тара́н 1, ‑а, м.

Прамысловая рыба сямейства карпавых, разнавіднасць плоткі (у ежу ідзе галоўным чынам у салёным і вяленым выглядзе).

тара́н 2, ‑а, м.

1. Старажытная прылада, якой разбівалі крапасныя сцены і якая мела выгляд бервяна з металічным наканечнікам, прымацаваным ланцугамі на перасовачнай вежы. Сценабітны таран. // Спец. Выступ у насавой падводнай частцы баявога судна для нанясення ўдару па корпусу варожага судна. // Прылада, прадмет, якім можна разбіць што‑н., зрабіць прабоіну ў чым‑н.

2. Прамы ўдар, які робіць прабоіну.

3. Нанясенне ўдару носам карабля. вінтом самалёта, пярэдняй часткай танка па варожай машыне ў час бою. Жыцця не шкадуючы, ворага гналі, Калі ж ён упарта не сходзіў з дарогі, — Вы [салдаты] білі таранам яго самалёты, Вы смерцю сваёй амбразуры сцішалі. Броўка.

4. Прарыў фронту і глыбокае ўкліненне ў размяшчэнне войск праціўніка, а таксама ўдарная група, якая выконвае гэты прарыў. Стратэгічны таран.

•••

Гідраўлічны таран — тэхнічнае збудаванне для пад’ёму вады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ланстаражытная мера зямлі (ад 10 да 30 дзесяцін)’ (Гарб., Гарэц.), кобр. ’вялікае поле’ (Выг.), ’панскае поле’ (Бес.), ’поле’ (Федар. 1, КТС), ’мера зямлі ў тры валокі’ (Бяльк.). Ст.-бел. ланъ (з XIV ст.) ’мера зямлі’, укр. лан ’мера раллі да 30 дзесяцін’, ’поле, ніва’, рус. лан ’ніва’, ’участак поля’. Запазычана з польск. łan ’тс’ — пераважна (каля 17 га) у малапольскіх гаворках; чэш., славац. lȧn, ст.-чэш. lán, н.-луж., в.-луж. łan ’мера поля, зямлі’ — усе з с.-в.-ням. lehen, lein ’тс’ (параўн. лен ’спадчыннае зямельнае ўладанне ў эпоху феадалізму’) (Міклашыч, 160; Голуб-Копечны, 129; Праабражэнскі, 1, 433; Брукнер, 306; Фасмер, 2, 456; Слаўскі, 4, 457). Нельга прыняць меркаванне Бернекера (1, 689) і Бугі (РФВ, 71, 56) аб запазычанні і роднасці з лат. lāns ’пушча’, lāma ’лагчына’. Таксама наўрад ці слав. lanъ (?) з’яўляецца роднасным да ланита, як мяркуе Ягіч (AfslPh, 3, 751). Недакладна ў Юрэвіч–Яновіч (Зб. Крапіве, 291). С.-лац. laneus (Праабражэнскі, 1, 433; Карскі, Труды, 378) утворана са слав. lán/lan.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

э́ра, ‑ы, ж.

1. Рэальная або легендарная падзея, ад якой вядзецца летазлічэнне, а таксама адпаведная сістэма летазлічэння. Новая, або наша, эра ўмоўна пачынаецца з даты нараджэння міфічнага Ісуса Хрыста. □ [Андрэй Міхайлавіч:] — Ужо ў V веку да нашай эры пісаў пра Калхіду Гіпакрат. Самуйлёнак.

2. Вялікі гістарычны перыяд, які карэнным чынам адрозніваецца ад папярэдняга. І на трыбуну — насцеж дзверы! — Пад грамавы гвардзейскі кліч Жаданым сонцам новай эры Упэўнена ўзышоў Ільіч. Смагаровіч. Гэта [паэзія Маякоўскага] вялікая скарбніца ідэй, вобразаў і пачуццяў, сацыяльная і мастацкая прырода якіх звязана з новай эрай гісторыі чалавецтва — эрай сацыялістычнай рэвалюцыі і будаўніцтва камунізма. «Беларусь».

3. Буйная адзінка храналагічнага падзелу геалагічнай гісторыі Зямлі. Эры падзяляюцца на перыяды, а перыяды — на эпохі.

•••

Архейская (азойская) эра — самая старажытная эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

Кайназойская эра — навейшая эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

Мезазойская эра — сярэдняя эра між палеазойскай і кайназойскай у геалагічнай гісторыі Зямлі.

Палеазойская эра — эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі, якая папярэднічае мезазойскай.

Эазойская эра — другая найстаражытная эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

[Лац. aera.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Со́пка1 ‘гара конусападобнай формы, вулкан’ (ТСБМ), ‘купіна’ (Касп., ЛА, 5), ‘магільны насып’ (Шатал., ЛА, 2), ‘вялікі курган, старажытная магіла круглай формы’ (віц., Яшк.), ‘курган, грудок’ (ТС), ‘намагільны насып’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘кратавінне’ (рас., Сл. ПЗБ). Рус. (арх.) со́пка ‘невялікая гара, якая стаіць асобна’, ‘вулкан; невялікі востраў’, дыял. ‘узгорак’, соп ‘насып’, стараж.-рус. съпъ ‘насып, узгорак, гара’. Выводзяць ад соп, якое да сыпаць (Міклашыч, 334; Праабражэнскі, 2, 357; Траўтман, 293), параўн. таксама каш. sëpa ‘кратавінне’ ад sëpac ‘сыпаць’ (SEK, 4, 264). Даль (4, 273) узводзіць да сопеть, гл. сапці; Фасмер (3, 719) дапускае сувязь з гэтым дзеясловам толькі для значэння ‘вулкан’. Паводле Крукоўскага (Уплыў, 73), бел. сопка з рускай, але гэта, магчыма, толькі ў значэнні ‘вулкан’. У іншых славянскіх мовах (чэшскай, польскай) таксама з рускай, гл. Голуб-Копечны, 334; Варш. сл., 6, 268; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 329.

Со́пка2 ‘канапа’ (ТС), со́ўка ‘тс’ (маст., Сл. ПЗБ). Памяншальнае ад сафа́ ‘мяккая шырокая канапа’, якое праз рус. софа́ ‘тс’ або польск. sofa з франц. sofa, італ. sofá ‘канапа, сафа’; заходнееўрапейскія словы ўзыходзяць да араб. suffia ‘падушка на вярблюжым сядле’ (Фасмер, 3, 729).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы — асабовы займ. 2 асобы мн. л., укр. ви, рус. вы, польск. wy, чэш. vy, славац. vy, славен. vȋ, серб.-харв. ви̑, балг., макед. вие. Агульнаславянскае, ускосным склонавым формам адпавядаюць ст.-прус. wans — він. скл. мн. л. ’вас’, лац. vōs, авест. , ст.-інд. vas — энклітыка він. скл. падв. л., род. скл. мн. л., грэч. ὑμᾶς і інш.; старажытная форма наз. скл. мн. л., якой адпавядаюць ст.-прус. ious, літ., лат. jūs, авест. yužəm, yūš, ст.-інд. yūyám, гоц. jus (і.-е. *i̯ūs) была страчана пад уплывам ускосных склонавых форм (Фасмер, 1, 366; Брукнер, 637; Махэк₂, 704; Младэнаў, 65; Праабражэнскі, 1, 103). Вы ў звароце да адной асобы адз. л. засвоена праз польск. з заходнееўрапейскіх краін, дзе пачало ўжывацца ў такім значэнні ў сярэднія вякі (Махэк₂, 704; Шанскі, 1, В, 218).

Вы — прыстаўка, характэрная пераважна для паўночна- славянскіх моў (укр. ви‑, рус. вы‑, польск. wy‑, чэш. vy‑, в-, луж. wu‑), якой у паўднёваславянскіх па значэнню часцей за ўсё адпавядае из‑. Роднасная ст.-в.-ням. ūz (сучасн. ням. aus ’з’), гоц. ūt, ст.-інд. ud ’на, уверх, з’ і інш. Пры калькаванні ў беларускай літар. мове звычайна служыць для перадачы рус. из (< ц.-слав.); параўн. рус. истребоватьбел. вытрабаваць, 124) извергнутьбел. вывергнуць і пад. (Крукоўскі, Уплыў, 124).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рата́й ’араты’ (ТСБМ), ’араты, земляроб’ (Сл. ПЗБ, Кольб., ПСл; стол., Нар. лекс.; З нар. сл., Мат. Гом.; івац., Жыв. сл.; Сл. Брэс., ТС, Лексика Пол.), ріта́й ’тс’ (Бяльк.), ората́й ’тс’ (Лексика Пол.); арата́й ’тс’ (Ян.), параўн. укр. рата́й, рус. ра́тай ’араты’, польск., н.-луж. rataj ’парабак, падзёншчык; земляроб’, палаб. råtoj, чэш., славац. rataj ’араты, парабак’, славен. rátaj, серб. ра̀тај ’тс’, балг. рата́й ’парабак’, макед. ратај, ратеј ’хто цяжка працуе’, ст.-слав. ратаи ’араты’. Праслав. *ra + tajь < *or‑tajь, ад прасл. дзеяслова *orti ’араць’. Параўн. літ. artojas ’тс’, ст.-пруск. artoys ’тс’; у аснове якіх зыходнае і.-е. *er‑/*or‑/*ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’, параўн. разараць (гл. разарыць). Старажытная мадэль з суф. ‑тай сустракаецца ў назвах выканаўцаў дзеяння, напрыклад, гультай, рус. ходатай, глашатай (Фасмер, 3, 447; Бязлай, 3, 155; БЕР, 6, 190). Мартынаў (Лекс. балтызмы, 25) лічыць лексічным пранікненнем прыбалтыйскага *artojis > прасл. *ortajь, паколькі суфікс ‑ta‑ з нарашчэннем ‑io не сустракаецца ў іншых індаеўрапейскіх мовах, акрамя балтыйскіх і славянскіх. Паводле Шустэра–Шэўца (2, 1208) гутарка ідзе пра суфікс *‑ajь, а ‑t‑ адносіцца да асновы *ar(t)‑ ’араць’, як у рус. ра́тай ’воін’ (гл. раць, ратнік), аналагічна літ. árti ’араць’ > artójis ’араты’, што не пераконвае. Гл. таксама араты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

язы́кII м. (средство общения) в разн. знач. мо́ва, -вы ж.;

немецкий язы́к няме́цкая мо́ва;

дре́вний язы́к старажы́тная мо́ва;

иску́сственный язы́к шту́чная мо́ва;

разгово́рный язы́к размо́ўная мо́ва;

у́стный язы́к ву́сная мо́ва;

пи́сьменный язы́к пісьмо́вая мо́ва;

живо́й язы́к жыва́я мо́ва;

мёртвый язы́к мёртвая мо́ва;

звуково́й язы́к гукава́я мо́ва;

литерату́рный язы́к літарату́рная мо́ва;

национа́льный язы́к нацыяна́льная мо́ва;

родно́й язы́к ро́дная мо́ва;

ро́дственный язы́к ро́днасная мо́ва;

язы́к до Ки́ева доведёт посл. язы́к Ві́льні (Кі́ева) дапыта́е; хто пыта́е, той не блука́е;

эзо́пов язы́к эзо́пава мо́ва.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Вы́рай, вы́рый ’цёплыя краіны, куды птушкі адлятаюць восенню; чарада пералётных птушак (або адна птушка), якія першымі з’яўляюцца вясной’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Гарэц., Мал., Нікольскі, Федароўскі, 1), вы́ріі ’птушкі, якія прылятаюць вясной і адлятаюць восенню’ (КЭС), выро́я (Мядзв.), вы́рья, вы́рія ’тс’ (Яшк.). Рус. и́рей, и́рий, род. скл. и́рья ’паўднёвы цёплы край, куды птушкі адлятаюць на зіму; казачная краіна’, вы́рей ’жаваранак; усякая птушка, якая адлятае восенню’; ’казачная краіна’, ст.-рус. ирии, род. скл. ирьꙗ ’паўднёвыя краіны’, укр. ви́рей, ви́рій, польск. дыял. wyraj ’тс’. Па традыцыйнай версіі запазычанне з іран. *airyā (dahyu‑) ’арыйская краіна’; параўн. асец. ir ’асеціны’ (Фасмер, 2, 137 і наст.; там жа падрабязна і інш. літаратура). Гіпотэза Брукнера (195) аб прыстаўцы і‑ і сувязі з рай непераканаўчая. Ільінскі (РФВ, 74, 139) зыходзіць з *vyrojь, што тлумачыць укр. ви́рій, але па прычыне існавання ст.-рус. ирии укр. форма, відавочна, — вынік народнай этымалогіі. Паводле Мартынава, БЛ, 1975, 7, 69, крыніцай усходнеслав. слоў (польск. wyraj < бел. вырай) з’яўляецца заходнебалт. pluralia tantum *i̯uriai̯ (ст.-прус. iuriay ’мора’), якое адпавядае рус. ирей (i̯ū > i̯i). Бел. і ўкр. формы ўзніклі ў выніку пераўтварэння фразеалагізма *vъ irejь ’у вырай’. Апрача таго, на сучаснай Гродзеншчыне (старажытная заходнебалтыйская тэрыторыя) існуе паданне пра тое, як птушкі збіваюцца зімой у вялікі шар, які апускаецца ў мора. Аб сувязі славянскіх слоў з балт. формамі гл. таксама Безлай, ССл., 1976, 5, 65 і наст.

Вы́рай2 ’новы населены пункт, новая асобная гаспадарка’ (Яшк., слаўг.). З *vyrojь?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тара́н1 тара́нка ’разнавіднасць плоткі, якую спажываюць у салёным і вяленым выглядзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Растарг.), тара́н ’вобла’ (Яруш.), ’сушаная або вэнджаная рыба; худы, знясілены чалавек’ (парыц., Янк. Мат.), ’сушаная рыба’ (Касп., Сержп. Казкі), ’плотка’ (чэрв., слаўг., Жыв. св.), ’худы чалавек’ (Жд. 2, Мат. Гом.), тара́нка, тара́нь ’сушаная рыба’ (ТС), тара́нка, тара́нька ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. тара́ня ’рыба Rutilus rutilus’, рус. тара́нь ’тс’, польск. tarań ’тс’, чэш. дыял., славац. дыял. taran ’рыбец’, балг. тара́н ’таранка’. З цюркскіх моў, параўн. казах. тыран ’лешч’. Значэнне ’худы чалавек’ пераноснае (Фасмер, 4, 22; ЕСУМ, 5, 519). Няяснымі застаюцца адносіны да чэш., в.-луж. taran ’карп’ (< ням. Tharant, гл. Усачова, Слав. ихт. терм., 18; параўн. Брукнер, 565).

Тара́н2старажытная прылада, якой разбівалі крапасныя сцены, мела выгляд бервяна з металічным наканечнікам’, ’прамы ўдар носам карабля, вінтом самалёта па варожай машыне ў час бою’ (ТСБМ), ’муралом’ (Некр. і Байк.), ’тоўсты абрубак дрэва для збівання алею ў алейніцы’ (Дэмб. 2), ’бервяно’ (Растарг.), ст.-бел. таран ’таран’: били на мур тараны. Укр., рус. тара́н, стараж.-рус. таранъ (XIII ст.) ’прыстасаванне для разбівання сцен у выглядзе бервяна з завостраным металічным канцом’, польск. taran ’тс’, чэш. taran ’баба для забівання паляў’. Дапускаецца запазычанне праз польскую мову з с.-в.-ням. tarant ’абложны механізм; скарпіён; дракон’ < італ. taranto < tarantola ’тарантул’ (Фасмер, 4, 21; ЕСУМ, 5, 518; Махэк₂, 636; Віткоўскі, Słownik, 184). Менш верагодна кантамінацыя ст.-рус. баранъ ’сценабітная прылада’ і тълкнути, тыкати, търгати (Чарных, 2, 229) або сувязь з польск. tarać się ’качацца’ (Брукнер, 565), гл. церціся, параўн. чэш. beran ’таран’ і ’баран’, серб.-харв. о́ван (< прасл. *ovьnъ) ’таран’ і ’баран’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясна́ ’пара года паміж зімою і летам’; ’светлая, радасная пара жыцця — маладосць’ (БРС, КТС, Бяльк., Касп.), палес. высна́ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), вэсна́ (Бес.), пін. вестна (Шн., 2) з устаўным ‑т‑, вісна́ (Бяльк., Касп.), вісна ў вочы лезя — «гавораць тады, калі пабыць доўга на двары пры снезе і сонцы, а пасля прыйсці ў хату і нічога адразу не бачыць» (КЭС, лаг.), вясна вочы крадзе — пра вясенняе сонца, якое слепіць вочы (віл., Нар. сл.). Укр. весна́, рус. весна́ ’вясна’, арханг., кастр. ’вясенняе разводдзе’, паўн. ’першы вясенні дождж’, с.-урал. ’вяснушкі, рабацінне на твары’, перм. ’ліхаманка, трасца’, свярдл. ’трава, якою лечаць ліхаманку’, польск. wiosna ’вясна’; ’вясеннія палявыя работы’; ’галодная пара перад новым ураджаем’, чэш. усх.-мар. vesno ’вясна’, odvesno ’вясною’, vesna (паэт.) запазычана з рус. мовы, тое ж славац. vesna, Vesna ’багіня вясны ў старажытных славян’, славен. vẹ̑sna ’вясна’; ’міфічная жаночая істота, якая стракоча, бухае, трашчыць’; ’пра чалавека, які моцна кашляе’, серб.-харв. вѐсна ’вясна’, ст.-слав. весна. Прасл. vesna ’пачатак лета’ — старажытная і.-е. рознаскланяльная аснова на ‑r‑//‑n‑: наз. скл. *u̯esr‑, род. скл. u̯es‑n‑es; у слав. мовах за аснову прыняты ўскосны склон. у балт. мовах — прамы: літ. vãsara < veserà (Экерт, LKLR, 143–154), лат. vasara ’лета’; параўн. таксама грэч. ἔαρ, лац. vēr, ст.-ісл. vár, ст.-фрыз. wars, арм. garun, ст.-інд. vasantás ’вясна’, vasar‑ ’рана’, авест. vaηri‑ ’вясною’. Узыходзіць да і.-е. кораня *au̯es ’асвятляць’. Некаторыя этымолагі звязваюць з лексемай вясёлы (гл.). Параўн. таксама Міклашыч, 386; Гараеў, 1896, 75; Праабражэнскі, 1, 79; Педарсан, KZ, 32, 246; Траўтман, 356; Буасак, 209; Майргофер, 20, 172; Мюленбах-Эндзелін, 3, 484; Голуб-Копечны, 413; Махэк₂, 685; Брукнер, 623; Фасмер, 1, 303; Шанскі, 1, В, 73; КЭСРЯ, 77.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)