Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВАЙ РУКІ́ ПРА́ВІЛА,
мнеманічнае правіла для вызначэння напрамку Ампера сілы і магн. часткі Лорэнца сілы.
Паводле Л.р.п. левую далонь размяшчаюць так, каб выцягнутыя пальцы былі накіраваны ўздоўж вектара шчыльнасці току (ці скорасці дадатнага зараду), а сілавыя лініі магн поля ўваходзілі ў далонь, тады адагнуты вялікі палец пакажа напрамак сілы, якая дзейнічае на праваднік з токам (ці дадатна зараджаную часціцу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВАЙ РУКІ́ ПРА́ВІЛА,
мнеманічнае правіла для вызначэння напрамку індукцыйнага току ў правадніку, які рухаецца ў магн. полі. Вынікае з Ленца правіла.
Паводле П.р.п. правую руку трэба размясціць так, каб сілавыя лініі магн. поля ўваходзілі ў далонь, а адагнуты вялікі палец быў накіраваны ўздоўж вектара скорасці руху правадніка, тады выцягнутыя пальцы будуць супадаць з напрамкам індукцыйнага току ў правадніку. Гл. таксама Электрамагнітная індукцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТГЕНШТЭЙН, Вітгенштайн (Wittgenstein) Паўль (5.11.1887, Вена — 3.3.1961), аўстрыйскі піяніст. Дэбютаваў у Вене ў 1913. У 1914 страціў на вайне правую руку, дасягнуў віртуознай тэхнікі левай рукі і працягваў канцэртную дзейнасць. Для Вітгенштайна напісаны фп. канцэрт для левай рукі М.Равеля, 4-ы фп. канцэрт С.Пракоф’ева, творы Р.Штрауса, П.Хіндэміта, Б.Брытэна. У 1931—38 праф. Новай кансерваторыі ў Вене. З 1938 жыў у ЗША, выкладаў. Стварыў шмат апрацовак фп. твораў для левай рукі. Аўтар кн. «Школа для левай рукі» (Лондан, 1957).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЧА́Н»,
бел. народны танец. Пашыраны пераважна на Гомельшчыне і Гродзеншчыне. У некат. мясцовасцях наз. «Капуста». Муз. памер . Тэмп умераны. Выконваецца пад прыпеўкі. У ім рознымі пластычнымі рухамі імітуецца «завіванне качана» (абрастанне яго лісцем). Танцоры, узяўшыся за рукі, становяцца ў ланцужок і закручваюцца клубком вакол апошняга танцора, які стаіць на месцы, ці ідуць за першым, ныраюць у «вароты», утвораныя з рук выканаўцаў. Часам танцуюць утраіх, ныраючы пад рукі адзін аднаму, ці мяняюцца месцамі, круцячыся пад руку. Выконваўся Першай бел. трупай І.Буйніцкага. Вядомы і інш. варыянты танца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ДЗЯ,
старажытная адзінка (мера) даўжыні ў Беларусі і Расіі, роўная макс. адлегласці па прамой лініі паміж канцамі выцягнутых вялікага і ўказальнага пальцаў рукі чалавека. Слова «П.» абазначае «кісць рукі» і паходзіць ад агульнага кораня са словам «пяць». Лікавае значэнне П. вагалася ад 18 да 27 см. У 16 ст. мерную П. прыраўнавалі да 1/4аршына (17,78 см), пасля чаго найменне «П.» паступова выйшла з карыстання. Захавалася ў прымаўках: «Ні пядзі зямлі» (не аддаць, не саступіць). У англамоўных краінах выкарыстоўваюць падобную адзінку даўжыні спэн (англ. span — пядзя), роўную 9 цалям, або 22,86 см.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІПУЛЯ́ЦЫЯ (франц. manipulation ад лац. manipulus жменя),
рухі рукі або абедзвюх рук пры выкананні складанай работы; складаны прыём або дзеянне, якія патрабуюць спрыту ў ручной рабоце. У пераносным сэнсе — спрытнае махлярства, махінацыя, выхадка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАЦЬБА́ «ДА КРЫЖА́»,
бел. народная спарт. гульня. Нагадвае вольную барацьбу. Барцам дазваляецца штурхаць адзін аднаго, рабіць падножкі, хапаць за ногі. Перамагае той, хто прыцісне саперніка спінай да зямлі і ўтрымае яго рукі, разведзеныя ў бакі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́КАЦЬ,
старажытная мера (адзінка) даўжыні. Вызначаўся даўжынёй рукі ад канца сярэдняга ці вял. пальца да лакцявога згіну. Л. карысталіся на Беларусі і ў Расіі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. 1 Л. = 0,3044 сажня = 0,9135 аршына = 14,5 вяршка = 0,6497 м.