Пэ́ндзаль ’квач, шчотка для малявання, бялення’ (Нас., ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ), пэ́ндзэль ’тс’ (Сл. Брэс.), пэ́нзаль ’тс’ (Бяльк.), пэнзэль ’тс’ (Мядзв.), пэ́ндаль, пэ́ндэль ’тс’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.), пе́нзыль (Шымк. Собр.), сюды ж пэ́ндзліць ’маляваць, бяліць’ (Сцяшк. Сл.). Запазычана праз польск. pędzel, pęzel, penzel ’тс’ з ням. Pinsel ’тс’, паводле Цвяткова (Запіскі, 2, 57), пра гэта сведчыць фанетыка (э пад націскам); Банькоўскі (2, 537) дапускае пасрэдніцтва чэш. penzlik, ст.-чэш. penzl і выводзіць са ст.-франц. pincel, што ўзыходзіць да лац. pēnīcillus, pēnīculus (літаральна ’хвосцік’), памянш. ад pēnis ’хвост’; польскія насавыя пад уплывам pędzać, pędzić ’паганяць, гнаць’ (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)