мяжа́, ‑ы; мн. межы, ‑аў; ж.
1. Вузкая палоска неўзаранай зямлі паміж двума палеткамі. Межы дзялілі поле праз кожную палосу. Даніленка. За гумном, па мяжы ішлі мужчыны і гаманілі. Нікановіч. // Прыродная або ўмоўная лінія падзелу паміж асобнымі ўчасткамі, уладаннямі. Гэты бераг [ракі] можна было лічыць мяжой, за якой пачыналіся лясныя абшары. Маўр. [Маша і Васіль] перайшлі мяжу, якая раздзяляла землі іх калгасаў. Шамякін.
2. Пагранічная лінія паміж сумежнымі дзяржавамі; граніца. Недалёка была дзяржаўная мяжа, і празрыстымі адвячоркамі бачыў я сілуэты коннікаў-пагранічнікаў. Мікуліч. // перан. Аб чым‑н., што дзеліць, аддзяляе адно ад другога. На мяжы восені і зімы. □ Цяпер .. [Рыгор] лішні раз адчуў, што ў яго жыцці прайшла высокая мяжа, паабапал якое два розных светы. Гартны.
3. перан. Норма, рубеж чаго‑н. дазволенага, магчымага. [Вікторыя Аркадзьеўна] ніколі не дазваляла ні сабе, ні .. [мужчынам] пераходзіць пэўную мяжу як у гаворцы, так і ва ўчынках. Паслядовіч. Сонца ўсё перагрэла, напаліла да апошняй мяжы, здаецца, расплавілася само. Ракітны. [Машыны] могуць быць яшчэ больш дасканалымі, больш прыгожымі, больш зручнымі, бо няма мяжы прагрэсу тэхнікі. Лынькоў.
•••
За мяжой — у замежных дзяржавах.
За мяжу — у замежныя дзяржавы.
З-за мяжы — з замежных дзяржаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
навяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак.
1. чаго. Зрабіць шляхам вязання нейкую колькасць. Навязаць пальчатак. Навязаць шкарпэтак. // Звязаць у адно значную колькасць чаго‑н. Навязаць цэлы клунак бялізны. // Звязваючы, зрабіць нейкую колькасць чаго‑н. Навязаць венікаў. Навязаць снапоў.
2. што. Надзеўшы або абкруціўшы, завязаць. Навязаць вяроўку на рогі жывёле.
3. перан.; што каму-чаму. Прымусіць каго‑н. прыняць або зрабіць што‑н. супроць яго волі, жадання. Навязаць дагавор. □ [Зорын] хацеў навязаць гітлераўцам бой там, дзе яны не чакалі. Гурскі. // Унушыць што‑н. каму‑н. супраць яго волі. Навязаць сваю думку. □ [Саўку] пачынаў агортваць страх, і ён часамі жахаўся той ролі, якую навязалі яму войт і яго прыяцелі. Колас. Я зразумеў, што мне трэба навязаць .. [Волкаву] сваю волю, сваю ўпэўненасць у перамозе. Шамякін. // Абцяжарыць каго‑н. кім‑, чым‑н. — Сядай тут і будзем працаваць, — сказаў Юрка Маргун такім тонам, быццам мяне яму сілком навязалі. Сабаленка.
4. каго. Разм. Узяць на прывязь. Яхімаў воз ужо прыбралі, Каня на лейцы навязалі У кустах альховых каля дуба. Колас. Грознага [быка] усё-такі ўціхамірылі і зноў навязалі на ланцуг. Дайліда.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нагру́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. нагрузіць (у 1 знач.). Стрэлка манометра знізілася і Ціхон узяўся за нагрузку дроў. Барашка.
2. Колькасць нагружанага; груз. Бывае, што і жалеза не вытрымлівае лішняй нагрузкі. Няхай.
3. Колькасць работы, ступень занятасці якой‑н. работай. Не гонячыся за вялікай нагрузкай, .. [Дабрамыслаў] быў надзвычай акуратны ў сваёй педагагічнай рабоце. Лобан. // Абавязкі, даручэнні, звязаныя з грамадскай працай. [Карніцкі:] — Хіба Лазарэўская пачала горш вучыцца альбо дрэнна выконваць грамадскія нагрузкі? Паслядовіч. З гонарам партыйную пагрузку Даручылі сёння вы сынам. Хведаровіч.
4. Загружанасць работай якой‑н. установы, прадпрыемства, машыны, апарата. Нагрузка электрастанцыі. □ Выявілася праз некаторы час, што агрэгат слабавата вытрымлівае трохзменную пагрузку, пераграецца матор. Кулакоўскі. // Колькасць работы, якая прыпадае на арганізм або асобны орган. Нагрузка па сэрца. Фізічная нагрузка спартсмена.
5. Спец. Сукупнасць сіл, якія дзейнічаюць на якое‑н. цела (збудаванне, механізм, дэталь). Нагрузка на жалезную бэльку. Нагрузка на зубец.
6. перан. Ступень выразнасці, насычанасці чым‑н. (у дачыненні да літаратуры, мастацтва і пад.). Рыфма ў паэтычным творы.. нясе і сэнсавую пагрузку. «Полымя». Вобраз Галубовіча нясе вялікую ідэйна-мастацкую пагрузку ў творы [Я. Коласа «На ростанях»].
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераступі́ць 1, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. каго-што або цераз каго-што. Ступіўшы, перайсці на другі бок чаго‑н. Пераступіць парог. Пераступіць цераз канаву. □ Усё поле было падзелена на загоны, часам такія вузкія, што курыца магла пераступіць. Гурскі.
2. Зрабіўшы крок, перамясціцца куды‑н. Пераступіць з аднае сцежкі на другую. // Не сыходзячы з месца, перамяніць становішча ног або перанесці цэнтр цяжару з аднае нагі на другую. Вадзім зірнуў на свае туфлі, нялоўка пераступіў з нагі на нагу. Асіпенка.
3. перан.; што. Парушыць, перасягнуць рубеж, мяжу чаго‑н. Пераступіць мяжу прыстойнасці. Пераступіць закон. □ Яны стаялі можа хвіліну моўчкі — блізкія і далёкія разам. Ганна раптам паспрабавала пераступіць мяжу, знарок весела, задзірыста ўсміхнулася. Мележ.
пераступі́ць 2, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. што. Добраахвотна адмовіцца ад чаго‑н. на карысць другога. Пераступіць чаргу. // Ахвяраваць што‑н., чым‑н. Я лепш сваё пераступлю. □ Часам для справы трэба пераступіць свае пачуцці. Няхай.
2. Зрабіць уступку, саступіць. Маці нездаволена паглядзела на дзяўчыну і ледзь прыкметна прыжмурыла вока. «Сціхні, — гаварыў гэты яе знак, — пераступі старому». Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ператвары́ць, ‑твару, ‑творыш, ‑творыць; зак.
1. што. Зрабіць з аднаго што‑н. другое, перавесці ў другі стан, надаць зусім іншы выгляд, змяніць якім‑н. чынам. Ператварыць край у квітнеючы сад. □ У рукі ўласныя свой лёс Узяў народ вольналюбівы, На вогнішчах палацы ўзнёс, Ператварыў балоты ў нівы. Крапіва. Немцы ператварылі Мінск у руіны. Шкраба. // Змяніць змест, характар чаго‑н., надаць чаму‑н. іншы сэнс. Ператварыць справу ў забаўку. □ Бязрукія паказвалі сваё голае калецтва і енчылі, вымушаныя ператварыць свае няшчасці ў прафесію. Чорны. — А мы не ператворым чужы сакрэт у набытак для плеткароў? — парушыла маўчанне Таня. Машара.
2. што. Ажыццявіць на справе што‑н., увасобіць у чым‑н. пэўным, канкрэтным. Цяпер трэба рыхтавацца да паўстання, каб скінуць уладу буржуазіі і сілай зброі ўстанавіць Савецкую ўладу. Усё гэта зрабіць нялёгка, але магчыма. Трэба гэтую магчымасць ператварыць у сапраўднасць. Гурскі. Казкі ўсе ператварылі на сапраўднасць мы, на былі. Дубоўка.
3. у каго-што. У казках, паданнях — прымусіць змяніць свой твар, выгляд, перавярнуць у каго‑, што‑н. з дапамогай чараў. Чараўнік ператварыў чалавека ў дрэва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пля́ма, ‑ы, ж.
1. Знак, месца на паверхні як брудны след чаго‑н. На жоўтым століку выразна віднелася чарнільная пляма, вельмі падобная на след дзіцячай далонькі. Лынькоў. Кожны .. [Раманаў] крок адбіваўся на падлозе мокраю плямаю. Колас. // Частка паверхні, якая выдзяляецца чым‑н. Пасля ліўня яшчэ з раніцы зялёныя ўзгоркі ляжалі чорнымі плямамі. Васілевіч. Маленькае акенца ледзь выдзялялася жаўтавата-шэрай плямай. Кулакоўскі.
2. перан. Што-небудзь ганебнае. Але калі ўчора .. [Пракоп] хацеў знайсці якую-небудзь пляму ў жыцці калгаса, то цяпер ён шчыра хацеў, каб гэтых плям тут не было. Колас. [Гарлахвацкі:] Спадзяюся, што смецця з хаты выносіць вы не будзеце, каб гэта не лягло бруднай плямай на нашу ўстанову. Крапіва.
•••
Белая пляма — а) недаследаваны або маладаследаваны раён; б) перан. аб якім‑н. нявырашаным пытанні.
Жоўтая пляма — вельмі чуллівае да святла месца сятчаткі вока каля выхаду зрокавага нерва.
Радзімая пляма — а) прыроджанае змяненне скуры; б) перан. недахоп, які з’яўляецца перажыткам чаго‑н.
Сляпая пляма — месца ўваходу ў сятчатку валокнаў зрокавага нерва, якое пазбаўлена палачак і колбачак.
Сонечныя плямы — утварэнні на паверхні сонца, якія здаюцца цёмнымі плямамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; зак.
1. Прабрацца праз што‑н. з цяжкасцю, пераадольваючы перашкоды. Люба чула, што гаварылі конныя чырвонаармейцы, і старалася прабіцца да іх праз натоўп. Чорны. Прамень сонца прабіўся ў каюту праз вузкую шчыліну, весела затрапятаў на асколку шкла, што ляжаў на падлозе. Гамолка.
2. Выступіць на паверхню. Калі пушок прабіўся над губою І ў сны прыйшло дзявочае імя, Я ні аб чым не раіўся з табою, матуля адзінокая мая. Грахоўскі. // перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуцці, перажыванні і пад.). Мне стала горача — праз крыўду прабілася дурная рэўнасць. Савіцкі.
3. Захаваць здольнасць біцца на працягу якога‑н. часу (пра сэрца, артэрыі і пад.). Сэрца прабілася дзесяць мінут.
4. Разм. Біцца некаторы час.
5. Разм. Пражыць да якога‑н. часу, пераадольваючы цяжкасці, пракідацца. Суцяшаюць маму хлопцы: — Мы вясной усё здабудзем! — Як прыгрэе добра сонца, пойдзем зноў тады мы ў людзі. Нам абы зіму прабіцца! Дубоўка. — А як ты адна, калі бацька жыў, была? Ты ж упраўлялася з усім? Так і без мяне праб’ешся. Мележ.
•••
Не прабіцца — аб вялікай цеснаце.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кні́га, ‑і, ДМ кнізе, ж.
1. Друкаванае выданне (даўней — рукапіснае) у форме збрашураваных і пераплеценых разам аркушаў з тэкстам і ілюстрацыямі. Пераплёт кнігі. Выдаць кнігу масавым тыражом. Кніга — крыніца ведаў, важнейшы сродак асветы і прагрэсу. / у знач. зб. Кнігу — масам! // Твор больш-менш значнага памеру, надрукаваны або падрыхтаваны да друку асобным выданнем. Напісаць кнігу. Навукова-папулярная кніга. Змест кнігі.
2. Сшытыя, пераплеценыя лісты паперы для якіх‑н. запісаў. Кніга скаргаў і прапаноў. Бухгалтарская кніга. Кніга водгукаў. Кніга ўліку.
3. Адна з некалькіх вялікіх частак навуковага ці літаратурнага твора. Першая кніга дылогіі. Раман у трох кнігах.
4. перан.; чаго. Пра тое, з чаго можна атрымаць якія‑н. звесткі, у чым знайшло адбітак, адлюстраванне што‑н. Кніга жыцця. □ [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе такіх астаткаў ранейшай флоры і фауны. Гэта жывая кніга прыроды. Крапіва.
5. звычайна мн. (кні́гі, кніг). Тое, што і кніжка (у 3 знач.).
•••
Галоўная кніга — асноўная бухгалтарская кніга для сістэматычнага запісу ўсіх рахункаў і прыходна-расходных аперацый.
Дамавая кніга — кніга для рэгістрацыі жыльцоў дома.
Шнуравая кніга — уліковая кніга, прашытая шнурам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
курс 1, ‑у, м.
1. Напрамак руху, шлях (карабля, самалёта і пад.). Змяніць курс карабля. □ Самалёт цвёрда лёг на свой курс — на захад. Новікаў.
2. перан. Напрамак палітыкі, дзейнасці. Курс на політэхнізацыю навучання. Курс на індустрыялізацыю краіны.
курс 2, ‑а, м.
1. Сістэматычны выклад якой‑н. навуковай дысцыпліны, галіны ведаў, а таксама падручнік, які з’яўляецца такім выкладам. Курс гісторыі партыі. Курс вышэйшай матэматыкі.
2. Увесь аб’ём якога‑н. навучання. Курс сярэдняй школы. Універсітэцкі курс.
3. Навучальны год у спецыяльнай сярэдняй і вышэйшай навучальных установах. Закончыць тры курсы інстытута. // Разм. Студэнты пэўнага года навучання. Пяты курс здае дзяржаўныя экзамены.
4. толькі мн. (ку́рсы, ‑аў). Форма паскоранай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў. Курсы шафёраў. Курсы перападрыхтоўкі настаўнікаў.
5. Закончаны цыкл лячэбных працэдур. Курс лячэння.
6. У СССР — вартасць каштоўных папер, якая ўстанаўліваецца спецыяльнымі дзяржаўнымі нарматыўнымі актамі; у капіталістычных краінах — цана, па якой на біржы прадаюцца і купляюцца акцыі, аблігацыі, вэксалі і інш. каштоўныя паперы.
•••
У курсе чаго (быць) — пра дасведчанасць у чым‑н.
Увайсці ў курс гл. увайсці.
Увесці ў курс гл. увесці.
[Ад лац. cursus — ход, цячэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лапата́ць, лапачу, лапочаш, лапоча; незак.
1. Удараць па якой‑н. паверхні, ствараючы аднастайныя прыглушаныя гукі; шалясцець. Лапатаць па вадзе крыламі. Лапочуць сцягі. □ Параход лапатаў пліцамі, часта прыставаў да крутога берага. Грахоўскі. Па страсе лапоча лівень, а побач стогнуць векавыя дрэвы... Грамовіч. Акунёк лапатаў у руках у Гаманька, калючым егерам распускаў спінны плаўнік. Броўка.
2. што і без дап. Разм. Нязвязна, паспешліва гаварыць, расказваць. Галілей суняўся.. і вінавата лапатаў: — Сушыльня... ага... сушыльня... Зарэцкі. Усе жанчыны як па камандзе, перабіваючы адна адну, пачыналі лапатаць, не згаджацца з прамоўцам. Грамовіч. // Невыразна вымаўляць, незразумела гаварыць. [Арынка] нешта лапоча на сваёй дзіцячай мове. «Звязда». // Гаварыць на чужой, незнаёмай для каго‑н. мове. Бег немец з паднятымі рукамі і нешта лапатаў. Чорны.
3. што і без дап. Разм. Гаварыць многа і бесперастанку аб чым‑н. нязначным, пустым; балбатаць, балабоніць. Жанчына жыла адна і любіла збіраць па вёсцы плёткі, — бегала з канца ў канец па хатах, лапатала пра ўсё, што на язык трапляла. Пташнікаў. [Маці:] — О-о, зноў лезе .. ведзьма, Міхаліна. Будзе тут цэлы дзень лапатаць ды падглядваць! Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)