скандава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., што і без дап.

Выдзяляць націскны склад у кожнай стэпе верша (пра манеру чытання грэчаскіх і лацінскіх вершаў); чытаць верш, падкрэсліваючы ў ім метр. Я верш пісаў, рука мая здранцвела. Язык знямеў, скандуючы радкі. Дзяргай. // Гучна і выразна вымаўляць словы, дзелячы іх на склады. З цеплахода адказваюць па-шведску, скандуюць — моцны голас гэты гучыць над затокай: Дзя-куй! Мележ. Людзі дружна і смела пачалі крычаць, падступаць да папа, махаць рукамі, а яшчэ праз хвіліну і скандаваць: — Па-рус-ку! Па-рус-ку! Карпюк.

[Лац. scandere.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кама́ндаваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.

1. Вымаўляць словы каманды, аддаваць каманду. — Да зброі! — ціха камандуе .. [Рыжы]. Колас.

2. Быць камандзірам чаго‑н. Камандаваць боем. Камандаваць парадам. □ Калі капітан апускаўся ўніз, тады камандаваў яго памочнік. Лынькоў. Кірыла быў унтэр-афіцэрам і камандаваў сапёрным узводам. Паслядовіч. За час адыходу ад заходняй граніцы [Саўчанка] не мог не заўважыць шматлікіх выпадкаў, калі радавы баец або сержант камандаваў батальёнам або ротай. Лупсякоў.

3. перан.; кім-чым, над кім-чым і без дап. Разм. Аддаваць распараджэнне, загадваць. Дзве жанчыны адцягвалі к сцяне лішнюю мэблю, і ўсім гэтым камандавала Валя. Чорны. — Алёша, — камандавала Юлька. — Зараз жа, хоць з-пад зямлі, дастань мне чырвонай фарбы. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Вымаўляць гук «ш-ш», стараючыся супакоіць каго‑н. Сядзеўшая ў першым радзе вяртлявая дзяўчына, на якую ўжо шыкалі часам суседзі, бо яна ўсё круцілася на месцы, гадавала бліжэйшым недарэчныя пытанні. Лынькоў. Людзі нават не варушыліся, не курылі, шыкалі на тых, хто кашляў. Шамякін.

2. Гукамі «ш-ш», крыкамі, шумам выражаць сваё незадавальненне, злосць (звычайна артысту, аратару і пад.). Калі ў зале пачнуць шыкаць, смяяцца, тупаць нагамі, не звяртайце на гэта ўвагі. Пянкрат.

3. Крычаць «ш-ш!», адганяючы, праганяючы якіх‑н. птушак, жывёл. Станіслаў Пракопавіч адмахваўся ад .. [гусей] голымі рукамі, шыкаў і сцёбаў клятчатай кашуляй па частаколе — выбіваў пыл. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гавары́ць, -вару́, -во́рыш, -во́рыць; -во́раны; незак.

1. Валодаць вуснай мовай, валодаць якой-н. мовай, вымаўляць словы.

Дзіця яшчэ мала гаворыць.

Г. па-іспанску.

Манера г.

2. што і без дап. Выражаць думкі, паведамляць.

Г. праўду.

Г. павольна.

Газета гаворыць пра дасягненні беларускіх ільнаводаў.

3. аб кім-чым. Выказваць думку, меркаванне, абмяркоўваць што-н.

Аб поспехах айчыннай касманаўтыкі гаворыць уся краіна.

4. з кім. Весці гутарку, размаўляць.

Г. з табою немагчыма.

5. перан., пра што, аб чым і за што. Сведчыць, паказваць на што-н.

Гэты выпадак гаворыць пра многае.

Гэта гаворыць само за сябе.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан., у кім. Праяўляцца ў чыіх-н. паводзінах, словах і пад.

У ім гаворыць сумленне.

Гаварыць на розных мовах — не разумець адзін аднаго.

|| зак. сказа́ць, скажу́, ска́жаш, ска́жа; скажы́; ска́заны (да 2 і 3 знач.).

|| наз. гаварэ́нне, -я, н. (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. Утвараць сіплыя гукі. Потым.. [гаспадар] карміў парсюка, завіхаўся каля печы, там нешта сінела, выкіпала, прыгарала. Хомчанка. Дзед.. калупаў ды прадзьмухваў люльку, якая пачынала пры гэтым сіпець на ўсе лады. Лынькоў. Сіпеў.. недзе ў шэрых прыцемках паравоз. М. Стральцоў.

2. Гаварыць сіплым голасам, вымаўляць сіплыя гукі. Глушак стары яшчэ доўга сіпеў, гразіўся, злосна снуючы з кутка ў куток, аж пакуль не ахрып, не знямогся зусім. Мележ. — Э-э... Дрэнь... — сіпіць.. [Грыпіна] прастуджаным голасам. Пташнікаў. // Шыпець, выказваючы нездавальненне кім‑, чым‑н. Цяпер [Рак-Кандэрскі] прыходзіць у канцылярыю раней за ўсіх, .. корпаецца ў паперах і ўвесь дзень сіпіць на маладых сакратарак і машыністак. Навуменка. Наш поспех ім — пад сэрца клін. Яны дасюль сіпяць ад злосці, Што мы ўзялі ў баях Берлін. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́чат1 ’аднастайнасць, падабенства; узор’: на почат гэтага здзелай, боты не адным початам пашыты (Нас.). Можна меркаваць, што мае тое ж паходжанне, што і рус. дыял. чи́тать ’лічыць’, ’рабіць тое, што патрабуе падлічэння: плесці сетку, вышываць, вязаць’, параўн. счёт ’падлік’, не счесть ’не злічыць’, польск. poczet ’лічба; колькасць; падлік; рахунак’ (XVI–XIX стст.), чэш. počet ’лічба, падлік, рахунак’, славац. počet ’лічба, мноства, колькасць’, якія ўзводзяць да *počьtъ з *po‑čisti ’пачытаць’ = *po‑čitati ’падлічыць’ > бел. чыта́ць ’успрымаць вачамі, вымаўляць няпісанае’), г. зн. класці прадметы (і літары) адзін за адным або адзін пад адным (Голуб-Копечны, 282; Трубачоў, Эт. сл., 4, 123; Банькоўскі 2, 651). Сюды ж, відаць, ст.-бел. почотъ ’світа, картэж’, г. зн. лік суправаджальных, тых, хто едзе адзін за адным.

По́чат2 ’павага, пашана’ (Бяльк.). Хутчэй за ўсё, архаізм, звязаны з папярэднім словам, параўн. укр. по́чет, рус. почёт, балг. по́чет, по́чит, макед. почит ’тс’, ст.-слав. почьтениѥ ’павага, пашана’ і пад. Усе да *počisti, *‑čьtǫ, гл. почтаваць, пачцівы. Гл. таксама пачо́т, хутчэй за ўсё, з рус. почет.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шапта́ць, шапчу, шэпчаш, шэпча; незак., што і без дап.

1. Гаварыць, вымаўляць вельмі ціха, шэптам. Шаптаць на вуха. Шаптаць малітвы. □ Губы .. [Людмілы] шапталі гнеўныя пракляцці тым, хто ўчыніў такую лютую бойню. Якімовіч. — Саша... Саша... Ты ж сама прыгажосць... — шаптаў Малашкін, гладзячы руц Сашы, — з табою жыць і паміраць. Пестрак. // перан. Утвараць якія‑н. ціхія гукі (слабы шум, шолах і пад.). Шэпча жыта, нібы стогне Здушанай тугою. Колас. Зноў так радасна шэпчуць дубровы. Кляшторны.

2. Перадаваць якія‑н. чуткі па сакрэту, тайна. І не толькі яны [Сцёпка з Борам] — уся вуліца шаптала пра Міхалку. Баранавых. — Каму ж, хлопцы, пачаць, як не нам? Можа, напалохаюць тыя, што будуць шаптаць з-за вугла ды чакаць паратунку з-за мора. Брыль.

3. Шэптам замаўляць, чараваць. Матруна ёй [шаптусе] цягала Адзенне, грошы, сала, — Амаль усё занесла, што было, А тая ўсё шаптала, чаравала. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць глухія гукі, якія нагадваюць працяжнае вымаўленне гука «с». Летам .. [Яша] амаль кожны дзень што-небудзь прыносіў: то гадзюку, якая злосна сыкала... то нейкіх рэдкіх матылькоў, якіх ніхто дагэтуль не бачыў. Даніленка. Кулі злавесна сыкаюць у паветры. Паслядовіч. Чэсік пагрозліва замахваецца, і раменная пуга свішча і сыкае ў паветры вужакаю. Васілевіч. Спорна тупае конік, сыкае пясок пад коламі. Б. Стральцоў. // Вымаўляць працяжнае «с», заклікаючы да цішыні, супакойваючы каго‑н. Гэтага было даволі, каб на Шахрая напаўжартам, напаўсур’ёзна з усіх бакоў пачалі сыкаць. Шарахоўскі. На мяне ўжо сыкала некалькі мужчын з капелюшамі ў руках, а я ўпарта крочыў наперад. Карпюк.

2. Разм. Выказваць сваё нездавальненне, злоснічаць (звычайна спадцішка). Бацька ўсміхаецца: рады, Што наступіў такі час, Кажа: — Хоць сыкаюць гады, — Арганізуем калгас! Смагаровіч.

3. Разм. Гаварыць здаўленым ад раздражнення, злосці і пад. голасам. [Апанас] ўскідваў на жонку раз’яраныя вочы і сыкаў праз зубы: — Не твая справа... Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чыта́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; чы́таны; незак.

1. што і без дап. Адрозніваць і спалучаць літары ў словы, успрымаць што-н. напісанае, надрукаванае літарамі; вымаўляць для тых, хто слухае, што-н. напісанае, надрукаванае.

Ч. па складах.

Бегла ч.

Ч. унукам казку.

2. каго-што і без дап. Знаёміцца са зместам чаго-н. напісанага або надрукаванага (з якім-н. творам, аўтарам і пад.); атрымліваць звесткі з кніг, часопісаў і інш.

Ч. аповесці Васіля Быкава.

Ч. энцыклапедыю.

Хлопчык многа чытае.

3. што. Разумець, разбірацца ў якіх-н. знаках, абазначэннях.

Ч. ноты.

Ч. чарцяжы.

4. што і без дап. Па знешніх прыкметах распазнаваць, угадваць што-н. (перажыванні, думкі і пад.).

Ч. чужыя думкі.

Ён чытаў у яе вачах страх.

5. што. Пераказваць які-н. тэкст на памяць.

Ч. на памяць байкі.

6. што. Выкладаць вусна перад аўдыторыяй.

Ч. лекцыі.

Чытаць мараль (натацыі, павучанні) — гаварыць з кім-н. строгім тонам, робячы вымову, дакараючы за што-н.

|| зак. прачыта́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -чы́таны.

|| наз. чыта́нне, -я, н., чы́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж. (да 1—3 знач.) і прачыта́нне, -я, н. (да 1, 2, 5 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

лапата́ць, лапачу, лапочаш, лапоча; незак.

1. Удараць па якой‑н. паверхні, ствараючы аднастайныя прыглушаныя гукі; шалясцець. Лапатаць па вадзе крыламі. Лапочуць сцягі. □ Параход лапатаў пліцамі, часта прыставаў да крутога берага. Грахоўскі. Па страсе лапоча лівень, а побач стогнуць векавыя дрэвы... Грамовіч. Акунёк лапатаў у руках у Гаманька, калючым егерам распускаў спінны плаўнік. Броўка.

2. што і без дап. Разм. Нязвязна, паспешліва гаварыць, расказваць. Галілей суняўся.. і вінавата лапатаў: — Сушыльня... ага... сушыльня... Зарэцкі. Усе жанчыны як па камандзе, перабіваючы адна адну, пачыналі лапатаць, не згаджацца з прамоўцам. Грамовіч. // Невыразна вымаўляць, незразумела гаварыць. [Арынка] нешта лапоча на сваёй дзіцячай мове. «Звязда». // Гаварыць на чужой, незнаёмай для каго‑н. мове. Бег немец з паднятымі рукамі і нешта лапатаў. Чорны.

3. што і без дап. Разм. Гаварыць многа і бесперастанку аб чым‑н. нязначным, пустым; балбатаць, балабоніць. Жанчына жыла адна і любіла збіраць па вёсцы плёткі, — бегала з канца ў канец па хатах, лапатала пра ўсё, што на язык трапляла. Пташнікаў. [Маці:] — О-о, зноў лезе .. ведзьма, Міхаліна. Будзе тут цэлы дзень лапатаць ды падглядваць! Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)