Сто́раж ‘вартаўнік’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Пятк. 2, Варл., Сл. ПЗБ, Бяльк.), перан. ‘колас, які застаўся на полі’ (віл., Сл. ПЗБ), сто́рож ‘вартаўнік’, ‘стаўная вуда на шчупакоў’, ‘першы колас у жыце’ (ТС), ‘пчала, якая належыць да «стражы»’ (Анох.), ‘нацягнуты шнурок у рыбалоўнай прыладзе, які сігналізуе аб наяўнасці рыбы’ (Нас., ТС), ‘першы або апошні колас у жыце’ (ТСБМ), сто́рож ‘шнурок, якім прывязана цэўка да сукала’, ‘пруток у сукале, на які натыкаецца цэўка’, ‘пруток, які падтрымоўвае нічальніцу ў час вязання’ (Бел.-польск. ізал.). Укр., рус. сто́рож, стараж.-рус. сторожь, польск. stróž, славен. stȓašəc, балг. страж, ст.-слав. стражь ‘ахоўнік’. Прасл. *storžь утворана з суф. ‑jь ад прасл. *stergti, *stergǫ ‘сцерагчы’, з якім яно звязана чаргаваннем галосных; гл. Слаўскі, SP, 1, 81; Фасмер, 3, 768. Параўноўваюць з літ. sárgas ‘стораж, вартаўнік’, sérgti ‘пільнаваць, быць пільным’, лат. sar̂gs ‘вартаўнік’, прус. absergisnan ‘абарона’ (Глухак, 587). Сюды ж старо́жаахова, варта’ (Нас., Байк. і Некр., Нар. Гом., Юрч.), ст.-бел. сторожа ‘тс’ (Карскі 2-3, 428). Параўн. укр., рус. сторо́жа, стараж.-рус. сторо́жа, польск. stróža, в.-луж. stróža, н.-луж. stroža, чэш., славац. stráž, серб.-харв. стра̑жа, славен. strȃža, балг. стра́жа, макед. стража, ст.-слав. стража. Прасл. *storža. Гл. яшчэ Махэк , 587; Борысь, 581–582; Шустар-Шэўц, 1366; Бязлай, 3, 324. Борысь (Etymologie, 492) для значэння ‘нацягнуць, наставіць, напнуць’ рэканструюе прасл. *storžiti — каўзатыў ад *sterkti. Гл. сцерагчы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пан ’уладальнік маёнтка, памешчык (у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах; асоба, якая належала да прывілеяваных (чыноўных, арыстракратычных) слаёў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі’. Па́ни, пане́нка, па́ня, па́нскі, па́ні‑ма́тка, панава́ць, па́ніцца ’жыць па-панску, гультайнічаць’. З польск. pan ’тс’, як і рус. і ўкр. пан (Кюнэ, Poln., 84). Ст.-бел. панъ ’пан, памешчык, бог’ (1340 г.) < ст.-польск. pan; пани (пания, панья, паня ’пані’ (пач. XV ст.) < ст.-польск. pani (Булыка, Лекс. запазыч., 21). Слова зах.-слав. арэалу: польск., в.-, н.-луж. pan, чэш., славац. pán, ст.-чэш. hpán. Паводле Фасмера (3, 195), узыходзіць да *gъpan і звязана чаргаваннем са ст.-рус. жупанъ ’кіраўнік акругі’. У іншых і.-е. мовах параўноўваюць са ст.-інд. gōpā́s ’пастух, вартавы’, gōpyáti, gōpayati ’ахоўвае, засцерагае’, gōpanamахова’, грэч. γυπή κοίλωμα γῆς, нов.-в.-ням. Koben ’свінарнік’ (Гуйер, LF, 31, 105 і наст.; Младэнаў, 410). Брукнер (393) разглядае ст.-чэш. hpán як скарачэнне з županъ; апошняе ён лічыць аварскім элементам; супраць Фасмер (там жа). Махэк₂ (431) і Голуб-Копечны (263) тлумачаць panъ як карэлят м. р. да panьji, якое з *potnī — утварэнне ж. роду ад і.-е. pot‑ ’пан’. Трубачоў (Этимология, 1965, 73 і наст.) крыніцу слав. слова бачыць у ст.-іран. gopān ’пастух, вартаўнік стада’, якое з’яўляецца кампазітам з go‑ ’бык, карова’ і — nomen agentis ад pā‑ ’вартаваць’. На такую марфалагічную структуру і.-е. паралеляў яшчэ раней указваў Пізані (Paideia, 10, № 4, 1955, 262). Вялікую семантычную дыстанцыю Трубачоў тлумачыць дастаткова высокім становішчам пастуха ў жывёлагадоўчым грамадстве. Гл. яшчэ агляд літаратуры ў Трубачова, История терм., 184.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

защи́та

1. абаро́на, -ны ж.;

защи́та оте́чества есть свяще́нный долг ка́ждого граждани́на страны́ абаро́на ба́цькаўшчыны — святы́ абавя́зак ко́жнага грамадзяні́на краі́ны;

защи́та кре́пости абаро́на крэ́пасці;

защи́та диссерта́ции абаро́на дысерта́цыі;

выступа́ть в чью́-л. защи́ту выступа́ць у абаро́ну каго́е́будзь;

свиде́тели защи́ты юр. све́дкі абаро́ны;

противота́нковая защи́та про́цітанкавая абаро́на;

2. (предохранение) засцяро́га, -гі ж.; (охрана) ахо́ва, -вы ж.;

для защи́ты от со́лнца для засцяро́гі ад со́нца;

ме́ры социа́льной защи́ты ме́ры сацыя́льнай засцяро́гі;

под защи́той пад ахо́вай.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

мале́нькі, ‑ая, ‑ае.

1. Нязначны па велічыні, памерах; невялічкі. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. На маленькім дворыку пахла вільгаццю. Асіпенка. // Невялічкі ростам. Суровасць ніяк не пасуе да гэтай маленькай і рухавай, як жывое срэбра, жанчыны. Лынькоў. // Кароткі, немнагаслоўны. У маленькай запісцы, якую разведчык падаў камандзіру, коратка гаварылася аб тым, што гэтай ноччу хлопцы, нарэшце, дабіліся выніку: ахова знята, мост спалены. Брыль. [Гарлахвацкі:] Напішыце маленькую заяўку, а я палажу рэвалюцыю, каб вам прыбавілі зарплаты. Крапіва.

2. Малалетні. Уцеха ёсць адна ў Марыны — Яе маленькі пестунок. Колас. [Багуцкі:] — Мы не маленькія з вамі, у жмуркі мы гуляць, відаць, не збіраемся. Лынькоў. // у знач. наз. мале́нькі, ‑ага, м.; мале́нькая, ‑ай, ж. Дзіця. Ніна Аляксееўна прыйшла [на вяселле] са сваім маленькім. Шамякін.

3. Невялікі па сіле праяўлення, нязначны. Маленькі марозік. □ Кожнай доменнай печы Маленькая ўспышка Для цябе асвятляе Паўзмрочны забой. Аўрамчык. / у знач. наз. ма́ленькае, ‑ага, н. [Дырэктар:] — Мне хацелася б цяпер хоць бы самага маленькага: прайсці па заводзе, і каб кожны рабочы з радасцю сустрэў цябе. Скрыган. // Які не мае істотнага значэння. Справа толькі тут была ў маленькай розніцы: раней грамадскае слова Мікалая выражалася сапраўды ў слове — у адным, у двух. .. А тут — прамову трэба было гаварыць. Якімовіч. // Які мае малую ступень чаго‑н. істотнага, важнага. Так хацелася Коху.. напасці хоць на маленькі след таемнага і няўлоўнага дзядзі Косці. Лынькоў.

4. Які займае невысокае службовае або грамадскае становішча. [Зося:] — Я маленькі чалавек, Антон Кузьміч. Прыёмшчыца арцелі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сакрэ́т 1, ‑у, М ‑рэце, м.

1. Тое, што падлягае захаванню ўпотай, аб чым не гавораць усім; тайна. Выдаць сакрэт. □ Дзед Лукаш даўно здагадваўся, што ў Міколы ёсць сакрэты, пра якія ён маўчыць. Якімовіч. Асцерагаліся партызаны да пары, да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. // чаго. Скрытая прычына. Сакрэт поспеху. Сакрэт высокіх паказчыкаў працы. □ І ці не ў гэтым сакрэт і сэнс жыцця — сеяць прыгожае і з радасцю схіляць перад ім галаву... Навуменка. // Прыём, спосаб (вырабу, атрымання чаго‑н.), які невядомы іншым. Сакрэт вырабу сінтэтычнага валакна. □ Некалі сярод нашага брата — масцеравога хадзіла вера ў нейкі спадчынны вытворчы сакрэт. Кулакоўскі. // Пэўная інтэлектуальная рыса, якасць. [Удома] навучыўся сакрэту цярпення і ўменню хаваць ад другіх свае думкі і пачуцці. «Маладосць». Хаджу ў тэатр не толькі дзеля свайго задавальнення, але галоўным чынам вучыцца, пазнаваць сакрэты акцёрскага майстэрства. Сяргейчык.

2. Мудрагелістая канструкцыя механізмаў, прадметаў хатняга ўжытку, мэблі і пад. Замок з сакрэтам.

3. Дадатковы патайны пост, які размяшчаецца вартаўнічай аховай на найбольш небяспечных подступах праціўніка. Былі выстаўлены пасты, сакрэты, узмоцнена ахова — як на самай пярэдняй лініі. Асіпенка. Трэба было спяшацца, каб засветла выбраць, дзе паставіць сакрэт. Быкаў. // Месца патайнога паста. У Сцёпы было добрае сховішча, ім ён некалі карыстаўся, калі сядзеў у сакрэце. Зуб.

•••

Адкрыць сакрэт гл. адкрыць (у 7 знач.).

Не рабіць сакрэту з чаго гл. рабіць.

Сакрэт палішынеля — уяўная тайна; сакрэт, які стаў вядомы ўсім.

Сказаць (расказаць) па сакрэту (пад сакрэтам) гл. сказаць.

Трымаць у сакрэце гл. трымаць.

[Фр. secret.]

сакрэ́т 2, ‑у, М ‑рэце, м.

Прадукт дзейнасці залоз, неабходны для жыццёвых функцый арганізма.

[Ад лац. secretus — выдзелены.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умо́ва, ‑ы, ж.

1. Пісьмовая або вусная згода, дамоўленасць. Выканаць умову. □ [Дубіцкі:] — Ну што ж! Тады ідзіце. Толькі ўмова: доўга там не будзьце, каб тут пра вас [хлопцаў] не трывожыцца. Чарнышэвіч. Васіль, як па ўмове, з палеткаў Ужо набліжаўся сюды. Калачынскі.

2. Афіцыйны дакумент. Трыпут раптам прыгадаў той дзень, калі яны складалі ўмову. Савіцкі. Васіль дамогся свайго — заключыў з МТС умову. Шамякін.

3. часцей мн. (умо́вы, умоў). Патрабаванні або прапановы аднаго з дагаворных бакоў, якія прымаюцца або адхіляюцца другім бокам. [Настаўніца:] — Я дам табе, Ігнась, пару кніжак, толькі з умоваю, што, прачытаўшы, ты перакажаш мне змест. Мурашка. [Тамара] дала згоду быць жонкай Сімона, паставіўшы толькі адну ўмову: не Гамрэклія, а Гамрэкелі. Самуйлёнак. [Машыніст:] — Згодны вы [генерал] прыняць нашы ўмовы ці не? Лынькоў. // Узаемныя абавязацельствы дагаворных бакоў, якія забяспечваюць заключэнне, выкананне дагавору. Умовы перамір’я. Умовы кантракта. Умова аб тэрмінах аплаты. // Якія‑н. гарантыі, ільготы і пад., што дае каму‑н. асоба ці ўстанова. Умовы найму. Працаваць на льготных умовах. □ [Гарлахвацкі:] У мяне ёсць на ўвазе добрыя работнікі, якія ахвотна пойдуць да мяне працаваць, калі ім забяспечыць належныя ўмовы. Крапіва. Сялянскі пазямельны банк даваў на кабальных умовах крэдыт для куплі зямлі і гаспадарчых патрэб. «Весці».

4. часцей мн. (умо́вы, умоў). Правілы, законы, прынятыя, устаноўленыя ў якой‑н. галіне дзейнасці, жыцця. Умовы карыстання электрычнымі прыборамі.

5. часцей мн. (умо́вы, умоў). Абставіны, у якіх працякае або пры якіх адбываецца што‑н. Кліматычныя ўмовы. Жыллёвыя ўмовы. □ Праводзіўся грамадскі агляд — у якім стане ахова працы, тэхніка бяспекі, .. падрыхтоўка завода да работы ў зімовых умовах. Карпаў. Ва ўмовах суровай рэчаіснасці праходзіць Андрэй Касцевіч школу рэвалюцыйнага выхавання. Хромчанка.

6. Прадпасылка, ад якой залежыць існаванне, ажыццяўленне чаго‑н. Спецыяльныя веды, высокая прафесійная падрыхтоўка, агульная культура чалавека ператвараюцца ў абавязковую ўмову паспяховай працы ўсё больш шырокіх слаёў работнікаў. «Звязда». Росквіт нацый пры сацыялізме — неабходная ўмова іх збліжэння і паступовага развіцця пры поўным камунізме. «Полымя».

7. толькі мн. (умо́вы, умоў). Звесткі, даныя, якія ляжаць у аснове чаго‑н. Умовы доследу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мур1 ’камяніца, мураваны будынак’, ’цагляны панскі дом’, ’сцяна, агароджа з каменняў, цэглы’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Жд. 1, Грыг., Шн. 2, Федар. 1, Яруш., Сцяц., Шат., Касп., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, ТС), ’руіны’ (шальч., Сл. ПЗБ), му́рачак ’прымурак’ (Сцяц.), мураваны ’цагляны’ (Нас., Сцяшк., Касп.), ’надзейны’ (Крыў., Дзіс.), мураваць ’будаваць з каменя або цэглы’, ’пакрываць лёдам’, мураванка ’невялікая камяніца’ (ТСБМ, Нас., Жд. 1, Шат., Юрч., Касп.; КЭС, лаг.), ’брукаваная дарога’ (ваўк., Сцяшк. Сл.), ст.-бел. муръ ’цагляная або каменная сцяна’, ’будаўнічы матэрыял’, муровати ’мураваць’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mur, murować, якія з с.-в.-ням. mûre, mûren (Жураўскі, Бел. мова, 62; Булыка, Лекс. запазыч., 97 і 93; Чартко, Пыт. мовазн., 119 і Бел. лінгв. зб., 151; Кюнэ, Poln., 79) < лац. mūrus ’сцяна, вал, ахова, драўляная вежа’.

Мур2, му́рава, му́раўка ’зялёная трава’ (Нас., Растарг., Ян., Сцяшк. Сл.), му́рава, му́раво, му́раў ’трава, якой зарастае двор’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), ’дзірван’ (Яруш.; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС), му́рова ’гладун гладкі, Herniaria glabra L.’ (жытк., Бейл.), мура́ва ’метлюжок аднагадовы, Poa annua L.’ (Гарэц.; маг., Кіс.), ’метлюжок звычайны, Poa trivialis L.’ (гродз., Кіс.), ’мурожніца, Testuca elatior L.’ (Касп., Мядзв.); брэсц., пін. ’аблог’, мін., слаўг. ’самае лепшае лугавое сена’ (Янк.), мурава́, мура́ўка ’густазялёная маладая трава’, ’сухадольная сенажаць з добрай травой’, ’газон’ (ТСБМ, Касп., Яшк., Мядзв., Др.-Падб.), мурава́нка ’хаціна, пакрытая дзірваном ці муравою’ (Нас.), муравец ’галадок аднагадовы, Scleranthus annus L.’ (маг., Кіс.; Касп.), муравы́, мураўцовы ’светла-зялёны’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Укр. мурава́, рус. мур, мура́, мурок, мура́к, муравей, мурави́на ’зялёная трава, месца, парослае ёю’, пск. ’май’, варон. ’плесень’, ст.-рус. мурава́ ’трава’; польск. muraw, murawa, murawnik, murawica, murawina, murawne ’зялёная трава, дзірван’, чэш. muravěnka ’сорт жыта’, славац. murava ’дзірван’, славен. murȃva ’мяккая трава’, mȗrava ’казлаброд, Tragopogon pratensis’, morȃvka ’купальнік горны, Arnica montana L.’, серб.-харв. му̀рава ’чарнакорань махнаты, Scorzonera villosa L.’, балг. мура́ва ’нізкая трава’. Найбліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: лат. maũrs, maura, mauriņš ’дзірван, газон, трава ля хаты, на двары’, mauragas ’ястрабок валасісты, Hieratium philosello L.’, ’падалешнік, Asarum L.’, літ. máuras ’раска малая, Lemna minor L.’ (Мацэнаўэр, 10, 349; Буга, Rinkt, 1, 468; Мюленбах-Эндзелін, 2, 569; Фасмер, 3, 10; Бязлай, 2, 207). Далей няясна. Абаеў (Studia linguistica, 8) параўноўвае слав. murava ’мурава’ з грузінск. muro‑balaxi ’сакавітая, густая трава’.

Мур3 ’зык, вэрхал, моцны крык, гармідар’ (Растарг.), бран. мур рвать ’моцна квічэць, патрабуючы корму’. Балтызм. Параўн. літ. mauróti ’раўці’.

Мур4, мурк ’пра мурлыканне’ (мсцісл., Нар. лекс.). Балтызм. Параўн. літ. mur̃kti ’мурлыкаць’.

Мур5 ’міра’ (мсцісл., бых., віц., Рам. 8), му́ра ў выразе адным мурам мазаны (Нас.), рус. бран., новасіб. мур, варонеж. му́рава ’ялей, міра’, ’лампадны алей’. Да ст.-рус., ст.-слав. мѷро ’міра, націранне алеем’. Да мі́ра (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мо́цны, ‑ая, ‑ае.

1. Які цяжка парваць, разбіць, зламаць і пад.; трывалы. Моцная вяроўка. Моцныя карэнні. Моцны будынак. □ На возеры пры млыне лёд яшчэ быў моцны. Бядуля. Замок быў вялікі, цяжкі і, мабыць, вельмі моцны. Курто. // Цэлы, не парваны. Боты яшчэ моцныя.

2. Здаровы, дужы. Моцны арганізм. Моцнае сэрца. □ Гаспадар быў з выгляду моцны і дужы. Чорны. Аж уздыбіліся коні, спыненыя моцнай рукой старога Архіпа. Лынькоў. // Які робіцца з вялікай сілай. Моцны ўдар. □ Вось Чоран зрушыў Лысага,.. адкідае яго моцнымі штурханамі рагатае галавы. Колас. // Інтэнсіўны, сканцэнтраваны. Спачатку вораг абрушыў на гэты адрэзак фронта гвалтоўны і моцны агонь артылерыйскай падрыхтоўкі. Брыль.

3. Значны па ступені свайго праяўлення, моцы, велічыні. Моцны вецер. Моцны сон. □ На дварэ стаяў моцны мароз. Гартны. Нават у моцную навальніцу .. [дубы] варушацца неахвотна, уздымаючы нездаволены суровы шум. Дуброўскі. // Гучны. Моцны трэск. □ Два сабакі спаткалі .. [Нахлябіча] моцным брэхам. Чорны. Моцны стук у шкло кабіны перапыняе цяжкія развагі. Кулакоўскі. / Пра голас. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.

4. Надзейны, устойлівы; трывалы. Моцная дружба. Моцныя сувязі. □ Моцная дысцыпліна замацоўвала спайку. Брыль. // Глыбокі, вялікі (аб пачуццях, перажываннях і пад.). Моцнае ўражанне. □ Марына ў моцным узрушэнні Бліжэй к танкісту падышла. Колас. Засталося толькі адно моцнае пачуццё: нянавісць да ворага, тая вялікая, святая нянавісць, якую адчуваў у тыя дні кожны савецкі чалавек. Шамякін.

5. Магутны, аўтарытэтны. Моцная дзяржава. □ Больш моцную пазіцыю [у ААН] пачалі займаць краіны Азіі і Афрыкі. Філімонаў. // Значны па свайму ўздзеянню, пераканаўчы. Моцны ўплыў. □ На гэтым лісце было напісана тое, што называецца незвычайным і вельмі ж, мусіць, моцным словам — пратэст. Брыль.

6. Добра ўмацаваны. [Свірын:] — Вось таму і моцная наша граніца, што разам з пагранічнікамі яе ахоўвае ўвесь савецкі народ. Пальчэўскі. Даволі значны стратэгічны пункт Рагачоў ператвараўся захопнікамі ў моцны апорны вузел. Брыль. // Добра ўзброены, шматлікі. Моцны гарнізон. Моцная ахова. □ Навокал стаяў моцны канвой. Лынькоў.

7. Насычаны, канцэнтраваны; не разбаўлены. Моцны настой. □ Увайшоў Сцёпка да пана і закашляўся пасля моцнага тытуню. Якімовіч. // З вялікай колькасцю градусаў. Моцнае віно. // Рэзкі, востры. Моцны водар мяты. □ З пуні патыхнула моцным, такім знаёмым Сцяпану пахам сырой зямлі і свежага сена. М. Стральцоў.

8. Разм. З вялікім дастаткам; багаты, заможны. Моцны калгас. Моцная гаспадарка.

9. перан. Дасведчаны, вопытны, спрактыкаваны; з добрымі ведамі. Моцны вучань. □ У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны. Колас.

•••

Заднім розумам моцны — аб непрадбачлівым, някемлівым чалавеку.

Моцнае слова (слоўца) гл. слова.

Моцны арэх гл. арэх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

покрови́тельство ср.

1. (заступничество) засту́пніцтва, -ва ср.; (опека) апекава́нне, -ння ср.; апе́ка, -кі ж., апяку́нства, -ва ср.; (защита) абаро́на, -ны ж.; (охрана) ахо́ва, -вы ж.; (поблажка) пратэжы́раванне, -ння ср.;

проси́ть чьего́-л. покрови́тельства прасі́ць чыйго́е́будзь засту́пніцтва (чыёй-не́будзь апе́кі);

взять кого́-л. под своё покрови́тельство узя́ць каго́е́будзь пад сваю́ апе́ку (абаро́ну);

под покрови́тельством зако́нов пад ахо́вай (пад апе́кай) зако́наў;

ока́зывать кому́-л. покрови́тельство заступа́цца за каго́е́будзь, апекава́цца над кім-не́будзь, пратэжы́раваць, рабі́ць пратэ́кцыю каму́е́будзь; (делать поблажку) патура́ць каму́е́будзь;

2. (создание благоприятных условий) спрыя́нне, -ння ср. (каму, чаму, развіццю чаго); (протекционизм) пратэкцыяні́зм, -му м. (у адносінах да чаго);

покрови́тельство иску́сству спрыя́нне маста́цтву (развіццю́ маста́цтва), апекава́нне над маста́цтвам;

покрови́тельство э́кспорту спрыя́нне э́кспарту (развіццю́ э́кспарту), пратэкцыяні́зм у адно́сінах да э́кспарту;

3. (протекторат) полит. пратэктара́т, -ту м.; (опека) апе́ка, -кі ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

хапі́ць, хаплю́, хо́піш, хо́піць; зак.

1. Зак. да хапаць (у 1 знач.).

2. што, чаго і без дап. Разм. Выпіць: хутка праглынуць што‑н. Каўрыжка.. хапіў поўную лыжку журавіннага кісялю і папярхнуўся. Пянкрат. [Валянціна Васільеўна:] — На маім месцы ты, можа б, атруты хапіла. Гроднеў. // без дап. Напіцца спіртнога. [Мікіта:] — Нешта яшчэ казала [Феня], але я так моцна хапіў, што нічога не помню... Ракітны. У важнага Мядзведзя, На гасцявым абедзе Хапіў залішне Леў, Сп’янеў. Корбан. Хапіў з дзежкі, што не бачыць сцежкі. Прымаўка.

3. перан.; чаго. Разм. Перажыць, перанесці што‑н. цяжкае, непрыемнае. Сама Аўдоля хапіла гора нямала. Крапіва. / у безас. ужыв. Матросам хапіла ў час шторму.

4. што. Разм. Зрабіць цвёрдым, ушчыльніць (пра дзеянне холаду). Іней пабяліў траву, дахі і дрэвы. Малады марозік хапіў і сырую зямлю. Гаўрылкін. Марозік галашчокам хапіў, ды сонейка — мала калі зімою такое высвечвае — аж вочы слепіць. Лобан. / у безас. ужыв. Была позняя восень, зямлю хапіла першым прымаразкам. Навуменка.

5. Разм. У разважаннях, выказваннях пераступіць межы чаго‑н., зайсці занадта далёка, дапусціць перабольшанне ў чым‑н. [Вера Антонаўка] заўважыла, як забегалі ў Тацяны вочы, і, ужо шкадуючы, што хапіла занадта, прапанавала прайсціся па лесе... Карпаў. [Дзераш:] — Бач, куды хапіў?! У мяне, брат, планы пакуль інакшыя... Шынклер.

6. каго-што і па чым. Разм. Моцна ўдарыць. Уцякаючы, .. [Сашка] раптам спыніўся, хапіў кавенькай па калене, і яна хруснула, разламалася. Кухараў. // Раптоўна і моцна адчуць боль. [Чалавек:] — Калі сяджу, нічога не робячы, ці ляжу, — тады амаль і не баліць, а як толькі вазьмуся што рабіць, ды сагнуся раз — другі, жывот і хопіць. Галавач.

7. каго. Разм. Раптоўна праявіцца, прынесці пакуты (пра хваробу і пад.). Волата хапіў удар, Вызверыўся люты цар: — Дзе ахова? Дзе чыны? І куды глядзяць яны? Вітка. Шчокі малога залівала чырвань, на лбе выступіў пот, рэдзенькія белыя валаскі ўскудлачыліся... — Што з ім? — А хто ж яго ведае... Гарачка хапіла. Ліхаманка нейкая. Новікаў.

8. Разм. Адразу, з ходу, хутка зрабіць што‑н. Кладаўшчык узяў маркі, даў Глушко пяць пачак цыгарэт і раптам хапіў дзверы на зашчапку. Навуменка. // Нечакана, моцна запець, закрычаць. — А што ж ты думаеш? — хапіла адразу некалькі галасоў. Чорны. Голас Клаўдзі ўпэўнена вёў песню далей, а падгалоскі чакалі, каб у патрэбны момант зноў хапіць хорам. Ракітны.

9. безас. чаго. Быць дастатковым. — Цэгла ёсць!.. І справы, значыць, хопіць да світання кельням і рукам. А. Вольскі. Гасцей у званскіх сватоў сабралася гэтак многа, што не ўсім хапіла месца для начлегу ў доме. Лось. Андрэй крыху ажывіўся, павесялеў. Толькі весялосці гэтай хапіла ненадоўга. Шахавец.

10. безас. каго. Разм. Змагчы, быць здольным зрабіць што‑н. Яго не хопіць на гэту справу.

11. хо́піць з інф. і без дап. Разм. Досыць, даволі, годзе; трэба перастаць, спыніць (гаварыць, рабіць што-н). — А ты падыдзі, сам паглядзі! — Хопіць ужо, нагледзеўся... Лынькоў.

•••

Хапіць цераз край — страціўшы пачуццё меры, зрабіць або сказаць што‑н. такое, што выходзіць за рамкі звычайнага, нармальнага.

Хапіць шылам кашы (патакі) — пра няўдалую спробу зрабіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)