крыва́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Напоўнены кроўю; з прымессю крыві. Крывавы мазоль. // Кроватачывы. Крывавая рана.

2. Заліты кроўю; акрываўлены. Крывавыя рукі. Крывавы бінт.

3. Які суправаджаецца праліццём крыві, звязаны з кровапраліццем. Крывавае злачынства. Крывавая помста. □ Не для сваёй жа славы У суровы час вайны З бацькамі ў бой крывавы Кідаліся сыны. Непачаловіч. // Які ўчыніў многа забойстваў. Мы .. не аднойчы чулі пра дэспатаў крывавых і тыранаў. Дубоўка. І ўсплылі ў памяці Андрэя колішнія расказы бабкі аб паншчыне, аб крывавых панах... Пестрак.

4. Ярка-чырвоны, колеру крыві. У змрочным вячэрнім небе замігцелі крывавыя заранкі. Лынькоў. Крывавае сонца ўставала з-за небасхілу. Дамашэвіч.

5. перан. Цяжкі, пакутлівы, горкі. Крывавы пот. Крывавыя слёзы.

•••

Крывавая нядзеля гл. нядзеля.

Да крывавага поту гл. пот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́піна, ‑ы, ж.

1. Пляма іншага колеру на чым‑н. Магутныя ногі птушак ашчарэпілі жардзіну. Белыя лапіны на плячах [іх] нагадвалі пагоны. Беразняк. Яблыневыя цені і сонечныя лапіны на зямлі заскакалі і пераблыталіся. Чорны. // Мясціна, якая чым‑н. вылучаецца на агульным фоне. Між лесу пракідаліся лапіны сенажаці. Мурашка. На чарнаце пажарышчаў добра былі відны чыстыя лапіны замеці і языкі сумётаў. Мележ. // Прагаліна. На палях, асабліва на ўзгорках, ад сонца адна за адной з’яўляліся праталіны, з-пад снегу выступалі чорныя лапіны зямлі. Краўчанка. Дарогу злёгку зацерушыла снегам. Там-сям відны асфальтаваныя лапіны. Кавалёў.

2. Разм. Невялікі кавалак зямлі. З гаспадаркі ўсяго і было ў таго чалавека, што лапіна зямлі на ўзгорку. Якімовіч. [Касперскі:] І ўсё [Бондар] засеяў? [Рымша:] Ні лапіны не пакінуў. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адлі́ў, ‑ліву, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. адліваць — адліць (у 2 знач.).

2. Перыядычнае паніжэнне ўзроўню вады ў адкрытым моры. За суткі на моры бывае два прылівы і два адлівы. // перан. Спад у развіцці чаго‑н.; убыванне чаго‑н. Пестрак раскрывае ў рамане ўсю складанасць рэвалюцыйна-вызваленчага руху, паказвае яго прылівы і адлівы. Хромчанка. Шумеў натоўп, як марскі прыбой, чутны прылівы і адлівы людскога гоману. Гурскі.

3. Блік, водсвет на паверхні чаго‑н.; дадатковае адценне, якое адсвечваецца на фоне асноўнага колеру. На галінках тонкіх дрэмлюць зяблікі І палаюць жарам снегіры, Паглядзіш — здаецца, гэта яблыкі Бліскаюць адлівамі зары. Смагаровіч. Андрэй распрануўся і сеў на лаву, прыгладзіўшы рукою цёмна-русыя валасы з залацістым адлівам. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разле́гчыся, ‑лягуся, ‑ляжашся, ‑ляжацца; пр. разлёгся, ‑ляглася, ‑лося і ‑леглася; заг. разляжся; зак.

Разм.

1. Легчы, свабодна раскінуўшыся, выцягнуўшыся. Сярод гушчарніку пушчы, каля палаючага вогнішча, разлеглася ўся каманда паўстанцаў. Нікановіч. Зіну знайшоў Валодзя, шапнуў бадзёрае: — Зараз пераб’ём фашысту сон, маленькі перапалох устроім, а то разлёгся тут у нас, як дома. Ваданосаў.

2. перан. Заняць вялікую прастору; раскінуцца. Ад Курыльскіх сопак і наўсцяж да Гродна неабдымнай сушай край разлёгся родны. А. Вольскі. Глядзі, вунь зацвітаюць ільны: возера мяккага блакітнага колеру разляглося на даляглядзе. Гамолка. Разляглася вёска Хатамі ў рад. Іверс.

3. Раздацца, далёка пракаціцца. Па лесе разлёгся вясёлы смех. Шчарбатаў. [Толік] .. паставіў касу, утыркнуўшы яе касавільнам у зямлю, узяў у руку мянташку. Жах! Жах! Жах! — звонка разлеглася рэха на поплаве. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шке́льца, ‑а, н.

1. Памянш. да шкло (у 2 знач.); невялікі выраб са шкла. Маша ўбачыла праз шкельцы яе акуляраў, што Іра глядзіць на яе зняважліва і насмешліва. Шамякін. Шкельца гадзінніка запацела ад вільгаці. Капыловіч. // Асколак, частка, кавалак шкла. Народ кінуўся за .. [Ганнаю] ў завулак, пакідаючы сляды на гарачай, як прысак, зямлі, уціскаючы драбнюткія шкельцы ад пабітых акон у асфальт. Гурскі. // перан. Пра тое, што па сваіх уласцівасцях (колеру, бляску, цвёрдасці, празрыстасці і пад.) нагадвае шкло. На .. [дарозе] то там, то тут былі раскіданы серабрыстыя шкельцы лужын, у якія глядзеліся белыя, вымытыя першымі дажджамі хмаркі. Гамолка.

2. толькі мн. (шке́льцы, ‑аў). Разм. Акуляры або пенснэ. Не знайшоўшы, відаць, злога, .. [паэт] зноў надзяваў шкельцы і тады пачынаў мармытаць-абдумваць новыя радкі... Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штанда́р, ‑а, м.

1. Уст. Сцяг адпаведнага колеру, часта з вышываным або намаляваным гербам, як знак дзяржавы, вайсковай часці або якой‑н. грамадзянскай арганізацыі. Над шчыльнымі радамі крыжаносцаў лунаюць шматлікія сцягі і штандары з малюнкамі злавесна чорных арлоў, ваўкоў, мядзведзяў, з крыжамі, мячамі і рознымі рыцарскімі эмблемамі. В. Вольскі. // Сцяг кавалерыйскіх часцей у рускай (з 1731 па 1917 гг.) і некаторых іншых арміях. // Сцяг кіраўніка дзяржавы (цара, імператара і пад.), які паднімаўся на ваенным караблі, у палацы і пад. у час знаходжання там гэтай асобы.

2. Паэт. Сцяг. — Мір на зямлі мы абаронім І ўздымем аж да самых зор Штандар чырвоны. Танк. Чырванню шаўковай Зашумяць штандары, Хто ў няволі гнуўся, — Ўстане гаспадарыць. Купала.

[Ням. Standarte.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Валява́ха1 ’чапля’ (КЭС), вальваха, валеваха, оловаха ’Ardea purpurea L.’, ’чапля рыжая’ (Нік.), валяваха ’бугай, бухала (птушка)’ (Некр., Маш., Гайдукевіч, Працы IM, 6), палес. волʼоваха, волюваха, волювака, волювак, воловаха, волʼлʼаха, олеваха ’чапля рыжая, Ardea purpurea L.’ і ’чапля шэрая, Ardea cinerea L.’, дыял. валяваха, волік ’Ardea stellaris L.’, паўдн.-зах. волюваня ’Ardea cinerea L.’, бойк. волʼованʼі ’чапля’ (Нікан., Бел.-укр. ізал., 62). Формы оловаха, олеваха дазваляюць меркаваць, што пачатковае в — прыстаўны гук. Назва звязана, магчыма, з колерам (шэрай птушкі) і лексемай волава (метал шэрага колеру). Варыянты вальваха, волляха могуць сведчыць пра другаснае збліжэнне з іншым словам — валлё, першасная ж форма — волʼованʼі (волава + суфікс прыметніка ‑ан). Форма волік — вынік народнай этымалогіі (параўн. бугай як назва птушкі). Няясна, ці ёсць сувязь з валіўка ’дзікая качка’ (Бяльк.), укр. валюш ’вальдшнэп’.

Валява́ха2 ’непаваротлівы чалавек’ (КЭС); ’лянівая’ (Мат. Гом.). Метафарычна з валяваха1, кантамінаванага з валяць, валяцца; параўн. валяй, валуй ’непаваротлівы, лены чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мы́шак ’мышасты конь’ (шальч., Сл. ПЗБ). Відаць, паланізм. Параўн. польск. myszak ’назва вала’. Бел. лексема названа паводле шэрага колеру каня.

Мыша́к1 ’плотавы гарошак, Vida sepium L.’ (маг., Кіс.), ветк. ’мышыны гарошак, Vida сгасса L.’ (Мат. Гом.), віц. мыш’як ’гарошак, што расце ў жыце’ (Бел. хр. дыял.). У выніку намінацыі з мышыны гарошак, параўн. паст. мышыны гарошак ’тс’ (Сл. ПЗБ), міёр. мышынъи гарошък ’тс’ (Жыв. сл., Бяльк.). Да мыш (гл.). У выніку кантамінацыі назваў мышыны гарошак і ляд ’тс’ утварылася бяроз. мышы ляд ’тс’ (Нар. лекс.). Ляд узыходзіць да ляда, параўн. рус. лядвенец, лядник, польск. lędźwiec, славац. ľadnlk, Vadnica < прасл. lędbribcb.

Мыша́к2 ’неядомы грыб’ (мсцісл., З нар. сл.; касцюк., Жыв. сл.); мышам, мышшакі, мышичча — агульная назва неядомых грыбоў (Юрч., Анік., Нас., Бяльк.). Утварылася ў выніку намінацыі словазлучэння мышыны(я) грыб(ы) ’тс’ (кругл., Жыв. сл.; бялын., Нар. сл.). Параўн. таксама мышшак, мышам ’мышыныя фекаліі’ (Нас., Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кало́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да калона (у 1, 2 знач.).

2. Рад лічбаў, слоў, размешчаных па вертыкалі. Апошнія старонкі былі густа запоўнены незнаёмымі чарцяжамі і доўгімі калонкамі лічбаў. Шуцько. // Слупок тэксту ў газеце, кнізе і пад. Белыя старонкі з калонкамі вершаў заціснуты ў масіўную, цёмнага колеру, вокладку. Галавач.

3. Назва розных прыстасаванняў, якія маюць форму падоўжанага цыліндра (напрыклад, цыліндрычнага катла для награвання вады ў ваннай, прыстасаванне ў выглядзе высокага цыліндра з ручкай і кранам для адпускання вады, бензіну і інш., якія паступаюць сюды з цэнтральнага рэзервуара). На цэментавай пляцоўцы каля чырвонай бензінавай калонкі стаяла з паўдзесятка аўтамабіляў. Шамякін.

•••

Водаразборная калонка — калонка з водаправодным кранам, устаноўленая на паверхні зямлі і злучаная з водаправодам трубой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

церушы́ць, церушу, цярушыш, цярушыць; незак.

1. што. Пераціраць, здрабняць што‑н. сухое. Васіліне не трэба было церушыць на далоні каласы і браць зерне на зуб, яна вокам вызначыла ступень спеласці збожжа. Хадкевіч. Васіль узяў жменьку трасты, пачаў церушыць: пасыпалася кастрыца, агаляючы тоўстыя, цемнаватага колеру валокны. Савіцкі.

2. што і чым. Прымушаць што‑н. сыпацца, падаць. Стаяла восень: вецер, пранізлівы і калючы, церушыў пажоўклае лісце бяроз, вольхі, асін, усцілаў гм дарогу. Сіўцоў. [Шыковіч] доўга ўглядаўся ў лісце дуба. У яго гушчары шасталі, церушылі мохам нейкія птушкі. Шамякін.

3. Ісці (пра дробны снег, дождж); імжэць. Неба сеяла цяпло, Цёплы дожджык церушыў. Купала. З шэрага перадранішняга неба церушыў лёгкі сняжок. В. Вольскі. / у вобразным ужыв. На чысты дол Пілы гнуткія цярушаць Пілавіння жоўты дождж. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)