зялёны, ‑ая, ‑ае; зелен, ‑а.

1. Адзін з колераў сонечнага спектра, сярэдні паміж жоўтым і блакітным; колеру травы, зелені. Зялёны колер. Зялёная фарба. Зялёная тканіна. □ Пад цяжарам.. яблыкаў нізка звісае зялёнае голле. Брыль. // Разм. Бледны, з зямлістым адценнем. Зялёны твар.

2. Утвораны зеленню (у 1 знач.), зялёнай расліннасцю; зарослы дрэвамі, кустамі, травой. Верхавіны.. дрэў былі такія пышныя, што спляталіся галлём угары і ўтваралі цяністы зялёны тунэль. Чарнышэвіч. Гарадок быў зялёны, чысты, амаль цэлы, з брукаванымі вуліцамі і тратуарамі. Арабей.

3. Які складаецца са свежай зелені, з’яўляецца зеленню (у 1 знач.). Зялёны корм. Зялёнае ўгнаенне. // Прыгатаваны са свежай травяністай часткі ядомых раслін. Зялёны боршч. Зялёнае варыва.

4. Недаспелы, няспелы. Зялёны яблык. Зялёнае жыта. Журавіны яшчэ зялёныя.

5. перан. Вельмі юны, нясталы; нявопытны з прычыны маладосці. Прыехаў да нас у будаўнічую кантору новы начальнік. Зусім зялёны, зірнеш на яго — гадоў васемнаццаць, больш не дасі! Каршукоў.

6. у знач. наз. зялёныя, ‑ых. Назва асобных атрадаў нерэгулярных войск, якія ў час вайны хаваюцца ў лясах і рабуюць насельніцтва. Нам — ні белых, ні зялёных, Мы з душою за чырвоных. З нар.

•••

Зялёнае мыла гл. мыла.

Зялёная маса гл. маса.

Зялёны гарошак гл. гарошак.

Зялёны канвеер гл. канвеер.

Зялёны стол гл. стол.

Зялёны тэатр гл. тэатр.

Зялёны чай гл. чай.

Зялёныя насаджэнні гл. насаджэнне.

Зялёнае дзіця гл. дзіця.

Зялёная вуліца гл. вуліца.

Молада-зелена гл. малады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

срэ́бра, ‑а, м.

1. Высакародны метал шаравата-белага колеру з бляскам. З унікальных мастацкіх вырабаў увагу спыняў вялікі крыж са срэбра і золата. «Помнікі». Але і гандаль рабамі не задавальняў партугальцаў, якія прагнулі захапіць усю краіну з яе багатымі залежамі срэбра. «Маладосць». // перан. Што‑н. бліскуча-белае, колерам ці бляскам падобнае на гэты метал. Сонца стала ўставаць, Ззяла срэбрам трава. Лойка. Дождж срэбра сваё ледзяное На ядраным лузе рассыпаў. Калачынскі. / Пра сівізну. Не, гэта не срэбра на скронях, не вузлы сініх вен на руках і нават не сетка маршчынак ля вачэй. Данілевіч. Барада заслала грудзі, Срэбра ў чорнай барадзе. Бялевіч.

2. зб. Вырабы з гэтага металу. Сем дываноў, фарфор і срэбра, А што за мэбля ў яго! Панчанка. // перан. Пра багацце, раскошу. І ўжо ніяк нельга падумаць, што жыхары Серабранкі хадзілі тут у срэбры ды золаце... Новікаў. [Тапурыя:] — Я вольны марак і просты чалавек, і не змагу я жыць у срэбры і золаце. Самуйлёнак. // Пасярэбраныя шаўковыя ніткі для вышывання, ткання.

3. зб. Разменная манета са сплаву, у якім галоўнай састаўной часткай з’яўляецца срэбра або нікель. У гэтай скрыні былі сх[а]ваны .. лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пацеркі. Колас. Сапе Мядзведзь, звініць ланцуг, Цыган паважна звоніць срэбрам. Крапіва.

4. перан. Меладычнасць, гучнасць, чысціня (пра гук, голас і пад.). Голас у Насці срэбрам разышоўся па хаце. Чорны. А над намі льюцца срэбрам Птушак галасы. Журба.

•••

Жывое срэбра — ртуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца ядам (у 1 знач.), здольны выклікаць атручэнне. Ядавітыя рэчывы. □ [Тварыцкага] на нямецкую вайну забралі былі. Там і атруцілі яму грудзі на век-вечны. — Газ ядавіты пускалі. Чорны. // Які змяшчае ў сабе яд. Бледная паганка — ядавіты грыб. □ Лугі, пашы.. часта бываюць засмечаны ядавітымі раслінамі. «Беларусь». // Які выдзяляе, выпускае яд, выпрацаваны спецыяльнымі органамі (пра жывёл). Ядавітыя змеі. Ядавіты павук каракурт.

2. Разм. Які непрыемна і раздражняльна ўздзейнічае на органы пачуццяў; едкі, пякучы. Ядавіты пах лаку. □ Не то рэдкі туман, не то слязлівая пялёнка, не то ядавіты дым з папялішчаў закрываў Грыпіне вочы. Мыслівец. / Пра яркі, рэзкі колер. Зыркаю на ядавітага колеру вадкасць, якая б’ецца аб сценкі бутэлькі, і мяне разбірае страх. Карпюк. // перан. Які тоіць у сабе пагрозу; небяспечны. Мы ўжо бачылі, што гэтае пытанне з’яўляецца асабліва ядавітым для філасофіі Маха і Авенарыуса. Ленін.

3. перан. Зласлівы, з’едлівы. Койфер з ядавітай іроніяй сказаў: — О, я цудоўна вас разумею, пан обер-лейтэнант. Вы ведалі ці здагадваліся аб гэтым палёце і, каб ратаваць сваё жыццё, уцяклі з вёскі... Шамякін. / Пра зласлівага, з’едлівага чалавека. — Ну, ты і ядавіты стаў, чорт гэтакі, — засмяяўся Сяргееў і ўзяў Валодзю за рукі. Федасеенка. // Які выражае зласлівасць, з’едлівасць. Немец за паліраваным сталом, здаецца, піў асалоду, гледзячы на Людмілу, на збітую Шуру. «Ну, што вы цяпер скажаце?» — пытаўся яго ядавіты позірк. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае колер сажы, вугалю, самы цёмны з усіх колераў; проціл. белы. Чорны атлас. Чорная фарба. □ Над галовамі часта праляталі самалёты — цяжкія бамбардзіроўшчыкі з чорнымі крыжамі на бартах і вёрткія тупарылыя «ястрабкі» з чырвонымі зоркамі. Якімовіч. А над травою звіняць, таўкуцца жаўтаватыя камары, стаяць слупы чорных мошак. Бяспалы. / у перан. ужыв. Дарогу чорны снег заносіць — Загінуць можа чалавек. Чарот. // у знач. наз. чо́рныя, ‑ых. Шашкі, шахматы цёмнага колеру ў процілегласць белым. Гуляць чорнымі. // Апрануты ў адзенне такога колеру. Уперадзе коннікаў ціха пасоўваўся вялізны аўтобус. Праз адкрытыя вокны бачыў ён [Міколка] чорныя мундзіры, чорныя шапкі з чырвонымі кантамі. Лынькоў. // у знач. наз. чо́рнае, ‑ага, н. Адзенне, убранне такога колеру. Мужчына быў увесь у чорным. Чорны. // Які мае пер’е, поўсць такога колеру. Чорны сабака. □ Арол чорны ўецца ў высі. Чарот. / У назвах птушак, жывёл. Чорны бусел. Чорны дзяцел.

2. Цёмны, больш цёмны, чым звычайна. Чорная зямля. □ Зноў, як тады, гатоў да ранку ў цішы на беразе сядзець, і слухаць голас малдаванкі, і ў вочы чорныя глядзець. А. Вольскі. Даша павярнулася. На парозе стаяў высокі чалавек. Бровы над чорнымі вачамі многа цямнейшыя за светлыя валасы. Пішчыкава. // Смуглявы, чарнявы, цёмнавалосы. Банда ўвалілася ў хату.. Адзін з шапкі, чорны, калматы, як звер, узламаў шабляю скрыню і пачаў перабіраць і выкідваць адтуль рэчы, якія яму больш падабаліся, а больш дробныя і каштоўныя — клаў у кішэню. Колас. // Які пасмуглеў ад сонца. Тут, пад разгалістай вярбой на беразе ракі, іх двое: амаль чорны ад загару Ілья Нікіценка і крыху хударлявы Толя Ярмакоў. Шыловіч. // Які мае цёмную скуру (як адзнаку расы). А белыя, жоўтыя, чорныя расы Да мовы супольнай прачысцяць дарогу... Купала. Не ведалі .. [пані], што гэта не божыя слёзы, а слёзы маленькага голага чорнага Тубі з вострава Цэйлона. Маўр. // Вельмі цёмны, змрочны. Працавалі Пры вогнішчаў яркім святле, Слыхам сочачы Ворага ў чорнай імгле. Куляшоў. На чорным начным полі ляжала нешта белае, распластанае. Сабаленка. // Цёмны, неасветлены. А ў сяле яшчэ не спяць... Міма чорных вокнаў Давядзецца нам ступаць, Нібы пад канвоем. Жычка. // Непранікальны, шчыльны; цёмны (пра хмару, дым і пад.). Над усходнім краем лесу стаяла чорнае воблака. Кулакоўскі. Чорнай хмарай Кружаць галкі; — І ў аконца бачна мне: Грак з грачыхай У садзе ціха След пракладваюць вясне. Шуцько. У чорных снегавых хмарах з поўначы насоўвалася зіма. Мурашка. // Зроблены, прыгатаваны або выпечаны з цёмнай, жытняй мукі. Нічога ў жыцці не трэба. Са мной толькі будзьце заўжды, Лустачка чорнага хлеба, Глыточак крыштальнай вады. Матэвушаў.

3. Разм. Брудны, запэцканы, зашмальцаваны. Абціраючы чорныя рукі падолам, цётка Катрына патрухала ў хату. Брыль. [Вера:] — Лазню я і сёння яшчэ ўспею выпаліць. .. Сподняе зменіш. Што так мяняць без лазні — на чорныя плечы. Пташнікаў.

4. Некваліфікаваны, які не патрабуе пэўных ведаў і навыкаў, звычайна фізічна цяжкі і брудны (пра чарнавую работу і пад.). Памятае Змітрок і апошнія словы бацькі, які ўсё сваё жыццё аддаў аднойчы выбранай любімай справе: — Помні, сынку, што не чорная праца ганьбіць чалавека, а яго чорныя справы, душа. Ваданосаў. Чорная, самая цяжкая справа — найлепшая навука для чалавека. Лужанін. [Лірнік:] Чорная работа не сажа — душы не замажа. Вітка. [Дырэктар:] — А цяпер, у дадзены момант, такой [учотчыцы] работы няма. А на чорную на якую вы не пойдзеце. Сабаленка. // Найменш значны, дапаможны (пра адпаведную частку якой‑н. працы, справы). Інжынер Прыстром бачыў у рабочых толькі сілу, здольную на чорную работу, на выкананне задум і планаў інтэлігентаў. Арабей.

5. Не галоўны, не цэнтральны, не парадны, які выкарыстоўваецца для штодзённых патрэб (пра дзверы, ход, уваход і пад.). Праз чорны ход Эма знікла з дому. Машара. [Чарвякоў:] — Цяпер нам трэба ціхенька выйсці праз кухню на чорную лесвіцу, каб яны [вартавыя] не пачулі. Мяжэвіч.

6. перан. Дрэнны, адмоўны; які не выклікае адабрэння. Яны [сусед і вусаты] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны.

7. перан. Нізкі, каварны, подлы. Хіба Колас мог заставацца спакойным! Гаварыць, расказваць свету аб чорным злачынстве! Лужанін. Не было б, уласна, мне і справы, Вытрымаў бы я нейтралітэт, Ды плануе новыя расправы Не адзін там чорны прайдзісвет. Панчанка. // Які губіць, знясільвае. У душы гарыць агонь нуды — пануры, чорны. Багдановіч.

8. перан. Крайне рэакцыйны, контррэвалюцыйны. [Апейка:] — Так, рэлігія — мы не тоім гэтага — адна з самых чорных сіл, якая перашкаджае нам, бальшавікам. Мележ.

9. перан. Цяжкі, змрочны, беспрасветны. Паэт непахісна верыць, што доля чорная людзей не з’яўляецца ўсемагутнай, таксама, як яна не ёсць і вечная на зямлі, налітай крывёю і потам гаротнага люду. Майхровіч. Гора складае свае калыханкі — Сумныя песні пра чорны прыгон. Танк. / Пра час, перыяд, звязаны з горам, няшчасцем. Аднойчы, як чорны выдаўся час, Юнак пакідаў айчыну. Лось. / у вобразным ужыв. Чорнай бездані чорны рот Разяўляеш [акіян] не ў час, відаць. Вельмі ж рана ў дваццаць год, Рана хлопцам пра смерць гадаць! Гілевіч.

10. Які ў дарэвалюцыйныя часы адносіўся да ніжэйшых слаёў грамадства, да простага народа. Вырвалі мы з коранем тое пустазелле, Што смактала сокі З чорнае галоты. Колас.

11. Гіст. У дарэвалюцыйнай Расіі — цяглавы, дзяржаўны. Чорныя землі. Чорныя двары.

12. Паводле забабонных уяўленняў — чарадзейны, звязаны з нячыстай сілай. Донна, донна! Вы ўзялі Ад маіх слядоў зямлі І зрабілі пагавары З чарадзейных чорных кніг. Багдановіч. Зайшла размова аб навуках — Старых, даўнейшых — і іх штуках, Аб кнігах з чорнаю пячаццю, Аб чараўніцтве, аб закляцці. Колас.

•••

Чорнае дрэва гл. дрэва.

Чорнае золата гл. золата.

Чорная біржа (чорны рынак) гл. біржа.

Чорная дошка гл. дошка.

Чорная ікра гл. ікра.

Чорная магіл гл. магіл.

Чорная меланхолія гл. меланхолія.

Чорны кофе (чорная кава) гл. кофе.

Чорны лес гл. лес.

Чорны шар гл. шар.

Чорныя металы гл. метал.

Чорныя сотні гл. сотня.

Чорныя спісы гл. спіс.

Зрабіць белае чорным гл. зрабіць.

Ні чорнага ні белага — не абазвацца, не сказаць ні слова каму‑н.

Трымаць у чорным целе гл. трымаць.

У чорным святле гл. святло.

Чорная гадзіна гл. гадзіна.

Чорная косць (костка) гл. косць.

Чорная кошка прабегла (перабегла) паміж кім гл. кошка.

Чорная няўдзячнасць гл. няўдзячнасць.

Чорны дзень гл. дзень.

Чорным па белым — дакладна, выразна, ясна, недвухсэнсава (сказаць, напісаць і пад.).

Як чорны вол гл. вол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тон, ‑у, м.

1. Гук пэўнай вышыні, які ўтвараецца перыядычнымі хістаннямі паветра; музычны гук. Нізкі тон. Высокі тон.

2. звычайна мн. (то́ны, ‑аў). Гукі сэрца, яго клапанаў; гук, які ўтвараецца пры выстукванні полых органаў цела чалавека. Смірын вухам прыпаў да потных грудзей нампаліта, намагаўся выслухаць тоны сэрца. Яны выразна чуліся і былі чыстыя. Алешка.

3. Інтэрвал тэмпераванай тамы, што складаецца з двух паўтонаў і прымаецца за адзінку пры вызначэнні рознасці гукаў па іх вышыні. [Ермашоў:] Ідзіце, ідзіце, яшчэ ёсць час. І скажыце, што я дазволіў аркестру ўзяць на два тоны вышэй. Губарэвіч.

4. Тое, што і танальнасць (у 1 знач.). Мажорны тон. Мінорны тон. □ Эх, песні, адвечным песні зямлі! Калі заспяваюць вас на вясёлы, радасны тон? Колас. // перан. (звычайна са словамі: «мажорны», «мінорны»). Эмацыянальная настроенасць, настрой. Мажорны тон вершаў. □ Мінорны тон песні больш чуецца не праз сцяну, а праз адчыненае акно. Дуброўскі.

5. Характар гучання інструмента або голасу. Малы ўзяў дудку. Перш агледзеў. А потым сам, як і Сымон, Паднёс да губ, і, нібы ў заедзі, Пачуўся мяккі яе тон. Колас. // Характар гучання, які надае выканаўца інструменту або голасу. Вось настроіў, навёў тон у струнах як след, Не зірнуўшы на гулі ні разу, І сядзіць гэты сумны, як лунь белы, дзед. Купала.

6. Вышыня або сіла гучання голасу чалавека, які гаворыць. — Дагэтуль яшчэ не было выпадкаў, — знізіўшы тон, сказаў дзед. Чарнышэвіч.

7. звычайна каго або які. Характар гучання маўлення, манера гаварэння (або пісьма), якія выражаюць пачуццё гаворачай асобы, адносіны да прадмета гутаркі, асаблівасці душэўнага складу. Афіцыйны тон. Жартаўлівы тон. Адміністрацыйны тон. □ Генерал і Бяссонаў перайшлі на той таварыскі тон, што вельмі лёгка ўстанаўліваецца паміж франтавікамі. Мележ. [Камбрыг] урачыста, тонам камандзіра сказаў: — Добра, Саковіч! Я так і ведаў, што ты не падвядзеш братву. Брыль. — Стой! Не страляй, не трэба! — сказаў .. [Пракоп Адамавіч] тонам загаду. Ляўданскі. За спакойным тонам пісьма чуваць вялікае хваляванне, можа, нават гора. Дамашэвіч. // Манера, стыль пісьма, апавядання. Палемічны тон артыкула. □ Сама тэма шырокага паказу жыцця народа абумовіла эпічны тон апавядання. Хромчанка. // Манера, стыль тэатральнай ігры. Глебаўскія персанажы афарбаваны камедыйнымі тонамі.

8. з азначэннем. Характар, стыль паводзін, жыцця. Правілы добрага тону. Трымаць рукі ў кішэнях — адзнака благога тону. // Характар або агульны выгляд чаго‑н. Аркавы пояс з байніцамі падаў нейкі новы асноўны тон усёй арнаментыцыі будынка. Ліс.

9. Колер, афарбоўка, а таксама адценне колеру, якое адрозніваецца ступенню яркасці, насычанасці. Фарбы цёплых тонаў. Светлы тон карціны. Залацістыя тоны восені. □ Люся паспрабавала злічыць, колькі фарбаў у .. [вясёлцы], — і не змагла: адзін тон непрыкметна пераходзіў у другі, трэці. Даніленка.

•••

Задаць тон гл. задаць.

Збавіць тон — тое, што і знізіць тон (гл. знізіць).

Знізіць тон гл. знізіць.

Павысіць тон — тое, што і павысіць голас (гл. павысіць).

Трапіць (патрапіць) у тон гл. трапіць.

У тон (пад тон) — а) аб гармоніі колераў, адценняў колеру. Светлы, добра скроены пінжак. Чыстая, адпрасаваная сарочка. У тон да іх удала падабраны гальштук. Сабалеўскі; б) у тым жа духу, стылі. Мэбля пад тон архітэктуры; в) з тым жа настроем, з той жа інтанацыяй (гаварыць, сказаць і пад.). — Што ў вас, вяселле, ці што? — падладжваючыся пад вясёлы тон гасцей, спыталася .. [Валя Ягадка]. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цёмны, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены святла, асвятлення. Ночка цёмная глядзела Ды цямнейшай стала, Адна зорка мігацела, І тая прапала. Купала. Па адным, па двое, прабіраючыся цёмнымі завулкамі, дабраліся-такі дамоў. Мядзёлка.

2. Які па колеру блізкі да чорнага; проціл. светлы. Тут было глыбока, і вада мела цёмны колер ад гэтай глыбіні. Колас. — У мяне сёння другі шчаслівы дзень у жыцці... — загадкава ўсміхнулася Волька, ускінуўшы на мужа вялікія цёмныя вочы. Васілевіч.

3. перан. Невясёлы, змрочны, пануры. [Зося:] Цёмныя думкі не пакідаюць мяне ні на хвіл[іну]. Гартны.

4. перан. Які не адпавядае маралі, нормам паводзін, што ўстаноўлены грамадствам. Пасля ўчарашніх панібрацкіх адносін Яшкі з шайкай Мішкі Малыша Максім усё больш пераконваўся, што Яшка — цёмная асоба. Машара. Перш за ўсё Саўка Мільгун размашысты чалавек, шырокая натура і гультай. Гаспадаркаю ён не займаўся, гуляў, выпіваў, трохі краў і прыставаў да розных цёмных людзей. Колас. [Назарэўскі:] — Як адбылася ўся гэтая цёмная справа, я сам папрасіўся сюды паехаць. Чорны.

5. перан. Непісьменны, некультурны; адсталы. Пайшоў Антось у армію цёмным хлопцам і вырас у барацьбе да камандзіра, навучыўся грамаце, стаў камуністам. Чарнышэвіч.

6. перан. Няясны, незразумелы. Цёмны сэнс выказвання. Цёмныя месцы старажытнага рукапісу.

7. у знач. наз. цёмная, ‑ай, ж. Уст. Памяшканне для арыштаваных, карцэр. Тады па загаду пана Снядэцкага нас [сялян] схапілі, пасадзілі ў цёмную. Праз тры дні вывелі нас на вуліцу. Каваль.

•••

Цёмная вада гл. вада.

Ад цёмнага да цёмнага — з ранку да вечара.

Цёмнае царства гл. царства.

Цёмны лес для каго гл. лес.

Цёмныя сілы гл. сіла.

Як у цёмным лесе гл. лес.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́сіца1, ла́сыца ’драпежная жывёліна з сямейства куніцавых, Mustela nivalis’ (ТСБМ, Янк. I, Сіг.), лас́іцка, ла́січка, ласачка (Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), ла́ска ’тс’ (ТСБМ, Гарэц., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), ’гарнастай, Mustela ermina’ (Сіг.). Укр. ласица, ласичка, ласка, ластка ’тс’, ’вавёрка’, рус. ласка, ласица ’ласка’, ст.-рус. ласица (XIII ст.), ластица, ластвица (XVII ст.), польск. łasica, łaska, łasiczka ’тс’, каш. łasëca ’аса’, н.-луж. łasyca, łaska, łacyca, lasyca > в.-луж. łasyca (Шустар-Шэўц, 1, 764), чэш. lasice, ход. hlasice, ган. vlaska, ст.-чэш. vlasicě ’ласка’, ’пранырлівая жанчына’, славац. lasica ’ласка’, ’жанчына з гібкай фігурай’, славен. lásica, podlásica, раней і ulasica, серб.-харв. л̏асица, ulásica, подласица, podlȁska, макед. ласица ’тхор’, балг. ласица, власица, ст.-слав. ласица ’ласка’. Прасл. lasica, якое паходзіць, відаць, ад прым. lasъ, які захаваўся ў бел. ‑ласы, параўн. падла́сы ’белабрухі’, ’светла-карычневы’ (ТСБМ, Бяльк., Мал., Рам., Гарэц.), ’з белымі бакамі і грудзьмі’ (Шат.), ’пярэсты’ (Некр., Федар.), драг. пудла́сыстый ’белабрухі’ (Клім.), падла́сіна ’пярэсціна пад жыватом’ (ТСБМ), ла́сіна, ла́сына ’пярэсціна, якая вылучаецца сваім колерам шэрсці’ (пін., стол., БЛ, 13, 68), а таксама ў рус. ла́са ’светлая, гладкая паласа’, укр. ласі́й ’вол з белым чэравам і хвастом’, ла́ся, ла́сий ’чорная або рыжая жывёліна з белым чэравам і персямі’, підла́сий ’тс’, балг. лас ’конь ці лашак з чорнай бліскучай шэрсцю’, серб.-харв. ла́са ’ласка’, ’каза з колерам поўсці, як у ласкі’, ла́сац ’вол’, ла́сак ’сабака’, ла̏саст ’бялявы, белаваты’, венг. дыял. lászov ’свойская жывёліна бялявага колеру’. Найбольш дакладна прасл. lasъ адпавядае лат. luöss ’жоўта-шэры, бялявы’, lãsaĩns ’рабы, у крапінкі’. Агляд версій гл. Фасмер, 2, 461; Слаўскі, 5, 15–17; Махэк₂, 320–321; Скок, 2, 271; Шустэр–Шэўц, 1, 764–765. Інакш Ціўян (Проблемы слав. этнографии, Л., 1979, 186–193) услед за Трубачовым (ЭИРЯ, 2, 29–32), які адносіць гэту лексему да ласка (гл.), мяркуючы, што гэта табу, утворанае паводле прынцыпу абароны ад драпежнага звярка спробай улашчыць яго.

Ла́сіца2 ’ласіха’ (Сцяшк.). Улічваючы месца націску і мяркуючы, што ён спрадвечны на ла‑, можна аднесці да ласіца1 (параўн. аналагічнае серб.-харв. ла́сац ’вол’ і інш.).

Ласі́ца ’ласіха’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Да лось (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малочнік1 ’мужчына, які прадае малако і малочныя прадукты’ (ТСБМ), укр. моло́шник, рус. наўг., варон. молочник, польск. mlecznik ’тс’. Відаць, наватвор. Больш старое малочніца, рус. і ст.-рус. моло́чница ’жанчына, якая прадае малако’. У гаворках лексема вядома з іншым значэннем: ахвотнік да малака’ (ТС), ’жанчына, якая любіць усё малочнае’. Параўн. ’тс’ у рус. варон. молочник. Да малако (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 161, 162.

Малочнік2 ’збаночак, у якім малако падаецца на стол’ (ТСБМ), ігн. ’гарлач (без ручкі)’ (Сл. ПЗБ), польск. mlecznik, славац. mliečnik, чэш. mléčnice ’тс’; чэш. mléčník, серб.-харв. mlièčnica ’памяшканне, дзе знаходзіцца малако’. Да малако (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 162.

Малочнік3 ’асот агародны, Sonchus oleraceus L.’ (усх.-маг., Кіс.; ушац., Жыв. сл.), асот малочны ’тс’ (гом., Кіс.). Рус. пск., цвяр., маск. молочник ’тс’. Бел.-рус. ізалекса. Да малочны (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 163.

Малочнік4 ’малачай-сонцагляд, Euphorbia helioseopa L.’ (Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ; маг., Кіс.; міёр., Жыв. сл.). Укр. молочник досонечний, рус. молочник, польск. mlecznik, славац. mliečnik. Паўночнаславянскае. Да малако (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 163.

Малочнік5 ’адуванчык, Taraxacum officinalis Wigg.’ (Сл. ПЗБ). Укр. моло́чник, моло́шник, рус. моло́чник, чэш. mléčník ’тс’. Да малако (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 163.

Малочнік6 ’грузд перцавы, Lactarius piperatus’ (ушац., Жыв. сл.; уздз., Нар. словатв.), ’грузд жоўты, Lactarius scrobiculatus’ (пруж., Нар. словатв.). Рус. пск., ленінгр., перм. моло́чник ’тс’. Бел.-рус. ізалекса. Да малако (гл.).

Малочнік7 ’самец рыбы ў перыяд нерасту’ (полац., З нар. сл.). Укр. зах. молочник ’рыба-самец’, рус. пск., свярдл. молочник ’рыба з малокамі’. Усходнеславянскае. Да малако (гл.).

Малочнік8 ’першы зуб у дзіцяці’ (круж., Мат. Маг.), малочнікі ’малочныя зубы’ (Ян.). Рус. бран., наўг., кастр. молочник, чэш. mléčník, макед. млечник ’малочны зуб’. Прасл. melčnikъ/ molčnikъ ’тс’. Да малако (гл.).

Малочнік9 малошнік ’эпілепсія, Eclampsia’ (Касп.). Да малако (гл.). Названа паводле колеру белай пены-сліны, якая вылучаецца ў час прыпадку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сві́нка1 ‘хвароба залоз, заушніца’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ). Укр., рус., балг. сви́нка, польск. świnka ‘тс’. Ад свіння (гл.) з прычыны пухліны, якая значна патаўшчае шыю. Аналагічна лац. scrōfula ‘пухліна на шыі’ ад scrōfa ‘свіння, свінаматка’, грэч. χοιράς ‘апухлыя шыйныя залозы’ ад χοῖρος ‘парася, свіння’ (Фасмер, 3, 578; Вальдэ-Гофман, 2, 501; ЕСУМ, 5, 190; БЕР, 6, 550).

Сві́нка2 ‘від рыбы на рацэ Буг’ (беласт., Ніва, 1973, 16 вер.), свінюк ‘рыба падуст, Chondrostoma nasus (L.)’ (Жук., рэдка на Нёмане), ‘харыус’ (Інстр. 2). Рус. сви́нка ‘падвід падуста, волжскі падуст’, укр. дыял. сви́нька ‘дняпроўскі падуст’, сви́нка ‘падуст’, польск. świnka, славац. švinka ‘тс’. Да свіння (гл.). Назва дадзена па знешнім выглядзе, таму што ў гэтай рыбы рот знаходзіцца пад храсткаватым носам, які моцна вытыркаецца (гл. Сабанееў, Жизнь, 506 і наст.). Параўн. таксама іншыя назвы гэтай рыбы: пад‑уст, насар, ням. Schweinfisch < Schwein ‘свіння’. Агляд матэрыялу па розных славянскіх мовах гл. Усачова, Этимология–1973, 93.

Сві́нка3 ‘грыб таўстуха’ (Янк. 1; рагач., Арх. ГУ; Нік., Оч.; Сл. рэг. лекс.), ‘грыб сіняватага колеру’ (Нас.), свіння́, сві́нка ‘назвы грыбоў, пераважна розных відаў сыраежак’ (Сярж.–Яшк.). Ад свіння1 (гл.) у форме памяншальнасці, што наогул прадуктыўна ў назвах раслін (гл. Мяркулава, Очерки, 155). Адносна семантыкі назвы параўн. свінуха2 (гл.).

Сві́нка4 ‘гульня са спецыяльнай калодачкай або мячыкам з анучак (свінкай): хто будзя пасвіць свінку?’ (гродз., Нар. словатв.), свінья́ ‘старажытная гульня, пры якой цурку заганяюць у ямку’ (ТС). Укр. сви́нка ‘від гульні, а таксама драўляны шар, які ганяюць палкай’, рус. сви́нка ‘пацурбалак, цурка або чушка для гульні ў свінкі’, балг. сви́нка ‘мячык і гульня, пры якой імкнуцца закаціць яго ў ямку’, славен. svínjka ‘драўляны мячык’, серб. дыял. свињћа ‘цурка або камень, якую адзін з гульцоў (“свињар”) спрабуе кійком загнаць у ямку, чаму перашкаджаюць іншыя гульцы; сама гульня’. Да свіння1; да семантыкі параўн. рус. чу́шка ‘свіння’ і ‘злітак, брусок свінцу або чугуна’. Менш верагодна вывядзенне з прасл. *sъvinъka < sъvi(nǫ)ti (параўн. укр. зви́нка ‘мячык з шэрсці; гульня ў мяч’ ад звити ‘звіць’), гл. ЕСУМ, 5, 190.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ра ‘хімічнае рэчыва жоўтага колеру’, ‘адклады ў вушах’ (ТСБМ), се́ра, сі́ра ‘малодзіва’ (рас., Шатал.; Сл. Брэс., Лекс. Палесся), ‘вадкасць, якая з’яўляецца за месяц да цялення’ (Інстр. 3). Укр. се́ра, дыял. сі́ра ‘сера, sulfur’, дыял. зах. ‘авечае малако’, рус. се́ра ‘сера, sulfur’, ‘вушная сера’, паўн. ‘смала дрэў’, ст.-рус. сѣра ‘сера’, ‘горная смала’, польск. siara ‘малодзіва’, дыял. ‘авечае малако’, siarka ‘сера, sulfur’, в.-луж. syra ‘малодзіва’, ‘сырое малако’, н.-луж. sera ‘малодзіва’, syrik ‘сера’, чэш. síra ‘сера’, славац. дыял. šara ‘малодзіва’, серб.-харв. дыял. се̏ра, си̏ра, cjȅra ‘вада, у якой мылі воўну’, ‘малодзіва, першае малако ў жанчыны’, балг. ся́ра ‘сера’, се̂ра ‘малодзіва’, дыял. се́ра ‘бруд на воўне’, се́реѝ ‘засохлы пот на воўне’, макед. сера, дыял. сера, сереј ‘малодзіва’, ‘тлушч на авечай воўне’, ст.-слав. сѣра ‘сера, нафта’. Зыходзячы з аналізу значэнняў *sěra, Трубачоў (Этимология–1968, 49) робіць выснову, што першасным значэннем яго было ‘тлушч (на воўне авец)’, адкуль потым развіліся значэнні ‘смала’; значэнне ‘сера, sulfur’ вытворнае ад апошняга або сумесна з ім узыходзяць да значэння ‘тлушч’. Роднаснымі ён лічыць serum н. р. ‘сыроватка’, уласна мн. л. н. р. sera, якое далей роднаснае грэч. ορός ‘сыроватка’ < *soros, алб. hirrë ‘тс’, ст.-інд. ksīra ‘малако’; усе ад і.-е. *ser‑ ‘цячы’, параўн. ст.-інд. sárati ‘цячэ, спяшаецца’, suráh̥ ‘вадкі’. Як семантычная паралель да *sěra прыводзяцца царк.-слав. текль, точеница ‘смала’ ад цячы. Мартынаў (Этимология–1968, 20–21), Вештарт (Лекс. Палесся, 92) сера ў значэнні ‘малодзіва’ таксама параўноўваюць з лац. serum ‘сыроваіка’, але ўзводзяць яго да мікраполя ‘малако’, супраць чаго Трубачоў (там жа). У ранейшых этымалагічых версіях (гл. Брукнер, 487; Младэнаў, 626) sera лічылася роднасным рус. серый ‘шэры’, але з прычыны зах.-слав. š‑ (польск. szary) гэта параўнанне адвяргаецца. Фасмер (3, 603) мяркуе нават аб запазычанні, а Махэк₂ (544) дэфінуе слова як няяснае. У якасці магчымай крыніцы запазычання прыводзіцца куман. siriš ‘смала’. Сувязь назвы хімічнага рэчыва з *sěra ‘малодзіва’ Шарапаткава (Studia Etym. Brun., 3, 364) лічыць народнаэтымалагічнай. Агляд версій гл. ESJSt, 13, 806–807.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)