Стаць1 ‘спыніцца’, ‘заняць вертыкальнае становішча’, ‘з’явіцца’, ‘застыць на месцы’, ‘адбыцца, здарыцца, зрабіцца’, ‘пачаць’, безас. ‘хапіць’, ста́цца ‘адбыцца, здарыцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Бяльк., ТС, Федар. 4, Ян.). Укр. ста́ти, рус. стать, ст.-рус. стати, польск. stać, чэш. státi se ‘здарыцца, стаць’, славац. stať, серб.-харв. ста̏ти, славен. státi, ст.-слав. стати. Прасл. *stati ад і.-е. *stā‑ ‘стаць’; адпаведнікі ў літ. stàti ‘прыступаць, станавіцца’, лат. stât ‘станавіцца’, ст.-прус. postāt ‘стаць’, ст.-інд. asthāt аор. ‘устаў, стаў’, лац. stō ‘стаяць’ і г. д. Гл. Фасмер, 3, 748 з літ-рай; Борысь, 574; Махэк₂, 575; Сной₁, 605. Параўн. ставаць, стаяць.

Стаць2 ‘справа, прычына’, ‘прыстойнасць, гожасць’ (Нас., ТС), стаццё ‘здарэнне, прыгода; незвычайны выпадак’ (Нас., Гарэц.), ста́цце ‘хвароба’ (Мат. Гом.), стаццо́ ‘здарэнне’ (Мат. Маг.). Параўн. укр. стать ‘полавая прыналежнасць; постаць’, рус. стать ‘будова цела’, ‘прычына, выпадак’, прыставачныя ўтварэнні: польск. postać ‘фігура, пастава’, ст.-польск. postać ‘род’, ст.-чэш. podstať ‘сутнасць’, славен. póstȃt ‘шэраг рабочых у полі ці ў вінаградніку’, серб.-харв. по̀стат ‘шэраг (у час жніва)’, балг. по̀стат ‘паласа, якую жнуць адна ці некалькі жней’, ц.-слав. постать ‘вызначэнне, загад, пастанова; прызначэнне’. Прасл. *statь, абстрактны назоўнік ад *stati, гл. стаць. Роднасны лат. stātis ‘стойка’, авест. stāiti‑ ‘стойка, стаянне, устанаўленне’, ст.-ісл. stód ‘месца, стан’ (Фасмер, 3, 748; БВР, 5, 549; ЕСУМ, 5, 402; Бязлай, 3, 92).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыта́ ’мёд або цукар, разведзены гатаванай вадой’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Маш., ТС, Растарг., Сцяшк., Сл. Брэс.), ’засалоджаная мёдам вада як абрадавая страва’ (Сержп. Прымхі, Серб. Вічын, Арх. Вяр., Ян.; слаўг., Нар. сл.; рагач., ганц., карэліц., З нар. сл.; ЛА, 5), ’раствор мёду або цукру для падкормлівання пчол’ (Анох.; слаўг., Нар. сл.), тое ж сыць (Мат. Гом.), ’страва з кавалачкаў хлеба, пакрышаных у салодкую ваду’ (Сл. Брэс.), ’страва з цёртых канапель’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.), сюды ж сы́ціца ’напой з перабрадзіўшай сыты’ (ТС), саці́ца ’напой на сотавым мёдзе’ (Барад.), сыты́ця ’тс’ (Доўн.-Зап., Пін.). Укр. сита́, рус. сыта́, стараж.-рус. сыта́ ’вада, падсалоджаная мёдам, гатаваны мёд’. Слова без пэўнай этымалогіі; на аснове польск. woda miodem nasycona ’вада, сычоная мёдам’ Гараеў (356) выводзіў ад *sytъ ’сыты’; супраць Міклашыч (336). Набліжалі таксама (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1129) да ст.-прус. sutristio ’сыроватка’, літ. sutré, sùtros ’памыі, мутная брудная вадкасць, асадак’, лат. sutra ’гнаявая жыжка’, ст.-ірл. suth ’сок, малако’; Брандт (РФВ, 24, 189) і Ільінскі (РФВ, 62, 139) звязвалі таксама з *sъtъ, гл. соты. Гл. Фасмер, 3, 820; ЕСУМ, 5, 244. Сюды ж сыці́ць ’падсалоджваць ваду, квас мёдам і пад.; настойваць мёд на чым-небудзь’, якому адпавядаюць укр. сити́ти ’падсалоджваць’, рус. сыти́ть ’тс’, польск. sycić ’запраўляць чым-небудзь’: sycić miód ’перарабляць пчаліны мёд на пітны’, што паводле Борыся (590), да прасл. *sytiti ’рабіць сытым, насычаць, карміць’, ад *syty (гл. сыты).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тава́рыш ’друг, прыяцель, паплечнік, калега’, ’равеснік, аднагодак’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), това́рыш ’сябар’ (ТС), товарышо́к ’пры неафіцыйным звароце’ (Нар. Гом.), сюды ж карэляты ж. р. тава́рышка ’сяброўка, саўдзельніца’, ’спадарожніца’, ’равесніца, з якой таварышавала’ (Янк. 2), ’сяброўка, аднагодка’ (Касп., Растарг., Сл. ПЗБ, Жд. 2), товары́шка ’тс’ (ТС), таварышава́ць ’сябраваць, дружыць’ (ТСБМ, Сержп. Прымхі), таварышкава́ць ’тс’ (Сцяц.), товарышова́ць, товары́шыць ’тс’ (Нас., ТС), ст.-бел. товаришь ’прыяцель; супольнік’ (Альтбаўэр), товаришъ, това́рышъ, таваришъ, таварышъ, товарышка ’супольніца’, товаришити ’дружыць, быць у адной суполцы’ (Карскі 2–3, 277, 394). Укр. това́риш ’прыяцель, супольнік’, рус. това́рищ ’тс’, польск. towarzysz ’тс’, каш. towařëš, н.-луж. towariš ’тс’, в.-луж. towarš ’тс’, ст.-чэш. tovaryš, towařiš, чэш. tovaryš ’падмайстар’, ’супольнік’, славац. towariš, славен. towȃriš ’тс’. Адзінага меркавання адносна паходжання слова няма. Чарных (2, 247) выводзіць са стараж.-рус. товаръ (гл. тавар1) з, магчыма, старэйшым на ўсходнеславянскай глебе значэннем ’стан; вайсковы лагер’. Суфікс ‑išč‑ь замест *‑iš‑ь/*‑yš‑ь, які адзначаецца ў іншых славянскіх мовах і сярэднерускіх гаворках, можа, такім чынам, тлумачыцца ўплывам стараж.-рус. това́рище ’стан’ (паводле Сразнеўскага, найбольш ранняя фіксацыя пад 992 г.), паводле Карскага (2–3, 394), апошнія ў выніку спрашчэння. Часцей слав. *tovarišь або *tovoriščь лічыцца запазычаннем з цюркскіх моў, у якіх слова складаецца з дзвюх частак: тур., чагат. tavar ’маёмасць; скаціна; тавар’ і () ’сябар, таварыш’ (Фасмер, 4, 68; ЕСУМ, 5, 586; Борысь, 639).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таро́кі ’рамяні каля задняй лукі сядла’ (ТСБМ), ’паляўнічая сетка (для здабычы)’ (Сцяшк.), ст.-бел. торока ’шаўковы шнур’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж торочкі́, тро́чкі ’завязкі ў спадніцы, фартуху, штанах’ (Лекс. Бел. Палесся). Укр. тороки́ ’рамяні ззаду сядла для прывязвання рэчаў; махры’, то́рок ’махры; аблямоўка’, рус. торока́ ’рамяні ззаду сядла’, дыял. торо́ка ’аблямоўка, махры’, стараж.-рус. торокъ ’рамяні ззаду сядла’, ’стужка, якая навязвалася на лоб’, польск. trok, troki ’раменчыкі, матузкі; путы’, каш. trok ’пала; паясок’, в.-луж., н.-луж. trok ’матуз, завязка’, чэш. trak, trák ’лямка’, старое tráky ’падцяжкі, шлейкі’, славац. trak, tráky ’тс’, славен. trak ’стужка, вузкая палоска, тасёмка’, серб.-харв. тра̑к, тра̏ка ’тс’, балг. дыял. трак ’шнур у цадзілцы’, макед. трака ’стужка’. З прасл. *torkъ ’матузоў завязка’, якое роднаснае прус. tarkue (tarkne?) ’рэмень у вупражы’, лат. tę̃rka ’матузок для прывязвання буйкоў у рыбалоўнай сеткі’, ст.-інд. tarkúḥ ’верацяно’, грэч. άτρακτος ’тс, лац. torquēre ’круціць, віць’, torques ’ланцуг’, ст.-в.-ням. drāhsil ’токар’, нова-в.-ням. drechseln ’тачыць’, алб. tjerr ’праду’, ірл. torc ’каса’ з і.-е. *tork‑ ’круціць, віць’, тады першаснае значэнне ’шнур, скручаны з некалькіх пасмаў’, або і.-е. terk‑ з *ter‑ ’церці’ (Покарны, 1077; Міклашыч, 359; Фасмер, 4, 85; Махэк₂, 649; Голуб-Копечны, 388; Шустар-Шэўц, 1533; Борысь, 642; Сной₂, 776; SEK, 5, 171; Новое в рус. этим., 233–234; ЕСУМ, 5, 604).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́пка ’ануча’ (Мат. Гом., ТС, Ян.; смарг., лудз., Сл. ПЗБ; рас., ЛА, 5), ’завязка (ад фартука)’ (Ян., Мат. Гом.), ’ануча, якой бяруць гаршкі і чыгуны’ (усх.-бел., ЛА, 4), ’губка для высякання агню’ (астрав., брэсц., там жа), ’ручнік для посуду’ (докш., там жа), тря́пка ’тс’ (Клім., там жа), трапкі́ ’ніцяныя канцы ў ручніку’ (Бяльк.), тра́пичка ’скурат, вузкая палоска аўчыны, якая служыць пракладкай для сшывання аўчын’ (Ян.), сюды ж трапка́ценькі ’растрапаны, растапыраны ў розныя бакі’ (гарад., Сл. ПЗБ). Укр. тря́пка ’ануча’, ’вехцік’, ’рыззё’, стра́пки ’лахманы’, рус. тря́пка ’ануча’, тря́пка ’махры’, дыял. (паўн.) трепки́ ’анучы, старызна, лахманы’, стараж.-рус. тряпъка, польск. strzepa, strzępki ’махры’, ’абрыўкі’, ’анучы, лахманы’, strząpie ’абрэзкі, акраўкі, скураты’, strzępić się ’абтрэпвацца’, strzępić ’размачальваць, раскудзельваць’, н.-луж. tśepliś ’тс’, tśumpliś se ’растрэпвацца’, tśepjel ’пэндзаль’, чэш. střepiti ’тс’, střep ’старызна, хлам’, střapec, třapec ’махры’, ’пэндзаль’, střapatý ’калматы, кудлаты’, třepit ’калмаціць’, славац. strap ’шкумат, пасма’, strapec, strapce ’махры’, ’акраўкі, рыззё’, ’гронка вінаграду’, ’мяцёлка (від суквецця раслін)’, балг. тре́пки ’вейкі; упрыгожанне з вісячых дробных манетак’. Мяркуецца, што назалізацыя тут экспрэсіўная, а варыянтнасць пачатку слова звязана з т. зв. рухомым s‑; параўноўваюць з трапа́ць1, гл. (Фасмер, 4, 113; Чарных, 2, 267–268; Абаеў, Зб. Баркоўскаму, 12; Новое в рус. этим., 240–241; ЕСУМ, 5, 664). Дапускаецца роднаснасць са ст.-грэч. ρῶπος ’дробязь; цацка, бразготка’ і выводзіцца прасл. *strapъ (Махэк₂, 585). Гл. таксама страпкі, стрэпкі і наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траста́ ‘прамая салома’ (Лекс. Бел. Палесся), ‘сцябло льну, канапель пасля мачэння, ляжання на лугах ці на льнішчы, з якога атрымліваюць валакно для пражы’ (ТСБМ, БелСЭ, 10), троста́ ‘саломка льну’: јак он нетʼорты (Уладз.); ‘кастрыца’ (Горбач, Зах.-пол. гов.); сюды ж траста́ ‘дранка’ (Сл. ПЗБ), ‘галлё’: масты памашчу з тонкае трасты (лоеў., Песні нар. свят, 28); трыста́ ‘водмель на возеры, парослая трыснягом або чаротам’ (Нік., Оч.), трасцё ‘трыснёг, чарот’ (Тур., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тростье, тростие ‘трысцё’ (ГСБМ). Параўн. укр. треста́ ‘апрацаваная саломка льну, канопляў’ (паводле ЕСУМ, 5, 631 — з рускай мовы), рус. треста́ ‘сцябло каноплі ці льну пасля высушвання’, ‘чарот’, рус. пск. троста́, триста́ — зборная назва для балотных каленчатых раслін, трестье́, тростье́ ‘тс’, стараж.-рус. тростіе ‘зараснік трыснягу’: Игоръ‑князъ поскочи горностаемъ къ тростію (Слова аб паходзе Ігаравым); сюды ж, відаць, і ўкр. дыял. трі́ще ‘хмыз, дубцы’, а таксама балг. дыял. тр́с̥та ‘высякаць хмызняк і маладняк у высокім лесе’ (БД, 4, 146). Прасл. *trьsta Трубачоў (Ремесл. терм., 85) прапануе звязаць з *treskati (гл. трэск) з магчымым чаргаваннем, ‑sk‑/‑st‑, як у ​пускать — ​пустить (гл. пускаць, пусціць), параўн. траска́2, у такім выпадку рэалізуецца мадэль ‘раздзіраць’ — ‘плясці’ > ‘назва расліны, што ўжываецца для пляцення’ (Мяркулава, Очерки, 57), у тым ліку і назва іншых матэрыялаў для тых жа мэт. Сюды ж трасца́ ‘траста’ (ТС), якое з памяншальнай формы ⁺трастьца́ > трасцьца́ > трастца́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трылу́дзіць ‘трызніць’, ‘хлусіць’ (Касп.), трылю́дзіць ‘балбатаць, пустазвоніць’ (Юрч.), трілю́дзіцца ‘пустазвоніць’, ‘здавацца, невыразна ўяўляцца’ (Юрч. Вытв.), турлю́дзіць ‘гаварыць лухту’ (Мат. Маг.); сюды ж трілю́да ‘бязлуздзіца, лухта’ (Юрч., Юрч. СНЛ), ‘бяссэнсіца відавочная’ (Юрч. Сін.), трілю́дзішча ‘тс’, ‘пустамеля’ (Юрч. Вытв.), трілю́дзіна ‘бязглуздзіца, лухта’ (Юрч. СНЛ), ‘пустамеля’ (Юрч.), трілю́джыньнік, трілюдзіньнік, трілюднік ‘балбатун, пустаслоў’, трілю́джыньня, трілюдзіння, трілю́дзіца ‘пустазвонства; бязглуздзіца’ (там жа). Пры параўнанні загалоўнага слова з лу́дзіць (гл.) у значэнні ‘кпіць, жартаваць, смяяцца’ (Нас.), ‘трызніць’ (Касп.), ‘маніць’ (мядз., Нар. словатв.), лудзі́ць ‘марнатравіць час’ (Шат.), ‘сварыцца’ (Сл. ПЗБ), несумненна, выяўляецца генетычная і тыпалагічная тоеснасць з другой часткай слова, што дае падставы суаднесці яе з укр. луди́ти ‘заманьваць’, рус. дыял. лу́ди́ть ‘красці плады і гародніну ў садах’, польск. łudzić ‘падмазваць’, чэш. louditi ‘выманьваць, выпрошваць’, славен. lúditi ‘маніць, дурачыць’; ‘праводзіць час’ і інш., што выводзяцца з прасл. *ludъ (ЭССЯ, 16, 167, 169). Палаталізаваныя варыянты слоў, прадстаўленыя на Магілёўшчыне і ў рус. дыял. трелю́дить ‘сваволіць, гарэзнічаць’, трелю́диться ‘жартаваць’, ‘здзекавацца’ і інш., могуць быць патлумачаны другасным збліжэннем з коранем люд‑, параўн. рус. дыял. трелю́дник — ‘аб пераборлівым, капрызным человеку’ (СРНГ). Спроба Мяркулавай (Этимология–1983, 60) вывесці іх з *trь‑juditi (j > l) падаецца менш прымальнай. Параўнанне з укр. трою́дити ‘раз’ятрываць, раздражняць’ выклікае фармальныя цяжкасці пры ідэнтыфікацыі пачатковага тро‑ з узмацняльнай прыстаўкай тре‑ < ц.-слав. трь‑ для перадачы траічнасці і вышэйшай ступені якасці (ЕСУМ, 5, 653), якая выступае ў пачатку рускіх слоў і якой у беларускай мове адпавядае тры‑ (трі‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туфта́ ‘хлусня’ (ТС), тухта́ ‘падман’ (Краязн. газета, 2013, 12, 6). Пранікненне з турэмна-лагернага жаргону, параўн. укр. аргат. туфта́ ‘падробка, фальшыўка’ (Горбач, Арго школярів), рус. туфта́, тухта́ ‘хлусня, падман, ашуканства’, ‘фальсіфікат, падробка’, туфте́ть ‘ілгаць, падманваць’ (Шчарбакова-Бруева, Соц.-корп. лексика), польск. tufta ‘кабета’, ‘прастытутка’, ‘падман’ (з рус., Каня, Słownik). Без пэўнай этымалогіі. Выводзяць з фін. tohko ‘гнілое дрэва’, фін. дыял. tohta ‘розныя рэчы, транты, смецце’, што з улікам асноўнага значэння жаргоннага слова ‘махлярства, калі замест дабраякаснай рэчы прадаюць падробку’ тлумачыць семантыку слова (Вострыкаў, Этим. иссл., 3, 37–38; Гарачава, Этимология–1982, 168; Арол, 4, 122; Анікін, РЭС, 2, 284). Горбач (Арго школярів, 27) параўноўвае з цюрк. takta ‘дошка’ як фігуральнае абазначэнне пачкі паперы, што выдаецца махлярамі замест упакаваных у банку асігнацый; на мажлівую цюркскую крыніцу арыентуе і балг. аргат. ту́фтя, туфти́свам ‘хлусіць’, ту́фа ‘крадзеж’, та́фя, та́фим ‘красці, хлусіць’, таф ‘хлусня, абман’ < тур. tav у розных значэннях, у тым ліку і ‘падман’, параўн. Стойкаў, Соф. ученич. говор, 24, 51. Былыя вязні сталінскіх лагераў бачаць у слове абрэвіятуру ТФТ (рус. «тяжёлый физический труд»), якая ў 1930‑я гады пранікла з лагернай зоны на волю (Шыдлоўскі, Рысы майго пакалення, Мінск, 2001, 126). Урэшце, з улікам сфер ужывання, варта звярнуць увагу на фармальнае падабенства з ід. tuft(e), toft(e), duft(e) ‘выдатны, цудоўны, першакласны’, адносна якога гл. Штэрн, Wörterbuch, 83.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тушы́ць1 ‘гасіць, спыняць гарэнне’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Яруш., Сержп. Прымхі, ТС, Юрч. Сін., Вруб.): pierunovy ahoń hrech tuszyć (Пятк. 2), перан. ‘спыняць, заглушаць, не даваць развівацца’ (ТСБМ). Параўн. укр. туши́ти ‘гасіць, супакойваць’, рус. туши́ть ‘тс’, стараж.-рус. утушити ‘задушыць’. Прасл. *tušiti ‘тушыць, супакойваць, рабіць ціхім’ — каўзатыўны дзеяслоў у адносінах да *tuxnǫti (гл. тухнуць1), з якім знаходзіцца ў этымалагічнай сувязі (Борысь, 655), роднасны ст.-прус. tusnan ‘ціхі’, літ. tausýtis ‘сціхнуць (пра вецер)’, ст.-інд. tosáyati ‘супакойвае’, што да < і.-е. *tou̯s‑ ‘ціхі, мірны’ (Скок, 3, 528; Фасмер, 4, 128; ЕСУМ, 5, 687). Сюды ж адносіцца запазычанае са ст.-польск. tuszyć ‘спадзявацца, мець надзею’ ст.-бел. тушити, тушыти ‘тс’ (1577 г., ГСБМ) з развіццём значэння ад ‘супакойвацца, суцішацца’ да ‘спадзявацца’ (Борысь, 655; ЕСУМ, 5, 689), што можа лічыцца семантычнай інавацыяй часткі іранска-праславянскага моўнага арэала (Трубачоў, Труды, 2, 83).

Тушы́ць2 ‘варыць на малым агні ў закрытай пасудзіне’ (ТСБМ, Нас., ТС, Касп.). Укр. дыял. туши́ть ‘тс’, рус. туши́ть ‘тс’, польск. дыял. túszyć, побач з tusić, dusić ‘тс’, харв. túšiti, балг. задуша̀вам ‘тс’. Гістарычна фармальна ідэнтычнае прасл. *tušiti (гл. тушыць1); варыянтнасць асновы слова ў розных славянскіх мовах тлумачыцца кантамінацыяй ці застаецца няяснай (Скок, 3, 528; Слаўскі, 1, 180; Махэк₂, 135).

Тушы́ць3 ‘рабіць тухлым’, тушы́цца ‘рабіцца тухлым’ (Юрч. СНЛ). Да ту́хлы (гл.) з чаргаваннем х > ш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́мера ’ізаляванае памяшканне спецыяльнага прызначэння’, ’пустая ў сярэдзіне частка прыбора, машыны’, ’унутраная абалонка шыны, мяча’ (ТСБМ), ’дзірка ў верхнім камені жорнаў’ (лаг. Шатал.). Новае запазычанне з с.-лац. camera ’пакой’ (або з ням. Kammer ’камора’) праз польск. ці рус. мовы (Слаўскі, 2, 390–392; Фасмер, 2, 174; Шанскі, 2 (К). 36–37). Больш старое запазычанне ў бел. гаворках і больш пашыранае камора (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)