалагічнае пераасэнсаванне лац. Rumex hydrolapathum Huds. ’шчаўе прыбярэжнае’, у прыватнасці часткі слова — lapathum.

Лапа́тнік3 ’той, хто вырабляў драўляныя лапаты для хлеба’ (Сл. паўн.-зах.). Ст.-рус. лопатникъ. Да лапа́та (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лот1 — адзінка вагі 12 г (ТСБМ), 16 г (Бес., Бяльк., Яруш., Мат. Гом.). Ст.-бел. лотъ, запазычанае са ст.-польск. lot, якое з ням. Lot ’мера вагі’ < с.-в.-ням. lot < кельц. *(р)loudia ’упадаць’, с.-ірл. lūaide ’свінец, грузіла’ (Фасмер, 2, 522; Булыка, Запазыч., 191; Юрэвіч, Зб. Крапіве, 292; Васэрцыер, 142). Аднак, паводле Крукоўскага (Уплыў, 83), — гэта запазычанне з рус. мовы. Беспадстаўна. Сюды ж лот ’пачак фарбы’ (рагач., беласт., Сл. ПЗБ).

Лот2 ’жолаб, па якім вада прыводзіцца да кола ў млыне’ (лунін., ЛАПП). Другаснае ад лоток (як рус. зонт ад зонтик). Да латак1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́кса, ла́кса, ляксу́ха ’панос’, ля́ксы ’хвароба ад моцнага паносу’, ляксава́ць ’слабіць’ (Нас., Касп., Федар. 1; лаг., Сл. ПЗБ; мін., КЭС). Праз польск. laksa, taksacja, laksować ’тс’ з с.-лац. laxare ’прачышчаць, выклікаць панос’, якое з лац. laxāre ’адпускаць, аслабляць, рабіць больш вольным, вялым, слабым’ < laxus ’прасторны, слаба нацягнуты, лагодны’ (Слаўскі, 4, 32) < і.-е. *slēg‑ (лат. leg̓ēns, ірл. lace, ст.-ісл. slakr, ст.-в.-ням. slach ’вялы, абвіслы, слаба нацягнуты’; асец. læx/l̥æxæ ’кал, экскрэменты’, якое, аднак, Абаеў (2, 39) лічыць каўказскім словам). Бел. в.-дзв., міёр., віл., аляксей, ляксей (Вештарт, Бел.-польск. ізал., 20) утварыліся ад лякса пад уплывам народнай этымалогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лёля, лёлечка, лёлька ’кашуля (з дзіцячай мовы)’ (Гарэц., Янк. 11, Клім., Некр., Жд. I, Бяльк., Шат., Мат. Гом., Нас.; слаўг., Мат. Маг.; паўд.-мін., КЭС). Укр., рус. смал. лёля ’тс’, кур. лёлька ’маленькае дзіцё’. Усх.-слав. утварэнне, звязанае, відавочна, з літ. lelė̃ ’грудное дзіцё, немаўля’. Фасмер (2, 479), аднак, параўноўвае рус. лексему з іншымі слав., напрыклад, з серб.-харв. љелна ’старэйшая сястра’, укр. лельо ’татачка’ (параўн. і рус. свярдл. лелько ’хрышчоны бацька’), балг. леля ’цётка’ і інш., якія (паводле Шаўра, Etymologie, 22) адносяцца да асновы lel‑/lal‑ і з’яўляюцца ўтварэннем у дзіцячай мове. Параўн. таксама ле́ля.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вятлю́к ’маладзік’ (Бяльк.). Па фармальнаму падабенству гэта ўтварэнне, якое з’явілася ў выніку дээтымалагізацыі першаснага вятох (аб магчымасці такога працэсу гл. вятух). Пэўныя цяжкасці выклікае, аднак, наяўнасць л. Дапускаючы суфіксацыю ‑юк, тыповую для гэтага раёна, можна думаць, што маглі ўзнікаць і трансформы *‑люк як вынік перараскладання слоў тыпу шчаўлюк, шаплюк, гаплюк, камлюк і да т. п.; параўн. асабліва ціцярлюк ’цецярук’ (Бяльк.), дзе л, праўда, магло ўтварыцца фанетычным шляхам. Параўн. яшчэ фармальна падобнае жаўтляк ’жоўты агурок’. Іншая версія — існаванне формы тыпу *ветлы (< *ветхлы?), якую, магчыма, пацвярджае н.-луж. wjatły ’зношаны, стары, струхлелы’. Ва ўсякім выпадку суфіксацыя памяншальная, і гэта тлумачыць значэнне ’маладзік’ разглядаемага слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віжок ’састаўная частка, якая ўмацоўвае саху’ (палес., Тарн.). Укр. віжечки ’каромысел’. Гэту лексему, а таксама роднасныя ёй усх.-палес. pòdwih ’частка сахі, дубовая расоха, якая падпірае адным сваім канцом правую паліцу (жалезнячок)’ (Маш.) і pudwʼiz ’віжок’ (Тарн.). Трубачоў (Этимология, 1964, 5) адносіць да прасл. dvigati. Мартынаў (ВЯ, 1968, 1, 129–130) расчляняе, як pod‑vigъ, звязваючы апошнюю частку з серб.-харв. ви́гови ’силы, путы’, ви̑г ’пастка’ (Зб. Крапіве, 211–212). У сувязі з тым, што Ю. Тарнацкі побач з віжок падае як паралельную форму ужок, можна меркаваць, што яны адносяцца да прасл. ǫz‑jь > ǫž‑ъkъ. Аднак цяжка растлумачыць пачатковы вакалізм у віжок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дзе́рава ’дрэва’, таксама і ў форме дзе́раво (Сцяшк.). Апошняе, аднак, азначае ’матэрыял для будаўніцтва’. Форма дзе́рава зыходзіць, бясспрэчна, да прасл. лексемы *dervo, якое дало пачатак славянскім формам: рус. де́рево, укр. де́рево, польск. drzewo, чэш. dřevo, балг. дре́во, серб.-харв. дре̑во, ст.-слав. дрѣво і г. д. Роднаснымі формамі для прасл. *dervo ’дрэва’ лічацца літ. dervà ’смала; смалістае дрэва’, ст.-інд. dā́ru‑ ’дрэва’, кімр. derwen ’дуб’ і г. д. Тут вельмі разгалінаванае сямейства слоў з шматлікімі роднаснымі формамі, аблаўтнымі суадносінамі вакалізму і да т. п. З вялікай літаратуры параўн. Слаўскі, 1, 174; Фасмер, 1, 502; Трубачоў, Эт. сл., 4, 211–213.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)