Кішэ́ць ’мітусліва рухацца ў розных напрамках’ (ТСБМ, Шат., Сл. паўн.-зах., Сержп., Нік. Напаў., КЭС, лаг.). Укр. кишіти, рус. кишеть ’тс’. Перш за ўсё гаворка пра насякомых, чарвей, змей. Адсюль параўнанне са ст.-чэш. ksenci (*kъš‑en‑ьcь) ’малькі, вывадак земнаводных’ (Зубаты, Studie, 1, 1, 33). Усходнеславянскія лексемы адпавядаюць прасл. kyšěti, якое генетычна суадносіцца з літ. kušė́ti ’кішэць’, kùšti ’пачаць рухацца (для масы жывых істот)’, kuštė́ti ’шавяліцца, варушыцца, развівацца’ (параўн. значэнне чэшскай паралелі), лат. kustêt ’рухацца, шавяліцца, варушыцца’ (Фасмер, 2, 242). У якасці іншых індаеўрапейскіх паралелей прапануюцца ст.-грэч. κυκάω ’змешваць, муціць, бурліць, мітусіцца’, κυκεών ’мешаніна’, κυκητής ’падбухторшчык’. Магчымасць супастаўлення прасл. kyšěti з літ. kušė́ti (ū: ) і ст.-грэч. κυκάω выцякае з рэгулярнасці суадносін x ∼ š ∼ k, што ў сваю чаргу сведчыць аб як адной з крыніц прасл. x. Прасл. kyšěti < *kyxěti, літ. š у kušė́ti з і.-е. , а k у старажытнагрэчаскіх формах пацвярджае гэту рэканструкцыю (Мартынаў, Слав. акком., 124–125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смок1 ‘вясёлка, радуга’ (Гарэц., Бяльк., Шатал.; ашм., Стан.; свісл., Сцяшк. Сл.; астрав., Сл. ПЗБ), шмок (szmok) ‘вясёлка’ (Арх. Федар.). Укр. цмок, польск. smok powietrzny ‘тс’. Магчыма, аддзеяслоўнае ўтварэнне ад смактаць (гл.), з прычыны распаўсюджанага ў славян уяўлення, што вясёлка смокча ваду з мора, рэк і азёр для дажджу (Толстой, ОЛА, Исследов., 44–45). Аднак больш верагодна, што слова тоеснае са смок3, цмок (гл.), і ў гэтым выпадку адлюстроўвае архаічную семантыку; параўн. заўвагу ў Іванова і Тапарова (Иссл., 146 і наст.) “об общеафриканских представлениях о змеях — поглотителях вод, чаще всего выступающих в виде радуги”; гэтыя ўяўленні шырока распаўсюджаны і ў іншых месцах свету (Мифы, 1, 469).

Смок2 ‘помпа; жалезная вадасцёкавая труба; пажарная труба, шланг’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), ‘соска’ (Сцяшк. Сл.). Укр. смок, польск. smok ‘тс’. Да смактаць, параўн. Брукнер, 503; Праабражэнскі, 2, 336–337; ЕСУМ, 5, 325.

Смок3змей, дракон’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.; кам. Жыв. НС), ‘казачная істота, якая сваім дыханнем прыцягвае да сябе сваю ахвяру’ (Варл.), ‘міфічная істота’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. смокъ: смокъ, яду напо(л)нены (Рам., Выбр. тв., 79). Гл. цмок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лю́ты ’злы, крыважэрны (пра жывёл)’, ’жорсткі, бязлітасны’, ’кровапралітны’, ’невыказна цяжкі’, ’суровы, крайне строгі’, ’вельмі моцны ў сваім праяўленні’, ’сіберны (пра з’явы прыроды), рэзкі, халодны’ — адсюль і назва другога месяца каляндарнага года — лю́ты (Нас., Бяльк., Шат., Гарэц., Бес., Яруш., ТС, ТСБМ). Булахаў (Гіст., 121–122) для ст.-бел. лютый вылучае наступныя значэнні: ’дзікі, неўтаймаваны, драпежны (звер)’, ’раз’юшаны, шалёны (чалавек)’, ’вельмі жорсткі, крывавы, кровапралітны (бой, зброя, сеча)’, ’бязлітасны, пакутлівы, вельмі цяжкі (стан здароўя)’, ’надзвычай халодны, марозны (зіма, другі месяц года)’. Укр. лю́тий, рус. лю́тый, люто́й, польск. luty азначаюць ’строгі, дзікі, бязлітасны, жорсткі’, ’халодны, марозны’ і ’другі месяц зімы’; толькі ў серб.-харв. гаворках лути мае апошняе значэнне; у іншых мовах: чэш. litý, ст.-чэш. lʼutý, славац. ľúty, славен. ljȗt, серб.-харв. љу̑т, макед. лут, балг. лют, ст.-слав. лютъ абазначаюць ’дзікі, злы, востры, строгі, бязлітасны, крыважэрны, крохкі, ломкі, кіслы, вельмі горкі, нязносны, атрутны’ і да т. п. Прасл. lʼutъ, якое збліжаюць з кімр. llid (< *lūto ’гнеў, раз’юшанасць’), з тах. прыслоўем lyutār ’вельмі’. Трубачоў (Эт. сл., 15, 236) суадносіць яго з і.-е. *leu‑, *leu̯ǝ‑, *lēu‑, ’аддзяляць’. Іншыя менш імаверныя версіі і л-ру гл. Фасмер (2, 547), Скок (2, 340–342), Бязлай (146), БЕР (3, 581–584). Сюды ж лю́тасць ’люты, раз’юшаны, гнеўны стан’ (ТСБМ). Аб бел. палютый, укр. палютий — назва 13‑га месяца паміж зімой і летам (вясной) гл. Шаўр (Этимология–71, 93–101). Аб выразе лютый звѣрь ’дзікая жывёла (леў, барс, мядзведзь і інш.’, ’казачная жывёла (змей, гривь)’ гл. артыкулы Сумнікавай, Сабаляўскаса і Іванава ў БСИ, 1984, 59–79.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́ні ’зімовая павозка на палазах’, са́нкі ’памяншальнае да сані’ (Касп., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Шушк.), ’сківіцы; ніжняя сківіца’ (Бяльк., Гарэц.; арш., докш., КЭС; Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом.), санькі ’санкі’ (Янк. 1), sanka ’часць плуга, па якой ён сунецца па зямлі’ (Тарн.), са́ннік ’майстар рабіць сані’ (Янк. 3., Гарб.), санны́к ’колькасць сена або саломы, што змяшчаецца на санках’ (Сл. Брэс., Клім.). Укр. са́ни ’сані’, са́нка ’полаз’, рус. са́ни, ст.-рус. сани, ст.-рус., ц.-слав. сань ’змяя’, польск. sanie, sanki ’сані’, sannice ’палазы’, в.-луж. sanje, н.-луж. sáne ’сани’, чэш. sáně ’сані; сківіцы, скула’, saň ’дракон, змей’, славац. sane ’сані’, серб.-харв. са̏они, славен. sanȋ, балг. са́нка ’сані’. Слова не вельмі яснага паходжання. Запазычанне з фін. cionne ’від саамскіх саней’ (Каліма, RS, 6, 82 і інш.) або набліжэнне да тат. čana ’сані’, казах. šana, манг. čana, бурац. sana ’санкі, лыжы’ (Радлаў, 4, 286; Рамстед — гл. Фасмер, 3, 556–557) адвяргаецца шэрагам аўтараў, якія схіляюцца да славянскага паходжання слова, гл. Фасмер, там жа з літ-рай. Звярталася ўвага на паралелізм значэнняў ’сані, санны полаз’, ’змяя’ у слова сані і полаз ’санны полаз, змяя’. Узнаўляецца прасл. *sanь (Шустар-Шэўц, 2, 1269) або *sani (Махэк₂, 537; Сной₁, 554). Агульнай назвы для саней у індаеўрапейскай мове няма. Найбольш пераканаўчым лічыцца параўнанне з літ. šónas ’старана’, лат. sãns ’тс’, першапачаткова ’рабро’. Сувязь з грэч. σανίς ’паля; бэлька, тоўстая дошка’ лічыцца сумніцельнай. Гл. Зубаты, AfslPh, 16, 416 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 804 і наст.; Траўтман, 298. Абаеў, 1, 398 параўноўвае слав. словы з асец. з̌опуд̌/сопӕд̌ ’сані; сківіца’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 476–478; Борысь, 538.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нягоднік, нікчэмнік, мярзотнік, вылюдак, вырадак, ліхадзей; недавярак, паршывец, паскуднік, паскуда, поскудзь, брыда, брыдота, паганец, падла, падлюга, падлюка, шэльма, гіцаль, акаянец, абармот, плюгавец, прахвост, гад, гадасць, нелюдзь, латрыга, дзяржыморда, сволач, свалата, злыдзень, жываглот, псяюха, псялыжнік, падкалоднік (разм.); зараза, цаца, злодзей, разбойнік, пачвара, халера, чорт, звер, сабака, сука, псіна, гніда, змей, скула, дэгенерат, азіят, езуіт (лаянк., перан.) □ лысы чорт, сукін сын

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Расама́ха1 ’драпежная млекакормячая жывёла сямейства куніц, Gulo borealis’ (ТСБМ), ’звер расамаха, Chiromis’ (Байк. і Некр.), ’звер ласка, Mustela gulo’ (Некр. і Байк.), ’звер’ (Янк. 1; з заўвагай: “гэты звер тут не водзіцца”), ’звер’ (гом., ГЧ), ’хіжы звер у Сібіры’, ’воўк-канятнік’ (Ласт.), росома́ха ’драпежная жывёліна, расамаха(?)’ (ТС), параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха ’звер Gulo gulo з сямейства куніц’, рус. росома́ха ’тс’, польск. rosomak ’тс’. Хутчэй за ўсё, старажытная назва; паводле Трубачова (ВСЯ, 3, 123), з больш ранняга *сорома́ха (< прасл. *sormaxa, параўн. літ. šarmuõ, šermuõ ’гарнастай, ласка, дзікі кот’), што спарадычна адзначалася ва ўкраінскіх і беларускіх дыялектах (Трубачоў у Фасмера, 3, 505, параўн. тураў. сарома́ха, гл.), з якога шляхам метатэзы складоў утворана сучасная назва. Бяднарчук (ABSl, 9, 46) схіляецца да балтаславянскага запазычання з уграфінскіх моў, параўн. марыйск. sõrmõ, šurmaŋšõ ’рысь’, саамск. čoŕma, čierma ’воўк’, вацяцк. śor ’куніца’ і інш. Ранняя фіксацыя ў наўгародскай берасцяной грамаце канца XIV ст. (Залізняк, Древненовг., 523) у форме росомуха (бѣла росомуха) ’нейкі пушны звер’ (гл. Чарных, 2, 123), як быццам, сведчыць пра такі шлях запазычання, аднак, у сувязі з гэтым, метатэза складоў павінна была адбыцца вельмі рана. Нельга выключыць, што на гэта магла паўплываць старая славянская міфалагічная назва са значэннем ’злы дух, страшыдла’, гл. расамаха2. Сляды рэальных ведаў пра нейкага драпежнага звера ўсё ж прысутнічаюць у гаворках, параўн.: росома́ха нападае на худобіну і задніцу вуесць; а ека та росомаха, то не ведаем (ТС); rosomácha, rysamácha ’расамаха’ (Арх. Федар. з заўвагай: “Вынішчана ў слонімскіх лясах у 1831 г.”). Табуізацыя першапачатковай назвы і яе сувязь з *sorom (< і.-е. kʼormos, гл. сорам, што звязваецца з старой назвай куніцы і.-е. kʼor‑mōn), на якой настойвае Трубачоў (ВСЯ, 3, 120–124), таксама можа тлумачыцца ўплывам міфалагічнага персанажа. Меркаванні аб шляхах пранікнення назвы ў іншыя еўрапейскія мовы з усходу, а таксама аб магчымых крыніцах запазычання, гл. Брукнер, 463; Кіпарскі, ZfslPh, 20, 359 і наст.; Фасмер, 3, 504505; SEK, 4, 209.

Расама́ха2 фальк. ’страшыдла ў вобразе жанчыны, у якой распушчаныя валасы і стальныя грудзі, ёю страшаць малых дзяцей’ (Янк. 1), ’злы дух у постаці чалавека з звярынай галавой і лапамі, жыве ў каноплях’ (Ласт.), ’персанаж з дэманалогіі’ (Сержп. Грам.), ’нечысць, ёй становіцца маці, забіўшая сваё дзіця і ўтапіўшаяся’ (гом., ГЧ), расама́ка: расамака жыве ў каноплях, а русалка ў вадзе (валож., Жд. 2), перан. ’неахайная жанчына’ (барыс., там жа), ’няўклюда’ (пухав., Жыв. сл.), ’непрычэсаная, неахайная жанчына’ (Мат. Маг.), росома́ха ’жанчына з распушчанымі, непрыбранымі валасамі’, ’пра неахайную жанчыну (у параўнанні)’: ідзе бі росомаха; роспейсаласа, як росомаха (ТС), расама́ха ’неахайная жанчына’ (смарг., Сл. рэг. лекс.), ра́сумак ’непрычасаны чалавек’: ходзіш, як расумак (Мат. Маг. 2), русума́ка ’нямыты, мурза, няхлюя’, русума́чка ’мурза, смаркачка’ (Нас.). Параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха, рус. дыял. росома́ха ’міфічная істота з доўгімі распушчанымі валасамі’, ’неакуратная, неахайная жанчына; лахудра’; магчыма, сюды таксама літ. razumùkas, razimùkas ’пачвара, страшыдла, што сядзіць на гарышчы’, ням. прус. Rosemòck, Rosumòck, Rasumùck ’страшыдла, прывід; неспакойны, благі, неахайна апрануты чалавек’, ням. дыял. Rosemock ’дэман, якім страшылі дзяцей; бялізны чалавек, волат’ (Кіпарскі, ZfslPh, 20, 365; SEK, 4, 209). Няясна. Звычайна выводзяць з расамаха1 на падставе пераносу назвы паводле знешняга вобліку звера, які, аднак, на большасці тэрыторый, дзе ўжываецца слова ў дэманалагічным і пеяратыўным значэнні, застаецца невядомым. Звяртае на сябе ўвагу характаралагічны прызнак — наяўнасць растрапаных валасоў ці краёў адзення, што дазваляе звязаць названыя формы з варыянтнай асновай *ręs‑ (параўн. расаматы, раса́2, гл.), *ros‑/*rus‑ (параўн. роса́ўка, руса́ўка: у руса́ўкі жэлезные цыцкі і косы роспушчэны; ру́савы дзед, гл.), *ras‑ (ра́ся ’неахайная жанчына’, гл.). Страхаў (Paleoslavica, 13, 1, 6–8) першасным значэннем лічыць ’непрычасаная, растропа’ і праз рус. дыял. (іванаўск.) россома́ха ’развілістае дрэва’ з устаўным экспрэсным суфіксам ‑(о)ма‑ (параўн. рус. костома́ха ’вялікая костка’) збліжае з рассо́ха (гл. расоха, расахатае дрэва), якое можа мець другаснае значэнне ’неахайная, непрычэсаная’, параўн. каш. rosoxa ’жанчына з заблытанымі валасамі’, rosoxati ’лахматы, калматы’, гл. расахаты ’раскудлачаны’: расахатая галава (Сл. ПЗБ). У такім выпадку расамаха2 < расоха (“з пашыранай асновай”, там жа), а расамаха1 ў выніку пераносу назвы на Gulo borealis па табуістычных меркаваннях. Аднак трактоўку пачатку слова як прыстаўкі рос‑ (< *orz‑) у святле існуючых варыянтных форм нельга прызнаць пераканаўчай. Па тых жа меркаваннях нельга прыняць этымалогію Чарных (2, 123) з *розсъмокъ (параўн. старыя напісанні разсамака, рассамак, розсомахи, XVII ст.), што да смок (< съмок) ’змей, цмок’ і далей да смактаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)