Трон1 ‘багата аздобленае крэсла манарха’, ‘улада манарха, сімвал улады’, ‘пасад’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. тронъ (фронъ) ‘апостальскі сан, вышэйшы пасад, прастол’ (1596 г.), якое са ст.-польск. tron (XV ст.) < лац. thronus (Станкевіч, Язык, 833; Булыка, Лекс. запазыч., 34), а апошняе — са ст.-грэч. θρόνος ‘высокае крэсла з зэдлікам пад ногі’, ‘прастол, трон’, пазней ‘кафедра’; ‘падпора, стойка’, роднаснымі да яго з’яўляюцца лац. firmus ‘моцны, трывалы’, ст.-інд. dhāráyati ‘падтрымлівае’, ‘заключае ў сабе’, dhiī́ra‑ ‘цвёрды, моцны’ (Борысь, 642; Фасмер, 4, 105; Чарных 2, 264; ЕСУМ, 5, 648). Параўн. старое макед. троњ ‘ложак’: го пуштиф пот троњ, се качи на троњ (Попаўскі, Гостивар, 103), відавочна, пранікненне з грэчаскай мовы, што захавалася ў фразеалагізме, які адпавядае пусці свінню пад стол, то яна захоча на стол.

Трон2 ‘рыбін тлушч’ (Арх. Вяр.), ст.-бел. транъ, тронъ ‘ворвань’ (ГСБМ). Запазычана праз польск. tran, tron ‘тс’ з нованям. Tran ‘рэдкі тлушч, атрыманы з марскіх жывёл і рыб’ (Вінцэнц), магчыма, пры пасрэдніцтве мовы ідыш, параўн. tron ‘рыбін тлушч’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 806). Гл. тран.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турэ́цкі ‘які мае адносіны да Турцыі або яе жыхароў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), туре́цʼкі ‘тс’ (Вруб.), ст.-бел. турецкий, турецский, туречкий ‘тс’ (1565–1566 гг.), ‘састаўная частка некаторых батанічных назваў’ (1599 г., ГСБМ), у пераносных значэннях таксама ‘чужы, незнаёмы’: Я адну дачку маю — / Тую замуж аддаю / Да ў турэцкую зямлю (бешанк., Песні нар. свят), ‘чужаземны’: turéckʼiĭe ôrý​exi ‘грэцкія (валоскія) арэхі’ (лун., Арх. Вяр.), часам у значэнні ‘дзікі, непрыемны, шкодны’: турэ́цкі баго́н ‘нейкая расліна, падобная на багон’ (ТС), або, наадварот, турэ́цкі рамо́нак ‘рамонак пахучы’ (лельч., Нар. лекс.), гл. спецыяльна пра ўжыванне т. зв. ксенонімаў Беразовіч, Язык и традиционная культура, 433–436 і інш. Ва ўсходнеславянскіх мовах лічыцца запазычаннем з польск. turecki (вытворнае ад Turek ‘турак’), як і сама назва краіны Турцыя (польск. Turcja з новалац. Turcia), гл. Фасмер, 4, 126; Гарбуль, Семант. полонизмы, 184; Арол, 4, 119; відавочна, пранікненне праз старабеларускую мову (Золтан, SSlav., 34, 1–4, 113–116). Аўтары ЕСУМ (5, 683) дапускаюць утварэнне непасрэдна ад ту́рки (< *турец), як і Туреччина, турьський, што да тур. Türk ‘турак, цюрак’, параўн. і ст.-бел. турский ‘турэцкі’ (1516 г., ГСБМ). Параўн. туркі-баркі, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каршу́н1, укр. коршун, рус. коршун. Генетычна суадносіцца з бел. каршак ’каршун’, коршак ’ястраб’. У індаеўрапейскіх паралелях, якія звычайна прыводзяцца, найбольш пераканаўчыя ст.-інд. káršati ’цягне, валочыць, рве’, ст.-іран. karš‑ ’цягнуць’. Тады слова каршун пры рэгулярнай у славянскіх мовах суфіксацыі для вытворных Nomina agentis чляніцца на марфемы kъrš і ‑unъ. Як мы бачым, у індаеўрапейскіх прыкладах іншая ступень аблаўту, але гэта яшчэ не азначае, што прыведзеныя лексемы не знаходзяцца ў генетычных суадносінах. Калі ўсё ж такі прызнаць генетычную суаднесенасць прасл. kъrš‑ і ст.-іран. karš‑, то kъrš‑unъ можна тлумачыць як ’той, хто цягне і рве’ (параўн. věd‑unъ ’той, хто ведае’). Але перш чым рабіць такі вывад, трэба ўлічыць характэрную распаўсюджанасць лексемы (толькі ўсходнеславянскія мовы, славацкую паралель можна тлумачыць як пранікненне з усходу: kršak < коршак). Лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй па карысць іранскага паходжання.

Каршу́н2 ’частка калаўрота ў выглядзе двузубай вілкі з жалезнымі зубамі, на якую надзяюць шпульку’ (Шатал.). Метафарычны перанос назвы птушкі на прыладу. Гл. каршун1.

Каршу́н3 ’гульня ў каршуна’. Адзін з удзельнікаў («перадавы») стаіць, астатнія бяруцца за яго. Каршун іх ловіць, а перадавы яму не дазваляе, абараняе сваіх дзетак (Нар. словатв.). Гл. каршун1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каба́т ’жаночая цёплая камізэлька; безрукаўка’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Грыг., Інстр. I, Касп., Малч., Мат. АС, Мат. Гом., Мядзв., Нас., Некр., Рам., Серб., Сержп. Грам., Шн. 3, Ян., Янк. 3., Яруш.), ’рознае адзенне’ (Жыв. сл.), ’сукенка’ (Касп.), ’безрукаўка’ (капыл., КЭС), ’дзіцячая кофтачка на падбіўцы’ (Шатал.). Укр. кабат ’куртка, кафтан’, рус. кабат ’куртка, кофта’, рус. зах.-бран. кабат ’ліф, верхняя частка сарафана’, польск. kabat ’кафтан’, в.-луж. kabat ’кафтан’, чэш. kabát ’паліто’, славац. kabat (у розных значэннях, напр. ’спадніца’ (Kalal)). У паўдн.-слав. мовах запазычана іншым шляхам, пра што сведчыць фанетыка слова: балг. кавад, кават, кавак, серб.-харв. ка̏ва̄д, якія з перс. kabā ’кафтан’ пры пасрэдніцтве с.-грэч., н.-грэч. моў, гл. БЕР, 2, 119. Відаць, перс. форма з’яўляецца крыніцай і для зах.-еўрап. слоў, аднак няясным застаецца шлях запазычання. Для бел. слова таксама існуе праблема непасрэднай мовы-крыніцы. Рус. кабат вядома на поўначы і на сумежжы з беларускай тэрыторыяй. Яно можа разглядацца як пранікненне з бел. гаворак. Некаторыя значэнні польскага слова (’верхняя вопратка’ і, напрыклад, паводле WIEP-ill. kabat ’кафтан, пераважна жаночы’), а таксама распаўсюджанае слова на беларускай тэрыторыі дазваляюць меркаваць, што крыніцай запазычання быў польскі перыферыйны дыялект. На карысць гэтага наяўнасць слова ў сумежных літоўскіх гаворках са значэннямі ’сукенка без рукавоў’ (kabãčius) і ’жаночы кафтанны (kóbotas).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядло́ ’сядзенне для конніка’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.), ’частка прасніцы, на якой сядзяць’ (Жд. 2, Шатал., Сл. ПЗБ; круп., Нар. сл.), ’задняя частка штаноў’ (Серб. Вічын), седло́ ’частка прасніцы’ (Уладз.), сюды ж сядла́ць ’накладаць сядло’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.). Укр. сідло́, рус. седло́, стараж.-рус. седьло, польск. siodło, в.-луж. sedło, н.-луж. sodło, палаб. sedlü, чэш., славац. sedlo, серб.-харв. сѐдло, славен. sédlọ, балг. седло́, макед. седло, ст.-слав. оседълати. Прасл. *sedъlo/*sedъlo роднаснае гоц. sitls ’сядзенне’, ст.-в.-ням. seʒʒal ’крэсла’, лац. sella ’сядзенне’, грэч. έλλά ’кафедра’; з іншай ступенню агаласоўкі: англ.-сакс. sadol, ст.-в.-ням. satul, satal ’сядло’, супраць апошніх супастаўленняў Бязлай (3, 223), які, спасылаючыся на Клюге (626), заўважае, што германцы ў часы Цэзара яшчэ не ведалі сядла. Паводле Мартынава (Лекс. взаим., 108 і наст.; Язык, 25 і наст.), славянскае пранікненне, што дало прагерм. sadula ’тс’. Далей да сядзець, прасл. *sěděti, да і.-е. *sed‑. Супраць рэканструкцыі *sedlo і меркавання аб калькаванні ст.-в.-ням. satal (Ваян (RÉS, 12, 235) Фасмер, (3, 589–590), параўн. укр. і ст.-слав. формы. Гл. яшчэ Мее, 419; Траўтман, 259; Брукнер, 491; Махэк₂, 539; Шустар-Шэўц, 1279–1279; Скок, 3, 213; ЕСУМ, 5, 250–251; ESJSt, 13, 809.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сярмя́га ’верхняе адзенне з даматканага сукна, світка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 4), сермя́га (сѣрмя́га, сѣрьмяга) ’тс’ (Нас., Шымк. Собр., Шпіл.), сірні́га, сернега, серня́га ’тс’ (Тарн., Сакал., Горбач, Зах.-пол. гов.), сырне́га ’тс’ (кобр., Ск. нар. мовы), сверме́га ’тс’ (Сл. Брэс.), памянш. сярмя́жка, сярмя́шка, сермя́жка, ’верхняя жаночая вопратка свабоднага пакрою’ (Жд. 2), ’кароткае мужчынскае адзенне, звычайна з шэрага сукна’ (Скарбы), шырма́га ’світка’ (Бяльк.), ст.-бел. сермя́га ’род сялянскай вопраткі’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. сермʼя́га ’даматканае грубае сукно; адзенне з такога сукна’, рус. сермя́га ’світка’, польск. siermięga ’грубая тканіна’, ст.-польск. szermiąga ’тс’, каш. šerḿąga, ’брадзяга, абарвала; кляча’, širḿęga ’сялянская вопратка з грубай самаробнай тканіны’. Слова без пэўнай этымалогіі. Брукнер (489) параўноўваў з літ. šìrmas ’шэры’, лат. sir̃ms ’сівы’, што падмацоўваецца народнымі назвамі світкі з даматканага сукна — шарак, сярак (гл.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 10) бачыць у слове пранікненне з мовы голядзі, пра што, магчыма, сведчыць фанетыка (першапачатковае s‑ > літ. š‑), прадуктыўны балтыйскі суф. *‑ingas, і тэрыторыя распаўсюджання, звязаная з міграцыяй голядзі; на карысць балтыйскага паходжання па фанетычных прычынах таксама Варбат, Этим. исслед., 2, 89–91; Анікін, Опыт, 275; супраць гл. Папоўска–Таборска, Бел.-польск. ізал., 107. Крытычны агляд іншых версій гл. Фасмер, 3, 609; ЕСУМ, 5, 220; SEK, 5, 76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Знушча́цца ’здзекавацца’ (Жд. 2; Мат. Гом.; ЭШ), змушча́цца ’тс’ (Жд. 2). Рус. зах. бранск. знущаться ’тс’, паўд. змущаться ’тс’, вяцк., смал. змуща́ть ’схіляць, спакушаць, падбухторваць, нацкаваць’, укр. знуща́тися ’здзекавацца’. Булахоўскі (Питання, 65; Вибр., 2, 71) выводзіў укр. знуща́тися з *згнущатися. Трубачоў (Проспект, 83–84) рэканструюе прасл. дыял. sъn‑uščati () і, параўноўваючы з польск. poduszczać ’падбухторваць’, выводзіць бяспрэфіксны дзеяслоў uščati < ustjati ад usta (гл. вусны) і дае для дзеяслова балт. паралелі: літ. дыял. áuščioti ’балбатаць, гаварыць’, лат. aūšât ’балбатаць’. Параўн. і Трубачоў, Слав. языкозн., V, 179. Мартынаў (Бел. укр. ізал., 48; Лекс. Палесся, 13–14) далучае да гэтых паралелей мін.-маладз. ушчуваць ’лаяць’, ушчувацца ’крыўдзіцца’, а таксама ст.-рус. наустити (параўн. і рус. наущать), рэканструюе ўсх.-балт. *san‑austjati і лічыць, што яно пранікла ў бел., укр. Трэба, аднак, улічыць, што наустити не ст.-рус., а ст.-слав. факт, прадстаўлены ў Зогр. і Мар. евангеллях, таму тут больш верогодна не пранікненне, а генетычная роднаснасць (як мяркуе Трубачоў). У бел., відаць, адбываецца ўзаемадзеянне знушчацца і змушчацца (параўн. рус. смущаться да смутить, гл. муціць), якое першасна мела значэнне ’выклікаць непакой’. Ці не трэба ўлічыць пры тлумачэнні польск. уст. znękać ’засмучаць, знясільваць’, в.-луж. znućić ’прымусіць’? Параўн. таксама бел. зні́шчыць, укр. знищити ’спыніць існаванне’ і ст.-рус. изнищити ’зрабіць жабраком’. Семантычны бок цікавай гіпотэзы Трубачова патрабуе ўдакладненняў, сярод якіх магчыма і ўздзеянне ўказаных слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каду́шка1 ’невялікая кадзь, кадка’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг.; палес., З нар. сл.; Касп., Маш., П. С., Сержп., Сержп. Грам., Сцяц. Нар., Сцяшк., Яруш.), ’кадаўб’ (палес., З нар. сл.), ’маленькая цыліндрычная каробачка, зробленая з бярозавай ці вішнёвай кары (змацаваная «ў замок») з накрыўкай; у кадушку насыпалі соль ці накладвалі масла, калі ехалі на сенажаць, у дарогу’ (брэсц., З нар. сл.), ’вялікіх памераў ёмістасць для мукі’ (слонім., КЭС), ’выдзеўбаная скрыня на дне калодзежа’ (калінк., Нар. сл.), ’рыбалоўная стаўная пастка з двума процілеглымі глухімі заходамі (ніцяная або з лазы)’ (палес., Крыв.), ’тоўстая жанчына’ (Мат. Маг.), кадуша ’тс’ (Мат. Маг.). Слова вядома ў рус. літар. мове і ў гаворках, што можна разглядаць як сумесную інавацыю (яна ўтворана памянш. суфіксам ад кадь, гл. кадзь) або як пранікненне слова разам з пашырэннем рэаліі. Звяртае на сябе ўвагу рус. дыял. кадушка ’састаўная частка рыбалоўнай снасці — венцера: абруч з нацягнутай на яго сеткай’, аднак меркаваць аб нейкай роднаснасці слоў нельга па розных прычынах. Маг. кадушка ’тоўстая жанчына’ можна разглядаць як утварэнне ад кадушка з трансфармацыяй суфікса ў выніку экспрэсіўнага характару слова або ў выніку замены яго на іншы, больш падыходзячы суфікс, параўн. вядомае на гэтай тэрыторыі гаваруша ’асоба, якая любіць пагаварыць’.

Каду́шка2 ’ўтулка (у коле)’ (браг., Шатал.). Утворана ад кадушка1 (перанос паводле падабенства), на магчыма больш шырокую геаграфію слова ўказвае брэсц. кадыця ’тс’ (гл. там жа прыклады іншых пераносаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́ткі, укр. короткий, рус. короткий, чэш. krátký, славац. krátky, в.-луж. krótki, палаб. kortʼě (< kort ъkъ), польск. krótki, балг. кратък, макед. краток, серб.-харв. кра́так, славен. krátek. Этымалогія слова даволі празрыстая. Прасл. kortъkъ атрымаў сваю рэгулярную суфіксацыю ‑ъkъ з прасл. kortъ (ŭ‑аснова). Назоўнік kortъ у значэнні ’раз’ захаваўся ў паўд.-слав. і зах.-слав. мовах. Усх.-слав. мовы запазычылі стараславянскія формы крат, кратны (гл.), кратнасць (гл.). Прасл. kortъ непасрэдна суадносіцца з прасл. čьrtǫ, čersti ’праводзіць баразну’, літ. kir̃sti, kertù ’рубіць’, лат. cirst ’тс’, ст.-інд. kártati ’рэжа’ (Трубачоў, Эт. сл., 11, 102; 4, 75–76). Такім чынам, kortъ меў значэнне ’адрэзаны кавалак, канец’. Гэта не значыць, што тут мы маем справу з праславянскай інавацыяй (čersti > kortъ > kortъkъ ’кароткі’). Сапраўды, у балт. мовах не існуе надзейнай паралелі да kortъkъ. Літ. kartùs ’горкі’, якое з’яўляецца фармальна тоесным прасл. kortъ, мае іншую семантыку (параўн. Хэмп, RS XXX, 1, 43). Але насуперак Трубачову, Эт. сл., 11, 103, нельга адмаўляцца ад параўнання прасл. kortъkъ і лац. curtus ’кароткі’. Семантычная тоеснасць, якой не хапае фармальна тоеснаму літ. kartùs, тут відавочная, а фармальныя разыходжанні мінімальныя (лац. curtus павінна адпавядаць не прасл. kortъ, а kъrtъ). Улічваючы тое, што паняцце ’кароткі’ ў балт. мовах перадаецца лексемай іншага паходжання (літ. trum̃pas ’кароткі’, trùpùtis ’крошка’, trupė́ti ’крышыцца’), магчымым з’яўляецца другаснай пранікненне італ. kartus (блізкага да лац. curtus) у прасл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Квет ’краска, кветка’ (ТСБМ, Ян., Нас.), ’кветкі’ (ТС). Укр. квіт ’кветка’, рус. квет ’тс’, ст.-слав. цвѣтъ ’тс’, балг. цвят, мак. цвет, серб.-харв. цве̏т, славен. сvȇt, польск. kwiat, чэш. květ, славац. kvet, в.-луж. kwět, н.-луж. kwět. Пераход kvʼ > cvʼ звязвае паўднёваславянскі і ўсходнеславянскі арэалы (гл. цвет). Заходнеславянскія формы з пачатковым kv распаўсюдзіліся на заходнюю частку ўсходнеславянскага арэала. Прасл. květъ, якое мае рэгулярныя аблаўтныя адносіны з дзеясловам kvisti (гл. цвісці). Рэгулярных паралелей за межамі славянскіх моў, як здаецца, няма (Слаўскі, 3, 479). Але германскія назвы пшаніцы і белага колеру можна суаднесці са славянскай назвай кветкі, калі прыняць пад увагу магчымасць кентумнага рэфлексу для апошняй і дублета t/d. Параўн. гоц. ƕaitеis ’пшаніца’ і ƕeits ’белы’ і ст.-слав. свѣтъ ’свет’. Літ. kvietỹs, лат. kvìesis ’зерне пшаніцы’ лічыцца германскім (гоцкім) па паходжанню. З гэтага пункту погляду прасл. květъ можа разглядацца як кентумны дублет да прасл. světъ або як лексічнае пранікненне з невядомай кентумнай мовы. Тады адносіны паміж květъ і kvisti трэба разглядаць як другасныя, якія ўзніклі па вядомай індаеўрапейскай мадэлі аблаўта. Але неверагодна, каб дублет d/t быў характэрны як для květъ, так і для světъ, тым больш што формы з канцавым ‑d не засведчаны. Таму як прасл. květъ, так і прасл. světъ нельга лічыць надзейнымі паралелямі да гоц. ƕaitеis і ƕeits. Аб семантычнай рэканструкцыі прасл. květъ гл. Лекс. Палесся, 29–30.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)