Клёпка1 ’дошчачкі, з якіх складаецца бочка, дзежка, кадушка і пад.’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’дранка’ (Мат. Гом.). Укр. клепка, рус. клёпка, польск. klepka ’тс’. Няма падстаў разглядаць гэта слова як праславянскае. У такіх значэннях выступаюць толькі польскія і ўсходнеславянскія словы. Калі ўлічыць існаванне ст.-рус. клепка ў тым жа значэнні, польская крыніца становіцца неверагоднай і больш надзейнай здаецца старажытнаруская крыніца. Тэрмін мог узнікнуць на старажытнарускай глебе на аснове дзеяслова klepati, адтуль пранікнуць у польскую мову, а далей у чэшскую. Ням. Klappholz можа быць калькай з польскай мовы. Слаўскі (2, 209–210), Трубачоў (Эт. сл., 10, 11), ЕСУМ (2, 459) лічаць гэта слова праславянскім, хаця тэрміналагічнае значэнне яго абмежавана ў прасторы і часе.

Клёпка2 ’розум’ (ТСБМ, Нас., Шат., Юрч. Фраз. 2). Гэта значэнне ў тых жа дыялектах, дзе адзначана клёпка1 (гл.), што сведчыць аб метафарычным пераносе. Параўн. бел. клёпкі ў галаве не хапае, укр. не хватае клепок у голові, рус. не хватает клёпки в голове, польск. brak mu piątej klepki. У той жа час на беларускай моўнай глебе мы адзначаем клёпка ў значэнні ’розум’ і не ў складзе адпаведнага фразеалагізма. Гэта тлумачыцца тым, што тут атрымалася кантамінацыя з бел. клёк ’розум’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́ра1 ’паднімай!’ (БРС, КТС) — выклічнік з марской і будаўнічай тэрміналогіі. Укр. ві́ра, рус. вира ’тс’. Для марскога тэрміна Фасмер (1, 318) тлумачыць паходжанне з іт. virare ’паварочваць’. Бел. і ўкр. будаўнічы выклічнік мог прыйсці і з малд. а вира ’паварочваць’.

Ві́ра2 ’выкуп за забітага чалавека’ (БРС). Укр. віра, рус. вира ’тс’, ст.-рус. вира ’штраф на карысць князя за забойства вольнага чалавека’ (з XII ст.), чэш. уст. vira ’грашовы штраф за забойства (у старарускім і старагерманскім праве)’. Міклашыч (392), Уленбек (AfslPh, 15, 492), Праабражэнскі (1, 85) лічаць гэта запазычаннем з германскіх моў; параўн. ст.-в.-ням., с.-в.-ням. vër‑geld (узята толькі першая частка слова), н.-в. ням. Wergeid ’віра’, гоц. wair ’мужчына’, ст.-ісл. verr ’тс’. Аднак, відавочна, маюцца цяжкасці з вакалізмам кораня. Хутчэй за ўсё лексема віра з’яўляецца роднаснай да літ. výras ’мужчына, мужык, муж’, лат. vīrs ’мужчына’, прус. wijrs, ст.-інд. vīráḥ ’мужчына, герой’, лац. vir ’мужчына, муж, мужык’, яшчэ ст.-інд. vāiram ’віра, варожасць’.

Ві́ра3 ’частаванне старэйшых таварышаў, якое наладжвае хлопец, дасягнуўшы сталага ўзросту’ (Бяльк.) звязана з літ. výras ’мужчына, мужык, муж’, лат. vīrs ’(дарослы) мужчына’. Да віра2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Намёт1 ’вельмі тонкае палатно ў два ніты з каляровымі палоскамі па баках’ (докш., Янк. Мат.), ’абрадавы ручнік (даматаны’) (ветк., Мат. Гом.; чэрв., Сл. ПЗБ), кавалак тонкага кужэльнага палатна, які жанчыны абмотвалі вакол галавы’ (чэрв., пухав., калінк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. наметь (XVI–XVII стст.) ’шацёр’, укр. намет, наміт ’шацёр, палатка’, рус. намёт ’сховішча, навес, шацёр’, польск. namiot ’палатка, шацёр, полаг’. Старабеларускае слова лічыцца запазычаннем з польскай (Жураўскі, SOr, 1961, 1, 40); адносна абрадавага ручніка і накрыцця галавы замужніх жанчын гэта меркаванне цяжка было б прыняць, паколькі ў польск. мове для слова namiot такіх значэнняў не фіксуецца. Фасмер (3, 41) прымае самастойнае развіццё ад на і метать, аспрэчваючы больш раннюю этымалогію, якая выводзіць усходнеславянскае і польскае слова ў значэнні ’шацёр’ з іран., афган, namd ’лямец’. Літ. nuometas ’накрыццё галавы з тонкага палатна’. Буга (Rinkt., 2, 502) лічыць запазычаннем з усходнеславянскіх моў. Пра магчымасць самастойнага ўтварэння слова намёт сведчыць наяўнасць аманімічных форм ад мятаць, напр., намёт ’кошык на рыбу’ (Бяльк.), ’падатак’ (Нас.), рус. намёт ’паветка’, ’капна’ і інш. Гл. наметка і.

Намёт2 ’гурба, сумёт’ (Юрч. СНС), рус. намёт ’тс’. Да мнеці (гл.), намятиць, параўн. таксама на́мець ’тс’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нет ’няма; не’ (Сл. ПЗБ, ТС, Пятк.), ст.-бел. нѣтъ ’тс’ (Полацкая грамата 1399 г.), рус. нет ’тс’, укр. дыял. ніт ’тс’, славац. дыял. niet ’тс’, балг. дыял. нет ’не’ (Спис, на Бълг. ак. на науките. Кл. ист.-филол., кн. 8. София, 1914, 99). Зафіксаваную ў Бібліі Скарыны і ў Евангеллі Цяпінскага (1580) форму нѣтъ Карскі (2–3, 7, 260) выводзіць з ne + je + тоу (гл. не, ёсць, тут); параўн. у апошняга ў паралельных тэкстах: ст.-бел. ничого нетъ, ст.-слав. ничегожѣ есть (гл. таксама Сабалеўскі, Лекции, 249; Праабражэнскі, 1, 596; Фасмер, 3, 67); меркаванні адносна рус. і ўкр. нет/ніт: з ne‑je‑tъ (Шлякаў, РФВ, 21, 230–232) або з ně‑tu (дзе < něstь, Міклашыч, 3, 320; Зубаты I, 2, 410), параўн. не́ту ’няма’ (Нас.), рус. дыял. нету ’няма’; выказваецца думка, што абедзве зыходныя формы (з часціцай і прыслоўем tu) былі аўтаномныя, што не выключана іх далейшае збліжэнне (ESSJ SG, 2, 483). Балг. нет ’не’ хутчэй за ўсё паралельнае да дыял. ет ’ёсць’, якое лічаць вытворным ад е ’тс’ з ‑т пад уплывам канчаткаў 3‑й ас. адз. л. дзеясловаў тыпу хо́дит, мислит і пад. (БЕР, 1, 512). Гл. таксама Львоў, РР, 1968, 3, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нядзе́ля ’нядзеля, рус. воскресение’ (Нас., Гарэц., Булг.), ’нядзеля; тыдзень’ (Яруш., Грыг., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’тыдзень’ (Бяльк., Касп.), укр. неділя ’нядзеля’, рус. неделя ’тыдзень’, польск. niedziela ’нядзеля’, чэш. neděle ’нядзеля; тыдзень’, славац. nedeľa ’тс’, палаб. nidelʼɛ ’тс’, в.-луж. njedźela ’тс’, н.-луж. njeźela ’тс’, славен. nedélja ’тс’, серб.-харв. нѐдеља ’тс’, макед. недела ’тс’, балг. неделя ’тс’, ст.-слав. недѣлꙗ ’тс’. Прасл. *nedělja, лічыцца калькай з лац. feria, сярод значэнняў якога ’свята; вольны ад работы дзень’; менш верагоднай крыніцай з’яўляецца грэч. ἄπρακτος (ἥμερος) са значэннямі ’бязмэтны; які праводзіцца ў бяздзеянні, нерабочы’ (Фасмер, 3, 57); паводле Львова (Зб. Нахцігалю, 186–187), ст.-слав. недѣлꙗ магло з’явіцца і ўвайсці ў славянскія кнігі ў Маравіі са значэннем ’стан нядзеяння’, дзе другая частка *дѣлꙗ як у слове дрѣводѣлꙗ ’цясляр’ і пад. (гл. дзеля). Перанос назвы з дня тыдня, ад якога вялі адлік, на адрэзак часу пасля гэтага дня: ’нядзеля’ — ’тыдзень’, параўн. рус. арх. ле́то ’год’ < ле́то ’лета’. Гл. таксама Дурнаво, RÉS, 6, 107; Матушэўскі, Słowiański tydzień. Łódź, 1978; Сямчынскі, Семант. інтэрф. мов. Київ, 1974, 178; Ферлюга–Пятроніа, Živa antika, 34, 1–2; 43–48. Сюды ж нядзе́льнікаваць ’адпачываць, па-святочнаму прыбірацца’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліня́ць ’траціць першапачатковы колер, выцвітаць’, ’мяняць поўсць, шэрсць, пер’е’, ’лупіцца’, ’прападаць’ (Нас., Касп., ТСБМ, Сцяшк., ТС; в.-дзвін., лях., гродз., даўг., Сл. паўн.-зах.), ліна́ць ’тс’ (віл., ваўк., швянч., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Нас.), ліне́ць ’тс’ (трак., Сл. паўн.-зах.), ліні́цца ’тс’ (петрык., Шатал.), ліня́ць ’худнець’ (Юрч. Вытв.). Укр. линя́ти, рус. линя́ть, славін. l’əńwc, мар. liňat, серб.-харв. лѝњати (се). Прасл. linjati побач з блізкім паводле сваёй будовы, linati (бел. лінаць, укр. линати, рус. смал. линать, н.-луж. linaś, в.-луж. linać, чэш. línati), а таксама liněti (бел. лінець, укр. лині́ти, рус. линеть, польск. linieć, ст.-чэш. líněti, славац. lieniť sa, макед. линее, балг. линея). Паводле Слаўскага і інш. (гл. 4, 268), узыходзяць да незахаванага прыметніка *linъ, параўн. літ. leĩnas ’тонкі, гнуткі’, laĩnas ’тонкі, высмаглы’, с.-в.-ням. bi‑linnan ’уступіць, аслабець’. Бернекер (7, 222) і Майргофер (2, 102–103) звязваюць разглядаемыя лексемы са ст.-інд. linăti ’курчыцца, гнецца, туліцца’, láyatē, lī́yate, liyati ’растае, прыціскае, знікае’. Лексемы збліжаюцца таксама са ст.-грэч. ἀλῑ́η ’мажу, націраю’, λῑτός ’гладкі’, лац. lino livi (lēvi), litum, ‑ere ’намазваю’. Аснова lin‑ чаргуецца з lěn‑ і lěv‑ (Фасмер, 2, 499). Гл. таксама лінёвішча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́пец1, лі́пэць ’ліпень’ (Нас., Яруш., ТСБМ, Бес.; воран., Шатал.; смарг., паст., Сл. паўн.-зах.), ст.-бел. липецъ (XVI ст.). Запазычана са ст.-польск. lipiec (Жураўскі, SOr, 1961, 10, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 185; Арашонкава, БЛ, 2, 47). Адна к Слаўскі (4, 273), прыводзячы ў якасці роднасных рус. липец ліпень’, укр. липець ’тс’, паўд.-слав.: серб.-харв. ли̏пац ’від ліпы’, славен. lȋpec ’ліпа лясная’, выводзіць прасл. lip‑ьcь, які называў сёмы месяц. Да лі́па (гл.). Сюды ж ліпцовы (мёд) ’сабраны з ліпы ў час яе цвіцення’ (ашм., З нар. сл.).

Лі́пец2 ’ліповы мёд’ (Нас., ТСБМ), палес. лі́пэ̂ц ’тс’ (Анох.), укр. липець ’тс’, рус. цвяр. липец ’тс’, ’напітак з мёду’, польск. lipiec ’тс’. Прасл. lip‑ьcь (Слаўскі, 4, 273). Да лі́па (гл.).

Лі́пец3, лі́пяц ’праполкі (слуц., Сл. паўн.-зах.). Да кораня ліп‑ (ліпнуць, ‑липати). Гэта пацвярджаецца і тлумачэннем інфарматара: «Ліпец — гэта клей, якім пчолы залівалі шчыліны ў вуллі».

Лі́пец4 ’павітуха льняная, Cuscuta epilinum Weihe’. Да ліпнуць (гл.). Названа паводле таго, што гэта расліна-паразіт абвівае расліну-гаспадара, прысмоктваючыся да яе сваімі прысоскамі (БелСЭ, 7, 590). Тое ж адносіцца і да рус. липец ’маруна ўчэпістая, Galium aparine L.’, укр. липник ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Майда́н1 ’плошча, дзе збіраюцца сходы, адбываюцца кірмашы’, ’вялікі двор або пляц (у маёнтку)’ (ТСБМ, Булг., Сцяшк.; Сл. ПЗБ; палес., Нар. сл., ТС), ’пастаўнік у полі’, ’прыбудоўка да хлява’, ’загарадзь для свіней, цялят перад хлявом’ (бяроз., Шатал., зах.-палес., Нар. сл.; брэсц., ДАБМ, к. 232), ’вялікі ўчастак ворнай зямлі’ (Бір.; нясв., Яшк.; мазыр., З нар. сл.), ’шырокая прастора, вялікае гала’ (стол., Яшк.; іван., усх.-палес., Нар. сл.), ’смалакурня, месца, дзе былі прамысловыя збудаванні лясных або рыбных промыслаў, дзе выганялі дзёгаць, выпальвалі кавальскі вугаль’, ’яма, дзе гналі смалу’, ’яма для дзёгцю’ (Бяльк., Маш.; стол., бых., Рам. 3; слаўг., Яшк., Растарг.; гродз., мін., Яшк.; Сл. ПЗБ). Укр. майда́н ’плошча’, ’лясная паляна’; ’смалакурня’, рус. майда́н ’плошча, месца сходак’, ст.-рус. маидан ’базарная плошча’, польск. majdan ’плошча ў лагеры для кірмашоў і нарад, акружаны палаткамі’, ’базар’, ’смалакурня’. Бел. лексема запазычана хутчэй за ўсё праз укр. мову з крым.-тат. mäidan, тур. meydan, якія паходзяць з араб. majdān (Фасмер, 2, 559; Радлаў, 4, 1990, 2069; Бернекер, 2, 6; Брукнер, 318).

Майда́н2 ’зарослы хмызняком роў’ (Бяльк.), рус. майда́н ’прасека ў лесе на высокім месцы’ складаюць адзін арэал. Да майда́н1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асо́ба (БРС, Нас., Яруш.). Рус., укр., балг. особа, серб.-харв. о̀соба, польск., чэш., славац., славен. osoba, в.-луж., н.-луж. wosoba. У старабеларускай са значэннем ’форма, сукупнасць рыс, твар’ (Гіст. мовы, 1, 219). У ст.-рус., ст.-слав. толькі особь, ст.-рус. особѣ ’особна’. Літ. asabà ’асоба’ з польскай ці беларускай (Фрэнкель, 18). У польск. osoba з XV ст. Звычайна лічаць, што назоўнік утвораны з прыслоўнага выразу о собѣ ’особна’ (Фасмер, 3, 162). Гэта, аднак, незвычайны шлях утварэння назоўнікаў. Хутчэй трэба лічыць утвораным з вядомага ўжо ў стараславянскіх помніках дзеяслова особити (сѧ) ’жыць асобна’ як бяссуфіксны назоўнік. Рускае слова, вядомае з пачатку XVIII ст., Вінаградаў, Очерк, 32; Фасмер лічыць запазычаным з польскай, а Шанскі, КЭСРЯ, 315, — агульнаславянскім. Улічваючы час фіксацыі рускага слова (прыкладна на стагоддзе пазней, чым у заходнерускіх помніках), магчыма, трэба пагадзіцца з Вінаградавым і інш. Позняя фіксацыя і старабеларускія значэнні гавораць у карысць таго, што беларускае слова трэба лічыць запазычаным з польскай, дзе пашырана, магчыма, пад чэшскім уплывам. Дзеяслоў *osobiti ўтвораны непасрэдна ад прыслоўнага выразу *о sobě ці, хутчэй, ад праславянскага прыметніка *osobъ, што захаваўся ў выглядзе асобы, утворанага ад *о sobě; адсюль і асобны (*osobьnъ); ад асоба ’персона’ — асабовы, асабісты (магчыма, на польскай глебе).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астало́п ’дурань, тупіца, невук’ (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Бір. дыс.). Рус. остоло́п ’тс’. Параўн. яшчэ стаяць асталопам ’стаяць аслупянеўшы’ (Нас., Бяльк.), асталопіна (Нас., Бяльк., Касп.). Ужо Даль слушна звязваў гэта слова з стоўб/стоўп ’слуп’, што прынялі Міклашыч, 321; Гараеў, 242. Пісаў пра гэта слова Сабалеўскі (РФВ, 64, 124; ЖМНП, 1897, № 7). Праабражэнскі (1, 665), Шахматаў (Очерк, 281) паяснялі другім паўнагалоссем рускую форму, а Карскі (1, 257) — беларускую, прыводзячы і бел. столап. Неадназначна рашаецца пытанне пра паходжанне a‑, а разам з тым і пра канкрэтную этымалогію слова. Праабражэнскі, Шанскі, (КЭСРЯ, 316) лічаць, што зыходнай была дзеяслоўная форма остол(о)пѣти ’аслупець’, адкуль бяссуфіксны назоўнік асталоп. Булахоўскі (Тр. ИРЯ, 1, 160) убачыў тут кантамінацыю стол(о)п і олух. Улічваючы наяўнасць у смаленскіх гаворках (Мат. Смал.) слова остолоп ’драўляны слуп у ёўні’, трэба, відаць, пагадзіцца з Фасмерам, 3, 165, які тлумачыў асталоп ’дурань’ як пераноснае ўжыванне слова, што азначала ’слуп’, і параўноўваў яго з полено, дубина, чурбан. У карысць такога тлумачэння сведчыць, відаць, і выраз асталопам, дзе творцы склон тлумачыцца як параўнальны (як асталоп). А‑ ў гэтым выпадку пратэтычнае, або прэфіксальнае (параўн. рус. остолпие ’капітэль’, ст.-рус. остълпление ’каланада’). Гл. стоўб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)