калаці́цца, калачуся, калоцішся, калоціцца; незак.
1. Дрыжаць, хістацца, трэсціся. Ад артылерыйскай стральбы калаціліся сцены. Лынькоў. // Часта, сударгава ўздрыгваць (пра рукі, ногі, цела і пад.). Калаціцца ад страху. □ Калі Арына дакранулася да яе [Ледзіных] плячэй, то пад рукой адчула, як дачка калоціцца ў немым плачы. Карпаў. У нецярплівым чаканні моцна грукае сэрца і калоцяцца рукі. Шамякін. // Моцна біцца (пра сэрца). Рукі яго [Хвашча] трэсліся, вочы ліхаманкава разгараліся, сэрца калацілася, гатовае выскачыць. Лупсякоў.
2. Разм. Біцца, сварыцца. — Зямля ж, брат, вольнаю з’явілася ў свет, дык навошта дзяліць яе, рэзаць на шматкі, калаціцца з-за яе? Колас. [Сыны] калаціліся і грызліся адзін з адным за сваю .. гаспадарку. Чорны.
3. перан. Непакоіцца, хвалявацца за каго‑, што‑н. Калі .. [камендант] заходзіў у вёску — сяляне баяліся паказацца, калаціліся за сваё дабро. Бажко. // над кім-чым. Клапаціцца аб кім‑н., старанна, клапатліва ахоўваць каго‑н. Калаціцца над дзецьмі, унукамі. // Берагчы што‑н., ашчадна расходаваць. Калаціцца за кожную капейку. □ Безумоўна, большасць калгасаў тут бачыла беражлівае сэрца Вароніча, які за кожную дробязь у гаспадарцы калоціцца і стаіць, як за сваё. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)