Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЖЫК»,
сатырычна-гумарыстычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца штомесячна ў Мінску на бел. мове. Пачаў выходзіць у ліп. 1941 як сатыр. плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» ў Гомелі, потым у Маскве. Са жн. 1945 часопіс «Вожык». Друкуе фельетоны, байкі, гумарэскі, апавяданні, пародыі, інтэрмедыі, скетчы, памфлеты, анекдоты, пераклады сатыр. твораў, карыкатуры, малюнкі, шаржы. З 1957 выдае «Бібліятэку «Вожыка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Вожык звычайны 3/145 (іл.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЖЫК ЗВЫЧА́ЙНЫ (Erinaceus europaeus),
млекакормячая жывёла сям. вожыкавых атр. насякомаедных. Пашыраны ў Еўропе, Азіі. Жыве ў лясах, лесастэпах, стэпах, на высечках, у пасевах с.-г. культур, на агародах, у садах, поймах рэк. На Беларусі трапляецца ўсюды.
Даўж. цела 20—31 см, маса 700—800 г. Спіна і бакі цела ўкрыты калючкамі, знізу — шорсткай поўсцю. Канечнасці пяціпальцыя, кіпцюры моцныя і доўгія. У прыплодзе да 10 дзіцянят, якія кормяцца малаком маці. Дарослыя кормяцца насякомымі (пераважна жукамі), чарвямі, жабамі, птушанятамі і яйцамі птушак, яшчаркамі, дробнымі грызунамі, радзей ягадамі. Малаадчувальны да ядаў, у т. л. да змяінага. Упадае ў спячку. Пры небяспецы згортваецца ў клубок. Пераносчык узбуджальнікаў небяспечных хвароб. Добра пераносіць няволю. Увесну шмат гіне на аўтадарогах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЖЫК-РЫ́БА (Diodon histrix),
рыба сям. вожыкі-рыбы атр. іголкабрухападобных. Пашырана ў трапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. пераважна каля камяністых узбярэжжаў і каралавых рыфаў.
Даўж. да 60 см. Афарбоўка аліўкавая з дробнымі цёмнымі плямкамі на спіне і хвасце. Цела ўкарочанае, амаль шарападобнае, укрытае вострымі, зрэдку доўгімі (да 5 см) масіўнымі, рухомымі шыпамі, якія могуць прыціскацца або падымацца, як у вожыка. Мае сківічныя косці, з дапамогай якіх раздрабляе ракавіны і адкусвае галінкі каралавых паліпаў. Скура і вантробы ядавітыя. Аб’ект промыслу. У Акіяніі і Кітаі надзьмутых і высушаных рыб выкарыстоўваюць для вырабу кітайскіх ліхтарыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Паўлавіч; н. 24.1.1951, в. Заброддзе Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, празаік, перакладчык, мовазнавец. Скончыў БДУ (1977). Працаваў у Мінску на заводзе, настаўнічаў. З 1978 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1981 дырэктар Літ. музея М.Багдановіча, з 1984 у выд-ве «Юнацтва». З 2000 гал. рэдактар час. «Вожык». Друкуецца з 1966. Аўтар «Слоўніка эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» (1988), зб. вершаў «Час надзеі» (1991). Піша для дзяцей (зб-кі «Побач з татам», 1988; «Ехаў поўны воз дзівос», 1994; «Шые вожык кажушок», 1996; «Дарынка-весялінка», 1999). Адчувае дзіцячую псіхалогію, расказвае пра дабрыню, шчырасць, працавітасць. Упершыню ў бел. л-ры распрацоўвае загадкі на міжмоўныя амонімы і антонімы (зб. «Дзіўныя «блізняты», 1987). На бел. мову пераклаў раманы В.Скота «Квенцін Дорвард», М. дэ Сервантэса «Дон Кіхот», С.Лагерлёф «Пярсцёнак Лёвеншольдаў», паасобныя творы С.Маршака, Я.Пермяка, Х.К.Андэрсена, казкі братоў Грым і інш. Многія верш П. пакладзены на музыку.
Тв.:
Тры чарадзеі: Вершы, скорагаворкі, загадкі. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́РЫЧ (Алесь) (сапр.Трушко Аляксандр Іванавіч; н. 2.11.1960, в. Відзібор Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1985). Настаўнічаў, з 1988 працаваў у час. «Вожык», Рэсп. цэнтры эстэт. выхавання, з 1992 рэдагаваў газ. «Збудінне», у 1995—97 супрацоўнічаў у час. «Бярозка». Друкуецца з 1983. У апавяданнях (зб-кі «Рабкова ноч», 1988; «Ноч пацалункаў незалежнасці», 1989) піша пра людзей Палесся, прыроду. Іх асаблівасць — лаканічнасць, займальнасць, філас. асэнсаванне чалавечых лёсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЛО́ (Мікалай Васілевіч) (15.5.1914, г. Днепрапятроўск, Украіна — 4.9.1980),
бел. графік. Вучыўся ў Маскоўскім паліграф. ін-це (1938—41). Працаваў у станковай, кніжнай графіцы, плакаце. Аўтар сатыр. і гумарыстычных малюнкаў для час. «Вожык», «Полымя», «Работніца і сялянка», «Беларусь» і інш. Аформіў кнігі «Мушка-зелянушка» М.Багдановіча (1961), «Прыгоды дзеда Міхеда» А.Астрэйкі (1959), «На вясёлай хвалі» Э.Валасевіча (1967) і інш. Творчасці ўласцівы актуальнасць праблематыкі, лаканізм, вобразная выразнасць, добразычлівы гумар, сатыр. вастрыня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЕЦ (Янусь) (Іван Вільгельмавіч; н. 8.2.1951, в. Хрыстова Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1983). Працаваў рабочым, у час. «Вожык» (1993—94). Друкуецца з 1974. Адзін з аўтараў калектыўных зб-каў «Лагодны прамень раніцы» (1988), «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш. Творы пераважна ў жанры сатыры і гумару (зб-кі «Бедны конь», 1992; «Трава ў вушах», 1994). У вершах раскрывае думкі і пачуцці сучасніка, пакутны шлях да ісціны (зб. «Родны мацярык», 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦО́ВІЧ (Якаў Бенцыянавіч) (1.1.1910, в. Сяліба Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 21.4.1976),
бел. крытык. Скончыў Камуніст.ін-т журналістыкі ў Мінску (1936). У 1953—70 у час. «Вожык». Дэбютаваў вершамі ў 1927. Аўтар кн.літ.-крытычных артыкулаў «На перадавых пазіцыях» (1957), «Літаратура і жыццё народа» (1960), «Герой і сучаснасць» (1963), «Пісьменнікі, кнігі, героі» (1966), кн. франтавых замалёвак «На вайне як на вайне» (1969), зб.сатыр. мініяцюр «Не пугай адзінай» (1969). Некат. творы бел. л-ры разглядаў паводле спрошчаных вульгарызатарскіх схем.