-сі, часціца пры параўнальным злучніку чым: з грэцкой мукі лемешка лепей чим‑си с аржаной (Нас.), варыянт чим‑ся (там жа). Паводле Карскага (2–3, 491), паходзіць з указальнага займенніка *sь (гл. сей). Выказваюцца таксама меркаванні пра паходжанне аналагічных часціц у іншых славянскіх мовах з рэштак аптатыву дзеяслова *es‑ ‘быць’ (ESSJ SG, 2, 607) або з формы Д. скл. зваротнага займенніка *sę (Сабалеўскі, Slavia, 8, 485 і інш.), аднак для канкрэтных выпадкаў цяжка прыняць адназначнае рашэнне (агляд і абмеркаванне версій гл. у ESJSt, 13, 814). Варыянтнасць ‑сі/‑ся схіляе да думкі пра займеннікавае паходжанне форм. Гл. таксама -ся.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ато́ра ’амецце’, ’дробная салома’ (Нас., Гарэц., Касп., Юрч., Серб., ЭШ, Бяльк., Інстр. лекс.). У Насовіча і Бялькевіча таксама ато́ря, ато́рьря, ато́рка, ото́рье ’тс’; аторніца ’лубка ў якой носяць атару’. Рус. дыял. (паўднёвае, заходняе) отора, оторье ’тс’, бранск. атора, аторя, оторье; укр. дыял. сум. атора. Рус. смал. оторница ’лубка для саломы, сена’. Паводле Праабражэнскага, 2, 136, якога падтрымлівае Фасмер, 3, 172, звязана з коранем *ter/tor, прадстаўленым у дзеяяслове церці; дакладней Даль, 2, 743, які змяшчаў отора, оторя ў артыкул оторять, оторить ’абмалаціць, раздрабніць шляхам трэння’; гэта і сапраўды аддзеяслоўны назоўнік ад згаданага дзеяслова (не адзначанага ў беларускіх слоўніках).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аточыны ’нутраное сала’, ’ператоплены тлушч’ (Лекс. Палесся, 134, 136; слонім, Арх. Бяльк.). Укр. оточини ’кішачны тлушч’, ’зерне ці мука, што застаецца пасля прасявання праз рэшата’, рус. оточа, оточка ’агрызкі, смецце, што нагрызлі мышы’. Славац. дыял. otoky, otočky ’нутраное сала’, славен. obtòč ’клаака’ (ці сюды?). З суф. *‑iny (мн. л.) ад дзеяслова *otočiti; верагодна, паводле Вештарт, Лекс. Палесся, 136, першага ’кішачнае сала’, г. зн. тое сала, што аточвае, акружае кішкі’. Аднак і ’ператопленае сала’, хаця менш пашыраная назва, можа тлумачыцца ў сувязі са значэннем ’абцякаць’, нельга выключыць і сувязі з назвай клаакі, якая звязваецца з дзеясловам *odtočiti зліваць’. Параўн. тачыць ’ліць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Аўрач, овра́ч ’кій, якім заганяюць рыбу ў сетку’, рэч. (Браім, Весці АН БССР, 1973, 1). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з суфіксам ‑ач, характэрным для назваў прылад дзеяння паводле значэння дзеяслова; магчыма, ад незафіксаванага *овраць, вытворнага з коранем ‑ver‑, для асноў з якім у славянскіх мовах характэрна значэнне ’піхаць, соўгаць’ (гл. Фасмер, 1, 293), а таксама ’кій, рычаг, з дапамогай якога што-небудзь паварочваюць, прыводзяць у рух’, параўн. укр. вирло ’асноўны шост рыбалоўнай прылады, пры дапамозе якога яе падымаюць і апускаюць’, ’дышаль манежа’, ’доўгі рычаг, якім паварочваюць ветраны млын’ (гл. Куркіна, Этимология, 1970, 101). Параўн. аўраць. З семантычнага боку магчымы ўплыў літ. varýti, vãro ’гнаць, выганяць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зефі́р ’лёгкі ветрык’, ’гатунак тканіны’, ’гатунак цукеркі’. Рус. зефи́р, укр. зефі́р ’тс’. Ст.-рус. зефиръ ’вецер’ (з XII ст.) з грэч. ζέφυρος ’заходні вецер’. Націск у рус. з франц. zephir (< лац. zephyrus < грэч.) з канца XVIII — пачатку XIX ст. (Булахоўскі, РЯШ, 1954, 4, 12; Шанскі, 2, З, 91). Такі ж націск у першай бел. фіксацыі ў «Энеідзе навыварат»: зяхві́р (Шакун, Труды яз., 109). Фасмер, 2, 96; Гіст. лекс., 126; Блок–Вартбург, 673. Значэнне ’лёгкая тканіна’ (< ’адзенне’), верагодна, з зах.-еўрап. моў у XIX ст. у рус. > бел. Відаць, не раней і назва цукеркі. Абодва пераносы паводле лёгкасці.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зубы́ 1 ’карункі, звязаныя зубцамі’ (навагр., Нар. сл.), зубэ ’карункі’ (дзятл., Сл. паўн.-зах.). Рус. разан. зубья, ніжнегар. зубцы́ ’тс’, н.-луж. zubki ’карункі на жаночых сукнях’. Перанос па падобнасці знешняга выгляду на карункі ад зуб 1 з афармленнем па мн. л.
Зубы́ 2 ’спарыння’ (пухав., Жыв. сл.), зуб ’буйное чорнае зерне ў жыце’ (чэрв., Нар. лекс.). Слова зуб 1 уваходзіць у шэраг назваў раслін у слав. мовах, напр. у чэш., славен., верагодна, па падобнасці лісця ці насення. Бел. зубы паводле формы ражкоў, што ўзнікаюць на жыце і ў іншых каласах замест зярнят (хвароба злакаў Claviceps purpurea). Лекс. Палесся, 71.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кайданы́ ’злучаныя ланцугом жалезныя кольцы, якія надзяваюцца на рукі і ногі тых, хто абвінавачваецца ў цяжкіх злачынствах’ (БРС, ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Нас., Яруш.). У гэтай жа форме слова вядома і ў іншых мовах: рус. (паўд. і зах., паводле Даля, смален., СРНГ), укр. кайдани, польск. kajdany. Па сутнасці, бел.-укр. лексема (польск. з укр., гл. Слаўскі, 2, 24, там і літ-pa). Магчыма, аб укр. крыніцы неабходна меркаваць і для бел. слова. Першапачаткова — араб. kajdani — форма парнага ліку ад kajd ’завязка, пута’ (так у Міклашыча, 110). Слова распаўсюджвалася, верагодна, праз цюрк.-тат. пасрэдніцтва. З літаратуры параўн. Бернекер, 1, 469.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касы́нка, ’касынка, хустачка’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк.). Слова, вядомае толькі ва ўсх.-слав. мовах. Акрамя бел. мовы, гэта лексема ёсць у рус. і ўкр. Параўн. рус. косы́нка ’хустачка трохвугольнай формы на галаву, па шыю’ (зафіксавана ўжо ў Ганчарова, Ляскова і іншых пісьменнікаў). Укр. коси́нка, якое прыводзіць Шанскі без указання крыніц, можа быць русізмам. Паводле Бернекера, I, 585, звязана з прыметнікам *kosъ ’косы’. Шанскі (2, К, 356) удакладняе, што касы́нка — гэта непасрэднае вытворнае ад іменніка рус. косыня ’касынка, хустачка’, якое яшчэ сустракаецца ў дыялектах і з’яўляецца дэрыватам ад прыметніка косой суфіксам ‑ын‑я. Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 11, 179–180.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касі́р ’касір’ (ТСБМ). Рус. касси́р, укр. каси́р. Бел. і ўкр. лексемы, здаецца, запазычаны з рус. мовы. У рус. мове гэта слова было запазычана з ням. у Пятроўскую эпоху. Гл. Фасмер, 2, 207; Шанскі, 2, К, 86. Зыходнай ням. формай было спачатку Kassierer, адкуль узята рус. касирер (у паперах Пятра I). Сучасная форма касси́р упершыню ў рус. мове фіксуецца ў Слоўніку Нордстэта 1780 г. (Шанскі, там жа). Усё ж такі не вельмі ясным, у высвятленні Шанскага, застаецца пытанне аб узаемадзеянні форм ням. і італ. паходжання. Паводле Шанскага атрымліваецца, што ням. Kassier (< італ. cassiere) не адлюстроўваецца ў старых рус. паперах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́тар ’насмарк’ (БРС, ТСБМ, Нас., Касп., Шат.). Рус. ката́р ’тс’, укр. ката́р. Запазычанне з еўрапейскіх моў; магчымыя крыніцы: польск. або ням. мова ў XVII ст. Шатэрнік меркаваў толькі аб польскай крыніцы слова (гл. яго слоўнік). Польск. katar ’тс’, ням. Katarrh, па крыніцах, якія прыводзіць Шанскі, 2, К, 92, з’яўляюцца непасрэднымі запазычаннямі з лац. (< грэч.). Але паводле Клюге, 356, ням. Katarrh узята прама з грэч. katárrhūs. Невядома ў якіх адносінах да формы ка́тар знаходзяцца іншыя варыянты назвы гэтай хваробы. Так, у Насовіча знаходзім ка́тарг (каторгъ) ’насмарк’, а ў Каспяровіча ка́тарга. Можна меркаваць, што тут, магчыма, адлюстроўваецца лац. перадача грэч. назвы (тыпу katárrhūs).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)