Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЖО́ВЫЯ (Colubridae),
сямейства змей, 7—8 падсям., больш за 200 родаў, каля 1700 відаў (больш за 60% сучасных змей). Пашыраны на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Наземныя, рыючыя, дрэвавыя, паўводныя і водныя. Найб. вядомыя: вуж звычайны, мядзянка, полазы, страла-змяя. На Беларусі 2 віды — вуж звычайны і мядзянка, занесеная ў Чырв. кнігу.
Даўж. 10—350 даўж.. Выгляд і афарбоўка разнастайныя. Цела ўкрыта зверху аднароднай гладкай або рабрыстай луской, знізу брушнымі шчыткамі. Зубы шматлікія, у некаторых заднія верхнясківічныя больш буйныя і злучаны з ядавітай залозай. Большасць вужовых яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя. Кормяцца беспазваночнымі і дробнымі пазваночнымі. Здабычу душаць або паядаюць жывой. У Чырв. кнізе МСАП 10 відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЗМЕ́І (Hydrophiidae),
сямейства ядавітых змей. 16 родаў, больш за 50 відаў (паводле інш. звестак каля 100). Пашыраны ў трапічных водах Індыйскага і Ціхага акіянаў.
Даўж. да 2,75 м. Задняя частка тулава і кароткі хвост веслападобна сціснуты з бакоў. Галава маленькая, укрыта буйнымі шчыткамі. Могуць доўга знаходзіцца пад вадой, засвойваюць раствораны ў вадзе кісларод праз слізістую абалонку ротавай поласці. Парныя ядавітыя зубы знаходзяцца на верхняй сківіцы. Яд больш таксічны, чым у наземных змей, асабліва для халаднакроўных (рыбы і інш.). Кормяцца пераважна рыбай. Большасць відаў яйцажывародныя; нараджаюць 1—2 дзіцяняці ў вадзе, некат. — на сушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́ЎКСІС (Zeuxis),
старажытнагрэчаскі жывапісец канца 5 — пач. 4 ст. да н.э. Імкнучыся да ілюзорнасці выяўлення, адным з першых выкарыстаў у карцінах (вядомы па ант.літ. крыніцах і рым. копіях) святлаценявую мадэліроўку («Алена», «Немаўля Геракл душыць змей», «Сям’я кентаўраў»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМУ́ЧЫЯ ЗМЕ́І, грымучнікі,
змеі сямейства ямкагаловых. Вядомы 2 роды: карлікавыя грымучнікі (Sistrurus), у складзе якіх 3 віды, і сапраўдныя грымучнікі (Crotalus) — 28 відаў. Большасць насяляе трапічныя лясы, паўпустыні і пустыні Паўн. Амерыкі, 1 від — каскавела, або страшны грымучнік (Crotalus durissus), жыве ў Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы грымучнік паласаты (Crotalus horridus).
Даўж. цела да 2,4 м. На галаве ямка з «тэрмічным вокам» для ўспрымання цеплавых інфрачырв. прамянёў, што дапамагае знаходзіць корм у цемнаце. Ядавітыя зубы на верхняй сківіцы. На канцы хваста бразготка з рагавых конусаў (відазмененая луска), ад трэння якіх пры ўзбуджэнні ўтвараюцца гукі (адсюль назва), чутныя на адлегласці да 30 м. Яйцажывародныя. Укусы грымучых змей смяротныя для дробных жывёл і небяспечныя для буйных жывёл і чалавека. Ад некаторых грымучых змей атрымліваюць яд.