Агло́бля, аглабня (КТС), аглабіна, аглабец ’верхняя частка драбін’ (Бір. дыс.), укр. оголоблі, рус. оглобля, оглобень, агульнаўсходнеславянскае да глоба ’балка’. Параўн. балг. зглоб, серб.-харв. згло̏б ’частка цела, член’, о̀глобље ’частка ткацкага стану’, чэш. ohlobně ’слуп’. Мяркуючы па апошніх дзвюх формах, усходнеславянскае слова — семантычнае новаўтварэнне або новаўтварэнне з больш шырокім арэалам (і тады словаўтваральна-семантычнае). На захадзе гэта слова ў значэнні ’аглобля’, магчыма, было выцеснена нямецкім па паходжанню дышаль. Гл. Патабня, РФВ, 5, 125; Брандт, РФВ, 22, 121; Ільінскі, РФВ, 62, 256. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: літ. glóbti ’ахапіць’ і іншыя балтыйскія формы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́дарга ’край’ (Мат. Гом.). Рус. дыял. задо́рга, за́дерга, за́дорага ’прыступак, лесвіца, брус, поручні для таго, каб залазіць на печ’, арханг., сіб. за́дорага ’частка пода печы па абодва бакі вусця па баках сярэдняй паласы’, пск., цвяр. за́дорга ’паласа абапал дарогі’; параўн. задорога ’месца каля дарогі, узвышэнне каля дарогі’, за́дорожина ’узвышэнне каля дарогі, плот, бервяно ў сцяне’, ярасл. за́дорожка ’прыступак, поручні ў печы’, чэш. zádrh ’нешта заторгнутае, паварот’, славац. zádrh ’нешта заторгнутае, падрапанае’, славен. zadȓga ’завязка’, ’вусік у лазы’, ’загар’. Відаць, бязафіксны наз. ад дзеяслова zadьrgati з дастаткова шырокім значэннем (гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 221).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажушо́к ’памянш. да кажух, кароткі кажух’ (БРС, ТСБМ, Нас., Радч., Сержп., Грам.). Укр. кожушок ’тс’ (харк. і інш.), серб.-харв. (у Вука, Шулека) kožúšak ’памяншальнае да kožuh’. Нягледзячы на поўнае супадзенне гэтых слоў і спрыяльны геаграфічны крытэрый, меркаваць аб сепаратных сувязях пералічаных слоў вельмі цяжка па той прычыне, што гэта суфіксальныя ўтварэнні па вядомай і прадуктыўнай мадэлі. Розныя ўтварэнні з іншай памянш. суфіксацыяй (параўн. балг. дыял. кожушец, кожушче, укр. кожушка, серб.-харв. kòžušič і да т. п.) сведчаць, магчыма, аб незалежным утварэнні разглядаемых слоў; храналогія таксама няясная. Да кажух1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́скудзь ’нягоднік’ (Варл.), ’брыда’ (Стан.), ’нечысць’ (Байк. і Некр.), по́шкудзь ’гнюс’, ’благі чалавек’ (стаўб., Сл. ПЗБ). Гл. паскуда; сумненні ў традыцыйнай этымалогіі *pa‑skǫda (< *po‑skǫditi, гл. шчадзіць, ашчаджаць) па семантычных і словаўтваральных прычынах выказвае Банькоўскі (2, 510): мяркуе пра сувязь са стараж.-рус. кудити, параўн. пракуда, гл.). Саўка (Запісы 23, 55–56) выводзіць з літ. paskaũdinti ’выклікаць боль’ < skaudùs ’балючы, пакутлівы, хворы’, чым тлумачыцца таксама варыянтнасць по‑/па і “традыцыйная” для балтызмаў альтэрнацыя с/ш, што пры ўліку верагоднага ўсходнеславянскага паходжання польск. paskuda (Банькоўскі, там жа) здаецца мажлівым.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прахво́ст ’нягоднік, падлюга’ (ТСБМ, Нас.), прохво́ст ’тс’ (ТС). Рус. прохво́ст ’тс’, стараж.-рус. профо́с(с) ’наглядчык за салдатамі, узятымі пад варту; прыстаў’ (з XVII ст.). З нова-в.-ням. Profoss ’асоба на вайсковых караблях, якая сочыць за выкананнем статуту на караблі і карае яго парушальнікаў’, што другасна было набліжана да хвост (гл.). Па іншай версіі, магчыма, з с.-нідэр., нідэр. provoost < ст.-франц. prévost (франц. prévôt) ’суддзя, начальнік жандармерыі’, што з лац. praepositus < praeponere ’класці наперад’ (Фасмер, 3, 385). Беларускае слова, калі меркаваць па яго распаўсюджанню, запазычана з рускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыўкра́сны ’прыгожы’ (Караткевіч), прывукра́сны ’тс’ (рагач., Мат. Гом.). Рус. смал. привукра́сить ’упрыгожыць’, пск. преукрасе́я ’прыгажуня’. Лічыцца вытворным ад дзеяслова, запазычанага з рус. приукра́сить ’упрыгожыць’ (Пацюпа, Гармонія, 25). Інакш Карскі (2–3, 51), які ў адносінах да дыял. прыўкрасны (привкрасный) (себеж., Мат.) дапускае трансфармацыю ст.-бел. пре‑ ў при‑ (гл. пры‑) па фанетычных прычынах ці па аналогіі, параўн. ст.-слав. прѣоукрасити ’ўпрыгожыць’ прыоукрасити: оукрасивъ сѧ ’ўпрыгожыўся’, гл. таксама ўкрасіў: хлапец няўвошта ўкрасіў (“Энеіда навыварат”). Магчыма, таксама кантамінацыя прыго́жы і *украсны (дзеепрыметнік ад украсіць, гл.), падрабязна гл. Цыхун, Супр. чыт., III, 130–131.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рыча́г ’рычаг’ (ТСБМ; навагр., Сл. ПЗБ), руск. рыча́г. У беларускую мову было запазычана з рускай. Паходжанне няяснае. Па адной з версій у рускую мову прыйшло праз польск. rycząg ’шкворань на пярэдняй асі цялегі’ праз с.-в.-ням. *rîtstange, швед. vridstång ’тс’; ст.-в.-ням. rîdan ’круціць’, швед. vrida ’тс’ (Фасмер, 3, 532). Па другой мяркуюць, што ўзнікла з роча́г (параўн. рус. дыял. ро́чег ’рычаг’, ’жэрдка’), якое з рага́ч у выніку перастаноўкі складоў (рога́ч > роча́г) і пераасэнсавання вытворнага ад рог слова, якое страціла сваю ўнутраную семантыку (Чарных, 2, 132). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слі́мень ‘мядзянка, вераценніца’ (ТСБМ, Ласт., ТС, Ян.), ‘земнаводнае Angulis fragulis L.’ (Янк. 3., Пятк. 2, Жыв. св., Сл. ПЗБ), сліме́нь ‘тс’ (Сцяшк.), ‘тоўсты, тлусты, сыты (чалавек)’ (Ян., Юрч.), слі́мень ‘смоўж (ТС, Мат. Гом.), сляме́нь ‘невялікая змяя, Anguis fragilis L.’ (Касп.). Параўн. каш. slëḿėń ‘земнаводнае Anguis fragilis L.’, ‘слімак’ (беспадстаўна трактуецца ў SEK, 4, 311 як “выключна кашубскае”), балг. радоп. cе́лʼменʼ, со́лʼменʼ ‘слімак’. Прасл. *slimenь утворана пры дапамозе суф. ‑en‑ ад асновы *slim‑ ‘слізкі’ па тыпу *golenь ад *golъ, параўн. слімак, слім (гл.). Першаснае значэнне, відаць, ‘слімак, слізень’, перанесенае на мядзянку ці вераценніцу па матывах табу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тынь-трава́ — паводле Насовіча (літаральна) ‘трава, якая расце пад тынам’, спалучэнне зажываецца побач з трынь-трава ў значэнні ‘рэч, нічога не вартая, дробязь, пусцяковіна’ (Нас.); паводле Некрашэвіча і Байкова, тынъ‑трава — адпаведнік рус. трын-трава (Некр. і Байк.), параўн. трын-трава́, трынь-трава, гл. Па-за межамі Беларусі спалучэнне не ўжываецца (гл. СРНГ). Паводле Карскага (2–3, 88), уяўляе спалучэнне назоўніка з назоўнікам, першы назоўнік па паходжанні ідэнтычны тынь4, гл. папярэдняе слова. Несумненна, што ‘трысцё’ як трава не даецца на корм жывёле, і таму спалучэнне атрымала другаснае значэнне ‘рэч нічога не вартая’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́транка ’хвароба, якая бывае тады, калі вецер «падхопіць» чалавека або «падляціць пад яго»’ (палес., Маш.). Рус. ярасл. ветренка ’хвароба — падскурныя нарывы, якія бываюць «з ветру»’. Узнікла шляхам намінацыі, суфікс ‑к‑a па ўзору ліхама́нка, чырво́нка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)