стру́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш.-ласк. да струна (у 1, 2 знач.).
•••
Слабая струнка (струна) каго, чыя — найбольш чуллівая, уразлівая рыса, асаблівасць характару, на якія лёгка ўздзейнічаць.
У струнку — прама, навыцяжку, трымаючы рукі на нівах (стаць, стаяць, выцягнуцца).
Хадзіць па струнцы гл. хадзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцягано́сец, ‑носца, м.
1. Асоба, якой даручана несці сцяг. Сцягі ляцяць, смяюцца трубы, чаканіць крок за сцяганосцам зямлі венгерскай маладосць. Вялюгін. Ад кулі ўпадзе сцяганосец Ці дрэўка асколкам ссячэ, — Нябачныя рукі ўзносяць Штандар і яшчэ і яшчэ. Гаўрусёў.
2. перан. Барацьбіт, змагар за ўсё перадавое. Савецкі Саюз — сцяганосец міру.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
счарсцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць чэрствым, страціць першапачатковую мяккасць. Хлеб счарсцвеў. // перан. Стаць бяздушным, нячулым. І як тут вытрымаць, каб не паехаць да сябра, каб не пераканацца, ці сапраўды ён счарсцвеў, агрубеў, ці не. Лойка.
2. Зацвярдзець, агрубець. Рукі сталі вялыя; счарсцвелі пальцы, патаўсцелі, пахлі глінай. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цапу́-лапу́, прысл.
Разм. Спехам. [Кісяленка:] — Трэба тут без спеху, з пачуццём, толкам і расстаноўкаю. А вы цапу-лапу — і няма! Так можна ўвесь бохан злопаць і не адчуць смаку. С. Александровіч. // Пра хуткае і неахайнае выкананне якой‑н. работы. Спярша сядзіць рукі склаўшы, а пасля ўжо цапу-лапу. Янкоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калаці́цца, калачуся, калоцішся, калоціцца; незак.
1. Дрыжаць, хістацца, трэсціся. Ад артылерыйскай стральбы калаціліся сцены. Лынькоў. // Часта, сударгава ўздрыгваць (пра рукі, ногі, цела і пад.). Калаціцца ад страху. □ Калі Арына дакранулася да яе [Ледзіных] плячэй, то пад рукой адчула, як дачка калоціцца ў немым плачы. Карпаў. У нецярплівым чаканні моцна грукае сэрца і калоцяцца рукі. Шамякін. // Моцна біцца (пра сэрца). Рукі яго [Хвашча] трэсліся, вочы ліхаманкава разгараліся, сэрца калацілася, гатовае выскачыць. Лупсякоў.
2. Разм. Біцца, сварыцца. — Зямля ж, брат, вольнаю з’явілася ў свет, дык навошта дзяліць яе, рэзаць на шматкі, калаціцца з-за яе? Колас. [Сыны] калаціліся і грызліся адзін з адным за сваю .. гаспадарку. Чорны.
3. перан. Непакоіцца, хвалявацца за каго‑, што‑н. Калі .. [камендант] заходзіў у вёску — сяляне баяліся паказацца, калаціліся за сваё дабро. Бажко. // над кім-чым. Клапаціцца аб кім‑н., старанна, клапатліва ахоўваць каго‑н. Калаціцца над дзецьмі, унукамі. // Берагчы што‑н., ашчадна расходаваць. Калаціцца за кожную капейку. □ Безумоўна, большасць калгасаў тут бачыла беражлівае сэрца Вароніча, які за кожную дробязь у гаспадарцы калоціцца і стаіць, як за сваё. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спле́сціся, сплятуся, спляцешся, спляцецца; спляцёмся, сплецяцеся, сплятуцца; пр. сплёўся, сплялася, ‑лося; заг. спляціся; зак.
1. Пераплесціся, пераблытацца; пераплёўшыся, злучыцца (пра галіны, дрэвы і пад.). Кусты спляліся і ўтварылі жывую вечназялёную агароджу. Шамякін. Абвітыя хмелем галінкі і лісце спляліся над галавою так густа, што праз іх не магло прабіцца сонца. Сачанка. Карэнні, як дрот тэлефонны, Спляліся ля кожнай сасны. Прыходзька. // Пераплёўшыся, счапіцца (пра рукі, ногі, пальцы); абхапіць адно аднаго, пераплёўшы рукі і ногі. Толькі прыйшоў гэты час. На пероне Клункаў і кошыкаў штурхатня. Думна стаялі вы збоку, пры клёне, Рукі спляліся — ніяк не разняць. Цвірка. Школу запоўнілі крыкі і лаянка. Усе спляліся ў адзін клубок. Кіпеў сапраўдны рукапашны бой. Машара. // перан. Злучыцца, зліцца адно з другім. Як дзіўна ўсё гэта сплялося! Колас. Даўняе з сягонняшнім сплялося. Пысін. У .. сюжэце зусім ненатуральна спляліся эпізоды сямейна-бытавой драмы з меладраматычнай развязкай. Лойка.
2. Уявіцца, узнікнуць у свядомасці, у сне. [Крушынін:] — Учора бачыў у сне .. Домну [Анісіма]. І спляцецца ж чорт ведае што! Гурскі. Ноччу доўга не мог заснуць. З галавы не выходзіць тое, што перажыў за дзень .. І сплёўся пачварны неверагодны сон, які змучыў мяне канчаткова. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Лю́шня, люшня́ ’падпорка ручак у калёсах, якая абапіраецца на вось’ (Бес., Мікуц., Сцяц., ТС, Выг. дыс., Сцяшк., Мат., Сцяшк. Сл.; лоеў., Мат. Гом.; Сцяц. Словаўтв.; пін., КЭС). Запазычана з польск. luśnia, якое з с.-в.-ням. liuhse, параўн. яшчэ н.-в.-ням. (баварск., швабск.) leuchse, гесенск. lȋse, liehs ’тс’ (Фасмер, 2, 547; Слаўскі, 4, 388; Махэк₂, 336); аб пашырэнні рэаліі і яе назваў у Еўропе гл. БЕ, 21 (2–3), 227. Клец. лю́шня, лю́шні ’доўгія рукі’ (Нар. лекс.) аформлена паводле клешня, клешні.
Люшня́ ’ляўша’ (свісл., Сл. ПЗБ). Да ле́вы (гл.). Аб суфіксе ‑шн‑я гл. Сцяцко (Афікс. наз., 134). Параўн. таксама і зэльв. левутня́ ’тс’ (Сцяц.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кало́дачка ’каленца (у сцябле)’ (бяроз., Шатал.), ’сустаў’ (там жа). Адносна семантыкі параўн. ілюстрацыю да першага значэння: «На соломынэ аж тры колодычкы вырослі» (с. 70). Паводле Цыхуна (вусн. паведамл.), тут перанос ад першапачатковага калода ’трубка, сцябліна ў злакавых’. Да матывацыі параўн. калена як ’патаўшчэнне, вузел на сцябліне’ і ’частка сцябліны паміж патаўшчэннямі’. Прыклады адпаведных утварэнняў: калена ’сустаў пальца рукі’, і на той жа тэрыторыі (бяроз.) «жыта пошло ў каленцы». Зыходзячы з прыведзеных фактаў, менш верагодна думаць аб першаснасці значэння ’сучляненне як патаўшчэнне’. Паводле першага тлумачэння назва матывуецца звычайнымі пераносамі ў межах устаноўленай (і ўжо дыфузнай) семантыкі; калі ж прыняць другую версію, цяжка абгрунтаваць яе з боку семантыкі. Параўн. яшчэ інфармацыю па калода.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кула́к 1 ’кісць рукі з прыгнутымі к далоні пальцамі’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш., Нік., Няч., Бяльк., ТС). Укр. кулак, рус. кулак ’тс’. У беларускай і ўкраінскай мовах (а таксама ў некаторых іншых) запазычанне з рускай. Іншамоўныя крыніцы або ўнутраная форма рускага слова надзейна не вызначаны. Паводле Фасмера (2, 408), з цюрк. kulak ад kol, kul ’рука’ (параўн. Корш, AfslPh, 9, 513; Локач, 95).
Кула́к 2 ’багаты селянін-уласнік’ (ТСБМ). Да кулак 1 (гл.).
Кула́к 3 ’драўляны малаток’ (Сл. паўн.-зах.). Да кулак 1 (гл.).
Кула́к 4 ’асобны шып кулачнага кола, што круціць шасцярню пасавага кола’ (КЭС, лаг.), ’зуб у шасцярні’ (Шат., Кліх). Параўн. кулак 3 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́руч ’побач, поплеч, рука пры руцэ’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Мал.; слонім., Арх. Бяльк.; навагр., Сл. ПЗБ; ТС, Шат., Федар.), паручкі ’тс’ (Шат.), укр. поруч ’тс’, ст.-польск. porącz ’побач, у адзін рад’. Адвербіялізаваны назоўнік, утвораны пры дапамозе прыстаўкі по- ад назоўніка рука са значэннем месца адносна утваральнага слова *porǫkjь < *po‑rǫka даслоўна ’які знаходзіцца каля рукі, пад рукой’ альбо ’апора, памагаты’, параўн. по́ручань ’брусок пры лесвіцы, уваходзе, дзвярах, за які трымаюца рукамі, парэнчы’ (ТСБМ), рус. порука, поручательство ’падтрымка’, польск. poręcz ’падпора для рук, выступ, рэйка, па якой пасоўваецца рука пры хадзьбе па сходках’, славац. poruke ’побач, пад рукой’. Гл. таксама побач, поплеч.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)