Слі́зкі ‘гладкі, такі, на якім цяжка ўтрымацца, устаяць або які цяжка ўтрымаць’, ‘пакрыты сліззю’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), слізь ‘цягучая і слізкая маса’ (ТСБМ), слізата́ ‘слізкасць’ (Сл. ПЗБ), слізо́та ‘заледзянелая дарога’ (тс), ‘калі пад нагамі слізка’ (Варл.), слі́знуць, слі́зі́ць ‘пакрывацца сліззю, прэць’ (ПСл), слі́дзікі ‘піражкі’ (брасл., Сл. ПЗБ). Укр. сли́зький, рус. сли́зкий, польск. ślizki, чэш. slizký, slzký, славац. slizký, славен. slízek, балг. сли́зък, ст.-слав. сльзъкъ ‘ліпкі; сакавіты’. Прасл. *slizъkъ утворана ад прасл. *slizь з суф. ‑ъkъ, параўн. укр. слиз, рус. слизь, чэш., славац. sliz, славен. slȋz ‘слізь’, балг. слиз. Роднасныя ст.-ісл. slíkr ‘гладкі’, ст.-в.-ням. slîhhan ‘красціся’, с.-в.-ням. slik ‘глей’, грэч. λίγδην ‘дакранаючыся да паверхні’, ст.-ірл. sligim ‘пэцкаць’. Гл. Міклашыч, 300; Праабражэнскі, 2, 300; Фасмер, 3, 671; Траўтман, 270; БЕР, 6, 876–878 з аглядам літ-ры. Узводзіцца да і.-е. *sleu̯gʼ‑ ‘слізгаць, слізкі’ (Покарны, 663–664; Сной₁, 581; Борысь, 617; SEK, 4, 312). Гл. яшчэ Махэк₂, 555; Шустар-Шэўц, 1315; ЕСУМ, 5, 300.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снага́ ‘магчымасць, здольнасць, сіла’ (ТС). Параўн. укр. сна́га́ ‘сіла’, снажни́й ‘моцны’, рус. наўг. сна́га ‘сіла, намаганне, поспех’, сна́жный ‘дужы’, рус.-ц.-слав. снага ‘поспех, дзейнасць’, польск. snaga ‘старанне, імкненне’, snażyć się ‘старацца’, каш. snåžëc ‘рабіць прыгожым’, чэш., славац. snaha ‘намаганне, моцнае жаданне’, серб.-харв. сна́га ‘сіла, моц, чысціня’, сна́жити ‘узмацняць, умацоўваць; чысціць’, славен. snága ‘чысціня’, макед. снага ‘цела, тулава’, балг. снага́ ‘цела, сіла’, ст.-слав. снага ‘жаданне, намаганне’. Прасл. *snaga не мае пэўнай этымалогіі. Бязлай (3, 278–279) выводзіць з і.-е. *snāgo‑ ‘чысты, лепшы’ або *snógo‑, якое магчыма параўнаць, напрыклад, з грэч. νηγάτεος ‘прыгожы (пра туніку)’; лат. snaigs ‘гнуткі, стройны’, naigs ‘прыткі, цвёрды’. Борысь (SEK, 4, 339) значэнне ‘чысты’ лічыць другасным, вытворным ад ‘старанны’. Варбат (Этимология–1964, 28–30) дапускае роднасць з наглы (гл.), падкрэсліваючы іх семантычную блізкасць: ‘сіла, дзейнасць, імкненне’ — ‘хуткі, раптоўны’; тады *snaga ад страчанага славянскага дзеяслова з коранем (s)nag‑ з s‑mobile. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 696; Махэк₂, 564; ЕСУМ, 5, 332; Глухак, 568; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 325–326.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́плі, со́пля ‘слізь, выдзяленні з носа; смаркачы’ (ТСБМ), со́пель ‘тс’ (Шат.), со́плі ‘соплі’, ‘ледзяшы’ (ТС, Сл. ПЗБ), ‘ледзяшы’ (Сцяшк.), сопе́ль ‘лядзяш’, ‘ёрш’ (ТС), со́пэль, су́пель ‘лядзяш’ (івац., Нар. сл.; ЛА, 2), сапе́ль ‘сопля, лядзяш’ (Нас.). Укр. со́піль, Р. скл. — сопля ‘сопля; лядзяш’, рус. со́пля, стараж.-рус. сопль ‘тс’, польск. sopel ‘сопля; лядзяш’, чэш. sopel, славац. sopeľ, серб.-харв. sopalj ‘нарасць пад дзюбай індыка’, дыял. сопу̀ль ‘сліна’, балг. сопо́л ‘сопля’. Паводле Борыся (567), прасл. *sopъlь, *sopolь дэрыват ад прасл. sopti (гл. сапці) з суф. ‑ъlь, аднак Слаўскі (SP, 1, 111) дэрывацыйную аснову лічыць тут няяснай. Сюды ж адносяць ст.-ісл. safi ‘сок дрэва’, лац. sapa ‘сіроп з вінаграднага сусла’, арм. ham (sapmo‑) ‘сок’, авест. vī‑šāpa‑ ‘той (або тое), што мае атрутныя сокі’. Гл. яшчэ Махэк₂, 567; Фасмер, 3, 719; Скок, 3, 306; ЕСУМ, 5, 355. Меркаванне Астроўскага (ABSl, 29, 151) пра развіццё другаснага значэння ‘лядзяш’ пад польскім уплывам цяжка абгрунтаваць, параўн. балг. со́пови ‘ледзяшы на стрэсе’ (Гераў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ссаць ‘уцягваць у рот, смактаць’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Федар. 4, Сл. ПЗБ, Варл., ТС). Укр. сса́ти, рус. соса́ть (пад уплывам слоў со́ска, сос — гл. Фасмер, 3, 725), стараж.-рус. съсати ‘ссаць’, съсъ ‘сасок, грудзі’, польск. ssać, каш. sësac, чэш. sáti, ст.-чэш. ssáti, славац. sať, серб.-харв. са̏ти, си̏сати, славен. sesáti, балг. си́сам, ст.-слав. съсати. Прасл. *sъsati (< *sъps‑ati) ‘ссаць, высмоктваць’, дзеяслоў з прэфіксам *s‑, каранёвая частка якога засноўваецца на паўн.-і.‑е. базе *seu̯‑p‑/*seu̯‑b‑ ад кораня *seu̯‑ ‘сок; выціскаць сок; ссаць, смактаць (сок)’; гл. Борысь, 573–574. Бязлай, 3, 229 праславянскае адносіць да і.-е. *seu̯‑p/b:*sū‑p/b; Фасмер (3, 725–726) і.-е. *su‑p/su‑b лічыць выклічнікам, а славянскі дзеяслоў гукапераймальным; параўн. ст.-інд. súpas ‘поліўка’, ст.-ісл. súpa ‘піць сёрбаючы’, ст.-в.-ням. sûfan ‘тс’. Гл. яшчэ Махэк₂, 538; Сной₁, 563; Скок, 3, 244; Глухак, 549; SEK, 4, 267; ЕСУМ, 5, 388–389.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стаўбу́н1 ‘збан’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Шат., Жд. 3, Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ‘высокі конусападобны прадмет з круглым верхам’, ‘слуп чаго-небудзь (пылу, дыму), які падымаецца ўверх’, ‘віхор, ураганны вецер’ (ТСБМ), а таксама ‘кветаноснае сцябло’ (Мат. Гом., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘кадаўб’ (Сл. ПЗБ), ‘грубка’ (Сцяшк.), стаўбу́н, сталбу́н ‘гарлач (збан); гліняны гаршчок з ручкамі’, значэнні і лінгвагеаграфію гл. ЛА, 1; з іншай суфіксацыяй стоўба́к ‘высокая вузкая бочка’ (Юрч. Вытв.), стоўба́н ‘тс’, перан. ‘галава’ (там жа), стаўбу́нік ‘высокая і вузкая шафа’ (Сл. рэг. лекс.), стаўбуне́ць ‘расці не ў карняплод, а ў сцябло’, стаўбуні́цца ‘ўзнімацца слупам (пра дым, зямлю)’. (ТСБМ). Укр. стовбу́н ‘высокі гаршчок’, рус. столбу́н ‘высокі і вузкі збан’. Да стоўб з суф. ‑ун, ‑ак, ‑ан. Сюды ж стаўбу́н ‘высокая футравая шапка без вушэй’ (Жд. 1), стамбуно́ўка ‘тс’ (Шат.), стаўбуноўка ‘тс’ (гродз., Нар. сл.).

Стаўбу́н2 ‘параліч, паралюш’ (Растарг.). Да стоўб (гл.), параўн. рус. столбня́к ‘заражэнне крыві, якое выклікае аслупяненне’. Сюды ж, відаць, стаўбні́к, стаўбня́к ‘расліна стальнік’ (Сцяшк. Сл.), якую «рвуць на лекі» (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сто ‘лік і лічба 100’, ‘шмат, вельмі, многа’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), ст.-бел. сто ‘тс’. Параўн. укр., рус. сто, стараж.-рус. съто, польск., н.-луж., в.-луж., чэш., славац. sto, серб.-харв. сто̑, славен. stó, балг., макед. сто, ст.-слав. съто. Прасл. *sъto ‘сто’ роднаснае літ. šim̃tas, лат. sìmts, ст.-інд. śatám, авест. satəm, лац. centum, грэч. έκατόν, гоц. hund ‘тс’, якія працягваюць і.-е. *ḱm̥tom ‘сто’. Большасць даследчыкаў лічыць слова спрадвечнаславянскім, але наяўнасць ‑ъ‑ замест ‑ę‑ як вынікае з пазаславянскіх паралеляў, застаецца няяснай. Параўн. прасл. *tysętʼa ‘1000’, з рэгулярным ‑ę‑. Паводле Шахматава (гл. агляд літ-ры ў Фасмера, 3, 761–762), ‑ъ‑ мог развіцца ў алегравых формах тыпу *dъvě stъtě ‘200’. Праславянскую форму тлумачылі таксама запазычаннем з іранскай, дзе праформу ўзнаўлялі як *sutəm ‘сто’. Гл. яшчэ Борысь (578), які спробы разглядаць слова ў якасці запазычання лічыць неабгрунтаванымі. І.‑е. ḱm̥tóm паходзіць ад *deḱm̥ ‘дзесяць’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1358; Глухак, 585.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страля́ць ‘пускаць стрэлы, кулі, снарады’, ‘забіваць, расстрэльваць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ), стрэля́ць ‘тс’ (ТС, Пятк. 2), страля́ць ‘біць, паліць (пра пярун)’ (Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ‘гучна лопацца, трэскацца’ (Сл. ПЗБ), сюды ж стрэ́ліць ‘выстраліць’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Байк. і Некр., Стан., ТС), ‘забіць; ударыць’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стріля́ти, рус. стреля́ть, стараж.-рус. стрѣляти, польск. strzelać, в.-луж. třelić, н.-луж. stśelaś, чэш. střeliti, славац. strielať, серб.-харв. стријѐљити, славен. stréljati, балг. стре́лям, макед. стрела. Прасл. *strěliti вытворнае ад *strěla (гл. страла1), з першасным значэннем ‘пускаць стрэлы’; гл. Фасмер, 3, 774; Бязлай, 3, 327. Сюды ж стрэл ‘выстрал’ (ТСБМ, Нас., Касп., Ласт.), ‘стральба, страляніна’ (Сл. ПЗБ, ТС), страле́ц ‘стралок; паляўнічы’ (ТСБМ, Пятк. 2, Нар. Гом., Сержп., Сцяшк., Барад., Сл. Брэс.), страллё ‘стрэльба’ (Сцяшк. Сл.), стральба́ (стрѣльба) ‘паляванне’ (віц., Яшк. Мясц.), ст.-бел. стреленье ‘выстрал; адзінка вымярэння адлегласці стрэлу, роўная 60–80 м’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. таксама стрэльба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрыбо́г ‘уладар зямных і нябесных вод (атаясамліваўся з Міколам Вясеннім або Лысым)’ (Жлоба, Народная педагогика Полесья: по материалам этнографических исследований, Брест, 2002, 182–183), страж.-рус. Стрибогъ ‘бог вятроў’, параўн. вѣітри, Стрибожи внуци ў “Слове пра паход Ігаравы”. Лічыцца запазычаннем з ст.-іран. *Srībaɣa; паводле Мартынава (Этнагенез, 6–7), ‘добры бог’, супрацьпастаўлены *Dužbaɣa ‘злы бог’, суадносным з стараж.-рус. Дажьбогъ (< прасл. *dъžbogъ). Гл. таксама Фасмер, 3, 777 (з аглядам версій і літ-ры). Трубачоў (Этногенез₂, 197–198) лічыць прасл. *stribogъ і *da(djь)bogъ культурнымі інавацыямі славян, а не індаеўрапейскімі архаізмамі, першае з якіх уяўляе кампазіт з імператыўнай формай дзеяслова *sterti ‘распаўсюджваць, распасціраць’ у спалучэнні з іменем *bogъ ‘бог’; гл. яшчэ Праабражэнскі, 2, 398; Якабсон, IJSLP, 1959, 1–2, 272; Тапароў, СБЯ, 1983, 120; Жураўлёў, Язык и миф, 171–172. Сувязь з стрыбаць (гл.) і ням. streben ‘прагнуць, імкнуцца’ (Брукнер, KZ, 50, 195) малаверагодная, паколькі гэта быў бы просты аддзеяслоўны дэрыват, параўн. стрыбок ‘скачок’. Гл. яшчэ Зайкоўскі, Бел. міф.₂, 492–493; ЕСУМ, 5, 439–440.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэ́паць ‘паводзячы вушамі, прыслухоўвацца’ (іўеў., ЛА, 1), стрэ́пацца ‘рабіць асцярожныя, слабыя шорахі’ (маладз., Янк. Мат.), стрэ́паны ‘апантаны : леціць, як стрэпаны (ТС), стро́паны (стрёпаный) ‘чысценькі, як бы адлупцаваны; што ачуняў ад лупцоўкі’: побѣгъ, якъ стрёпапый (Нас.), стрэ́паны ‘зношаны, падраны’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, ад трапаць (гл.), параўн. Варбат, Этимология–1985, 24–27 (з аглядам версій паходжання групы слоў з коранем *(s)trep‑, без беларускага матэрыялу), што можна звязаць з укр. страпа́тий, стріпа́тий ‘растрапаны, з настыбурчанымі валасамі’, стрепи́й ‘абтрапаны, кашлаты’, ст.-польск. strzępać ‘баяцца’, sstrzęply ‘напалоханыя’, чэш. střapiti ‘узлахмачваць’, ст.-чэш. střěpěti ‘клапаціцца, уважліва прыглядацца’, якія параўноўваюцца з літ. strim̃pti ‘варухацца; мець сілы’, лат. struopît ‘скакаць, насіцца туды-сюды (пра коней, авечак)’, с.-н.-ням. strampen ‘тупаць нагамі’, stramp ‘туга нацягнуты, нерухома выцягнуты’, гл. Слаўскі, SOr, 18, 255; Новое в рус. этим., 226–228. Адносіны да рус. стряпать ‘даваць корм жывёле; гатаваць ежу’ і інш., паводле Фасмера (3, 786), няясныя, тлумачацца назалізацыяй зыходнага *strep‑ (Варбат, там жа, 25). Параўн. стропіцца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ступе́нь ‘выступ лесвіцы’, ‘этап у развіцці’, ‘мера якасці, дзеяння’, ‘вучонае званне’ (ТСБМ), ‘ступня; крок’ (Нас.), ‘ступня; крок; мера якасці, градус’ (Байк. і Некр.), ‘ступня’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк., Ян.), ‘крок’ (Шымк. Собр., ТС), ‘ступак; ступня’ (ЛА, 3), ‘мера, роўная чалавечай ступні’ (Пятк. 2), ступі́нь ‘ступня’ (Дразд.), сту́пынь ‘тс’ (кам., КЭС), параўн. ст.-бел. степень ‘парог, лесвіца’ (Ст.-бел. лексікон), стопень ‘ступень, этап’ (там жа). Укр. ступі́нь ‘крок’, рус. ступе́нь ‘выступ лесвіцы’, в.-луж. stupjeń ‘чаравік’, ‘мера праяўлення якой-небудзь якасці; працэнт’, н.-луж. stupjeń ‘лямцавы чаравік’, чэш. stupeň, славац. stupeň ‘ступень’, серб.-харв. сту́пањ, славен. stọ̑pənj, балг. стъ́пен. Прасл. *stǫpenъ. Дэвербатыў да *stǫpiti (гл. ступіць) з суф. ‑enь; гл. Фасмер, 3, 788; Шустар-Шэўц, 1371; Махэк₂, 590; Бязлай, 3, 321. Борысь (578) праславянскім лічыць *stepenь (параўн. рус. степень, серб.-харв. сте̏пен, балг. сте́пен, макед. степен, ст.-слав. степень) ад незахаванага *stepti ‘ступіць, стаць’, на якое пазней паўплываў дзеяслоў *stǫpiti. Сюды ж ступе́ніць ‘ісці’ (навагр., Шн.). Параўн. стапа, стопень, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)