отка́з м.

1. (действие по глаг. отказа́ть) адмо́ва, -вы ж.;

2. (действие по глаг. отказа́ться) адмаўле́нне, -ння ср.;

без отка́за а) спра́ўна, без адмо́вы, безадмо́ўна; б) (вволю, вдоволь) уво́лю, удо́сталь;

до отка́за да канца́, ко́лькі мажлі́ва;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

адмо́ўны, -ая, -ае.

1. Які змяшчае ў сабе адмаўленне.

А. адказ.

А. займеннік.

2. Дрэнны, варты асуджэння.

А. персанаж у п’есе.

3. У матэматыцы: які ўяўляе сабой велічыню, узятую са знакам мінус, меншую за нуль.

А. лік.

4. Суадносны з такім відам электрычнасці, матэрыяльныя часціцы якога з’яўляюцца электронамі (спец.).

А. электрычны зарад.

5. Які паказвае на адсутнасць чаго-н., процілеглы чаканаму.

А. вынік.

6. Неадабральны, асуджальны.

А. водгук.

Адмоўная рэцэнзія.

7. у знач. наз. адмо́ўнае, -ага. Тое, што характарызуецца адмоўнымі якасцямі; процілеглае дадатнаму.

Бачыць ва ўсім толькі адмоўнае.

|| наз. адмо́ўнасць, -і, ж. (да 1, 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ахвя́ра, ‑ы, ж.

1. Прадмет або жывая істота, прынесеныя ў дар бажаству паводле абрадаў некаторых рэлігій.

2. Добраахвотная ўступка, адмаўленне, адрачэнне на карысць каго‑, чаго‑н. Навука патрабуе ахвяр. Ахвяра пешкі. □ Галіна перайшла да сваёй цёткі, уступіўшы свой пакой Андрэю. Андрэй спачатку не згаджаўся прыняць такую ахвяру. Рамановіч.

3. Пра таго, хто пацярпеў або загінуў ад якога‑н. няшчасця, стыхійнага бедства, сацыяльнага зла, нядобрых людзей. Ахвяры вайны. Ахвяра аўтамабільнай катастрофы.

•••

Пасці ахвярай чаго гл. пасці.

Прынесці ў ахвяру што гл. прынесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паду́маць, -аю, -аеш, -ае; зак.

1. гл. думаць.

2. Правесці некаторы час, думаючы пра што-н.

Не спяшайся з вывадам, добра падумай.

3. 2 ас. адз. і мн. л.

паду́маеш, паду́майце. Ужыв. як пабочн. сл. або як рэпліка для выражэння насмешкі, недавер’я і пад. (разм.).

Падумаеш, такі знаток знайшоўся.

Падумайце, ён яшчэ і грубіяніць мне.

І не падумаю (і не падумаеш, і не падумаў і пад.; разм.) —

1) у спалучэнні з інф. абазначае адмаўленне, нязгоду, нежаданне.

Падбухторваў мяне на дрэннае, а я і не падумаў ісці на такое.

І не падумаю прасіць прабачэння;

2) без інф. выражае катэгарычны адказ. —

Адпусціш мяне ў горад? — І не падумаю.

Падумаць! і падумаць толькі! (разм.) — выражэнне здзіўлення.

Падумаць толькі: што мы выцерпелі!

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ду́рань, -рня, мн. -рні, -рняў, м.

1. Неразумны, тупы, разумова абмежаваны чалавек.

Д. быў, дык і рабіў дурное.

Дурняў не сеюць, яны самі родзяцца (з нар.). Д. дурнем (вельмі дурны).

2. Назва гульні ў карты.

Гуляць у дурня.

Не дурань (зрабіць, рабіць што-н.; разм.) — любіць, мае схільнасць да чаго-н.

Не дурань паспаць.

Няма дурняў (разм.) —

1) выказванне нязгоды з кім-, чым-н., адмаўленне рабіць што-н.;

2) не ашукаеш, не спадзявайся.

Пашыцца ў дурні (разм., неадабр.) — паставіць сябе ў нязручнае, смешнае становішча.

Прымусь дурня богу маліцца, дык ён і лоб разаб’е (разм., неадабр.) — неразумны чалавек і ў добрай справе нашкодзіць.

Шукаць дурняў (разм.) — хітрасцю прымушаць каго-н. рабіць што-н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

нязго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Адсутнасць адзінства ў думках, поглядах. З чалавекам вельмі блізкім заўсёды паводзіш сябе прасцей і не баішся, што ён можа пакрыўдзіцца за нязгоду з яго думкай, за папрок, заўвагу, крытыку. Шамякін. — Скажу вам,.. што нават і ў закаханых ідзе не ўсё гладка, бываюць і нязгоды і сутыкненні. М. Ткачоў. // Адмоўны адказ на што‑н.; адмаўленне. Дзяўчына з выразам нязгоды пакруціла галавой, але ўсё ж пачала абвязваць нагу белай анучкай. Быкаў.

2. Разлад, сварка. [Камандзір] рабіў усё, што толькі мог, каб не даць разгарэцца нязгодзе паміж коннікамі і пяхотай. Брыль. Згода будуе, нязгода руйнуе. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ві́лы ’ручная сельскагаспадарчая прылада ў выглядзе доўгага дзяржання з рагулінай або зубцамі на канцы’ (КТС, БРС, Нас., Бяс., Сцяц. Словаўтв.); ’прылада вымаць гаршкі з печы’ (Сцяшк., Др.-Падб., Інстр. I); ’верхняя частка сахі калодзежа’ (ДАБМ, Шатал., КЭС, лаг.); ’раздвоеныя ногі, пояс’ (Некр., КЭС, лаг.); ’раздваенне дарогі’ (КЭС, лаг.), ’месца, дзе зліваюцца рэкі’ (Сцяшк. МГ), перан. экспр. ’адмаўленне’; ’кукіш’ (Нас.). Укр. ви́ла, рус. ви́лы, польск. widły, н.-луж., в.-луж. widły, чэш. vidle, славац. vidly, славен. víle, серб.-харв. ви̏ле, макед. вила, балг. вила. Прасл. vidla. Утворана пры дапамозе суф. Nomen instrumenti ‑dl‑o ад vi‑ti ’віць’ (Праабражэнскі, 1, 84; Брукнер, 613; Фасмер, 1, 314; БЕР, 1, 147; КЭСРЯ, 81). Першапачатковай функцыяй вілаў было навіванне пражы (Махэк₂, 688). Мейе (Études, 418), Уленбек (296) і Младэнаў (66) суадносяць лексему vidla са ст.-інд. vētráḥ ’від чароту’. Іншыя версіі: vidla < з лац. vīdutus ’плецены кош’ і ст.-інд. vēdás ’мяцёлка сочнай травы’ (Петэрсан, AfslPh, 1916, 36, 152), vidla < *u̯i‑dhē‑ ’рас-стаўляць’, як *u̯i‑dh‑ewa ’ўдава’- ‑раз‑дзеленая (Кноблах, Зб. Пізані, 2, 604), vidla < лац. fibula < *u̯ei‑dhtā (Хаас, Elem., 41).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

які́, -а́я, -о́е; займ.

1. пыт. і адносны. Абазначае пытанне пра якасць, уласцівасць, прымету чаго-н.

Якое сёння надвор’е? Не ведаю, якое сёння чысло.

2. у клічных сказах. Абазначае ацэнку якасці каго-, чаго-н., выражае захапленне, здзіўленне, абурэнне і пад.

Які сад!

Якая бяда!

Які нягоднік!

3. Пры рытарычным пытанні ці ў рэпліцы ў адказ абазначае адмаўленне: ніякі, зусім не.

Які з яго паляўнічы? Ай, які там заработак.

Мала атрымалі.

4. неазнач. Тое, што і які-небудзь (у 1 знач.; разм.).

Праз якую гадзіну пад’едзе і бацька.

Калі што якое (разм.) — калі здарыцца што-н. нечаканае, узнікнуць якія-н. цяжкасці, непрыемнасці.

Які б ні быў (разм.) — які хочаш, любы; такі, які ёсць, калі іншага няма, іменна такі.

Які-ніякі (разм.) — хоць які-н., няхай нязначны, не надта добры.

Якое-ніякое жыллё, а сваё.

Які яшчэ? (разм.) — ужыв. ў знач. «які» для ўзмацнення пытання.

Акучнік забраў Сяргей. — Які яшчэ Сяргей?

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

па́фас, ‑у, м.

1. Уздым, запал, а таксама знешняе іх праяўленне. Садовіч захапіўся новаю ідэяю і ўсю рэшту дарогі гаварыў аб ёй з высокім пафасам. Колас. Вейс адчуваў, як знікае ўвесь пафас, увесь уздым, з якім гаварыў ён сваю прамову. Лынькоў. Гаварыў Мілоўскі прыўзнята, з пафасам, і з пафасам скончыў сваю прамову. Галавач.

2. чаго або які. Уздым, натхненне, энтузіязм, выкліканыя якой‑н. высокай ідэяй. Рэвалюцыйны пафас. □ Пафас працы ў паэзіі маладога Купалы зліваецца з пафасам рэвалюцыі, з абуджэннем і ўздымам народнай самасвядомасці. Івашын.

3. Сутнасць, асноўная ідэя, накіраванасць чаго‑н. Царскія чыноўнікі адразу ўлавілі сацыяльны пафас і рэвалюцыйную накіраванасць паэзіі Ф. Багушэвіча. С. Александровіч. Акалічнасць гэта абумовіла асноўны пафас аповесці — рэвалюцыйнае адмаўленне старога і ваяўнічае сцвярджэнне новага, сацыялістычнага. Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пуха́ ’тупы канец яйца’ (ЛА, 1, Ян., Жд. 2, Сцяц., Янк. 2; в.-дзв., Шатал.; Сл. Брэс., ТС; карэліц., Жыв. сл.; глыб., беласт., Сл. ПЗБ; брагін., З нар. сл.; Некр., Мат. Гом.), пу́ха ’тс’ (Нас.; добр., светлаг., Мат. Гом.), пуха ’задняя частка лодкі’ (ТС; полац., Янк. 2; ПСл), ’пустата ў пятцы яйца; частка яйца, запоўненая паветрам’ (Шат., Сцяц.), сюды ж выраз дабіцца пухі ’давесці справу да канца’, добіць до пухі ’даламаць, дабіць канчаткова’ (ТС), а таксама пух ’тупы канец яйца’ (смарг., Сл. ПЗБ); параўн. укр. пуха ’тс’: добити до пухи, рус. дан. до пухи ’зусім, абсалютна ўсё’, польск. pucha ’тоўсты твар’, серб. пу́ха ’пухір’. Прасл. *риха, вытворнае ад *puxati ’дуць, дзьмуць’, значэнне лепш за ўсё тлумачыцца славен. puhel ’пусты, парожні’ (якое Мартынавым разглядаецца як “загадочное в этимологическом отношении”, гл. Этимология–1982, 9), г. зн. ’напоўнены (духам, паветрам)’ > ’пусты ў сярэдзіне’ (так Сной, 514), гл. пужаць, пух. Рус. пуга ’пустата ў курыным яйцы’, хутчэй за ўсё, у выніку азванчэння зычнага ў інтэрвакальным становішчы, параўн. памянш. пушка ’тс’ (а не *пу́жка, гл. СРНГ), або ў выніку кантамінацыі з пуга ’ўзгорак круглай формы’, ’падушка для пляцення карункаў’, адносна апошняга гл. Фасмер, 3, 399. Параўн. таксама харв. pus ’тупы канец яйца’, pušiti ’дыміць; выпускаць паветра’ (адмаўленне сувязі гл. Скок, 3, 85).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)