Адмаўленне (лаг.) 3/194; 4/161, 588

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АДМАЎЛЕ́ННЕ,

элемент дыялектыкі, што фіксуе адзін з неабходных момантаў развіцця і ўмову змены аб’екта, пры якой некаторыя элементы не проста знішчаюцца, але захоўваюцца ў новай якасці. Віды адмаўлення розныя. Пры зняцці адбываецца ліквідаванне прадмета як пэўнага цэлага, але з захаваннем яго асобных («станоўчых») элементаў. Дэструкцыя азначае разбурэнне, знішчэнне структуры, якую адмаўляюць. Адмаўленне ў выглядзе трансфармацыі мае месца ў выпадках пераходу ад адной стадыі развіцця да другой у рамках той жа самай сістэмы. Адмаўленне сацыяльнае — сукупнасць дзеянняў чалавека па змене наяўных грамадскіх адносін, пры якіх выяўляюцца канкрэтныя суб’екты, аб’екты, мэты, прастора, час, каштоўнасныя арыентацыі і экзістэнцыялы, сродкі, метады. У найб. рэзкіх формах сац. адмаўленне выяўляецца ў войнах, рэвалюцыях, генацыдзе, злачыннасці, міжнац. канфліктах і інш. Адмаўленне, якое вядзе да сац. прагрэсу, называюць дыялектычным, процілеглае — чыста суб’ектыўным (гл. Нігілізм).

Адмаўленне ў логіцы — мысленнае проціпастаўленне аднаго суджэння другому.

Ю.А.Харын.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Адмаўленне адмаўлення 1/109, 115; 3/411; 4/341, 342; 8/381, 389; 10/313

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АДМАЎЛЕ́ННЕ АДМАЎЛЕ́ННЯ,

адзін з асн. законаў дыялектыкі, які характарызуе агульную структуру развіцця як неабходнасць паступальнага працэсу з момантамі адноснай паўтаральнасці і цыклічнасці (зняцце, паўторнае адмаўленне, узаемапераход процілегласцяў, вяртанне да нібыта старога і інш.). Упершыню сфармуляваны Гегелем. Паводле яго вучэння, цыклічнасць развіцця мае форму руху ад зыходнага стану аб’екта праз яго адмаўленне да ліквідавання самога гэтага адмаўлення. Так, катэгорыя якасці (непасрэдная, унутраная пэўнасць рэчы) адмаўляецца колькасцю (апасродкаваная, знешняя пэўнасць), а колькасць «здымаецца» ў катэгорыі меры (якаснай колькасці, ці колькаснай якасці). Гегель надаваў трыядзе (зыходны момант — адмаўленнеадмаўленне адмаўлення) асаблівае значэнне як спосабу руху лагічных паняццяў. Разам з тым ён трактаваў яе толькі як знешні бок пазнання. Таму няма ніякіх падстаў атаясамліваць дыялектычнае паняцце развіцця ўвогуле з трыядамі. Пошукі трыяды як існуючых асобных ступеняў адзінага працэсу ў многіх выпадках вядуць да грубай схематызацыі рэальнай рэчаіснасці. У тым ці іншым сваім выглядзе адмаўленне ранейшых формаў існавання — неабходная ўмова развіцця ў любой сферы рэчаіснасці. Разам з тым у самім характары адмаўлення ёсць аб’ектыўная магчымасць момантаў паўторнасці і вяртання да нібыта старога, нелінейнасці працэсу развіцця. Аднаўленне ў вышэйшай стадыі некаторых рысаў ніжэйшай абумоўліваецца ўзаемапераходам процілегласцяў адна ў адну, зніжэннем узроўню арганізацыі сістэмы пры яе дэструкцыі, захаваннем пераемнасці адмаўляючага і адмаўляемага ў актах зняцця і трансфармацыі. Адмаўленне адмаўлення закон у інтэграцыі сваіх рысаў выяўляецца ў спецыфічных працэсах прыроды і чалавечай гісторыі і з асаблівай нагляднасцю — у сучасных сац. Падзеях.

Ю.А.Харын.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАЙНО́ГА АДМАЎЛЕ́ННЯ ЗАКО́Н,

закон логікі, паводле якога адмаўленне адмаўлення (г.зн. паўторанае двойчы адмаўленне) дае сцвярджэнне. Напр.: «Калі няправільна, што сусвет не з’яўляецца бясконцым, то ён бясконцы». Гэты закон вядомы з часоў антычнасці. Стараж.-грэч. філосафы Зянон Элейскі і Горгій выкладалі яго так: калі з адмаўлення якога-н. выказвання выходзіць супярэчнасць, то мае месца двайное адмаўленне зыходнага выказвання, г.зн. яно само. Д.а.з. запісваецца ў вылічэнні выказванняў сучаснай матэм. логікі наступным чынам: a→A, што чытаецца так: «двайное адмаўленне a мае вынікам A» (знак → — знак імплікацыі, які адпавядае злучніку «калі, то»). Другі закон логікі, які гаворыць аб магчымасці не здымаць, а ўводзіць 2 адмаўленні, называюць зваротным Д.а.з.; двайное сцвярджэнне мае вынікам сваё двайное адмаўленне. Напр.: «Калі Шэкспір пісаў санеты, то няпраўда, што ён не пісаў санеты». Аб’яднанне гэтых 2 законаў дае поўны Д.а.з.: двайное адмаўленне раўназначна сцвярджэнню. Напр.: «Планеты не нерухомыя толькі ў тым выпадку, калі яны рухаюцца».

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПА...

(ад грэч. apo з, ад, без),

першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае адмаўленне, страту, адсутнасць чаго-н., паходжанне з чаго-н., выдаленне, напр., апагамія, апаміксіс.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А...,

перад галоснымі ан... (грэч. a..., an... пачатковая частка слова са значэннем адмаўлення), прыстаўка ў замежных, пераважна грэч. паходжання, словах, якая абазначае адмаўленне ці адсутнасць якой-н. якасці, уласцівасці, напр. авітамінозы, абіягенез.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАРАЛІ́ЗМ

(ад а... + лац. moralis маральны),

адмаўленне маральных асноў грамадства, ігнараванне агульнапрынятых нормаў паводзін. Да амаралізму можна аднесці цынізм, крайні нігілізм, адкрыты эгаізм, чалавеканенавісніцтва. Праяўленні амаралізму могуць спараджацца сац. прычынамі, маральна-псіхал. неразвітасцю індывіда. У свядомасці і паводзінах людзей амаралізм больш пашыраецца ў перыяды сац. крызісаў.

В.А.Паўлоўская.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХА́ВА

(санскр. Небыццё, неіснаванне),

паняцце класічнай інд. філасофіі, якое ў шэрагу навук. школ азначае «адсутнасць», «знішчэнне», «адмаўленне», «смерць»; нярэдка разглядаецца як катэгорыя, процілеглая станоўчай абхаве (быццё, існаванне). У Канады, заснавальніка стараж.-інд. філас. сістэмы вайшэшыкі, абхава проціпастаўляецца 6 станоўчым відам рэальнасці, якія выступаюць як аб’екты пазнання (субстанцыя, якасць, дзеянне, усеагульнасць, асаблівасць, уласцівасць).

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАГІ́ЗМ

(ад а... + грэч. logismos розум),

1) у логіцы адмаўленне ці рэзкае перамяшчэнне ролі лагічнага мыслення як сродку дасягнення ісціны; логіцы проціпастаўляецца інтуіцыя, вера і інш. Выкарыстоўваецца для апраўдання ірацыяналізму, містыцызму, фідэізму. Часта бывае схаваны фармальнай правільнасцю выказвання, але абвяргаецца грамадскай практыкай чалавецтва і гісторыяй навукі.

2) У стылістыцы наўмыснае парушэнне ў мове лагічных сувязей з мэтай стылістычнага (у т. л. камічнага) эфекту.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)