тэндэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Напрамак, у якім адбываецца развіццё чаго‑н. (грамадства, эканомікі, культуры і пад.). Асноўная і галоўная тэндэнцыя капіталізму заключаецца ў выцясненні дробнай вытворчасці буйной, і ў прамысловасці і ў земляробстве. Ленін. // Ідэалагічны напрамак, цячэнне ў палітыцы, навуцы, мастацтве і пад. Аднак пасля смерці Ф. Энгельса, з надыходам эпохі імперыялізму ў дзейнасці II Інтэрнацыянала ўзмацняюцца апартуністычныя тэндэнцыі. «Звязда». Беларуская літаратура адчула на сабе і плённы ўплыў братняй украінскай літаратуры, таксама вельмі багатай дэмакратычнымі тэндэнцыямі. «Полымя».

2. Імкненні, намеры, уласцівыя каму‑, чаму‑н.; погляды, прынцыпы. «Дарагое маё», «Светлае», «Сапраўднае» — гэтыя вершы, як і паэтызацыя Праўды, вечных тэм жыцця і смерці, кахання і прыроды, ярка выявілі характэрную для С. Дзяргая тэндэнцыю паэтызаваць галоўныя вартасці жыцця, быцця чалавека. Лойка. // Схільнасць, уласцівасць. [Васіль:] — У цябе, Міхей Пятровіч, тэндэнцыя к зазнайству. Шамякін. У Вукатага гэта і раней было: толькі сабе каб добра, а людзям і абсеўкі, маўляў, можна. Вось за гэтую тэндэнцыю Валько яму лазінку і заламаў. Савіцкі.

3. Асноўная думка, ідэя, накіраванасць навуковага, мастацкага і пад. твора, выказвання і пад. Тэндэнцыя трылогіі Я. Коласа «На ростанях».

4. Прадузятая, аднабаковая думка, якая праводзіцца, навязваецца (чытачу, слухачу і пад.), але не выцякае з сутнасці справы або з развіцця мастацкага вобраза. П’еса з тэндэнцыяй.

[Лац. tendentia — накіраванасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ву́ліца (БРС, Грыг., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ, ДАБМ, карта 48) ’галоўная вуліца ў сяле’ (КСТ), укр. ву́лиця, рус. у́лица, ст.-рус. улица ’плошча, вуліца, праход’, польск. ulica, чэш. ulice, славац. ulica, в.-луж. wulica, славен. úlica, серб.-харв. у̏лица ’падворак, вуліца’, макед. улица, балг. у́лица ’вуліца’. Прасл. ulica ’прабіты праход, вуліца’, дэмінутыўнае ўтварэнне ад uljь (ulьjь, гл. ву́лей) ’выдзеўбаная калода, вулей’, што ўзводзіцца да балта-слав. aulei̯a‑ (Слаўскі, SP, 199), першапачатковая семантыка ’агароджаны праход’; параўн. ізасему з разарваным арэалам: славен. ulica ’агароджаная з двух бакоў вузкая дарога для прагону жывёлы на выган ці на вадапой’ і рус. уладз., маск., паўн.-рус. улица ’агароджаны праход для жывёлы’, а таксама серб.-харв. (Герцагавіна) улица ’праход да дома, агароджаны з двух бакоў высокай каменнай сцяной’ і палес. ву́личка ’вузкі праход паміж двума будынкамі ці тынамі’ (Лысенка, СПГ). Сюды ж лельч. ву́ліца ’складка ў доўгай світцы ззаду’ (Нар. лекс.). Больш агульнае значэнне ’звонку, па-за хатай’ развілося на базе супрацьпастаўлення «замкнутай» і «незамкнутай» прасторы; інакш Лучыц-Федарэц (Лексіка Палесся, 176 і наст.), які на падставе палес. гу́ліца, гу̀лыца ’двор або яго частка’ і серб. у̏лица ’двор; вуліца’ першапачатковым лічыць значэнне ’двор’, адпаведна гэтаму прасл. ulica збліжаецца з грэч. αὐλή і лац. aula ’двор, падворак’. Параўн. таксама Ваян (Зб. Іўшычу, 390 і наст.), які насуперак Фасмеру (4, 159 і наст.) па акцэнталагічных прычынах адмаўляе сувязь з ву́лей і звязвае з лац. aula; Курціна (Этимология, 1968, 99) услед за Машынскім (Pierw. zasiąg, 158 і наст.) выводзіць прасл. ulica з *ulъ ’роў’, рус. ’овраг’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калодачкі ’пянёўе ў птушак пасля лінькі’ (лід., Сл. паўн.-зах.). Абмежаваныя звесткі аб гэтым слове ў крыніцах па беларускай мове не адлюстроўваюць сапраўднай карціны пашырэння слова. Укр. зах. в колодочки вбиватись (пра куранят), колодка ’першыя пёры маладой птушкі’, рус. колодка пера, ст.-рус. з XVII ст. колодка (у гусінага пяра). З іншых слав. моў можна прывесці чэш. мар. kladka ’тс’. Магчыма, сюды адносіцца і польск. kodłuch, зафіксаванае аднойчы ў ст.-польск. мове XVI ст. (у тэксце пра гусінае пер’е і пер’е як пісьмовыя прылады), дыял. в.-польск. kodłuch і kvoduch, сілез. kvoduch, koduch, kotuch, гл. Слаўскі, 2, 326–327. Відавочныя дэрываты ад kolda ’бервяно’; матывацыя назвы не зусім ясная. Паводле Слаўската (там жа), дакладная семантычная паралель да гэтых утварэнняў — pieniek pióra, аднак, калі гэта разумець літаральна, нельга не ўбачыць, што kolda ’пень’ зафіксавана амаль што выпадкова толькі ў некаторых гаворках, а супадзенне значэння пачынаецца, галоўным чынам, у межах другаснай семантыкі (тыпу ’аснова, галоўная частка і да т. п.’). Пры апошнім разуменні прапанаваную Слаўскім паралель можна прыняць, але неабходна адзначыць, што сама па сабе гэта частка пяра з’яўляецца нейкім аналагам ніжняй часткі дрэва без галін і сукоў. Да семантыкі вышэй прыведзеных фактаў параўн. яшчэ і пень, пні ’рэшткі пер’я ў ашчыпаных птушак’, не выключана, што гэта значэнне сведчыць на карысць неабходнасці размежавання значэння ’пень пяра’ і ’ніжняя частка пяра’, якая з’яўляецца трубчастай. Апошняе нагадвае семантыку тур. лексемы калода ў дачыненні да трубкі (сцябліны) збожжавых, магчыма, тут рэалізавана семантыка «пустаты», якая праглядваецца ў шэрагу фактаў (параўн. калода10). Цікава, што магчымая двухсэнсоўнасць паходжання назіраецца і ў выпадку з назвай ступіцы кола, для якой апрача назвы калодка ёсць сінонім трубка (у бел. мове), аднак рус. (зах. паводле Даля) колода мае сінонім маточина з адпаведнай семантыкай (’аснова’ і да т. п.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ста́ўка 1, ‑і, ДМ стаўцы; Р мн. ставак; ж.

1. У азартных гульнях — сума грошай, якую ігрок ставіць на карту і якая ў выніку пройгрышу пераходзіць у банк да банкаўшчыка. Пачыналі гуляць спакойна, з невялікіх ставак. Машара. // Сума грошай, на якую закладаюцца. Да пачатку сустрэч публіка [у капіталістычных краінах] робіць грашовыя стаўкі на таго ці іншага баксёра. «ЛіМ».

2. Размер заработнай платы; аклад. Высокая стаўка. Тарыфная стаўка. □ [Петражыцкі:] — Седзіцё. Стаўка ідзе, ці дождж, ці снег. Пташнікаў.

3. Наменклатурная адзінка. [Павел Іванавіч:] — У нас пакуль што і стаўкі няма для вызваленага сакратара камітэта. Кулакоўскі.

4. перан.; на каго-што. Разлік, арыентацыя ў сваіх дзеяннях, планах на каго‑, што‑н. [Цыля:] — Рыбакоў цікавы чалавек .. Ён — марксіст. .. У яго стаўка на рабочых. Асіпенка. Робячы стаўку на шырокае народнае паўстанне, Кастусь думаў і пра яго кіраўнікоў і арганізатараў. Якімовіч. Была зроблена стаўка на мясцовых камсамольцаў, якім лягчэй было спалучаць нелегальную работу з легальным жыццём у вёсках. Дзенісевіч.

5. Спец. Норма вылічвання падатку з якога‑н. аб’екта фінансавага аблажэння; норма аплаты пры правядзенні якой‑н. фінансавай аперацыі. Стаўкі падаходнага падатку.

•••

Стаўка біта — тое, што і карта біта (гл. карта). [Кунц:] Калі ён сапраўды не Лескавец, мая стаўка біта. Губарэвіч.

ста́ўка 2, ‑і, ДМ стаўцы; Р мн. ставак; ж.

1. Месцазнаходжанне военачальніка і яго штаба. Нейкае нядобрае прадчуванне гняло дыверсанта ўсю дарогу, калі ён ішоў у Новае Сяло, дзе цяпер знаходзілася галоўная стаўка фашысцкага камандавання з усімі адпаведнымі штабамі і службамі. Ваданосаў.

2. Орган вярхоўнага галоўнакамандавання. Прыехаў сюды Лазавік летась, у лістападзе, з атрадам маракоў для разгону царскай стаўкі ў Магілёве. Хомчанка. Пры абмеркаванні пытанняў выкарыстання ў будучай аперацыі розных родаў войск і іх матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння да работы нарады ў Стаўцы прыцягваліся Галоўны маршал артылерыі Н. Н. Воранаў, Галоўны маршал авіяцыі А. А. Новікаў, маршал артылерыі Н. Д. Якаўлеў. «Звязда».

•••

Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання — вышэйшы орган кіраўніцтва ўзброенымі сіламі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

ста́ўка 3, ‑і, ДМ стаўцы; Р мн. ставак; ж.

У выразе: вочная стаўка — адначасовы перакрыжаваны допыт асоб, якія прыцягваюцца па адной справе, для праверкі паказанняў. Аднойчы Банду павялі на вочную стаўку з Іванам Фёдаравічам Субачавым. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фігу́ра, ‑ы, ж.

1. Форма, абрысы чаго‑н. Ды дарожкі ўсе ў парадку І праведзены пад шнур, Гожы клумбачкі і градкі Розных выглядаў-фігур. Колас. // Форма, малюнак, узор, утвораныя пэўным размяшчэннем прадметаў. Вычварныя фігуры кустоў і дрэў. Мазаікавыя фігуры.

2. Склад цела, знешнія абрысы, формы чалавека. — Узмужнеў, узмужнеў, — сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся. Шыцік. Уся.. фігура [Арлоўскага] вызначалася сярод партызан строгай афіцэрскай выпраўкай. Машара. Ва ўяўленні [Юркі] паўставаў Лёдзін вобраз — ..з тых, што трапляюць у песню, стройная фігура, якая нечакана і раптам аформілася. Карпаў. // Пра чалавека якога‑н. выгляду, якой‑н. знешнасці. Уся ўвага цяпер пераключана на фігуру запыленага чалавека, чый узмах рукі выклікаў такую небывалую весялосць, такое радаснае захапленне. Перкін. // Разм. Прыгожы склад цела. [Юля] раней ганарылася сваёй фігурай. Грамовіч.

3. Чалавек (звычайна невядомы, незнаёмы ці кепска бачны). Ля абгарэлага пня, скурчыўшыся, сядзелі цёмныя фігуры... Маўр. Падымаю галаву і бачу чужую, незнаёмую фігуру. Скрыган. Нібы з зямлі выраслі непадалёку тры чалавечыя фігуры. Чарот. З боку цёмнай грамадзіны-капліцы падсоўваецца белая здань. Ціха ідзе гэта таемная фігура, як бы плыве. Бядуля. // Разм. пагард. Чалавек, тып. Ідзе — сунецца фігура, Азіраецца панура, Каб ёй хто не перашкодзіў. Колас. // Чалавек як носьбіт якіх‑н. якасцей, уласцівасцей. Буйная палітычная фігура. □ Як тут яшчэ раз не ўспомніць светлую фігуру Анатолія Фёдаравіча Коні, яго сумленныя і мужныя паводзіны на працэсе Веры Засуліч! Мехаў. // Важная асоба, персона. Леў цяжкую пагрузку нёс: Начальнік як-ніяк, фігура немалая. Корбан. [Надзя:] — Захар Пятровіч усё-такі значная фігура ў інстытуце, і справу з ім табе прыдзецца мець яшчэ не аднойчы. Шахавец.

4. Постаць чалавека або жывёлы ў скульптуры, жывапісе. А там з боку дарогі вынырнуў незвычайны фантан з пачварнымі скульптурнымі фігурамі і мудрагелістай лепкай. Б. Стральцоў. На каменных плітах высечаны рэльефныя фігуры людзей — партрэты пахаваных. В. Вольскі. // Вобраз, персанаж твораў мастацкай літаратуры або тэатральных спектакляў. Галоўная фігура твора [«Лявон Бушмар»] — уладальнік хутара.. Бушмар. Луфераў. «Чалавек з масы».. становіцца цэнтральнай фігурай у літаратурных творах. Адамовіч.

5. Комплекс рухаў пры выкананні чаго‑н. (танца, пры катанні на каньках і пад.). Першая фігура кадрылі. □ Група хлапчукоў смела кружылася вакол шырокай палонкі, выпісваючы такія адмысловыя фігуры, што Максім ажно пазайздросціў. Шамякін. // Палёт самалёта з рознымі паваротамі, віражамі. Фігура вышэйшага пілатажу.

6. Спец. Меладычны або рытмічны элемент, які ўскладняе і ўпрыгожвае музычны твор. Аркестравыя фігуры. Рытмічная фігура характэрна для маршавага руху.

7. У геаметрыі — частка плоскасці, абмежаваная замкнутай лініяй, а таксама наогул сукупнасць размешчаных пэўным чынам пунктаў, ліній, паверхней і цел. Геаметрычныя фігуры.

8. У шахматах — кароль, ферзь, ладдзя, слон і конь. Хапаю яе [шахматную дошку], кладу на табурэт, пачынаю расстаўляць фігуры. Жычка.

9. Старшая ігральная карта (туз, кароль, дама, валет).

10. Моўны зварот, стылістычны прыём, які надае мове асаблівую выразнасць. Цэзуры, паўзы і іншыя рытмічныя фігуры робяць разнастайнай рытміку вершаў Багушэвіча. Ларчанка.

11. Спец. Чарцёж, схема, рысунак, якія змяшчаюцца ў тэксце кнігі.

[Лац. figura — вобраз, форма.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кало́дка1 ’капыл, кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’ (ТСБМ, магчыма, тут у больш шырокім значэнні). Дакладныя адпаведнікі ў гаворках ёсць, аднак ТСБМ ілюстрацый з мовы пісьменнікаў не падае, можа гэта «слоўнікавы» русізм. Але сувязь з калода1 відавочная і спосаб дэрывацыі рэгулярны. У гаворках з паметамі талач. і гарад. адзначае Сл. паўн.-зах.; ёсць і ў Каспяровіча; геаграфія не выключае іншамоўнага ўплыву. Адзначаецца і ўкр. колодка ’тс’.

Кало́дка2 ’сярэдняя частка кола’ (БРС, ТСБМ, Маш., Шат.), калёсная калодка (КЭС, лаг., бар., астрав., лід., віл. Сл. паўн.-зах.). Укр. колодка ’тс’, адносна рус. матэрыялу пэўных звестак няма, Даль (з паметай «зах.?») падае калода ў тым жа значэнні, польск. kłódka ’тс’. Статус апошняга не вельмі ясны; паводле геаграфіі можна меркаваць аб сумеснай бел.-укр. інавацыі з наступнай экспансіяй слова. Сувязь з калода1 відавочная, матывацыя не вельмі ясная (гл. падрабязней пад калодзіца).

Кало́дка3 ’драўляная або металічная аправа, у якую устаўляецца або на якую насаджваюць асноўную частку інструмента’ (ТСБМ), кулітка ’тронкі нажа’ (малар., Нар. лекс.), сюды ж, відаць, і колодка ’частка рубанка’ (Ян.), апошняе не вельмі зразумела. Такое вытворнае як тураў. колодан ’гаспадарчы нож з драўлянай ручкай’ сведчыць аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў параўнанні з інфармацыяй крыніц. Засведчана ў іншых мовах: укр. колодка ’ручка, дзяржанне’, рус. колодка, польск. kłódka ’тронкі нажа, відэльца’, н.-луж. kłodka ’дзяржанне касы, лапаты’, в.-луж. kłotka, kłodka, ’ручка’, чэш. мар. kladka ’ручка, дзяржанне сярпа’. Усе лексемы да прасл. koldъka (паўн.-слав., паводле Слаўскага, 2, 273), дымінутыва ад kolda ’калода, бервяно’, аднак не вельмі ясна, ці можна на аснове прыведзеных фактаў узнавіць як архаічнае значэнне ’тронкі’. Шэраг лексем, якія пры адпаведным этымалагічным рашэнні можна суаднесці з разглядаемым словам (параўн., напрыклад, калодка ’ступіца ў коле’) дазваляюць меркаваць аб значэнні ’аснова’, ’галоўная частка’ (параўн. яшчэ колодка пера), аднак не выключана, што такое значэнне было характэрным ужо для калода, г. зн. для зыходнага слова такое значэнне нельга разглядаць як паказчык архаікі (калі дапускаць, што разгалінаванне семантыкі патрабуе часу). Таксама паўн.-слав. характар утварэння koldъka ’тронкі’ цяжка давесці па прычыне натуральнага развіцця «тэхнічнай» семантыкі, так што, магчыма, прыведзеныя вышэй лексемы могуць быць і незалежнымі.

Кало́дка4 звычайна калодкі ’род скуранога абутку на драўлянай падэшве, дзеравяшкі’ (ТСБМ; гродз., З нар. сл.). Укр. колодочка ’абцас’, рус. дыял. колодка ’драўляная дошчачка, падэшва, прымацаваная да лапцей для дажджлівага надвор’я’, колодки ’абцасы’, у Даля колодка ’драўляны абцас пад абутак’. Відаць, спачатку калодка ’абцас’, што дазваляе зразумець матывацыю сувязі з калода1. Рэгулярны характар утварэння, магчымасць экспансіі рэаліі не дазваляюць з упэўненасцю бачыць тут усх.-слав. інавацыю.

Кало́дка5 ’абрубак дрэва як функцыянальны элемент народнага абраду’ (Касп., Кос., Нас.), ’назва гэтага абраду’ (Касп.). Відавочна, што ў большасці прыкладаў захоўваюцца толькі рэшткі абраду, пры гэтым сапраўдная першапачатковая калодка змяняецца да трэскі або велікоднага яйка. Абмежаваная геаграфія слова як быццам дазваляе бачыць тут інавацыю; аднак наяўнасць слова ў двух розных арэалах не выключае магчымасці больш даўняга паходжання. Пра звычай «валачыць калодку» ў літоўцаў, латышоў і ўкраінцаў пісаў Снегіроў (Русские простонародные праздники и суеверные обряды, I. М., 1837, 114–115), параўн. яшчэ Фрэнкель, 1047; Мюленбах-Эндзелін, 1, 318 (bluku vakars). У літоўцаў tabala ’цурбанны вечар, куцця’, фактычна звычай у гэты святочны вечар гуртам валачыць цурбан з аднаго двара ў другі. У плане рэалій інтэрпрэтацыя прыведзенага матэрыялу можа быць рознай: гэта можна разглядаць і як стары абрад, які быў захаваны ва ўсходніх славян (а магчыма, і ў іншых), не выключана, што была невыпадковая кансервацыя — захаванню абраду спрыяла суседняя балтыйская традыцыя, можна разумець і як экспансію абраду з больш-менш кампактнай зоны; пры гэтым фактычная безупыннасць у распаўсюджанні (ад балт. плямён да ўкр. тэрыторыі) можа сведчыць пра напрамак экспансіі. Цяжкасць стратыфікацыі з’явы абумоўлена, магчыма, агульнаеўрапейскім яе характарам (першапачаткова), што наогул тыпова для свят розных каляндарных цыклаў народаў Еўропы. Апошняе з’яўляецца вынікам як генетычна суаднесеных з’яў, так і другасна пашыраных. Адносна канкрэтнага выпадку аб першапачатковай функцыі калодкі-цурбана можна толькі здагадвацца (яе прымацоўвалі хлопцам або незамужнім дзяўчатам), аднак аднолькавая назва рэаліі ў балтаў і ўсх. славян дазваляе меркаваць, што замена першапачатковага святочнага атрыбута нейтральнай калодкай з адпаведнай субстытуцыяй назвы была даўняй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

де́ло ср.

1. спра́ва, -вы ж.;

де́ло укрепле́ния ми́ра спра́ва ўмацава́ння мі́ру;

на́ше де́ло пра́вое, побе́да бу́дет за на́ми! на́ша спра́ва справядлі́вая, перамо́га бу́дзе за на́мі!;

суде́бное де́ло судо́вая спра́ва;

изда́тельское де́ло выдаве́цкая спра́ва;

уголо́вное де́ло крыміна́льная спра́ва;

па́пка для дел канц. па́пка для спраў;

2. (работа) рабо́та, -ты ж., спра́ва, -вы ж.;

приня́ться за де́ло узя́цца за рабо́ту (за спра́ву);

3. (предприятие) уст. (камерцы́йнае) прадпрые́мства, -ва ср.;

4. (сражение) воен., уст. бой, род. бо́ю м.; бі́тва, -вы ж.;

ра́нен в де́ле под Варша́вой ра́нены ў баі́ (у бі́тве) пад Варша́вай;

в са́мом де́ле сапраўды́;

за де́ло нездарма́, па заслу́гах;

ме́жду де́лом пры́хваткамі, перапы́нкамі;

на де́ле на спра́ве;

изве́стное де́ло вводн. сл. вядо́мая рэч;

моё де́ло сторона́ мая́ ха́та з кра́ю; я тут ні пры чым;

то и де́ло раз-по́раз;

пе́рвым де́лом пе́ршым чы́нам, перш за ўсё, перш-на́перш;

пусти́ть в де́ло скарыста́ць, пусці́ць у ход;

име́ть де́ло мець дачыне́нне;

гре́шным де́лом прызна́цца, прызна́юся;

де́ло говори́ть слу́шна (до́бра, пра́ўду) каза́ць;

де́ло в шля́пе усё ў пара́дку;

гла́вное де́ло гало́ўная спра́ва;

я́сное де́ло вядо́мая рэч;

то ли де́ло і́ншая рэч;

а мне что за де́ло? а мне што да таго́?;

в чём де́ло? што тако́е?;

э́то де́ло! гэ́та до́бра!;

пло́хо де́ло ке́пскія (дрэ́нныя) спра́вы;

э́то друго́е де́ло гэ́та і́ншая рэч;

в то́м-то и де́ло у тым вось (якра́з) і спра́ва;

быть не у дел быць (стая́ць) у баку́, быць ні пры чым;

э́то де́ло его́ рук гэ́та яго́ рабо́та;

и де́ло с концо́м, и де́лу коне́ц і кане́ц, і ўсё;

де́ло хозя́йское во́ля ва́ша (твая́, яго́, яе́, іх).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

спра́ва I ж., в разн. знач. де́ло ср.; (о предпринятом мероприятии — ещё) предприя́тие ср.;

я да вас па ~ве — я к вам по де́лу;

узя́цца за ~ву — приня́ться за де́ло;

бягу́чыя ~вы — теку́щие дела́;

с. сумле́ння — де́ло со́вести;

до́брая с. — до́брое (хоро́шее) де́ло;

судо́вая с. — суде́бное де́ло;

падшы́ць да ~вы — подши́ть к де́лу;

як ва́шы ~вы? — как ва́ши дела́?;

сме́лая с. — сме́лое предприя́тие;

гало́ўная с. — гла́вное де́ло;

кро́ўная с. — кро́вное де́ло;

ке́пскія (дрэ́нныя) ~вы — пло́хи дела́;

безнадзе́йная с. — ги́блое де́ло;

цёмная с. — тёмное де́ло;

і́ншая с. — друго́е де́ло, то ли де́ло;

мець ~ву — име́ть де́ло;

на са́май ~ве — в са́мом де́ле;

с. кульга́е — де́ло хрома́ет;

у ку́рсе ~вы — в ку́рсе де́ла;

бліжэ́й да ~вы — бли́же к де́лу;

с. не кле́іцца — де́ло не вя́жется (не кле́ится);

у тым вось і с. — (вот) в том-то и де́ло, то-то и оно́;

така́я с. — тако́е де́ло;

ёсць така́я с. — есть тако́е де́ло;

вядо́мая с. (рэч)в знач. вводн. сл. изве́стное де́ло;

ад слоў да ~вы — от слов к де́лу;

паку́ль суд ды с. — пока́ суд да де́ло;

па хо́дзе ~вы — по хо́ду де́ла;

ма́йстар сваёй ~вы — ма́стер своего́ де́ла;

за малы́м с. ста́ла — за немно́гим де́ло ста́ло, за ма́лым остано́вка;

с. на мазі́ — де́ло на мази́;

не мая́ (твая́, ва́ша і пад.) с. — не моё (твоё, ва́ше и т.п.) де́ло;

с. твая́ — де́ло хозя́йское;

мая́ (твая́, ва́ша і пад.) с. — старана́ — моё (твоё, ва́ше и т.п.) де́ло — сторона́;

у чым с.? — в чём де́ло?;

не ў гэ́тым с. — не в э́том де́ло;

с. ў тым, што... — де́ло в том, что...;

с. да́ўняя — де́ло про́шлое;

не апо́шняя с. — не после́днее де́ло;

даць ход ~ве — дать ход де́лу;

ле́зці не ў сваю́ ~ву — лезть не в своё де́ло;

усу́нуць нос не ў сваю́ ~ву — су́нуть нос не в своё де́ло;

гэ́та с. дзяся́таяэ́то де́ло деся́тое;

запле́чных спраў ма́йстаруст. запле́чных дел ма́стер;

зру́шыць ~ву з ме́сца — сдви́нуть де́ло с мёртвой то́чки;

кане́ц — ~ве вяне́цпогов. коне́ц — де́лу вене́ц

спра́ва II нареч. спра́ва

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сі́ла, ‑ы, ж.

1. Здольнасць жывых істот напружаннем мышц рабіць фізічныя рухі, дзеянні; фізічная энергія чалавека, жывёліны. Быў.. [малодшы брат] дужы, як тур, і спадзяваўся на сваю сілу. Якімовіч. [Яўген Лубян] зрабіўся маўклівым, панурым, схуднеў, выцягнуўся, але не страціў сваёй фізічнай сілы і рухавасці. Шамякін. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі І носам рые, рве зубамі, І ўвесь пружыніцца і рвецца, Але нічога не ўдаецца, І ўсё слабее ў воўка сіла. Колас. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Фізічная магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Рука заблыталася ў водарасцях, і.. [Андрэй Міхайлавіч] раптоўна страціў сілы. Самуйлёнак. Пад цёплым душам да Шуры вярнуліся сілы. Ставер. Да работы ёсць ахвота, Сілы маю — хоць адбаў. Гурло. // Фізічнае ўздзеянне, насілле. [Сухадольскі:] А я вам заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы. Крапіва. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч. // Жыццёвая энергія, жыццяздольнасць каго‑, чаго‑н. Усё зацвіло, загаманіла, Бы жыватворчая тут сіла Ад сну прыроду абудзіла. Колас.

2. Здольнасць чалавека да духоўнай дзейнасці, да праяўлення сваіх разумовых ці душэўных уласцівасцей (волі, розуму, характару і пад.). Сіла характару. Сіла волі. □ Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. Вялікія ідэі ў творы можа несці на сабе толькі чалавек з усімі яго супярэчнасцямі, слабасцямі і сілаю духу. Скрыган. // Сукупнасць фізічнай, духоўнай і разумовай энергіі чалавека, неабходнай для якога‑н. дзеяння, учынку і пад. Там галасы абуджэння. — Звонам вясны ў вушах, Сілай жыцця нятленнай Там маладзее душа! Звонак. Ва ўсім абліччы.. чалавека.. было столькі ўпэўненасці, столькі глыбокай унутранай сілы. Лынькоў. // звычайна мн. (сі́лы, сіл). Здольнасць, магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Палохала адказнасць, не ставала веры ў свае сілы. Карпаў.

3. Энергія, здольная выконваць якую‑н. работу, выводзіць цела, матэрыю са стану спакою або змяняць кірунак, хуткасць руху. Сіла цяжару. Цэнтрабежная сіла. □ Магутная сіла зямнога прыцяжэння пераадолена! Гамолка. Ракі непакорнай Грымучая сіла Днямі, начамі Турбіны няспынна круціла. Танк.

4. Прававая дзейнасць; правамоцтва. Сіла закону. // Фінансавая дзейнасць (каштоўных папер, грошай). Пакупная сіла рубля.

5. Улада, магутнасць. Сіла дзяржавы. Сіл калектыву. Сіла кіраўніцтва. □ [Бандароўна пану:] — Пі, гуляй з сваёй раўнёю, Покі ваша сіла, — Бандароўне больш да твару — Чымся ты — магіла. Купала. [Сымон:] — Ой, не, дзедку: проціў сілы Можна ставіць толькі сілу. Колас. // Здольнасць рабіць уплыў, уздзейнічаць на каго‑, што‑н. Сіла прывычкі. □ Пісьменнік раскрывае актыўную, жыццядзейную, сцвярджальную сілу шчырага кахання. Дзюбайла. Гунава глядзеў на.. [Тапурыя] ва ўпор, неадрыўна і востра, добра ведаючы сілу гэтага погляду. Самуйлёнак. // Здольнасць рабіць уражанне, пераконваць. Сіла доказаў. □ Здавён, аднак, у сілу слова веру! Лойка. Глядзіцца сцэна з неаслабнай увагай. Сіла яе — у глыбокай, хвалюючай дынаміцы. «Полымя». // Пра таго, хто (або тое, што) адыгрывае галоўную ролю ў чым‑н. Камуністы — магутная сіла Радзімы, У агні, быццам сталь, яны загартаваны. Танк. Нарэшце людзей на палетак Паклікала спелае лета. Камбайны — галоўная сіла, Пара і для іх наступіла. Смагаровіч.

6. Разм. Самае істотнае, галоўнае; сутнасць, сэнс. Чалавек павінен адчуваць сябе паўнапраўным гаспадаром у калгасе, — вось у чым сіла. Кулакоўскі. А сіла ў тым, на мой погляд, Які выконваеш загад. Колас.

7. Ступень праяўлення чаго‑н.; інтэнсіўнасць, напружанасць. Сіла ветру. Сіла выбуху. □ Стук паўтарыўся з большаю сілаю і настойлівасцю. Колас. Гэты купалаўскі верш літаральна абляцеў усю Беларусь. Сіла яго дзейснасці была незвычайная. Кудраўцаў. // Велічыня, значнасць, глыбіня (разумовых ці душэўных якасцей, уражанняў, перажыванняў). Сіла таленту. Сіла гневу. □ Сіла і слабасць Талстога з вычарпальнай паўнатой ускрыты Леніным. «Маладосць». [Зёлкін:] Якая сіла канструктыўнага розуму ў Аляксандра Пятровіча. Крапіва. Сцёпкаў непакой дасяг[нуў] сваёй найбольшай сілы тады, калі ён ехаў апошнюю станцыю. Колас. Гэта тэма невымерная... У ёй і выпрабаванне волі, і боль адчаю, і сіла надзей, і веліч перамог. Скрыган.

8. Тое, што вымушае каго‑н. дзейнічаць так ці інакш. Карп рушыў на сваю сялібу — невядомая сіла цягнула яго туды. Шамякін. Нейкая сіла штурханула Пятра Сарокіна ў хату. Данілевіч.

9. часцей мн. (сі́лы, сіл). Матэрыяльная аснова, якая можа быць крыніцай якой‑н. энергіі. Сілы прыроды. Цяглавая сіла. □ Упёрся Даніла сваім целам на мосце на парэнчу ды стаяў, поглядам мераў вадзяную сілу. Баранавых.

10. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Частка грамадства, група, якая вызначаецца якімі‑н. характэрнымі прыкметамі ці накіраванасцю ў сваёй дзейнасці. Рухаючыя сілы рэвалюцыі. Сілы міру. Сілы сацыяльнага прагрэсу. □ У 90‑я гады XIX ст. на гістарычную арэну ў якасці самастойнай палітычнай сілы выходзіць расійскі рабочы клас. Івашын. Пісьменнік зусім не выпадкова паказаў сутыкненне процілеглых класавых сіл тагачаснай заходнебеларускай вёскі — рэвалюцыйна настроенага сялянства і яго антыпода — кулацтва. Майхровіч.

11. часцей мн. (сі́лы, сіл). Войскі. Узброеныя сілы. Марскія сілы. □ Асноўныя сілы і спыніліся на ўскраіне лесу. Лынькоў. На вакзале .. [Дзічкоўскага] чакалі прадстаўнікі паветраных сіл. Алешка. Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу. Брыль. Прыйшлі дні вялікіх партызанскіх баёў з грознай сілай ворага. Чорны.

12. звычайна мн. (сі́лы, сіл). Людзі, якія складаюць які‑н. вытворчы калектыў; людзі падобнай прафесіі. Педагагічныя сілы. Артыстычныя сілы. □ Наша беларуская літаратура мае добрыя творчыя сілы. Дуброўскі.

13. у знач. прысл. сі́ламі. Пры дапамозе, з удзелам каго‑н. Сіламі калектыву. □ Многа ўвагі Ірына аддавала спектаклям у Мінскай гімназіі, дзе яна вучылася. Тут часта арганізоўваліся сіламі навучэнцаў пастаноўкі, якімі кіравалі педагогі. «Полымя».

14. каго-чаго. Разм. Велізарная колькасць, мноства. Кожную восень збіраўся вялікі кірмаш, сіла людзей з’язджалася... Грахоўскі. [Валодзя:] — Бачыце ж, ні за што сам [сусед] не ўзяўся. Відаць, грошай сілу мае, а грошы, яны, брат, такія ўчэпістыя, што могуць не толькі шафу ці канапу на пяты паверх зацягнуць. Сабаленка.

•••

Адваротная сіла закона — пашырэнне дзеяння закона на тое, што адбылося да яго выдання.

Жывая сіла — людзі і жывёла (пры супрацьпастаўленні тэхніцы, механічнай сіле).

З пазіцыі сілы гл. пазіцыя.

Конская сіла (уст.) — адзінка вымярэння магутнасці.

Прадукцыйныя сілы — сукупнасць сродкаў вытворчасці і людзей, якія прыводзяць іх у рух.

Рабочая сіла — здольнасць чалавека да працы, г. зн. сукупнасць яго фізічных і духоўных магчымасцей, якія выкарыстоўваюцца ім у працэсе вытворчасці.

Агульнымі сіламі — усе разам, супольна.

Ад сілы — самае большае. Чалавек быў яшчэ зусім малады, яму было ад сілы гадоў васемнаццаць. Лынькоў.

Брацца (убірацца) у сілу гл. брацца.

Выбіцца з сіл гл. выбіцца.

Высмактаць (усе, апошнія) сілы гл. высмактаць.

З апошніх (астатніх) сіл — колькі ёсць магчымасці, з гранічным напружаннем (рабіць што‑н.).

З сілай — з вялікім уздымам, пачуццём (гаварыць, спяваць і пад.).

З усёй сілай — з выкарыстаннем усіх магчымасцей. Я таксама з усёй сілай Крыкнуў бы раз-пораз. Колас.

З усёй (усяе) сілы; на ўсю (поўную) сілу; з усіх сіл — з найбольшым напружаннем, інтэнсіўнасцю; што ёсць моцы.

(Не) па сіле каму; (не) пад сілу каму — пра адпаведнасці (неадпаведнасць) магчымасцей, здольнасцей каго‑н. рабіць што‑н. Гарэнка вырашыў, што адна работа яму па сіле, работа вартаўніка. Вышынскі. Калі справа не пад сілу, Дык на плечы не бяры. Лужанін.

Не сіла — пра немагчымасць зрабіць што‑н. Не сіла яго [Яначкі] на гэтую работу: ногі дрыжаць, рукі млеюць. Крапіва.

(Не) у сілах — (не) магчы зрабіць што‑н.

Не шкадуючы сіл гл. шкадуючы.

Нячыстая сіла — чорт, д’ябал.

Па меры сіл гл. мера.

Сваімі (уласнымі) сіламі — самастойна.

Увайсці (увабрацца) у сілу гл. увайсці.

У сіле — а) у стане фізічнага і духоўнага росквіту; з вялікімі магчымасцямі. Навошта мне піць ваша зелле: Я ў сіле, яшчэ малады. Смагаровіч; б) у разгары, у росквіце. Хоць сведчаць грымоты. Што жнівень У сіле яшчэ і красе, Ды ўжо нашай вуліцай лівень Лісты да рачулкі нясе. Гілевіч.

Усімі сіламі — прыкладваючы ўсе намаганні, усё старанне.

Уступіць у сілу гл. уступіць.

Цераз (праз) сілу — звыш магчымасцей, жадання.

Цёмныя сілы — пра тое, што прыпыняе зло, шкоду.

Што (колькі) ёсць сілы — тое, што і што (колькі) ёсць духу (гл. дух).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Казёл1 ’жывёла, самец казы’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; КЭС, лаг.; Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Юрч., Янк. Мат., Янк. 3.). Укр. козел, рус. козёл, польск. kozioł, в.-луж. kozoł, н.-луж. kózoł, чэш. kozel, славац. kozol, славен. kózel, серб.-харв. kozao (чак. і інш.), kozel (кайк.), балг. козел, ст.-слав. козьлъ, козелъ. Прасл. kozьlъ < koza, аб структуры ўтварэння гл. Шульцэ, Зб. Ягічу, 343–347. Прасл. інавацыя; БЕР (2, 525) спрабуе прапанаваць і.-е. рэканструкцыю: *(s)kəĝ‑ilo‑s літаральна ’скакун’.

Казёл2 ’козлы для распілоўкі дроў’ (Бяльк., Выг. дыс., Касп., лаг. КЭС; Мат. Гом., Юрч.). Рус. (пск., калін., цвяр. і інш.) козёл ’тс’, н.-луж. kózol ’тс’. Статус слова няясны; яно можа быць самастойным утварэннем тыпу рус. козёл і інш. у значэнні розных падпорак, асабліва рагатых, а можа, улічваючы натуральнасць формы мн. ліку для назвы гэтай рэаліі, быць другасным. Ва ўсякім разе меркаваць, што бел., рус. і н.-луж. назвы захоўваюць або першасную, або старую паралельную назву для гэтай рэаліі, няма падстаў. Можна думаць, што тут не абышлося без уплыву іншых тэрмінаў у адз. ліку, як аманімічных да разглядаемага слова, так і семантычна падобных (кабылка і інш.). Гл. козлы, дзе этымалогія і паралелі.

Казёл3 ’умацаванне саламянай страхі’ (Сцяшк., Мат. Гом.). Да казёл1, перанос назвы паводле падабенства рэаліі да рагоў жывёлы, такая ж матывацыя ў шматлікіх іншых назвах розных рогападобных прыстасаванняў, дэталей і інш., параўн. наступныя словы і семантыку дэрыватаў ад каза.

Казёл4 ’умацаваныя на бэльцы козлы, на якія абапіраецца верхняя частка даху’ (Юрч.). Як не зусім дакладныя адпаведнікі, можна прывесці польск. kozieł ’кроква, частка канструкцыі даху’ (ст.-польск. з XV ст. и дыял. паўн.-зах.), н.-луж. kózol ’тс’. Матывацыя, як і ў папярэднім выпадку, паводле падабенства.

Казёл5 ’гімнастычны снарад’ (ТСБМ). Да казёл), матывацыя зразумелая (перанос па знешняму падабенству: канструкцыя на ножках параўноўваецца з формай жывёлы); паралелі ў іншых мовах і статус слова як тэрміна прымушаюць меркаваць аб запазычанні з рус. козел ’тс’.

Казёл6 ’частка збудавання пры студні: разгалістае бервяно, на якім прымацоўваецца вочап’ (Янк. 3.). Да казёл1, перанос назвы па зааморфнай прыкмеце рэаліі (наяўнасць расохі), якая параўноўваецца з рагамі жывёлы. Не выключае, што тут субстытуцыя каза3 (гл.).

Казёл7 ’сажань, прылада для вымярэння плошчы’ (Жд. 2, Мат. Гом.). Да казёл1, гэта слова паралельнае каза8 або замяшчэнне назвы, як больш прымальнае або ўтворанае ў канкрэтным выпадку (у сістэме тэрміналогіі гаворкі).

Казёл8 ’мера даўжыні (2,5 м)’ (Мат. Гом.). Можна разглядаць як утварэнне на базе папярэдняга слова (прыстасаванне для вымярэння — мера); што ж датычыцца канкрэтнай лічбы, тут або адлюстраванне старых варыянтаў мер даўжыні (параўн. у Семянтоўскага, О мерах и весах, употребляемых в Витебской губернии. Витебск, 1874, стар. 12), або мясцовыя традыцыі. Магчыма, гэта некалькі павялічаны касы сажань.

Казёл9 ’мера дроў (2,5 м³)’ (Мат. Гом.). Відавочна, да папярэдняга слова: укладка на кубічнага «казла» → «казёл» як новая мера. Не выключана, што суадносіны гэтых лексем больш складаныя. Калі прыняць, што назва казачок, казёл утвараецца ад назвы спецыфічнай укладкі дроў пэўнага аб’ёму, можна думаць, што яе рэальная даўжыня магла лічыцца і асобнай мерай. Такім чынам, з’яўленне слова казёл ’мера даўжыні’ абавязана тэрміналагізацыі назвы спецыяльнай укладкі дроў як меры аб’ёму. Калі ж лічыць, што гэта малаверагодны (паводле складанасці пераносаў) варыянт тлумачэння, вельмі цяжка высветліць суадносіны слоў казачок і казёл. Магчыма, гэта незалежныя ўтварэнні і, прымаючы для слова казёл першы варыянт этымалогіі, можна экстрапаліраваць і на слова казачок. Тут неабходна дапусціць існаванне значэння ’прылада для вымярэння даўжыні’. Паколькі казачок у іншых значэннях як метафара ад казак < каза зафіксавана ў бел. і ў інш. слав. мовах, а рэалія носіць назвы-дэрываты ад каза1, казёл1, такое дапушчэнне цалкам верагоднае. Назва меры даўжыні таксама натуральная з’ява, як і магчымае наступнае ўтварэнне паняцця кубічнай меры. Прымаючы казачок ’лінейная мера, кубічная мера’ адэкватным сажню (параўн. каза ’сажань’), атрымліваем казачок ’мера дроў, якая раўняецца сажню’. Гатовыя для ўжывання дровы маглі вымярацца кубічнай і лінейнай мерай, а таксама адным, двума і г. д. радамі паленняў. Звычайным можна лічыць варыянт сажань дроў ’сажань з адным радам дроў’ і адпаведна казак дроў. Прымаючы пад увагу рус. пятерик дров ’пяціпаленны сажань’ і прыведзеныя Далем даныя па даўжыні палена — 10–12 вяршкоў, можна меркаваць, што пяціпаленны сажань — гэта кубічны сажань пры мінімальнай даўжыні палена, а пры іншым падліку (сажань — 3 аршыны, аршын — чатыры чвэрці па чатыры вяршкі, усяго 48 вяршкоў), пры даўжыні палена 12 вяршкоў, атрымліваем 1/4 сажня. Гэта можна прыняць, аднак рэальна ў нас казачок не 1/4, а 1/8 сажня. Можна прапанаваць наступную версію тлумачэння, каб суаднесці гэтыя лічбы. Казачок ’мера дроў’ звычайна яшчэ і ’столькі дроў, колькі змяшчаецца на невялікім возе’. Казачок ’1/4 сажня дроў’ і казачок ’два вазы дроў, адзначанае ў слоўніку мінска-маладзечанскіх гаворак, суадносяцца як роўныя велічыні. Гэта дазваляе меркаваць, што казачок ’адзін воз дроў’ і адпаведна ’1/8 сажня’ — другасныя ўтварэнні, вынік натуральнага развіцця значэння і ўзнікнення зручнай дробнай меры аб’ёму з наступнай спецыялізацыяй значэння ’аб’ём невялікага воза’. Аднак рус. болх., арл. казак значыць не 1/8, а 1/16 кубічнага сажня дроў, што матэматычна добра ўзгадняецца з папярэдняй лічбай як яшчэ больш дробная велічыня (1:2), але дрэнна тлумачыцца лінгвістычна, нават калі прымаць гэта слова як пранікненне з бел. гаворак (з формы казак) у якасці тэрміна. Апрача гэтага, пярэчыць нашым меркаванням і рус. дыял. (арханг.) козлец ’маленькі воз сена’, якое паказвае, што гэта праблема не толькі бел. мовы: тлумачэнне павінна ўлічваць і такі факт, прапаноўваючы або тыпалагічна верагодную мадэль утварэння, або такі варыянт, які ўключае рус. лексему як роднасную. Па такіх крытэрыях прапануемая этымалогія не вельмі надзейная і перавага за ранейшымі версіямі. Гл. казачок.

Казёл10 ’род бабкі: некалькі снапоў ячменю, аўса, састаўленых пэўным чынам для прасушвання’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’бабка ячменных снапоў без шапкі’ (полац., Нар. лекс.). Гэтыя фіксацыі нельга аддзяліць ад рус. слаўк., пск. козёл ’укладка снапоў’ (пра лён), калін. ’вялікая ўкладка аўса’, валд., наўг. ’асаблівая ўкладка жытніх снапоў у дажджлівы час’. Безумоўна, да казёл1, аднак матывацыя не зводзіцца да адзінай, што, магчыма, указвае на розныя па ўтварэнню словы. Так, можна разглядаць асобна казёл ’укладка лёну’ — гэта ўтварэнне па тыпу казёл, козлы ў дачыненні да прадметаў, пастаўленых у піраміду (козлы) вертыкальна з нахілам. Казёл ’спецыяльная ўкладка снапоў’ суадносіцца хутчэй за ўсё з тэрмінамі казёл, козлы, ставіць казлом, якія абазначаюць або Т‑падобныя канструкцыі, або спецыяльную ўкладку торфу, цэглы для больш хуткай прасушкі; такія словы суадносяцца з лексемай казёл1 непасрэдна або — гэта вынік ужывання як уласнага тэрміна з адпаведным значэннем. Звяртае на сябе ўвагу дублетнасць ужывання бабка і казёл, гл. вышэй у дэфініцыях, параўн. таксама рус. дыял. (1965) козлуха ’укладка снапоў ільну; сноп ільну’ і прыклад: «Козлуха — снопы составляешь бабочкой, а что бабочка, что козлуха — все одно, так называют снопик льна» (СРНГ, 14, 69). Цяжка меркаваць, ці магла тут мець месца субстытуцыя тэрмінаў бабка і казёл, як у іншых выпадках, разгледжаных вышэй, ці гэта паралельнае ўжыванне тыпалагічна эквівалентных канструкцый (у змешаных гаворках). Тое ж і для разглядаемага слова: такі варыянт магчымы, але неабавязковы, як і ў выпадку баба ’саха ў студні з жураўлём’ і каза, казёл ’тс’.

Казёл11 ’упарты чалавек’ (Янк. 3.). Пераноснае ўжыванне казёл1. Метафара празрыстая; тое ж відаць, як тыпалагічная універсалій, у іншых мовах: рус. козел, польск. kozioł ’тс’, літ. oži statyti ’ўпарціцца, капрызіць’ і да т. п.

Казёл12 ’конік, Locusta viridissima і інш.’ (Грыг., Касп., Сцяшк.; в.-дзвін., Шатал.), ’травяны конік як нажыўка’ (полац., З нар. сл.). Відавочна, паўн. і паўн.-зах. рэгіянальнае ўтварэнне. Дакладных адпаведнікаў як быццам няма, аднак падобныя ўтварэнні ад каза, казёл і іх дэрыватаў вядомы дастаткова шырока, таму няма падставы меркаваць аб іншамоўным уплыве, параўноўваючы з літ. ožiùkas ’конік’, ožỹs ’жужаль’. Матывацыя пераносу: параўнанне характэрных асаблівасцей насякомых і жывёлы (перамяшчэнне скокамі), магчыма, на ўзроўні складанага вобраза, калі ўплываюць і іншыя зааморфныя прыкметы. Нельга не ўлічваць уплыву моцнага «тэрміналагічнага» фону дэрыватаў ад каза, казёл, конь, кабыла і да т. п., дзе магчымыя як субстытуцыі, так і генералізацыя асобінах форм і значэнняў, не выключаны калькі, аказіянальныя ўжыванні розных тэрмінаў і многія інш. працэсы.

Казёл13 ’паласа, участак, адмераны драўляным брыгадзірскім цыркулем або палкай, роўнай яго даўжыні’ (слаўг., Яшк.). Відаць, перанос ад казёл ’сажань, прылада для вымярэння даўжыні, плошчы’; параўн. сінонімы ў той жа гаворцы: казулька, казюлька, палка ’паласа, участак’. Натуральнасць пераносу не дазваляе меркаваць аб сувязі з каза ’паласа і інш.’, хоць фармальна і семантычна гэта і магчыма.

Казёл14 ’дошчачка з выемкай для здымання ботаў’ (рас., Шатал.). Хутчэй за ўсё непасрэдна да казёл1: устаноўленая з наклонам дошчачка на падстаўцы нагадвае або сабаку (і гэты вобраз рэалізуецца ў рус. собачка), або казу, казла, паколькі ёсць два выступы, утвораныя выемкай. Метафара знаходзіць аналогію ў шматлікіх утварэннях; аднак для канкрэтнага выпадку не выключана, што вобраз мог быць складаным: тут праглядваюцца тыповыя для іншых утварэнняў ад казёл, сабака магчымыя значэнні ’ўпірацца; трымаць’ і наогул уплыў самой сістэмы тэрмінаў, утвораных ад заонімаў. Параўн. каза11 (гл.).

Казёл15 ’тоўстая галіна на дрэве — лапа, сук’ (Янк. 3.). Сувязь з казёл1 фармальна бясспрэчная, матывацыя, аднак, не зусім ясная. Магчыма, вельмі простае ўтварэнне — разгалінаваны сук — сук; для расохі, рагулі назва казёл натуральная. Іншы варыянт тлумачэння — казёл як назва розных прыстасаванняў для сушкі гароху і інш., звычайна невялікае дрэўца з сукамі або кол, жэрдка з перакладзінамі. Зразумела, што галоўная адзнака прыстасавання — сукі, таму перанос назвы на адзін сук мог быць натуральным. Гэтыя варыянты не тлумачаць значэння ’тоўстая галіна — лапа’ і можна думаць, што справа не толькі ў знешнім падабенстве. Таксама не выключана, што тут выпадак субстытуцыі назвай казёл іншага тэрміна; такая з’ява была адзначана намі для каза і баба, бабка каза, казёл і кабылка, конь і інш., што дазваляе меркаваць аб магчымым кабыла, конь або інш. у значэнні ’тоўстая галіна’, для якіх такое значэнне з’яўляецца натуральным; характарызуецца вялікі, часта звышнатуральны памер прадмета. Калі гаварыць аб канкрэтнай рэаліі, можна прывесці славен. bìk, kònj ’неабрэзаная галіна вінаграднай лазы, галіна вінаграднай лазы’, аднак прымаць гэты прыклад неабходна вельмі асцярожна, разглядаючы рэвам з іншымі назвамі (напр. locenj), якія сведчаць і аб іншай семантыцы. Тое ж датычыцца і чэш. (мар.) kȯň ’вялікая галіна лісцевага дрэва’, не выключана, што тут ад’ідэацыя да ku̇ň, якое суадносіцца з чэш. дыял. konár ’моцная ветка’, славац. konár, польск. konar, укр. (зах.?) конар, гл. Махэк₂, 272, дзе іншыя вытворныя формы і спроба этымалогіі.

Казёл16 ’палавіна веніка’ (Бяльк.), ’вязка лісцяў’ (Мат. Гом.). Да магчымасці супастаўлення дэфініцый параўн. прыклад: «Насабірай лісцяў падарожнікаў і сдзелай с іх казла і падвесь у сенцах» (Мат. Гом., 4, 193). Усх. утварэнні нельга аддзяліць ад рус. пск., асташ., цвяр. козел і казёл ’пара венікаў, звязаных разам’. Сувязь з казёл1 (фармальная) відавочная, матывацыю вытлумачыць не проста. Па сутнасці, нявызначанасць дэфініцыі для рус. слоў дазваляе меркаваць, што венікі маглі быць злучаны крыж-накрыж; суаднесенасць назвы казёл для гэтай рэаліі і казёл1 цалкам празрыстая. Аднак казёл ’пара венікаў’ — утварэнне другаснае, а сама рэалія суадносіцца з бел., параўн. у Бялькевіча, 217: «Адзін ужо ё казёл на венік, а другей нада зьдзелыць». Пара венікаў, такім чынам, два «казлы». Матывацыя назвы казёл ’вязка’ незразумелая, калі толькі не шукаць магчымых зааморфных прыкмет гэтай або папярэдняй рэаліі; ва ўсякім разе дзве злучаныя палавіны веніка можна ўявіць як варыянт расохі, рагулі, раздваення. У такім выпадку казёл ’вязка’ неабходна разумець як другасную назву (ад казёл ’венік’, якое казёл ’венік з дзвюх палавін’).

Казёл17 ’подсціл (на чарэнь пры выпяканні хлеба)’: «Каб ад залы не быў чорны хлеб, кладзём казёл з дубовых лістоў» (Мат. Гом., 193). Няясна; фармальная сувязь з казёл1 відавочная, матывацыя зацямнёная. Магчыма, ад казёл15 ’вязка лісіцяй’ — ’лісце як подсціл’. Менш верагодна меркаваць аб метафарычным ужыванні слова казёл ’падпора, падстаўка і пад.’.

Казёл18 ’засохлая слізь, якая тарчыць з ноздры, і ўсякі бруд у носе’ (Нас.). Дакладных адпаведнікаў быццам бы няма, аднак вытворныя, галоўным чынам, ад дэрыватаў асновы коз‑: рус. пецярб. козява, асташ., цвяр. козура, рус. козявка ’тс’. Бел. слова можна разглядаць як вытворнае на базе рус. падобных слоў, першапачатковае значэнне ’ўсякія камары, машкара’, ’усякая брыдота’ з канкрэтызацыяй значэння ’засохлыя соплі’; усё ж аднаўленне формы казёл, каза не зусім зразумелае. Да семантыкі параўн. яшчэ рус. дыял. козявка ’вусень’, вышневал., наўг. козура ’засохлая скурка невялікай жывёлы’, варонеж. ’пра неахайную жанчыну’. Параўн. таксама прыведзенае Далем без геаграфіі козулька ’нешта змятае ў пальцах у выглядзе чарвяка’. Магчыма, аднак, казёл, казёл18, казёл1; у аснове пераносу магло ляжаць уяўленне аб выдзяленнях з носа як дрэннай, магчыма, шкоднай з’яве, калі ўсё непажаданае, шкоднае чалавеку суадносіцца з жывёльным светам. Такая матывацыя праглядваецца ў розных дэрыватах ад каза, бык, асабліва воўк і інш.

Казёл19 ’грыб масляк’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Дэмб., Жд. 3, Жыв. сл., Нар. словатв., Нас.; в.-дзвін., Шатал.; Юрч.; бялын., Янк. Мат.), ’перцавы грыб’ (Нар. словатв.), ’пеўнік стракаты’ (мазыр., Жыв. сл.). У Дэмбавецкага значэнні: ’Boletus luteus’, ’B. flavus’, ’B. annulatus’. Магчымы варыянт — паралельнае ўжыванне тэрмінаў, утвораных розным спосабам, па розных метафарах, хоць, магчыма, і не без узаемаўплыву. З такога пункту гледжання можна разгледзець літоўскі прыклад. Слова ўтворана на базе зааморфнай прыкметы грыба, але потым матывацыя не ўспрымаецца, семантыка абумоўліваецца іншымі прыкметамі грыба.

Казёл20 ’расліна казялец едкі, Ranunculus acer’ (міёр., Жыв. сл.; Касп.). Да казёл1, калі гэта самастойнае ўтварэнне, або адваротнае ад казелец, больш частага і звычайнага ў назвах раслін. Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Аб матывацыі гл. казелец.

Казёл21 ’легкавы аўтамабіль павышанай праходнасці’ (ТСБМ). Відаць, запазычанне з рус. козел ’тс’, якое або да казёл1, або, магчыма, калькуе невядомую нам назву. Ва ўсякім разе, калі прыняць першую версію, цяжка з пэўнасцю вытлумачыць метафару.

Казёл22 ’род гульні ў карты, даміно’ (ТСБМ). Выклікае сумненне правільнасць дэфініцыі; прыклад ілюструе толькі другую яе частку (гульню ў даміно). Відавочна таксама, што слова хутчэй за ўсё сустракаецца толькі ў выразе стукаць казла, што, відаць, калькуе рус. забивать козла. Апошняе можа ўзыходзіць да назвы гульні казёл, якое ў сваю чаргу да казёл ’той, хто праіграў, апошні’. Не выключана, што гульня ў даміно нейкім чынам (у тэрміналогіі) атрымлівае ў спадчыну традыцыйныя паняцці народных гульняў: рус. гаворкі ведаюць такія, напрыклад, лексемы, як козел ’костка пры гульні ў бабкі; бабка — свінчатка’, козёл‑мозёл ’ямка, дзе стаіць гулец у клюшкі’. Лексема ў гульнях козёл у такім выпадку магла суадносіцца з назвай хатняй жывёлы паводле розных матывацый. Рус. мова і гаворкі ведалі і козла ’гульню ў карты’, цяжка, аднак, меркаваць, як гістарычна адносіцца назва гульні ў карты і ў даміно казёл: у рус. мове лінгвістычная інфармацыя аб гульні ў карты была вядома ў XVI ст., даміно — у канцы XVIII, калі з’явілася назва казёл у гэтых гульнях, нам невядома.

Казёл23 ’метал, шлак, які застыў пры плаўленні і прыкарэў да сценак печы, каўша і пад.’ (ТСБМ). Запазычанне са спец. рус. тэрміналогіі: параўн. у Даля з паметай горн. посадить козла ’астудзіць недаглядам вагранку, недаплавіўшы чыгуну; тады ламаюць печ’. Параўн. таксама н.-тагіл., свярдл. козлик ’кусок металу, які не расплавіўся ў мартэнаўскай печы’. Матывацыя рус. слова (калі гэта не калька з вядомага нам еўрапейскага тэрміна ў параўнальна позні час) у адносінах да казёл ’назва жывёлы’ не зусім зразумелая. Тут можна меркаваць і аб метафары на базе вядомага, хоць і не вельмі пашыранага ўяўлення аб пажаданым чалавечым і непажаданым, шкодным — жывёльным; дэрываты ад каза, казёл у славянскім свеце значна ўступаюць у частотнасці вытворным ад воўк, сабака і да т. п. Можна меркаваць і аб літ. упарты, як казёл, і, нарэшце, аб магчымасці суаднесці козлик ’кусок металу’ і рус. наўг. козёл ’у ганчароў — куча нарыхтаванай гліны’. Апошняе можа быць і па знешняму падабенству, незалежна або і ў межах семантыкі ўтвораных ад заонімаў тэрмінаў, якія называюць розныя правільнай формы ўкладкі, кучы і т. п. Калі ж разглядаць казёл, козел, козлик як магчымую метафару па форме, можна думаць, што гэта цалкам магчыма: рэалія магла характарызавацца такімі назвамі на прычыне наяўнасці вострых выступаў, наплываў (рагоў, рожай). Што ж датычыцца значэння ’метал, шлак, які прыкарэў да сценак печы, каўша’, то гэта вельмі нагадвае магчымы вобраз пры ўтварэнні назвы казёл ’засохлая слізь у носе і да т. п.’

Казёл24, у казла. Назва гульні дзяўчынак у «галанцы» (гродз., Нар. словатв.). Апісанне гульні наступнае: «Выбіраюць пяць гладкіх аднолькавых каменьчыкаў, кладуць іх на зямлю або на разасланую вопратку. Пачынае гуляць адна дзяўчынка: бярэ каменьчык (галанец), падкідае яго ўгору і ў гэты момант бярэ з зямлі наступны, стараючыся злавіць падкінуты. Пасля падкідае адзін каменьчык і бярэ з зямлі два, затым бярэ па тры і чатыры. Калі не зловіць, гуляць пачынае наступная дзяўчынка» (стар. 266). Аўтары слоўніка змяшчаюць слова ў рубрыку «Назвы гульняў з няяснай матывацыяй». Фармальная сувязь з казёл1 празрыстая, што ж датычыцца матывацыі, можна пагадзіцца з тым, што яна няясная. Здаецца, бел. слова нельга лічыць матываваным, калі толькі не меркаваць, што каменьчык у гульні мог насіць назву казёл. Лінгвістычна (гуляць у казала, а не ў казлоў) гэта не выглядае надзейна. Больш верагоднай здаецца версія, па якой бел. гульня суадносіцца з такімі гульнямі, дзе назва казёл належыць пэўнаму ўдзельніку гульні, напрыклад, бел. тураў. казёл ’той, хто падкідае мячык пры гульні ў лапту’, рус. дыял. (бран., арл.) козёл ’гулец у лапту’ і, магчыма, козёл ’той, хто застаецца «казлом» у азартных гульнях’. Першае, што менш верагодна, можна разглядаць як утворанае ад казёл1 (адпаведна козел) па «функцыянальнаму» падабенству: ’які скача як казёл’, параўн. рус. дыял. козёл ’пра бойкага жывога чалавека’, козлом прыгать, в козлы (козлом) играть (взыграть) ’хутка пабегчы’, або як адэкватнае маркіраванаму казёл у азартных гульнях, матывацыя апошняга няясная, магчыма, вынік адмоўнай дыфузнай семантыкі ўтваральнага слова, магчыма, рэлікт — спадчына тых гульняў, дзе казёл, па сутнасці, быў тэрмінам-заонімам. У такім выпадку казёл — галоўны ўдзельнік гульні зааморфнага характару, у наступным — галоўны ўдзельнік гульні наогул; адмоўнаясемантыка магла завіцца значна пазней (казёл — той, хто прайграе). Бел. слова можна тлумачыць па апошняму меркаванню (казёл ’галоўны ўдзельнік’ або казёл ’хто не злавіў каменьчык’). Звяртае на сябе ўвагу, што гульня ў раскладзеныя на зямлі каменьчыкі магла патрабаваць або спецыяльнай позы гульца, або яго рэзкіх рухаў. Параўн. рус. пск. козлиться ’нагінацца, каб падняць што-н.’ і таксама пск. козлом (стаяць) ’на карачках’. Параўн. да гэтага бел. тураў. козёл *дзіцячая гульня’: адзін стаіць, сагнуўшыся, а на яго ўскокваюць па чарзе ўдзельнікі і стараюцца ўтрымацца’ — тут сувязь з казёл1 і, апрача таго, зразумела, як з’яўляецца семантыка адмоўнасці (быць казлом, казёл — той, якому больш за іншых дастаецца). Меркаваць аб храналогіі ўтварэння цяжка, паколькі мы не маем дакладных адпаведнікаў да бел. слова, аднак аб яго магчымым старым паходжанні можа сведчыць серб.-харв. дыял. kozàrati se — так гавораць дакорліва дзецям, якія ўвесь час кідаюць і падкідваюць каменьчыкі; аўтары RJA (5, 416) мяркуюць, што гэта, магчыма, ад kòzar ’пастух коз’ і азначае ’гуляць як kozari’. Да апошняга параўн. бел. гродз. гуляць у каменьчыкі — тое, што і ў казла: «Як пасвілі каровы, то ў каменьчыкі гулялі» (Нар. словатв., 261). Што бел. слова можна разглядаць як старую бел. інавацыю, сведчыць рус. пск., асташ., цвяр. козули ’гульня ў каменьчыкі, пры якой іх кладуць у жалабок паміж самкнутымі пальцамі рук і, падкідваючы, ловяць’. Гэта паралель між іншым падтрымлівае версію, па якой назва казёл магла адносіцца да каменьчыкаў.

Казёл25 ’захворванне бульбы’ (Юрч.). Паколькі дакладна інфармацыі аб рэаліі ў слоўніку няма, па прыкладу («Сёліта ўся бульба ў кызлах», 106) відаць нейкае пашкоджанне скуры бульбы. Дакладныя адпаведнікі (у форме мн. ліку) бел. шчуч. казлы ’пашкоджаныя вочкі бульбы’ (Сл. паўн.-зах.), відаць, другаснае ’вочкі на бульбіне’ (Жд. 1); з іншых паралеляў параўн. тураў. козаты ’паточаны, шашалеваты’: козатые картоплі, магчыма, рус. горыц., калін. козлястый ’няроўны, з паглыбленнямі (пра бульбу)’. Рус. лексема хутчэй за ўсё толькі няпэўная семантычная паралель. Усх.-палес. козляк ’парастак на бульбе’ можна інтэрпрэтаваць як аналагічнае каза або як паралельнае да разглядаемага слова. Фармальная сувязь з казёл1 бясспрэчная; матывацыя па тыпу чалавечы — нечалавечы, жывёльны; станоўчы, карысны — адмоўны, шкодны; аднак неабходна адзначыць, што ў слав. мовах звычайна па такой матывацыі ўтвораны розныя дэрываты ад воўк, сабака і да т. п. Што датычыць прыкладаў, можна прывесці серб.-харв. kȍze ’воспіны’, kòzice, kozjače, kozȉci ’тс’, kozica ’воспіна, рабацінка’. Улічваючы звычайнасць дублетаў каза/казёл у тэрміналогіі і натуральны характар субстытуцыі такіх утварэнняў з наступнай генералізацыяй таго або іншага дэрывата, можна меркаваць, што вялікай розніцы паміж бел. і серб.-харв. утварэннямі няма, аб чым сведчыць і тураў. форма козаваты. На жаль, позні характар рэаліі (бульбы) не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб праславянскім характары бел. назвы. Безумоўна, можна дапусціць, што тут выпадак позняй спецыялізацыі старой назвы, аднак, нават і пры такім дапушчэнні рэгулярны характар утварэння наогул не дае магчымасці сцвярджаць архаічнасць лексемы. Натуральнасць такой назвы (як дэрыват ад каза1, казёл1) можна пацвердзіць і наяўнасцю назвы для ’воспіна, рабацінка’, утворанай ад асновы bab‑; параўн. рус. наўг., пск. бабушка ў такім значэнні. Як было паказана намі, у радзе выпадкаў дэрываты ад baba і koza выступаюць як субстытуты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)