Я́ХВЕ (яўр. YHWH), Ягве, Іегова,
у іудаізме імя Бога, якое нельга вымаўляць. Паводле Старога Запавету Бібліі, гэтае імя адкрыў Бог Майсею на гары Харыў. Да 3 ст. да н.э. яго мог вымаўляць раз на год (Дзень ачышчэння) нячутна для іншых першасвятар, які перадаваў тайну гучання свайму пераемніку. Потым вымаўленне імя «Я.» канчаткова забаронена і, калі яно сустракаецца ў час чытання ўслых свяшчэнных тэкстаў, яго замяняюць словам «Аданай» (у рус. перакладзе Бібліі з грэч. мовы — «Господь»).
т. 18, кн. 1, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКОРАГАВО́РКА,
фальклорны твор, пабудаваны на спалучэнні гукаў, якія перашкаджаюць хутка і выразна вымаўляць словы; жанр народна-паэтычнай творчасці. Пашырана ў дзіцячым фальклоры і выкарыстоўваецца для трэніроўкі дыкцыі. Напр.; «Лавіў рыбак судака, судзіў судак рыбака: лоўка, рыбак, ловіш, судаку сорам робіш», «Рапартаваў ды не дарапартаваў, стаў дарапартоўваць ды зарапартаваўся», «Пекар Пётр пёк пірог» і інш. Зб. бел. нар. С. «Мама Мышка сушыла шышкі» (1983) склаў І.У.Саламевіч.
т. 14, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФА́ЗІЯ (ад а... + грэч. phasis выказванне),
парушэнне мовы з поўнай або частковай стратай здольнасці карыстацца словамі ці фразамі для выказвання думак або разумець чужую мову пры пашкоджванні пэўных участкаў кары галаўнога мозга, але захаванні функцыі артыкуляцыйнага апарата і слыху. Часта камбінуецца з парушэннем чытання (алексія), пісьма (аграфія), ліку (акалькулія). Узнікае пры інсультах, пухлінах і абсцэсах мозга, чэрапна-мазгавых траўмах і інш. Адрозніваюць афазію маторную (цяжка або немагчыма вымавіць слова, выказаць думку пры захаванні здольнасці вымаўляць асобныя гукі і разумець мову), сенсорную (неразуменне мовы пры нармальным слыху), семантычную (парушэнне разумення сэнсу фраз пры захаванні разумення асобных слоў), амнестычную (хворыя забываюць назвы прадметаў, але даюць ім характарыстыку), татальную (страта хворымі здольнасці гаварыць, разумець, чытаць і пісаць). Пры ўсіх формах афазіі лечаць асн. захворванне, праводзяць заняткі з лагапедам.
т. 2, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)