Рыча́г ’рычаг’ (ТСБМ; навагр., Сл. ПЗБ), руск. рыча́г. У беларускую мову было запазычана з рускай. Паходжанне няяснае. Па адной з версій у рускую мову прыйшло праз польск. rycząg ’шкворань на пярэдняй асі цялегі’ праз с.-в.-ням. *rîtstange, швед. vridstång ’тс’; ст.-в.-ням. rîdan ’круціць’, швед. vrida ’тс’ (Фасмер, 3, 532). Па другой мяркуюць, што ўзнікла з роча́г (параўн. рус. дыял. ро́чег ’рычаг’, ’жэрдка’), якое з рага́ч у выніку перастаноўкі складоў (рога́ч > роча́г) і пераасэнсавання вытворнага ад рог слова, якое страціла сваю ўнутраную семантыку (Чарных, 2, 132). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)