Во́лат ’гігант, асілак’ (БРС, Касп., Гарэц., КТС). Рус. волот, дыял. велет ’тс’, укр. ве́лет, велетень ’тс’, ст.-рус. волотъ, ц.-слав. влатъ ’гігант’, зах.-слав. Veletabi ’племя вільцы ў Макленбургу’ (= *veletove). Было некалькі спроб высветліць этымалогію гэтага слова, але галоўная цяжкасць — хістанне o/e — застаецца нявырашанай. Брукнер (AfslPh, 42, 138) велет звязвае са ст.-слав. велии ’вялікі’, а варыянт волот лічыць больш позняй аналагічнай формай. Сабалеўскі (РФВ, 64, 117) спрабаваў тлумачыць хістанне галосных як розныя асіміляцыі, але гэтага недастаткова. Міклашыч (394) супастаўляе з с.-лац. Veletabi, назвай заходнеславянскага племені. Дапускаецца роднасць з лац. valeo ’я ў сілах, здаровы’, тахар. A wäl‑ ’панаваць’, тахар. B walo, wlo ’пан, гасудар’ (Бенвеніст, Festschr. Н. Hirt, 2, 234). Версія Шахматава (AfslPh, 33, 87 і наст.), паводле якой слова запазычана з кельц. (параўн. ірл. flaith ’валадар’), памылковая па фанетычных прычынах (Фасмер, 1, 344). Аб сувязі тэрмінаў волот, велет з волос, велес гл. Іванаў, Тапароў, Иссл., 62 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́лміна, волмішча ’прытэрасная частка поймы, некалі і зарослыя старыя рэчышчы, якія акружаны вярбой, вольхай і парэчкамі’ (Жучк.); ’катлавіна, мокрая ўпадзіна з травой’ (Яшк.). Ст.-рус. волмина ўпамінаецца адзін раз у грамаце Варлаама Хутынскаму манастыру (1192 г.); значэнне не зусім яснае. Прыблізна — нейкае ўгоддзе на востраве на р. Волхаў. Бясспрэчна, гэтыя тэрміны звязаны з гідронімам Волма (Кіпарскі, ВЯ, 1956, № 5, 133), які з’яўляецца роднасным ст.-інд. ūrmìs ’хваля’, авест. varəmi‑ ж. р. ’тс’, ст.-в.-ням. walm ’жар’, ст.-англ. wielm ’кіпенне, хваля, цячэнне’; параўн. ст.-польск. welm ’fluctus’ (Фасмер, 1, 339; Развадоўскі, PS, 6, 48 і наст.). Старую этымалогію Міклашыча, паводле якой ст.-рус. волмина супастаўляецца з лац. ulmus ’від вязу, ільма’ (г. зн. яно абазначала нейкае дрэва, падобнае да вязу), адкуль слав. *vъlm‑, падтрымліваюць Ляпуноў і Філін (Філін, Труды Отдела др.-рус. лит., 14, 1958, 590 і наст.). Апошні адносіць сюды рус. наўг. волмяг ’зараснікі вербняку’ і назву грыба ’Agaricus torminosus’ волмяжник, волмяк. Параўн. валмо.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́тва ’лёгка, без цяжкасцей’, ’зручна’ (Нас., Касп., Др.-Падб., Гарэц., Сл. паўн.-зах.), ’добра’ (Сл. паўн.-зах.), ла́твы ’лёгкі, зроблены без перашкод, без цяжкасцей’ (Нас.), латве́й, лацве́й, лацьве́й ’лягчэй, лепш, выгадней, прыемней, ямчэй’ (Нас., Грыг., Шат., Мядзв., Гарэц., Касп., Янк. БП, Янк. Мат.; КЭС, лаг.; шчуч., З нар. сл.; в.-дзв., Шатал., Мат. Гом., Яруш., ТС, Сл. паўн.-зах.). З формы лацьвей развіліся: міёр. лацьвя (Нар. сл.), лацві ’лёгка, добра’ (Бяльк., Юрч. Фраз. 2), лацьвікі ’добра’ (Яўс.), пін. лацва ’парадак’ (КЭС). Ст.-бел. латвый (1588 г.) запазычана са ст.-польск. łatwy (Булыка, Запазыч., 185; Жураўскі, SlOr, 10 (1), 1961, 40; Карскі, Труды, 205; Кюнэ (Poln., 73). Слаўскі (5, 47) мяркуе, аднак, што ў адрозненне ад укр. латвий, літ. lãtvas ’лёгкі, выгодны’, бел. латвы з’яўляецца самастойным бел. утварэннем, роднасным да латацца ’лёгка атрымліваць, карыстацца чужым’. Паводле Слаўскага (4, 413), лексема latwy (< latvъ) найбліжэй стаіць да паўд.-слав.: славен. látiti se ’ўзяцца’, серб.-харв. ла̏тити ’схапіць, узяць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ложа1 ’пасцель, ложак’ (ТСБМ, Бяльк., Мал., Мікуц., Ян.; арш., Шн.; мядз. Жд. 2; КЭС, лаг., паст., Сл. ПЗБ), ’рэчышча’ (ТСБМ). Укр. ложе, рус. ложе, польск. łoże, ст.-н.-луж. łože, в.-луж. łožo, чэш., славац. lože, ст.-чэш. lože, lóže, lůže; славен. lǫ́že, серб.-харв. ло̀же, балг. ложе, ст.-слав. ложе. Прасл. lože < log‑je ’месца, дзе нехта ці нешта ляжыць, ложак’ (Слаўскі, 5, 245). Да ležati > ляжа́ць (гл.) — апафанія, як vozъvezti (Слаўскі, SP, 1, 81). Паводле Мее (Études, 392), адносіцца да ‑o‑асноў (*logo), параўн. ст.-грэч. λόχος ’засада’, ст.-ісл. lag ’месцазнаходжанне’, швед. läge ’месца, сядзіба’, ст.-ірл. lige, ст.-грэч. λέχος ’ложак’ (Фасмер, 2, 511).

Ложа2 ’драўляная частка ружжа ці аўтамата, да якой прымацаваны ствол’ (ТСБМ, Бес., Касп.; паўн.-усх., КЭС), ложа ’тс’ (Сіг.). Запазычана з польск. łoże ’абклад, аснова, на якой што-небудзь абапіраецца, умацавана; аснова машыны, ствала стрэльбы’ (Слаўскі, 5, 214). Этымалагічна ўзыходзіць да ложа1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́жы ’плоскія драўляныя палазы для перасоўвання па снезе, загнутыя спераду’ (ТСБМ, Маш., Бяльк.; зэльв., Сцяц. Словаўтв.; Сцяшк.), рус. лы́жи, ст.-рус. лыжи (XII ст.); параўн. бел. лы́жвы (гл.). Прасл. паўн. lyži, lyžьve ’прыстасаванне для хуткага перасоўвання па снезе або лёдзе’, ’палазы’, ’прадаўгаватыя прадметы: судна, баржа і інш.’ Паводле Фасмера (2, 540), звязана з рус. лызга́ть ’слізгаць па лёдзе’, лызну́ть, лызгону́ть ’вышмыгнуць’, балг. лъзгам се ’катаюся на каньках’, а Слаўскі (5, 448) дадае і каш. łužgi, łużgawki, для якіх першаснымі лічыць łyzga, łyzgawka або łuzga, łuzgawka. Звычайна да іх прыводзяць і.-е. адпаведнікі: лат. lužas, ludes, lug̓es̓ доўгія паляўнічыя лыжы’, літ. šliū̃žes ’палазы’, šliaũžti ’паўзці’, лат. šlūžât ’слізгаць’, гал. sluiken ’красціся’. Куркіна (Этимология–72, 72), прызнаючы роднасць лексемы lyži з lyzgati, выключае супастаўленне яе з балтыйскімі лексемамі. Гл. таксама ZfSl, 8, 877. Сюды ж лы́жнік, лы́жніца, лыжня́ (ТСБМ), якія з рус. мовы (хаця параўн. яшчэ ст.-рус. лыжникъ ’воін на лыжах’; лыжница, лыжня ’след ад палазоў, лыжня’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля1 ’каля’ (ТСБМ, Мікуц., Мал., Мядзв., Касп., Шат., Бяльк., Я., Сл. ПЗБ), укр. чарніг. ля ’тс’ — скарочаная форма другаснага прыназоўніка каля, які паходзіць з прасл. kolo, па форме — роднага склону назоўніка kolo (ESSJ SG, 1, 88–91; Шуба, Прыназоўнік, 41–43).

Ля2 ’глянь, бач’, якое стала ў некаторых гаворках пабочным словам (Сцяшк., Сл. ПЗБ). Як пабочнае слова вядома і ва ўкр. гаворках. Скарочанае глянь, ад якога адпала пачатковае г‑ (Карскі, 1, 371; ён жа, Труды, 380), пасля канчатак.

Ля3, палес. ля мэ́нэ ’дзеля мяне, паводле мне’ (драг., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’для’ (Касп., Ян., Мікуц.; ельск., Мат. Гом.). Да для (гл.). Узнікла ў выніку адпадзення д‑ перад ‑л‑ (Карскі, 1, 352). Аб узнікненні для шляхам перакрыжавання прасл. dlʼa (< dělʼa) і dьlʼa ’даўжыня’ гл. ESSJ SG, 1, 55–59; Трубачоў, Эт. сл., 4, 234–235; SP, 3, 154–156). Аб ужыванні варыянтаў-сінонімаў длядзеля гл. Шуба (Прыназоўнік, 41).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Вясе́лік1, палес. вэсэ́лык ’журавель, Grus grus L.’ (Дразд.), укр. веселик ’тс’ — табуістычная «назва жураўля, якую трэба ўжываць тады, калі жураўлі прылятаюць, вясною, каб не журыцца цэлы год» (Грынчанка, 1, 141). Магчыма, гэта проціпастаўленне народнай этымалогіі лексемы вясна, якая звязваецца з лексемай вясёлы, у прыватнасці з яе значэннямі ’здаровы, радасны, ясны, каляровы, сонечны, асветлены, з буйной расліннасцю, які радуе багаццем, буйнасцю і г. д.’ Тое ж адносна наступных слоў: вяселік2, вяселік3. Сюды ж высё́лык ’эўфемістычная назва жураўля, заўважанага першы раз у гэтым годзе’ (Клім.).

Вясе́лік2 ’смаржок, Gyromitra (Helvella) esculenta’ (Янк. I); ’красавіковы грыб смаржок’ (КТС, К. Цвірка). Відавочна, да вясна (гл.) *вясеннік > вяселік. Магчыма, аднак, што назва была матывавана знешняй незвычайнасцю; параўн. весялуха5 і ўкр. весе́лка воню́ча ’грыб Phallus impudicus’. Аднак славац. veseliarky ’Armillariella mellea, асенні апенак’.

*Вясе́лік3, вэсэлык ’вясёлка’ (іван., ДАБМ). Утворана ад veselъ і суф. ‑ikъ. Названа, паводле шматкаляровасці, якая весяліць, радуе вока чалавека. Параўн., аднак, вясёлка1, весялу́ха2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ман ’нікчэмны чалавек; злы’ (Нас.), ’злюка’ (Касп.). Паводле Насовіча, ад уласнага імя Амман (мы знаходзім імя Аман у біблейскай кнізе «Эсфирь», дзе ён выступае як ліхадзей). З іншага боку мы знаходзім у ст.-укр. мове гамонъ (XVIII ст.) ’разява, дурань і г. д.’, якое Цімчанка (1, А–Г) выводзіць з польск. gamoń (аб польск. слове гл. Брукнер, 134; інакш Цімчанка, там жа). Магчыма, што і бел. лексема таго ж паходжання, што і ўкр. слова. Але параўн. яшчэ польск. haman ’вялікі, цяжкі; няўклюда’ (якое Брукнер, 168, выводзіць з біблейскага імя Haman), польск. дыял. haman ’вялікі, рослы, моцны’ (гл. Карловіч, 2, 164).

Гама́н, гыма́н ’торбачка, машна для грошай’ (Бяльк.). Рус. гама́н, укр. гама́н ’тс’. Паходжанне слова вельмі спрэчнае. Вінэр (ЖСт., 1, 1895, 61) меркаваў, што гэта назва паходзіць ад уласнага імя (біблейскае) Гаман. Фасмер (1, 391) сумняваецца, але іншай этымалогіі не дае. Таксама сумняваецца Рудніцкі, 553 (але яго вывядзенне гэтага слова ад тур.-араб. hammāl вельмі няпэўнае). Вытворныя ад гама́н: бел. гамане́ц (Жд. 2, Бяльк.), гымане́ц (Бяльк.), укр. гамане́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гаплі́к ’кручок (у адзежы)’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк., Шатал.). Ст.-бел. гапликъ ’засцежка’ (гл. Булыка, Запазыч., 79). Зыходным для бел. (ст.-бел.) слова з’яўляецца, паводле Булыкі (там жа), Рудніцкага (563), ст.-польск. heftlik < ням. Heftel. Але пры такім тлумачэнні няяснай застаецца форма бел. слова (у прыватнасці, а замест е). Гэта а ёсць і ў іншых мовах: укр. гапли́к ’тс’ (з XVI ст., гл. Цімчанка, I, 508, які прыводзіць зыходнае ням. Haftel), рус. дыял. га́плик, гаплю́к ’кручок на вудачцы’ (якое Фасмер, 1, 392, правільна тлумачыць з зыходнага ням. Haftel, Heftel праз польск. heftlik). Вытворным ад гаплі́к з’яўляецца зафіксаванае ў Бяльк. гаплі́чка ’драцяная пяцелька’. Форма гаплю́к ’гаплік’ (Бяльк., Сцяц. Словаўтв., Сцяшк. МГ), якая сустракаецца (Бяльк.) і са значэннем ’малы чалавек’ (гэта — бясспрэчная метафара: ’кручок’ — ’малы чалавек’), узнікла адаптацыяй да вядомага ў слав. мовах суфікса ‑юк. Неверагодным было тлумачэнне Карскага (гл. Сцяц. Нар., 124): гаплю́к запазычана з цюрк. моў (відаць, на падставе, як мяркуе Сцяцко, там жа, ацэнкі элемента ‑юк у якасці цюркскага).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Насты́рны ’ўпарты, настойлівы’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’упарты, задзірысты’ (ТС), nastyrniony ’тс’ (Пятк. 2), сюды ж настыра́цца ’псаваць адносіны, задзірацца’ (ТС, Жд. 2), nastyrniàcsa ’задзірацца’ (Пятк. 2), насты́рыцца ’завесціся, пасварыцца’ (ТС), параўн. укр. насти́рний ’надаедлівы’, рус. насты́рный ’назойлівы, нахабны’, славен. nástoren ’упарты, надаедлівы, злы’. Відаць, звязана чаргаваннем галосных таксама з балг. дыял. наста́рам са, насто́ра са ’падбухторваць, паклёпнічаць, псаваць адносіны’, серб.-харв. nastoriti ’адчуваць агіду’, якія разам з серб.-харв. nástor ’нянавісць, злосць’, славен. nástor ’упартасць, варожасць’ узводзяць да *na‑sъ‑tor‑ ад прасл. *terti, *tьrǫ, гл. церці (Варбат, Слав. языкозн., 1973, 98; Морфонологические и словообр. аспекты реконстр. и этимологизации праслав. лексики. АДД. М., 1980, 14); адносна чаргавання галосных параўн. це́рціся і ты́рыцца ’ацірацца’ (Нас.). Сюды ж, відаць, і рус. сты́рить ’дражніць; сварыцца; спрачацца, упарціцца і інш.’, паводле Фасмера (3, 789), няяснага паходжання, якое, аднак, чаргаваннем галосных можа быць звязана з паўднёваславянскімі формамі і польск. storzyć ’хваліцца, ганарыцца, задавацца’ (Брукнер, 517, да *stor‑, *ster‑, параўн. старана́, распасце́рці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)