Муда́к ’павольны, нерашучы’ (Касп.), ’дурань’ (брасл., швянч., дзятл., Сл. ПЗБ). Да прасл. mǫditi, якое ў выніку дэназалізацыі, (што Фасмер (2, 669) лічыць малаімаверным) змянілася ў muditi: рус. му́дить ’марудзіць, спазняцца’, польск. mudzić ’мітрэнжыць, мардаваць, марудзіць, адцягваць, спазняцца’, mudzić się ’нудзіцца, доўжыцца’, чэш. апаўск. zmuditi ’сарваць, перашкодзіць’, zmuditi se ’вагацца’, н.-, в.-луж. komuda ’затрымка’, н.-луж. komuźiś, в.-луж. komudzić ’затрымацца’, komudny ’гультаяваты, павольны’, komudzić ’марудзіць’, славен. mudíti ’тс’, балг. муден ’павольны, вялы, непаваротлівы’, макед. мадро, мадру ’спакойна, смірна’, ст.-слав. моудити ’адкладваць’, прѣмоудити ’спазніцца’. Махэк₂ (382) звязвае прасл. muditi са ст.-інд. manda‑ ’гультаяваты, нерашучы, марудны’. Скок (2, 475) лічыць, што ‑u‑ аснова ўзыходзіць да і.-е. ‑ou‑, і параўноўвае з літ. maudà ’клопат’, maudúoti ’ныць, сумаваць, смуткаваць’, ст.-інд. mauda‑ ’павольны, гультай’. Блесэ (SB, 5, 15–16) генетычна суадносіць рус. мудить ’марудзіць, спазняцца’ з лат. mūdities ’цягнуцца, сунуцца’, што Лаўчутэ (Балтизмы, 146) лічыць недастаткова аргументаваным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сму́так ‘пачуццё суму, маркоты, жалю’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп., Ласт., Байк. і Некр., ашм., Стан.), ‘цяжкі час, цяжкі стан, цяжкія абставіны’ (Растарг.), ‘нуда, сум, цяжкія думкі’ (Варл.), смуто́к ‘тс’ (ТС), сму́тны ‘сумны, невясёлы’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Касп., Шат., ТС, Сл. ПЗБ), смуткава́цьсумаваць, маркоціцца’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ), ст.-бел. смуток ‘сум, маркота’ (Альтбаўэр), смутныи ‘сумны, невясёлы’ (XVII ст., Карскі 2-3, 446). Укр. сму́ток ‘смутак’, сму́тний ‘смутны’, рус. сму́тный ‘няяркі, невыразны’, польск. smutek, smętek, smutny, чэш. smutek, smutný, славац. smótok, smutny, балг. смътен ‘невыразны, няясны’, макед. сматен ‘тс’, ст.-слав. съмѫтьнъ ‘устрывожаны, збянтэжаны’. Прасл. *smǫtъkъ, *sъmǫtьnъ ад *sъmǫtiti (гл. смута). Мяркуецца, што *sъmǫtek раней уяўляўся як бажаство, якое ўвасабляла ‘смутак, маркоту’, параўн. каш. smątk ‘д’ябал’, укр. гуц. смуч ‘чорт’ (Н. Хобзей, Гуцульска міфологія, 2002, 167), і сму́ток ‘чорт’ (КСТ), параўн. a smútki jehó wiedajuć (Федар. 4). Гл. Цыхун, Бел.-польск. ізал., 148; SEK, 4, 324. Борысь (SEK, 4, 325) і Брукнер (329) лічаць міфалагічнае значэнне другасным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тужы́ць, тужу, тужыш, тужыць; незак.

1. Сумаваць, маркоціцца. — Ды ўжо ж, жывём, не скардзімся. І вы, бачу, не тужыце, — грымеў незнаёмы бас. Парахневіч. / у перан. ужыв. Вайна... Адзінокія фабрыкі тужаць,.. Апусцелі палі — Ні касцоў, ні аратых... Па загаду цара Усіх здаровых і дужых .. Назвалі ў салдаты. Глебка.

2. Нудзіцца, быць ахопленым сумам. То яго [малога] зводзіла рэха, то спаць зоры не давалі, то яго паліла сонца, то завеі асыпалі, то спяваў палям, дуброве, то тужыў па чарнабровай, Аж ад гэтых чараў ён І спакой згубіў і сон. Танк. Там мацяркі гатуюць вячэру на агні І тужаць і сумуюць Па хатняй цеплыні. Гілевіч. / у перан. ужыв. Не тужы ты, Нёман, адзінока па Красуні — Прыпяці далёкай. Русак.

3. Гараваць, знаходзіцца ў стане смутку, перажываць якое‑н. няшчасце. Па-жабрацку нясмела грукае дзвярыма ўбогай хаты начны вецер, а старая маці, якіх я бачыў навокал многа, прадзе бясконца, тужыць па сыне, які сядзіць у турме за праўду. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Млець ’траціць прытомнасць, свядомасць’, ’абміраць’, ’слабнуць, нямець’, ’вянуць’, ’баяцца’, ’доўга парыцца ў закрытай пасудзіне’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп., Шат., Гарэц., Растарг., ТС; тураў., КЭС; КЭС, лаг.; смарг., Сл. ПЗБ). Укр. млі́ти, рус. млеть, ст.-рус. мьдлити, польск. mdleć, чэш. omdlíti, ст.-чэш. mdléti, славац. mdlieť, славен. medléti, medȅl, medlȇn ’слабы, худы’, харв. mlȇdan ’худы’, ст.-ц.-слав. мъдлъ. Не зусім яснае слова. Паводле Скока (2, 442), харв.-славен. прыметнікі — самастойныя ўтварэнні з blijed ’бледны, цьмяны’. Бязлай (2, 175) супастаўляе славен. medléti з рус. модеть ’слабець’ (гл. бел. мадзе́ць) і з медленный (як Бернекер, 2, 64 і Фасмер, 2, 632), але і з літ. maũsti ’ныць, сумаваць, быць прыгнечаным’, выводзячы прасл. форму mъdъlъ — другую ступень рэдукцыі да muditi, аднак дапускаючы таксама і кантамінацыю розных блізкіх лексем: maleti, mleti, mlahav. Махэк₂ (356–357) апрача рус. медлить дадае яшчэ меледа́ ’прамаруджванне’, выводзячы прасл. форму mьdъ, а паводле меледи́тьmeld‑. Сюды ж бел. мля́вы ’пазбаўлены бадзёрасці, вялы, слабы, стомлены, павольны’ (ТСБМ) < мляўкі ’тс’, ’парны, гарачы, які даводзіць да млявасці’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Мат. Маг.; КЭС, лаг.), млевота ’стомленасць’ (Растарг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мысль ’думка’, ’дума’ (ТСБМ, Яруш.), мыслі ’думкі’ (мядз., іўеў., Сл. ПЗБ). Укр. мисль, мисля, рус. мысль, польск. myśl, н.-, в.-луж. mysl, чэш. mysl, славац. mysel, славен. mȋsel, mísel, серб.-харв. ми̑сао, макед. мисла, балг. мисъл, ст.-слав. мысль. Прасл. myslь традыцыйна выводзяць з mud‑tlь (Трубяцкой, ZfslPh, 2, 117) і падаюць роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. maũsti (maudžiù) ’ныць’, ’сумаваць’, ’вельмі жадаць’, ãpmaudas ’прыкрасць’, гоц. gamaudjan ’прыгадваць’, ufarmaudei ’забыццё’, ст.-грэч. μύθος ’мова, слова’, у Гамера ’думка’ μυθέομαι ’гавару, размаўляю, абмяркоўваю’, новаперс. mōye ’скарга’, магчыма, ст.-ірл. smūainim ’думаю’ (< *smoudniō). (Міклашыч, 208; Траўтман, 171; Мее, 416; Фасмер, 3, 25; Махэк₂, 385; Бязлай, 2, 185). Фрэнкель (420) адхіляе роднаснасць паміж слав. myslь і літ. maũsti і суадносіць з мудзіць (гл.). Тапароў (Этимология–1963, 5–43) пераканаўча сцвярджае, што прасл. myslь — стары аддзеяслоўны назоўнік *monslĭ‑ (< і.-е. *men‑), роднасны да mǫdrъ (гл. мудры), і параўноўвае з літ. mąslùs ’удумлівы, кемлівы, разважлівы’, mąstýti ’мысліць, меркаваць, разважаць’ (< і.-е. *man‑ < *men‑), звязваючы прасл. myslь з mьnitъ. Ва ўсх.-слав. мовах у лексемы myslь завужана семантыка, і яна амаль выцеснена прасл. duma > ду́ма (гл.) (Мартынаў, Лекс. взаимод., 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ску́так1 ‘вынік, вывад; паляпшэнне спраў’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘прыбытак’ (Касп.), ‘ужытак’ (Нас.), ‘паразуменне, згода, аднадумнасць’ (Скарбы); скутак: дабіцца скутку ‘упарадкаваць, раскласці належным чынам думкі ці рэчы’ (Мілк.). Запазычанне з польск. skutek ‘вынік, вывад’, якое да *kutiti ‘упрыгожваць, убіраць’ (Кюнэ, Poln., 98), мажліва звязанага з кутаць (гл.). Скуткава́ць ‘карыстацца’ (Нас.) таксама з польск. skutkować ‘прыносіць карысць, памагаць’. Ст.-бел. скутокъ ‘вынік, канец’ з ст.-польск. skutek фіксуецца з 1507 г. (Булыка, Лекс. запазыч., 193).

*Ску́так2, ску́ток ‘нясцерпнае становішча’ (драг., З нар. сл.), скутова́цца ‘мучыцца, цярпець боль’ (ТС). Няясна. Магчыма, звязана з ску́чыцьсумаваць’: баба скучыць без вас (ТС), параўн. серб.-харв. ску́чити ‘прыцясніць, паставіць у невыносныя ўмовы’, а таксама каш. skąčëc ‘енчыць, скардзіцца, капрызіць’, чэш. skučeti ‘выць, скавытаць’, славац. skučať ‘тс’, славен. дыял. skúčati ‘тс’, што ўзыходзяць да прасл. *skučiti ‘скавытаць’, звязанага з *ščemiti (гл. шчаміць), што ўрэшце лічыцца зыходным для скучна ‘сумна, нудна’ (Ян.), ску́чно ‘тс’ (ТС), якія ўспрымаюцца ў сучаснай мове як русізмы, параўн. рус. скучно ‘тс’. Аднак фанетычныя цяжкасці (немагчымасць т > ч) прымушаюць крыніцу слова бачыць у скутак1 праз значэнне ‘выйсце са становішча’ — ‘цяжкае становішча’, параўн. трээ шукаць іньшаго скутку (Сержп. Прымхі, 188), ён і хворым памагае, й у клопаце дае скутак (Сержп.). Параўн. Фасмер, 3, 661; ЕСУМ, 5, 290; Борысь, Etymologie, 647–648.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; заг. адкажы; зак.

1. каму, на што і без дап. Сказаць, паведаміць што‑н. у адказ на зварот ці запытанне. Адказаць на пытанне. □ Ну, куды пойдзем? — запытала Зося. — Вядома, што да Ліня, — адказала Гэля. Гартны. // Паслаць адказ на чыё‑н. пісьмо. [Бабуля:] — Ужо мінула два месяцы, а мой [сын] яшчэ не адказаў на пісьмо. Бядуля. // што. Расказаць настаўніку урок.

2. без дап. Адазвацца, адклікнуцца на голас, покліч і пад. Выйшаў з хаты пастушок, І зайграў ён у ражок.. І кароўкі ўміг яму Адказалі: «Му-му-му!..» Журба. Засмяяўся мужчына, на смех якога другі мужчынскі голас таксама весела і моцна адказаў.. па-нямецку. Брыль.

3. чым. Павесці сябе пэўным чынам, выказваючы свае адносіны да чаго‑н.; ужыць якія‑н. захады, дзеянне ў адказ на што‑н. На жарты адказаць жартамі. □ І сумаваць яшчэ так рана.., Калі на шум лясны ў тумане Ўмееш песняй адказаць. Танк. Не адказалі [ворагі] ніводным стрэлам: агонь наш быў трапны. Янкоўскі.

4. за што і без дап. Быць пакараным, панесці адказнасць за каго‑, што‑н. [Каршукоў:] — Ну, ды мне што. Я за сваё адкажу, не баючыся. Ядзі шкада. Сідаронак ёй не даруе. Асіпенка.

5. без дап. Разм. Выйсці са строю, сапсавацца. Тармазы ў машыне адказалі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Туга́ ‘смутак, маркота, журба’, ‘пачуццё нуды’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Ласт., ТС, Вруб., Булг.; барыс., Шн.), ту́га ‘жаль, клопат, журба’ (Нас., Арх. Федар., Мядзв., Растарг.), сум‑туга́ ‘маркота, роспач’ (Вушац. сл.), ст.-бел. тоуга ‘жаль, крыўда, журба’ (XVII ст., Карскі 2-3, 436). Укр. туга́, рус. туга́, стараж.-рус. туга ‘прыгнечанне; мука; сум, бяда’, польск. tęga (запазычанае з беларускай ці ўкраінскай мовы, або з чэшскай, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 400), н.-луж. tuža ‘прыгнечанасць, гора, пакуты’, в.-луж. tuha ‘спякота’, ‘прыгнечанасць’, чэш. touha ‘прага, імкненне’, ‘сум’, славац. túha ‘сум’, славен. tóga ‘гультайства’, ‘сум, туга, скруха’, харв. túga, серб. ту́га ‘тс’, макед. тага ‘тс’, балг. старое ту́га ‘мука’, тъга̀ ‘смутак, маркота, журба’, ‘туга’, ст.-слав. тѫга ‘страх, трывога; смутак’, ‘цяжкасці, пакуты, мукі’. Прасл. *tǫga ‘душэўны цяжар, цяжкі настрой’ ад і.-е. *thonghā́ < і.-е. асновы *thengh‑ ‘цягнуць, цягнуць пад гору’, ‘быць цяжкім’ (Сной₂, 769). Паводле ESJSt, 974 — nomen actionis ад кораня *tęg‑ ‘цягнуць’, г. зн. ‘тое, што цягне’; раней — Мяркулава, Этимология–1981, 62. Сувязь з *tǫgъ ‘тугі, цвёрды, нацягнуты’ дапускае Якубовіч (Этимология-2000–2003, 190), гл. тугі. Магчыма, сюды ж серб. дыял. ту́го! — выклічнік для выражэння болю, страху (СДЗб, 52, 399; 57, 940). Вытворныя тужлі́вы ‘поўны тугі’, ‘які выклікае тугу’, тужлі́васць ‘туга, нуда, журба’, тужы́цьсумаваць, нудзіцца, журыцца, гараваць’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Шат., ТС), а таксама выразы ту́жыкі есці ‘есці памінальны абед’ (Шат.), ту́жыкі спраўляць ‘тужыць’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марката́, маркота́, моркота́ ’сум, туга, журба’, ’клопат, турбота, перажыванне’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), маркотна, моркотно ’сумна’ (маг., паўд.-усх., КЭС; калінк., З нар. сл., ТС), маркотны(й) ’сумны, тужлівы, сонны’ (ТСБМ, Грыг., Мал., Мядзв., Яруш., Бяльк., Растарг., Шат., Касп.; КЭС, лаг.), маркоціць ’тужыць, прыводзіць у сум, журбу’, маркоціццасумаваць, журыцца’, ’чакаць, нічога не рабіўшы’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Яруш., Шат., Касп., Бяльк.; КЭС, лаг.; лях.), ’хіліць на сон’ (Сл. ПЗБ), марката́ць, моркіта́ ты, моркота́ты ’буркаваць (пра птушак)’ (паўн.-усх., КЭС; Сержп. Грам.), ’тс’, ’мармытаць’ (Доўн.-Зап., пін.), маркату́н, марко́тны ’сумны, маўклівы чалавек’ (Нас.). Укр. моркота ’трывога, непакой’, ’дрэнны настрой’, миркотати ’мармытаць’, ’гаварыць незразумелае’, ’наракаць’, мо́ркнути ’бурчаць’, рус. моркота́ть ’тс’, мо́ркотно, морко́тно ’сумна, тужліва, надакучліва, турботна’, моркотать пск., цвяр. ’мармытаць’, ’наракаць’, смал. ’муркаць, пець курну’, польск. markotać ’бурчаць’, markotny ’маркотны’, markotnieć ’рабіцца тужлівым’, margocić się ’засмучацца’, чэш. ляш. mrkotny ’заспаны, заплаканы’, mrkotati ’сварыць’, славац. mrkotný ’раззлаваны, непрыемны, з дрэнным настроем’, славен. mřkniti ’бурчаць’, ’гудзець (аб насякомых)’. Прасл. mъrk(o)tati ’бурчаць’. Фасмер (2, 656) дапускае гукапераймальнае паходжанне. Махэк₂ (380) мяркуе, што паводле семантыкі чэшскіх лексем гэтыя словы перш-наперш азначалі благі душэўны стан, а потым адмоўны душэўны настрой. Ён адносіць іх да і.-е. асноў, збліжаючы генетычна з брэтон. morchet і карн. moreth ’хлопаты, мітрэнгі, злосць, бурчанне’, а таксама з хецк. markiya ’адкідаць, адвяргаць, не ўсхваляць’ (Кноблах, Kratylos, 4, 39). Кюнэ (76) мяркуе, што бел. маркотны запазычана з польск. мовы. Мартынаў (вусн. паведамл.), як і Махэк, лічыць гэту лексему кельтызмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́чна1, то́чне ’дакладна, сапраўды’ (Ян.; калінк., З нар. сл.), то́чно ’дакладна’ (Вруб.), ’нібы, быццам, якраз’ (ТС). Укр. то́чно, рус. то́чно ’дакладна’ развіліся са стараж.-рус. прыметніка точьныи ’падобны, адпаведны’ < ст.-слав. тъчьнъ ’аднолькавы, падобны’, які ўзыходзіць да наз. точь ’кропка’ < прасл. *tъčь < *tъk‑jь ад *tъkti ’тыкаць’ (Фасмер, 4, 90; ЕСУМ, 5, 611). Формы на ‑не ўзніклі пад уплывам польскай мовы (параўн. dokładnie ’дакладна’, pewnie ’ўпэўнена’ і інш.). То́чна ’іменна’ ў вырабе так точна! (ТСБМ) узята з рускай вайсковай тэрміналогіі.

То́чна2 ’цягне на ваніты’, ’туга, нуда бярэ’ (Нас.), ’млосна, моташна, нудна’ (Тур.), то́чно ’сумна, журботна, тужліва’ (ваўк., Арх. Федар.), то́шна ’сумна, нудна’ (Касп.), ’цяжка’ (Жд. 1), ’моташна, млосна’ (Сл. ПЗБ), то́шно ’тс’ (Вруб.), то́скна ’тужліва, журботна’ (Ласт.), ст.-бел. то́шно ’тс’ (Альтбаўэр); тачнава́ць (то́чноваць) ’тужыць, нудзіцца’ (Нас.), ташнава́ць (тошнова́ць) ’тс’ (Нас., Рам. 8–9), ст.-бел. тошнити ’мець цягу, цягнуцца’, тошнитися ’станавіцца непрыемна’ (Сл. Скар.). Укр. то́шно ’цяжка, моташна’, рус. то́шно ’тс’, ’нудліва’, ’агідна, гідка’, ’млосна, прыкра’, польск. tęskno ’сумна’, ’тужліва, нудна’ (‑ę‑ мае другасны характар), teszny ’сумны, журботны’, tesznićсумаваць, тужыць’, ст.-польск. teskno, tesznie, teszno ’прыкра, непрыемна’, н.-луж. tešny, tešliwy ’баязлівы’, ’той, у каго сціскаецца сэрца ад жуды’, ’цяжкі, змрочны’, в.-луж. tešny, tyšny ’трывожны, смутны, баязлівы, журботны’, чэш. teskno ’сумна, тужліва’, славац. tesno ’тс’, cno (< *tskno) ’тс’. З прасл. дыял. *tъsknъ ’смутны, сумны, прыгнечаны’ (Борысь, 632) ці з *tъščьnъ (Фасмер, 4, 90), звязанага генетычна з прасл. *tъska ’смутак, прыгнечанасць, дрэннае самаадчуванне’, ’моташнасць, цяга да ванітаў’, ’млоснасць’, стараж.-рус. тъска ’цяжкая сітуацыя’, ’бура на моры’, ’гора, сум, непакой’ (Фасмер, 4, 90; ЕСУМ, 5, 612), гл. таска. Пераход ‑шн‑ у ‑чн‑ пры ад’ідэацыі звычайнай мены ‑чн‑ у ‑шн‑ у беларускіх і часткова рускіх гаворках.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)