укруці́ць, укручу, укруціш, укруціць; зак., каго-што.

1. Круцячы што‑н., уставіць, уціснуць у сярэдзіну чаго‑н. Укруціць лямпачку ў патрон. □ [Ванька] шпурнуў пад ногі недакурак, укруціў яго абцасам у пясок. Місько.

2. Захутаць, завінуць у што‑н. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнку і пачала забаўляць. Даніленка. [Жанчына:] — Ды абед, пэўна, астыў, хоць я яго ўкруціла і паставіла ў стог. Гурскі. // Абматаць чым‑н. Замест замка .. [Антон] укруціў дротам клямку і рушыў з двара. Чорны.

3. Убавіць, прыкруціць што‑н. Дзядзька Пракоп укруціў кнот лямпы, і ў зале як бы змерклася. Сабаленка.

4. Уматаць у што‑н. Укруціць канец вяроўкі ў кола.

5. Разм. Махлюючы, прысвоіць сабе што‑н. чужое, не аддаць чаго‑н. узятага, пазычанага. У закусачнай сапраўды кралі .. Касіры .. рабілі падробкі ў ведамасцях, калі здавалі грошы, каб укруціць і сабе. «Вожык».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схі́льны, ‑ая, ‑ае; да чаго, з інф.

1. Які мае схільнасць да чаго‑н. Схільны да навукі. □ Горш за ўсё .. [Васіль Паўлавіч] ненавідзіць людзей, схільных да якіх-небудзь махінацый, ашуканства. Кулакоўскі. Большасць вучоных схільна думаць, што кашалот даваў нырца ў пошуках харчу і выпадкова натрапіў на кабель. Матрунёнак. // Які мае задаткі да чаго‑н. Схільны да меланхоліі. Схільны прастуджвацца.

2. Які выказвае прыхільнасць, слабасць да чаго‑н. Адны — рыбалку паважаюць — Ля пелькі з блешняй могуць векаваць. Другія — ў даміно казла ганяюць. А трэцім падабаецца спяваць. Трапляюцца і схільныя да пляшкі. «Вожык». [Ванда Адамаўна:] — Яны, маладыя, схільны да ўсяго новага. Грамовіч.

3. Які мае які‑н. намер, жаданне; гатовы да чаго‑н. [Камсорг] бачыў, што сход не схільны асуджаць учынак Былінскага. Шахавец. Ён, як кадравы ваенны, камандзір, быў схільны не толькі весці разведку, але і распачынаць партызанскую вайну тут, у стэпах. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валасы, чупрына, чуб, шавялюра, локаны; кудзеркі (памянш.-ласк.); космы, стрыжакі, кучары (разм.); кудлы, патлы, каўтуны, грыва (разм. зняваж.) / пучок: хахол; віхор, віхры (разм.) / коратка падстрыжаныя: вожык / у хвалістых завітках: буклі (уст.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

ру́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Перамяшчаць, пхнучы ці цягнучы. Рухаць воз. // перан. Кіраваць перамяшчэннем каго‑, чаго‑н., накіроўваць куды‑н.

2. што. Прыводзіць у рух, прымушаць дзейнічаць. Рухае яго, кран гэты, і кіруе стромкай стралой пастаўлены ў зграбнай будцы самы сапраўдны трактар. Шынклер. [Рыбнікаў:] Пара можа і лакаматыў рухаць, і кацёл узарваць. Крапіва.

3. чым. Рабіць рухі, варушыць якімі‑н. часткамі цела. Рухаць рукамі. □ Свае праклёны .. [служка] шаптаў вечна і да таго прывык гаварыць сам з сабою, што нават у сне рухаў губамі. Бядуля.

4. перан.; што. Садзейнічаць развіццю чаго‑н. І кожны чуў у ранішняй пераклічцы гудкоў магутны гул суладнай чалавечай працы, якая ўзнімала ўгору гарады і сёлы, якая рухала ўперад жыццё. Лынькоў. Дысертанту стварылі ўсе ўмовы, толькі пішы, рухай наперад навуку. «Вожык».

5. Разм. Тое, што і рухацца (у 2 знач.). — Цяпер можна рухаць далей каму куды трэба, — выказаў Рыгор. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пы́рхаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Лёгка пералятаць з месца на месца (пра птушак, матылькоў і пад.). З галінкі на галінку пырхалі, аб нечым пісклява перамаўляліся берасцянкі. Сачанка. Несціхана шчабяталі тут [у зарасніку] птушкі, гудам гула розная машкара, танцуючы, пырхалі рознакаляровыя легкакрылыя матылькі. Якімовіч. // перан. Лёгка і хутка хадзіць, рухацца. Марынка, памыўшыся і агледзеўшыся з дарогі, мятлікам пырхала па пакоі, прыглядаючыся да ўсяго. Хадкевіч.

пы́рхаць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. З шумам выпускаць паветра з ноздраў. Конік весела згрызаў маладую пахучую траўку і .. пырхаў. Колас. Вожык злосна пырхае, а пасля, мусіць, рассмакаваўшы.., пачынае хутка і часта, як кот, хлябтаць... Сачанка.

2. Разм. Смеючыся, утвараць прыглушаныя гукі. Хлопцы рагочуць. Не вытрымліваюць і дзяўчаты — пырхаюць у хусткі. Васілевіч.

3. Перарывіста, з шумам выпускаць паветра, пару, адпрацаваны газ. Далей ад гіганцкага катлавана пырхалі грузавікі з гравіем. Паслядовіч.

4. перан. Разм. Злавацца, выказваць незадавальненне кім‑, чым‑н. [Бабуля:] — Ён гэта пырхае, злуе, а пасля і сам рагоча. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. што і без дап. Перамешваць у топцы палаючае паліва, увесь час падкідаючы новае. Стараваты ўжо чалавек у ботах, галіфэ і ніжняй кашулі шураваў у топцы доўгай жалезнай качаргой. Нядзведскі. // Ачышчаць паверхню дна, каласнікі печкі, топкі і пад. ад шлаку, попелу. Хлапец завіхаўся з жалезнай лапатай, падкідваў у палаючую топку вугаль, шураваў каласнікі і ўсё ўсміхаўся. Лынькоў.

2. што і без дап. Разм. Старанна, энергічна мыць, церці, скрэбці, чысціць што‑н. [Валодзька:] — Бяры [Надзя] во швабру і шуруй. Падобраму — і я памог бы. Гроднеў.

3. перан. Разм. Развіваць бурную, энергічную дзейнасць; дзейнічаць, рабіць што‑н. энергічна, з запалам. І вось шуруюць — ездзяць [камісіі] на палі, Кароўнікі ды свірны правяраюць, Гросбух у бухгалтэрыі гартаюць... Корбан. Васіль шуруе граблямі — Працуе ля капніцеля. Ставер. // Хутка куды‑н. рухацца, крочыць, ісці і пад. [Алег:] — Аддайце яму ўсё... А ты, бацька, шуруй адсюль, чуеш? Радкевіч. Умова была простая: паставіш на ногі [грузавік] — сядай і шуруй!.. Ракітны.

4. перан.; што. Садзейнічаць хутчэйшаму развіццю чаго‑н., падштурхоўваць, паскараць наступленне чаго‑н. І каб «справа» не заглухла, ён [Іван Іванавіч] узмоцнена яе «шураваў». «Вожык».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Зменшыцца ў аб’ёме пад ціскам; згусціцца. Спружына сціснулася. Газы пад поршнем сціснуліся. // Разм. Скараціцца. Тэрміны сціснуліся, адпадае рад намечаных намі мерапрыемстваў. Шынклер.

2. Размясціцца шчыльна, сабрацца ў адным месцы, стоўпіцца. Сціснуліся, як селядцы ў бочцы.

3. Звузіцца (аб якой‑н. прасторы). Без таго вузкая стужка шашы нібы зусім сціснулася ў белай акантоўцы прыдарожных слупоў. Асіпенка.

4. Сабрацца ў камяк, скурчыцца; сагнуцца. Вожык так моцна сціснуўся, што ліс ніяк не мог даць яму рады. Ляўданскі. Таня сціснулася на возе ў камяк, падк[у]рчыўшыся і ўгнуўшы галаву. Пташнікаў. [Вася:] — А раз нехта ля куста стаяў, я сціснулася ўся, ляжу і не дыхаю. Быкаў.

5. Шчыльна злучыцца (пра губы, пальцы і пад.). У першую хвіліну .. [Нікіцін] здзівіўся, а потым зазлаваў, што аж рукі сціснуліся ў кулакі. Гурскі. Бушмаравы вочы ў той жа момант зажмурыліся, губы сціснуліся. Чорны. // Зблізіцца, насупіўшыся (пра бровы). [Лена:] — Ты не будзеш гневацца, калі я напішу Мікалаю пісьмо? — У Андрэя, як ад удару, сціснуліся бровы. Скрыган.

6. перан. Адчуць унутраны цяжар (у грудзях, горле). Але Косцік не чуў, што гаварыў Воўка. У грудзях у яго ўсё сціснулася, вочы заслаў нейкі туман. Арабей. // Адчуць боль пад уплывам якога‑н. пачуцця (пра душу, сэрца). У Віці сціснулася сэрца ад жалю і крыўды. Чарнышэвіч. Ганна не апусціла галавы, не разгубілася, а толькі сціснулася душой. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каманіца1 ’каманішнік лугавы, Succisa pratensis Moench’ (гродз., смал., маг., Кіс.), лоеў. каменішнік ’тс’ (Мат. Гом.), маг. куманща, куманічнік, каманішнік ’тс’ (Кіс., Мядзв.), маг. каманішнік ’чараўнік двухлісты, Platanthera bifolia (L.) L.C. Rich.’ (Кіс., Інстр. II), маг. каманічнік ’паўночнік палявы, Knautia arv«nsis (L) Coulť (Кіс.), а таксама, відавочна, у песні з Віцебшчыны: «кыманіца зіліная. маладзіца маладая» (Рам. 8). Укр. команиця. комонник, команд, /саманка ’канюшына, дзяцеліна, браткі’, рус. смал. комоница ’каманішнік’, польск. komonica ’рутвіца’, ст.-польск. ’баркун’, ’канюшына’, ’каманішнік’, в.-луж. komonica ’сорт канюшыны’, чэш. komonice. славац. komonica ’баркун’, ’канюшына’, славен. komónjica, komónika, серб.-харв. комољикач комонака, колгоншка, ’палын звычайны, чарнобыль’, ’рамонак’, балг. комоннга ’баркун, шалфеи’, комоннка ’чарнобыль’, ’браткі’. Прасл.⇉komonica//komunika < komonъ ’конь’, параўн. ст.-польск. konik, konicz, а таксама мар. končina і інш. ’канюшына’ = ’конская трава’. Большасць з гэтых траў з’яўляецца кормам або ўжываецца як лякарства для коней (Махэк, Jména, 120). Махэк (там жа) мяркуе, што ўсх.-слав. назвы запазычаны з польск. (гэта пацвярджае геаграфія), а польск. запазычаны са ст.-чэш. komonice (Бернекер, 1, 555; Фасмер, 2, 304–305; Махэк’, 272; Слаўскі, 2, 389–390; агляд іншых, менш пераканаўчых этымалогій гл. яшчэ БЕР, 2, 574, і Трубачоў, Эт. сл., 10, 175–177. Бел. форма з ‑ме‑ утварылася ў выніку народнай этымалогіі (атаясамленне з лексемай камень). Тое ж і ў каланіца’.

Камані́ца2 ’ажына’ (смал., КЭС), каменіца ’касцяніца камяністая, Rubus saxatilis’ (Маш.), камяніцы, камянічкі ’касцяніцы’ (едьск., нараўл., Мат. Гом.). Рус. комоница. команица, комон ика. команика, куманика. к у маны ха, куманица ’ажына’, ’касцяшка’, ’марошка’, ’чырвоныя парэчкі’, болгар, ’суніцы’, арханг. кумднька ’сорт ажын’, кастрам. команец ’чырвоныя парэчкі’. Бел.-рус. ізалекса. Да komonъ ’конь’, параўн. рус. комонь. кумань ’конь’ > ’конская ягада’ (Фасмер, 2, 414–415). Аналагічна иаводде назваў жывёл утвораны: кобр. мыдвэдыны ’ажына’ (Нар. лекс.), прасл. ežina ’ажына’ < егьвожык’, літ. gervuogė ’ажыны’ < gervė ’журавель’ або лісічкі, вавярушкі, ласі — назвы грыбоў.

Камані́ца3, каланіца ’мажная дзяўчына’ (хойн., Мат. Гом.). Укр. комониця ’бясплодная кабыла’, ’бясплодная жанчына’, ’распусніца’, рус. валаг. комоница, команица, комонница ’кабыліца’, ’ялаўка’. Да komonъ ’конь’, параўн. гом. комай ’тс’, свярдл. команина ’кляча’ (Этымалогію гл. Фасмер, 2, 304–305). Бел. лексема — у выніку семантычнага пераносу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. Утвараць глухія гукі, якія нагадваюць доўгі гук «ш-ш». Сярод падворка гусак грозна шыпеў на курэй. Карпюк. Вожык скруціўся ў клубок, а гадзюка, якую ён схапіў за хвост, шыпіць і стараецца ўкусіць яго. Ляўданскі. Толькі шыпеў кнот у лямпе. Асіпенка. / Пра яду, якая смажыцца і пад. На патэльні шыпела смажаная рыба. Шашкоў. / Пра дрэва, якое гарыць, распалены прадмет, палітыя вадой і пад. Шыпяць кулямётаў ствалы, Аж пара над імі віецца. Бялевіч. / Пра пару, газ, паветра і пад., якія выходзяць адкуль‑н. пад ціскам. Ззаду ярасна шыпеў, аднастайна гуў гарачы газавы струмень. Гамолка. Чутно было, як надрыўна шыпела пара, нешта трашчала, скрыпела, ламалася. Лынькоў. / Пра пену, хвалі і пад. Хвалі адна за адною набягаюць на бераг, шуршаць і шыпяць у рознакаляровых каменьчыках галькі. Паслядовіч. / Пра работу якіх‑н. механізмаў. Круціліся барабаны, шыпелі кампрэсары. Шыцік. На сцяне вялікі старынны гадзіннік шыпеў і адбіваў час. Грахоўскі.

2. Вымаўляць доўгі гук «ш-ш», патрабуючы цішыні, супакойваючы каго‑н.

3. Шапялявіць, гаварыць словамі, у якіх свісцячыя вымаўляюцца як шыпячыя гукі. — Бешкарышна, Гурновіч, шама рашай, шама... — у яго [Садоўнікава], наадварот, усе свісцячыя гукі шыпяць. Васілевіч.

4. Разм. Гаварыць здушаным, сіплым голасам, у якім адчуваюцца злосць, раздражненне і пад.; злоснічаць. — А ты не ведаеш? Забылася? — шыпела старая, калоцячыся, нібы ў ліхаманцы. Паўлаў. — Даўно я цябе не вучыў! — шыпеў Дракула, набіраючыся злосці. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ігла́, іго́лка (ТСБМ), го́лка (стаўб., Нар. лексіка, 157). Рус. игла́, иго́лка, укр. ігла́, го́лка, польск. igła, в.-луж. jehła, н.-луж. gła, палаб. jågla, чэш. jehla, славац. ihla, славен. ígla, серб.-харв. ѝгла, балг. игла́, макед. игла, ц.-слав., ст.-рус. игла, ст.-бел. игла — усе са значэннем ’прылада для шыцця’. З іншай семантыкай рус. смал. иго́лка ’кінжал’, польск. igła ’шпілька’, славен. igla ’шворан, прут’, балг. игла́ ’пруток’. Найбольш верагодна сувязь прасл. *jьgъla з *jьgo ’ярмо’ (гл. іга1). Махэк₂ (220–221) рэканструюе *jugulā ад і.-е. *jugo‑m, абапіраючыся на значэнне славац. дыял. jehlice ’палка, якая прасоўваецца праз канцы ярма для замацавання яго на шыі жывёлы’, параўн. грэч. ζεύγλη ’рэмень вакол шыі жывёлы як частка ярма’, лац. iugulae ’пояс Арыёна’. Адсюль першапачатковае значэнне ’змацавальная жэрдка, планка, перакладзіна’, Трубачоў, Эт. сл., 8, 213–214. Старыя семантычныя сувязі захавала не толькі славац. лексема, арэал распаўсюджання старажытнага значэння больш шырокі, параўн. рус. дыял. игла́ ’рухомая на восі сярэдняя частка спражкі, якая прасоўваецца ў дзірку рэменя (у вупражы, поясе і г. д.)’, ’частка воза’, вельмі часта з рознымі варыяцыямі ’перакладзіна, якой змацоўваюцца дошкі, бярвенні плыта, драўляныя сцены і г. д.’, славен. ígla ’клін праз ярмо’, ígelj, ȋgelje ’частка ярма’ (Безлай, 1, 208), ст.-рус. игла ’бервяно, брус, жэрдка для змацавання драўляных сцен’ (XVII ст.). Гэты ж семантычны цэнтр асноўны для вытворнага *jьgъlca (гл. ігліца). І.‑е. сувязі менш ясныя ці зусім няпэўныя. Параўноўваюць са ст.-прус. ayculo ’ігла’ < *aigulā (Міклашыч, 95; Слаўскі, 1, 443–445; Тапароў, А–Д, 59, сюды ж літ. aĩgara, aĩgaras ’саломінка’, áigyti ’калоць’, ’басці’) і грэч. αἰχμή ’вастрыё’, ἀῖκλοι ’вастрыё кап’я’ (БЕР, 2, 56; Фасмер, 2, 115, з заўвагай аб немагчымасці аддзяліць гэтыя паралелі ад балт. слоў са значэннем ’ражон, пожаг’: літ. iẽšmas, ст.-прус. aysmis). Далей, кімр. gwnīo ’шыць’, ірл. conōigim ’шыю’ (Цупіца, KZ, 37, 392; Мікала, RS, 1, 5–6). Сувязь з лац. aeger ’хворы, які пакутуе’, польск. jędza ’ведзьма, фурыя’ (Бернекер, 1, 423; Брукнер, 189), відаць, памылковая. Няпэўнае супастаўленне са ст.-ісл. igull, ням. Igellвожык’, слав. *ežь (Младэнаў, 196). Іншыя версіі: сувязь з грэч. ὀβολός ’манета’ (Мейе, BSL, 24, 1924, 137), супастаўленне з грэч. βέλος ’страла, кап’ё’, βελόνη ’вастрыё, ігла’, літ. geluonìs ’джала’ (Педарсан, KZ, 39, 393).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)