1) у літаратуры, перапынак у гучанні мовы, абумоўлены логікай зместу або рытмам; адзін з элементаў інтанацыі, сродак паэт. выразнасці, рытмастваральны кампанент, асабліва важны ў паэзіі. Вылучаюць П. сэнсавыя (лагічныя), якія цалкам вызначаюцца сінтаксісам, і П. рытмічныя (у вершаванай мове), якія ад сінтаксісу не залежаць, абумоўлены логікай зместу і патрабаваннямі метрычнага рытму. У метрычным вершаскладанні П. можа быць структурным элементам верша і замяняць роўную па даўжыні колькасць складоў; у інш. вершаскладаннях П. з’яўляецца толькі дэкламац. элементам, які падкрэслівае вершападзел, цэзуру і да т.п.
2) У музыцы П. — перапынак у гучанні аднаго, некалькіх ці ўсіх галасоў муз. твора, а таксама знак у нотным пісьме, які абазначае гэты перапынак. У буйных інстр. творах, ансамблях, харах і оперных масавых сцэнах агульны перапынак гучання наз. генеральнай П. У сучасным нотным пісьме выкарыстоўваюцца П.: цэлая, палавінная, чацвяртная, восьмая, 16-я, 32-я, 64-я.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРА́КТ (франц. entracte),
1) перапынак паміж актамі (дзеямі) спектакля ці аддзяленнямі канцэрта, цыркавога паказу.
2) Музычная п’еса, якая з’яўляецца ўступам да акта (акрамя 1-га) ці карціны опернага, балетнага або драм. спектакля. Выконваецца пасля перапынку, перад тым як падняць заслону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПА́ЎЗА (ад грэч. diapausis перапынак, прыпынак),
стан часовай паніжанай фізіял. актыўнасці жывёл. Характарызуецца рэзкім зніжэннем абмену рэчываў і прыпыненнем формаўтваральных працэсаў. Звычайна Д. назіраецца ў зімовы перыяд і служыць прыстасавальнай рэакцыяй. Вылучаюць формы Д.: эмбрыянальную — на стадыі яйца (напр., у калаўротак, ніжэйшых ракападобных, саранчовых), лічынкавую (зімуюць вусені і лічынкі ў многіх матылёў, жукоў-даўганосікаў, ручайнікаў і інш.), кукалкавую (зімуюць кукалкі капуснай бялянкі, капуснай соўкі і інш.), імагінальную (зімуюць дарослыя асобіны камароў, жукоў-лістаедаў і інш.). Для большасці жывёл умераных і высокіх шырот Д. звязана з даўж. светлавога дня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАРАБО́ЧЫ ЧАС Уключае час, звязаны з працай (час прыбыцця на работу, абедзенны перапынакі г.д.), час вядзення хатняй гаспадаркі, карыстання паслугамі прадпрыемстваў быт. абслугоўвання, працы ў асабістай дапаможнай гаспадарцы, асабіста свабодны час і інш. Структура П.ч. разглядаецца ў залежнасці ад розных сац.-прафес. груп гар. і сельскага насельніцтва, ад велічыні і складу сям’і і інш. Прадукцыйнае выкарыстанне П.ч. садзейнічае павышэнню прафес., агульнаадук. і культ. ўзроўню, духоўнаму і фіз. ўдасканаленню асобы. Дзяржава павінна садзейнічаць стварэнню неабходных умоў, якія б спрыялі гарманічнаму і духоўнаму развіццю асобы, раскрыццю магчымасцей і таленту людзей у інтарэсах грамадства і асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРВА́Л (ад лац. intervallum прамежак, адлегласць),
1) перапынак (у прасторы або часе), прамежак, паўза, адлегласць паміж чым-небудзь.
2) У матэматыцы — мноства лікаў або пунктаў на прамой, размешчаных паміж двума лікамі (пунктамі) a і b. Пазначаецца (a, b), a і b — канцы І. ў яго не ўключаюцца.
3) У тэорыі адноснасці — велічыня, якая характарызуе сувязь паміж прасторавай адлегласцю і прамежкам часу, што раздзяляе 2 падзеі; «адлегласць» паміж дзвюма падзеямі ў чатырохмернай прасторы-часе. Квадрат І. Sab паміж дзвюма падзеямі A і B роўны S2AB = c = (∆t)2 − (∆r)2, дзе ∆t і ∆r — прамежак часу і прасторавая адлегласць паміж гэтымі падзеямі адпаведна, c — скорасць святла ў вакууме. І. Sab застаецца нязменным (інварыянтным) пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да другой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРМЕ́ЦЦА (італьян. intermezzo літар.перапынак, ад лац. intermedius тое, што пасярэдзіне, прамежкавы),
1) інструментальная п’еса прамежкавага значэння ў цыклічным творы (санаце, сюіце) або сярэдняя частка (трыо) у трохчасткавай інстр. кампазіцыі. У бел. музыцы І. ёсць у сімф. сюітах Г.Вагнера, А.Клумава, фп. сюіце Я.Касалапава, сюіце для эстр.арк. У.Чараднічэнкі. Сустракаецца і ў оперы, дзе часта наз.інтэрмедыяй, інтэрлюдыяй («Матухна Кураж» С.Картэса).
2) Невял. інстр. п’еса, пераважна для фп. Упершыню ўведзена Р.Шуманам (6 І. для фп.). Шырока вядомы І. для фп. І.Брамса, А.Лядава, В.Каліннікава, для сімф.арк. — М.Мусаргскага. У бел. музыцы І. стварылі Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, А.Багатыроў, Р.Бутвілоўскі, Я.Глебаў, А.Залётнеў, Дз.Смольскі, А.Туранкоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ДСКІ (Іосіф Аляксандравіч) (24.5.1940, г. С.-Пецярбург — 28.1.1996),
рускі паэт. Пісаць пачаў у 16 гадоў. Да 1960 быў вядомы як паэт сярод моладзі і ў неафіц. колах. У 1963 арыштаваны, у 1964 за «дармаедства» прыгавораны да 5 гадоў ссылкі з абавязковым прыцягненнем да працы. Датэрмінова вызвалены (1965) дзякуючы заступніцтву А.Ахматавай, С.Маршака, Дз.Шастаковіча і інш. У 1972 Бродскі пакінуў радзіму. Жыў у ЗША. Выкладаў рус. л-ру ва універсітэтах і каледжах. Пісаў на рус. і англ. мовах. Аўтар кніг «Перапынак у пустыні» (1967), «Канец цудоўнай эпохі» (1972), «Уранія» (1987) і інш., у якіх паказаў складаны творчы і духоўны свет паэта. Яго паэзія — у своеасаблівым творчым вымярэнні і ў той жа час яна цвёрда стаіць на рэальнай зямлі. Нобелеўская прэмія 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРКАМА́НІЯ (ад грэч. narkē здранцвенне, аняменне + манія),
хвароба, якую выклікае сістэматычнае ўжыванне наркатычных сродкаў. На ўжыванне наркатычных сродкаў (наркотыкаў) уплываюць псіхал. асаблівасці чалавека (нізкая самаацэнка, псіхічныя захворванні), проціпраўная дзейнасць і інш. Асабліва схільныя да Н. падлеткі і маладыя людзі. Наркаманы (людзі, якія ўжываюць наркотыкі) адмежаваны ад рэальнага свету, трацяць пачуццё адказнасці і абавязку, хлуслівыя, эгаістычныя, схільныя да антысац. паводзін (рабаванне, насілле і інш.). Дзеці наркаманаў нярэдка нараджаюцца з фіз. і псіхічнымі дэфектамі і расстройствамі. Пры Н. існуе вял. небяспека заражэння рознымі формамі гепатыту, СНІДам. Скарачэнню жыцця наркаманаў садзейнічае перадазіроўка, септычныя ўскладненні, спробы да самагубства і інш. Пры Н. расстройваецца абмен рэчываў у арганізме, дзейнасць стрававальна-кішачнага тракту, сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм.
Адрозніваюць 3 стадыі Н.: адаптацыя, абстынентныя з’явы і знясіленне. У хворых на Н. выяўляецца вял. наркаманічны сіндром, які складаецца са змененай рэактыўнасці, псіхічнай і фіз. залежнасцей. Аднаразовае ўжыванне наркотыкаў выклікае эйфарыю. Псіхічная залежнасць характарызуецца пастаяннымі думкамі аб скарыстанні наркотыку, інакш узнікае стан незадаволенасці, прыгнечанасці, раздражняльнасці; назіраецца на ранніх этапах сістэм. ўжывання наркотыку. Фіз. залежнасць праяўляецца неадольнай хваравітай цягай да наркотыку, развіццём сіндрому пазбаўлення (абстыненцыі), калі перапынак у прыёме наркотыку выклікае расстройствы фіз. і псіхічных функцый. Лячэнне ў спец. лячэбных установах у залежнасці ад наркатычнага сродку.
Літ.:
Пятницкая И.Н. Наркомании: (Руководство для врачей). М., 1994;
Каплан Г.И., Сэдок Б.Дж. Клиническая психиатрия: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮДО́ (ад яп. дзю мяккасць + до шлях),
японская нац. барацьба (у кімано са свабодным поясам, без абутку). Пры барацьбе стоячы барцы імкнуцца з дапамогай падножак, падсечак, кідкоў і інш. прыёмаў кінуць адзін аднаго на татамі (спец. цыновачная мата), пры барацьбе лежачы — утрымаць праціўніка прыціснутым спінай да татамі або з дапамогай болевых прыёмаў і задушлівых захватаў прымусіць яго прызнаць сябе пераможаным. Схваткі праводзяцца ў 8 вагавых катэгорыях (жанчыны — 48, 52, 61, 66, 72, больш за 72 кг і абсалютная; мужчыны — 60, 65, 71, 78, 86, 95, больш за 95 кг і абсалютная) і працягваюцца 4 мін для жанчын і 5 мін для мужчын.
Дз. створана ў канцы 19 ст.праф. Д.Кано, які сістэматызаваў і палепшыў тэхніку джыуджыцу (без элементаў, што пагражалі жыццю і здароўю барцоў) і ўвёў шмат новых, створаных ім самім. З канца 19 — пач. 20 ст. Дз. пашырылася ў шэрагу краін Еўропы, Азіі, Амерыкі У 1956 створана Міжнар. федэрацыя Дз. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1956, чэмпіянаты Еўропы — з 1951. З 1964 Дз. — алімпійская дысцыпліна (перапынак у 1968).
На Беларусі развіваецца з 1974, у 1977 створана рэсп. федэрацыя. Сярод бел. дзюдаістаў чэмпіён Еўропы (1983, 1984, 1985), уладальнік Кубка свету (1984, 1986), бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1985) В.Пясняк, чэмпіён Еўропы (1997) Р.Мамедаў, бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы (1995) Н.Багіраў, прызёры чэмпіянату Еўропы 1977 А.Карыцкая і Т.Масквіна. Зборная каманда Беларусі сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (1994).