сакрэ́т 1, ‑у, М ‑рэце, м.
1. Тое, што падлягае захаванню ўпотай, аб чым не гавораць усім; тайна. Выдаць сакрэт. □ Дзед Лукаш даўно здагадваўся, што ў Міколы ёсць сакрэты, пра якія ён маўчыць. Якімовіч. Асцерагаліся партызаны да пары, да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. // чаго. Скрытая прычына. Сакрэт поспеху. Сакрэт высокіх паказчыкаў працы. □ І ці не ў гэтым сакрэт і сэнс жыцця — сеяць прыгожае і з радасцю схіляць перад ім галаву... Навуменка. // Прыём, спосаб (вырабу, атрымання чаго‑н.), які невядомы іншым. Сакрэт вырабу сінтэтычнага валакна. □ Некалі сярод нашага брата — масцеравога хадзіла вера ў нейкі спадчынны вытворчы сакрэт. Кулакоўскі. // Пэўная інтэлектуальная рыса, якасць. [Удома] навучыўся сакрэту цярпення і ўменню хаваць ад другіх свае думкі і пачуцці. «Маладосць». Хаджу ў тэатр не толькі дзеля свайго задавальнення, але галоўным чынам вучыцца, пазнаваць сакрэты акцёрскага майстэрства. Сяргейчык.
2. Мудрагелістая канструкцыя механізмаў, прадметаў хатняга ўжытку, мэблі і пад. Замок з сакрэтам.
3. Дадатковы патайны пост, які размяшчаецца вартаўнічай аховай на найбольш небяспечных подступах праціўніка. Былі выстаўлены пасты, сакрэты, узмоцнена ахова — як на самай пярэдняй лініі. Асіпенка. Трэба было спяшацца, каб засветла выбраць, дзе паставіць сакрэт. Быкаў. // Месца патайнога паста. У Сцёпы было добрае сховішча, ім ён некалі карыстаўся, калі сядзеў у сакрэце. Зуб.
•••
Адкрыць сакрэт гл. адкрыць (у 7 знач.).
Не рабіць сакрэту з чаго гл. рабіць.
Сакрэт палішынеля — уяўная тайна; сакрэт, які стаў вядомы ўсім.
Сказаць (расказаць) па сакрэту (пад сакрэтам) гл. сказаць.
Трымаць у сакрэце гл. трымаць.
[Фр. secret.]
сакрэ́т 2, ‑у, М ‑рэце, м.
Прадукт дзейнасці залоз, неабходны для жыццёвых функцый арганізма.
[Ад лац. secretus — выдзелены.]