схі́льны, ‑ая, ‑ае; да чаго, з інф.

1. Які мае схільнасць да чаго‑н. Схільны да навукі. □ Горш за ўсё .. [Васіль Паўлавіч] ненавідзіць людзей, схільных да якіх-небудзь махінацый, ашуканства. Кулакоўскі. Большасць вучоных схільна думаць, што кашалот даваў нырца ў пошуках харчу і выпадкова натрапіў на кабель. Матрунёнак. // Які мае задаткі да чаго‑н. Схільны да меланхоліі. Схільны прастуджвацца.

2. Які выказвае прыхільнасць, слабасць да чаго‑н. Адны — рыбалку паважаюць — Ля пелькі з блешняй могуць векаваць. Другія — ў даміно казла ганяюць. А трэцім падабаецца спяваць. Трапляюцца і схільныя да пляшкі. «Вожык». [Ванда Адамаўна:] — Яны, маладыя, схільны да ўсяго новага. Грамовіч.

3. Які мае які‑н. намер, жаданне; гатовы да чаго‑н. [Камсорг] бачыў, што сход не схільны асуджаць учынак Былінскага. Шахавец. Ён, як кадравы ваенны, камандзір, быў схільны не толькі весці разведку, але і распачынаць партызанскую вайну тут, у стэпах. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)