кані́кулы, ‑аў; адз. няма.

Перапынак у занятках, які даецца навучэнцам для адпачынку. Летнія канікулы. □ Як толькі ў школе закончыліся заняткі і ў вучняў малодшых класаў пачаліся канікулы, .. [Лявонка] на другі ж дзень пагнаў разам з дзедам у лес калгасны статак. Шуцько. Набліжаліся зімовыя канікулы вучняў, і можна было адлучыцца на час са школы. Шахавец.

[Ад лац. caniculae.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ты́чыцца, ‑чыцца; незак., каго-чаго.

Мець адносіны, дачыненне да каго‑, чаго‑н. Гэта мяне не тычыцца. Гэта не тычыцца справы. □ Іра, нібы перапынак яе і не тычыўся, па-ранейшаму сядзела, падпёршы галаву далонню. Марціновіч. Шыковіч ішоў, збіраючыся перадаць расказ Яраша, асабліва тую частку, што тычылася Савіча. Сказаць, што жывая дачка доктара. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаба́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак.

Разм.

1. Канчаць работу; рабіць перапынак у рабоце. [Кізіла:] — Гэта ж маглі б пачынаць раскатку... І ў сераду б — шабашылі! Савіцкі.

2. Зневаж. Зарабляць грошы, выконваючы якую‑н. выгадную работу, акрамя асноўнай. [Цырлюкевіч:] — У мяне ж і дзед, і бацька... — Шабашылі? — перапыніў Аркадзь Апанасавіч. — Без нас не абыходзіліся. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пераме́жка ’невялікая змена (напр., надвор’я)’, ’прамежак’ (Нас.), рус. цвяр., пск., каcтр. переме́жки, перемёжка ’часовае спыненне, невялікі перапынак у працы’. Да праме́жак (гл.), які паводле будовы адпавядае літ. prótarpis ’прамежак’. Мена пра- > пера- рэгіянальная “крывіцкая” асаблівасць, параўн. яшчэ рус. маск. перемежу́ток = промежу́ток ’тс’, перемеж́ье ’прамежак часу’. Утворана з пера- і мяжа (гл.) — першапачаткова ’прастора паміж межамі чаго-небудзь’, ’заканчэнне аднаго перыяду і пачатак іншага’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пераме́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм.

1. Перапынак паміж урокамі. Вялікая пераменка. Малая пераменка. □ У часе пераменак па калідорах і аўдыторыях усе яны шумелі, ганяліся адны за другімі, дурэлі, як гэта ўласціва моладзі. Колас.

2. Камплект (бялізны, адзення) на змену. [Галя:] — Ну, пасцель. Пераменку такую-сякую. Рабочую адзежу трэба мець. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спачы́н, ‑у м.

1. Перапынак у занятках, працы і пад. для аднаўлення сіл. Адмовіўшыся ад прапанаванага спачыну ў партызанскім лагеры, Зінаіда Антонаўка пайшла на аперацыю разам з Міхальковым. Кавалёў. Няхай кароткі быў начны спачын, але ў галаве ў Паходні была яснасць. Хадкевіч.

2. перан. Высок. Смерць, супакой. Піянеры вырашылі ўпрыгожыць месца спачыну адважнага партызана. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разры́ўка, ‑і, ДМ ‑рыўцы; Р мн. ‑рывак; ж.

Перапынак, перадышка ў якой‑н. рабоце, занятку; аддушына. Усе гэтыя часы .. [Зося] не спускала з сваіх вачэй дзіця, часта з ім гаварыла і знаходзіла разрыўку ў бесперапыннай рабоце. Чорны. «Нельга так бедаваць, як .. [Каспар], — падумаў Лайзан. — Нейкая разрыўка павінна быць для яго настрою. А так загубіць і сябе і дзяцей..» Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

О́тхлань ’супакаенне душы на тым свеце, чысцец’ (Нас., Багд., Федар. I). Параўн. вотхлань (гл.) ’чысцец’ (Шэйн. 2). Значэнне ’чысцец’ не зусім дакладнае. Федароўскі (1, 221) дае для гэтага слова наступны кантэкст: «У ночы між Усіх святых а Задушным днём, душы змарлые з неба, з пекла, з атлхлані і з чысьца прыходзяць да дому», з якога відаць, што отхлань і чысцец — розныя сферы таго свету. Насуперак Булыку (Запазыч., 232) нічога агульнага з польск. otchłań ’бездань’ не мае. Аб гэтым сведчаць іншыя значэнні гэтага слова і ў першую чаргу ’адпачынак, перапынак’ (Нас.). Параўн. без атхлані ’без перапынку’ (Нас., Яруш.). Не даваць атхлану ’адбывацца бесперапынна’. Звязана па паходжанню з адхлан (гл.) ’адпачынак, перапынак’ (Нас., ТС), ’прахалода, халадок’ (Нас.). Магчыма, што ў ТС (3, 290) прадстаўлена таксама гэта другое значэнне: не даваць атхлану ’не даваць прахалоды’. Параўн. адзіны кантэкст: «Дождж не дае нам атхлану». Тады ўся гэта група слоў да *ад‑халод‑нь/*ад‑халод‑н. Параўн. халонна ’холадна’, халонны ’халодны’ (Бяльк., 470), гл. халонуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нарэ́зацца, ‑рэжуся, ‑рэжашся, ‑рэжацца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца на дзяснах (пра зубы). У дзіцяці нарэзаліся зубы.

2. Разм. Напіцца дап’яна. [Мужчына:] — Толькі ў бутэльку [старшыня] і глядзіць: сёння п’яны, учора нарэзаўся, дык аж вуліца яму вузкая была. Сергіевіч. У абедзенны перапынак Гушча сустрэў .. [Генадзя Курсевіча] ля магазіна. — Нарэзаўся.. Эх ты, — сказаў ён, крануўшы Генадзя за плячо. — І напіўся... А што... Лукша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перады́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Невялікі перапынак для адпачынку. Андрушка не даваў сабе і аднае хвіліны перадышкі. Лобан. [Пятро] пераканаў сябе, што зрабіў больш, чым сябры, а таму мае права на перадышку. Шамякін. // перан. Часовае спыненне якой‑н. дзейнасці. Тыдні два .. [вучні] старанна паўтаралі пройдзенае за зіму, пісалі дыктоўкі, практыкаваліся ў граматычным разборы, рашалі задачы. Нарэшце настаўнік даў ім перадышку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)