Маты́ка, моты́ка, маты́га, маты́чка ’ручная прылада (лапатка) для рыхлення глебы, акучвання агародніны’ (ТСБМ, Тарн., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Бес., Мат. Гом.); матыкава́ць, матыгава́ць, мотыкова́ць ’матычыць’ (Сл. ПЗБ, ТС), маты́чыць, моты́чыты ’тс’ (ТСБМ, Выг. дыс.). Укр. моти́ка ’кірка’, рус. моты́ка, пазней моты́га, ст.-рус. мотыка, польск. motyka, н.-луж. motyja, в.-луж., чэш., славац. motyka, славен. motîka, серб.-харв. мо̀тика, макед., балг. мотика, ст.-слав. мотыка. Прасл. motyka Махэк₂ (375) лічыць вельмі старым, незапазычаным, вылучаючы аснову mat‑, роднаснымі да якой з’яўляюцца: ст.-інд. matyám ’барана, каток’, matī‑kr̥tas ’пабаранаваны, пракачаны’, лац. mateola ’від малатка’, ст.-в.-ням. medela ’плуг’, stein‑mezzo ’камяняр’ (Фасмер, 2, 665; Выгонная, БЛ, 8, 57). Этымолагамі прыводзяцца і ст.-англ. mattoc, англ. mattok, а таксама блізкія да іх уэл. matog, гальск. matog ’матыка’, якія разглядаюць як запазычаныя з народналац. *mattiūka ’матыка’ (Покарны, ZfSlPh, 5, 393) < і.-е. *mat‑ ’капаць, дзяўбці’. Мартынаў (Язык, 72), разглядаючы прасл. лексічную пару kopačьmotyka ’матыка’, прыходзіць да вываду, што motyka з’яўляецца іт. пранікненнем у прасл., якое паступова выцесніла балта-слав. назву матыкі (kopačь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арэ́х1, орі́х, горі́х ’выпадкова не ўзараны ўчастак зямлі’ (Выг. дыс., 6) з огрэх ’тс’, у выніку выпадзення г.

Арэ́х2, гарэ́х. Рус. орех, укр. горіх, оріх, польск. orzech, чэш. ořech, славац. orech, с.-луж. worjech, палаб. vrex, славен. ôreh, серб.-харв. о̀рак, мак. орев, балг. орех (значэнне ў асноўным супадае з беларускім, апрача сербскахарвацкага, македонскага, балгарскага, дзе гэта слова абазначае толькі ’грэцкі арэх — Juglans’); ц.-слав. ст.-рус. орѣхъ (Сразн.). Параўн. літ. ríešas, ríešutas (з памянш. ‑ut‑), лат. riẽksts ’тс’, ст.-пруск. buccareisis ’Buchecker’; праводзяць паралелі таксама з грэч. ἄρυα, алб. ar̄e ’арэх’ (гл. Фасмер, 3, 151–152; Фрэнкель, 731, і літаратуру, якая там прыводзіцца), прычым часта імкнуцца тлумачыць яго як не і.-е. вандроўнае слова (Махэк₂, 418). Малаверагодна тлумачэнне Ільінскага ад дзеяслова rěšiti (ИОРЯС, 20, 4, 153), Голуб-Копечны (257) суадносяць слова арэх з балта-слав. *rēks‑ ’лупіць’ (?) — прасл. *o‑rěši‑ti (?). Ці не трэба звязаць арэх, літ. ríešas, з літ. ríešas сустаў (рукі, нагі)’, якое звязваецца з і.-е. *u̯reikʼǒ‑ тое, што верціцца’ (Фрэнкель, 731).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асё́л. Рус. осёл, укр. осел, польск. osioł, серб.-луж. wosoł, чэш. osel, славац. osol, балг. осел, серб.-харв. осао, славен. ȏsel. Палаб. asål з с.-н.-ням. esel (Лер-Сплавінскі–Палянскі, 20). Ст.-слав., ст.-рус. осьлъ, ст.-бел. оселъ. Праслав. запазычанне з герм. (гоцк.) asilus < лац. asinus, збліжанае з утварэннямі на ‑ьlъ тыпу *kozьlъ, *orьlъ. Кіпарскі, Gemeinslav., 208; Стэндар–Петарсан, Slav.-germ., 133, 369, 534; Брух, Зб. Крэчмеру, 12; Мартынаў, Лекс. взаим., 98–99, дзе гл. іншую літаратуру. Лац. asinus і грэч. ὄνος праз фракійска-ілірыйскае пасрэдніцтва з неўдакладненай малаазіяцкай мовы (Вальдэ-Гофман, 1, 73); Траўтман, 14, дапускаў балта-славянскі характар слова (параўн. літ. ãsilas), аднак балтыйскія словы маглі быць запазычаны самастойна (Фасмер, 3, 157) ці з усходнеславянскіх моў (Фрэнкель, KZ, 63, 204), Буга (Rinkt., 3, 763–764) указвае на беларускую мову як крыніцу літоўскага слова. Думка Мейе, Études, 186; Сабалеўскага, ЖМНП, 1911, 5, 163, пра лац. asellus як крыніцу славянскага слова не сустракае падтрымкі. Беларускі фразеалагізм асёл маляваны, паводле Янкоўскага, БФ, 57, пайшоў ад вандроўных цыркаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ква́каць ’утвараць гукі, падобныя да «ква-ква» (гл. таксама кво́каць) (ТСБМ) ’крычаць (пра качку)’ (ТС, Сл. паўн.-зах.), ’крычаць (пра жаб)’ (Нік. Напаў., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’пра пчол’ (Анох.). Укр. квакати ’крычаць (пра жабу або пра качку)’, рус. квакать ’тс’, балг. квакам ’тс’, макед. квакам ’тс’, серб.-харв. ква́кати ’тс’ (таксама пра варон)’, славен. kvȃkati ’крычаць (пра жаб, варон)’, польск. kwakać ’крычаць (пра качак, жаб, варон)’, чэш. kvákati ’крычаць (пра качак, гусей, варон)’, славац. kvákať ’тс’, в.-луж. kwakać ’тс’, н.-луж. kwakaś ’тс’. Яшчэ прасл. kvakati ’крычаць (пра качак і варон)’. Гукапераймальнае. Параўн. укр. ква, квак (пра жаб), рус. ква, квак ’тс’, серб.-харв. ква‑ква (пра качак), славен. kva‑kva (пра жаб), балг. ква‑ква ’тс’ і г. д. Балтыйскія паралелі: літ. kvakė́ti ’крычаць (пра жаб), смяяцца’, лат. kvākt ’тс’. Улічваючы экспрэсіўнасць гэтых слоў, яны наўрад ці сведчаць аб балта-славянскай архаіцы. Да таго ж кароткі карэнны вакалізм у літ. паралелі не рэгулярны. Трэба таксама мець на ўвазе літ. kvatóti ’смяяцца’, пад уплывам якога kvakė́ti магло атрымаць другое значэнне і разам кароткі вакалізм (Бернекер, 655; Фасмер, 2, 217; ЕСУМ, 2, 413; Фрэнкель, 325).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клю́шня1 ’канечная частка ножкі ракападобных’ (ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах., Яруш.). Мабыць, вынік кантамінацыі клешня (гл.) і клюка (гл.), ключка (гл.). Дублет клешня/клюшня адзначае Сл. паўн.-зах., 475, 486. Магчыма, таксама ўплыў літоўскіх форм, сярод іх у першую чаргу літ. klìšes ’клюшні’. Аддзяліць бел. клешня і клюшня ад літ. klìšes немагчыма (семантычная тоеснасць і фармальная блізкасць). Спробы рэканструяваць балта-славянскія формы kliša/kleša беспадстаўныя (Слаўскі, 2, 228), паколькі рэальна існуюць толькі ўсходнеславянскія формы, арэальна арыентаваныя на балтыйскую тэрыторыю. У значэнні ’клюшня рака’ або ’нага, сцягно’ рускія формы зафіксаваны толькі ў Смаленскім, Бранскім арэалах (не лічачы тэрыторыі новага засялення). Таксама нельга прызнаць верагоднай гіпотэзу аб паходжанні клешня ад kleščьna (гл. клешчы) (Бернекер, 1, 517; Фасмер, 2, 249; ЕСУМ 2, 463; Трубачоў, Эт. сл., 10, 23). Паколькі частка гэтых форм мае значэнне ’клешчы’, не выключана кантамінацыя клешня і клешчы (гл.).

Клю́шня2 ’тазасцегнавы сустаў’ (Сл. паўн.-зах.). Верагодны балтызм. Параўн. літ. kùlšnis ’шчыкалатка’ (там жа, 486). Больш надзейная крыніца літ. klíšė ’нага’ або іншая балтыйская, блізкая да яе. Параўн. таксама клюшня1.

Клю́шня3 ’палкі, да якіх прымацаваны крыллі сеці’ (Мат. АС). Гл. клюшня1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́яс1, пая́с, по́іс, по́ес ’рэмень, шнур і пад., якімі падпяразваюць адзежу на таліі’, ’паясніца, талія’, ’што-небудзь разморанае паласой’, ’брус паміж кроквамі ці слупамі’, ’гарызантальныя планкі ў раме кроснаў’, ’спавівач’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк. Сл., Уладз., Шушк., Інстр. 1, Тарн., Маш., П. С., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС, Бяльк.), ’паясніца’ (жлоб., Мат. Гом.; ТС), петрык. ’падбрушнік’, талач. ’спавівач’, свісл. ’папярочная планка ў лаве’; лун. ’папярочная планка ў кроквах’ (Шатал.), ’вянок у калодзежным зрубе’, поесні́ца ’пояс ў штанах’, поесо́к ’выступ, карніз’ (ТС), ст.-бел. поясъ, поѣс, поесокъ, поясок ’рэмень, шнур’, ’паясніца, талія’, укр. по́яс, рус. по́яс, польск. pas, в.-луж., н.-луж. pas, чэш., славац. pás, славен. pojâs, серб.-харв. по̏јас, па̑с, pȃs, балг. по́яс, ст.-слав. поꙗсъ. Да прасл. *po‑jasъ, якое з’яўляецца адваротным дэрыватам ад *po‑jasati (< і.-е. *jōs‑ ’падпаясаць’ ’апаясаць’; літ. júosti ’апаясваць’, júosta ’пояс’, лат. júôsta ’пояс’, juôzt ’апаясваць’, грэч. ζῶμα ’пояс’, авест. yāsta‑ ’адперазаны’), дзе *ро‑ — дээтымалагізаваны прэфікс (ESSJ, 1, 187), гл. па‑, параўн. бел. апаясаць ’падперазаць’, і *jasati, адкуль ц.-слав. ꙗсало ’пояс’ (Фасмер, 3, 351; Глухак, 429), сюды ж по́вяс, по́вес (гл.).

По́яс2 ’вясёлка’ (іван., стол., ДАБМ, камент., 901–902), пая́с (брасл., шарк., ДАБМ, камент., 901–902), бо́жы паяс ’тс’ (брасл., там жа), укр. бо́жій по́йас, по́йас Бо́жойі матери, балг. поя́с, го́сподʼов по́яс, богородичен пояс, макед. појас, славен. svete Marije pȃsес, серб.-харв. bȏzji pasȉć, božji pȃs, hožji pojas, Marijin pas. Пра геаграфію распаўсюджання значэння по́яс ’вясёлка’ гл. Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 35–38. По́яс ’вясёлка’ на Браслаўшчыне лічаць славянскай калькай літоўска-латышскай назвы, параўн. літ. dievo juosta (літаральна ’божы пояс’), malonės juosta (літаральна ’добры пояс’), лат. dieva josta. Непакупны (Связи, 64–66), насуперак Талстому, палеска-паўночнаславянскую лексіка-семантычную ізаглосу адмяжоўвае ад літоўска-латышскай і лічыць іх прыкладам незалежнага семантычнага развіцця агульнай балта-славянскай лексемы (семантычная універсалія, параўн. франц. дыял. ceinture ’вясёлка’, літаральна — ’пояс’). Лічыцца, што асновай метафары ’пояс’ — ’вясёлка’ разам з формай пояса мог паслужыць звычай насіць шматколерныя паясы ў Латвіі, Літве і Балгарыі (Непакупны, тамсама; Чэкман, Baltistica, 8, 2, 155). Мяркуецца, што існаваў агульны міф на балта-славяна-грэчаскай і заходнееўрапейскай тэрыторыі, у якім вясёлка выступала ў якасці пояса жаночага бажаства (Алінеі, Зб. Івічу, 78).

По́яс3 ’Млечны Шлях’ (Мат. Гом.). Такая назва існуе і ў іншых народаў, параўн. рус. дыял. по́яс ’тс’, лац. Caeli Cingulum ’нябесны пояс’ і лагічна выцякае з гаспадарчай дзейнасці і побытавых рэалій гэтых народаў. У назве по́яс адлюстроўваецца форма Млечнага Шляху, які ўяўляе сабой серабрыстую туманную паласу, што апаясвае нябесную сферу (Карпенка, Назв., 14–23). Пра іншыя назвы і геаграфію іх распаўсюджання гл. таксама Гладышова, Wiedza, 77–89; Купішэўскі, Słown., 106.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лакно ’гарлачык жоўты, Nuphar luteum (L.) Sm.’ (Бейл.), локно́ ’гарлачык белы, Nuphar alba L.’, ’падалешнік еўрапейскі, Asarum europeum L.’ (Нар. лекс.), Локна — возера і сенажаць в. Ласіцк (Бел. анам., 1985, 125), укр. палес. локно́), лукно́ ’гарлачык’. Польск. Łekno, Łukna (назва возера ў Пазнанскім ваяводстве, з XII–XIII стст.), сярэдневяковыя тапонімы і гідронімы з палабскай, паморскай, лужыцкай і славенкай тэрыторый ў формах: *lъkno, *lъкniса і з басейна Прыляці і Дзясны: Локна, Локнея, Локніца, Локня, Локнянка; чэш. lekno, leknin ’гарлачык белы’, славац. lekno, lekno biele ’тс’, lekno žlt ’гарлачык жоўты’, leknovec ’німфейнік шчыталісты, Nymphoides peltatum (S. G. Gmel.)’, магчыма, в.-луж. łuknadź, łoknadź. u̯óknač ’лотаць, Caltha palustris L.’ Прасл. (паўн.-прасл.) дыялектызм lъkno, які служыў для называння водных раслін на балотах, азёрах і звязаных з імі мікратапонімаў. Адпаведнікі ў балт. мовах: літ. lùknė, лат. lùkne ’гарлачык жоўты’, Lùknas (возера), Lùknė (рака), лат. Lukna (рака). Аналагічна параўн. семантычную паралель ’расліна’ ⟷ ’балота’: локвањ ’гарлачык’, локвањача ’тс’ < лӧква ’лужа’, ло̀кањ ’невялікая лужа’ (а раней ’балота, дрыгва’ < ’возера’) ці ’балота’ ⟷ ’лес’ (гл. Талстой. Геогр., 244). Балта-паўн.-слав. ізалекса (Непакупны, Связи, 34–36). Прасл. lъkno звязваецца этымолагамі з і.-е. *leu̯k‑/*lou̯k‑ ’блішчэць, ільсніцца’ (Слаўскі, 5, 99; Слаўскі, SP, 1, 115; Брукнер, 309; Трубачоў, Этимология–1968, 24–32; Фрэнкель, 389–390).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здань ’прывід’, зданнё ’ўява’, зда́нне ’меркаванне’ (Нас.), здання ’прывід’ (Сл. паўн.-зах.). Ц.-слав. зьдань ’пабудова’. Здань — назоўнік на ‑ь (< *і̆) ад дзеепрыметніка на ‑н‑ да дзеяслова zьd‑ati ’стварыць’, як дыял. дрань ’дранка’ ад *dьratі, рус. рвань ад rъvati. Зданнё, зданне, здання адлюстроўваюць фанетычныя варыянты ўтворанага з суф. ‑ьje прасл. zьd‑an‑ьje (польск. zdanie ’думка, сказ’, чэш. zdání, славац. zdanie ’ўява’, рус. зда́ние < ст.-слав. зьданиѥ ’будова, стварэнне’ і інш.). Семантыка ’стварэнне’ > ’уява’ > ’прывід’ цяжкасцей не выклікае. Прасл. zьd‑ адлюстроўваецца ў ц.-слав. зьдъ ’гліна’, чэш. zed ’каменная сцяна’, польск. zdun > бел. дыял. здун ’ганчар’, славен. zídati ’класці сцяну’, балг. зѝдам ’будаваць’, рус. зодчий ’архітэктар’ (апошнія з чаргаваннем галоснага). Літ. žiedžiù, žiẽsti ’фармаваць, ляпіць’, лат. ziest ’абмазваць глінай’ разам са слав. даюць балта-слав. корань *gʼheidh‑, утвораны, паводле Покарнага (1, 245), перастаноўкай з *dheigʼh‑ (адкуль дзяжа, гл.) ’мясіць гліну, цеста’. Параўн. гоц. deigan ’мясіць’, ст.-інд. dēhmi ’абмазваць’, грэч. τείχος ’каменная сцяна’, лац. fingō ’мажу, фармую’, figura (> бел. фігура). Меркаванне Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 5, 42) аб тым, што здань < sъdati sę ’здавацца’ (г. зн. ’прывідзіцца’) патрабуе ўдакладнення ў частцы архетыпу формы: не sъdati, а zьdati. Пра корань гл. Фасмер, 2, 89; Шанскі, 2, З, 81; Махэк₂, 714; Скок, 3, 653–654; БЕР, 1, 639; Траўтман, 367.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядзе́ць ’займаць сядзячае становішча’, ’знаходзіцца, праводзіць час’, ’быць у зняволенні’, ’размяшчацца дзе-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк., Ласт., Стан., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’кватараваць’ (узд., Жд. 1), седе́ті ’сяліцца, жыць’ (пін., З нар. сл.), ст.-бел. сѣдѣти, седѣти, седети ’тс’ (Альтбаўэр), сѣдѣти, седети ’пасяляцца, жыць, пражываць’, ’валодаць выдзеленым надзелам зямлі’ (Статут 1529 г., гл. Мацкевіч, Грынавецкене, ЖНС, 206 і наст.). Укр. сиді́ти, рус. сиде́ть, польск. siedzieć, в.-луж. sedźeć, н.-луж. sejźeś, чэш. sedět, славац. sedieť, серб.-харв. дыял. сјѐдити, славен. sẹdéti, балг. седя́, макед. седи. Прасл. *sěděti, *sědi̯ǫ адпавядае літ. sėdė́t, лат. sêdêr, гоц. sitan, ст.-ісл. sitja ’сядзець; жыць’; балта-славянскія формы з доўгім галосным у корані адпавядаюць гоц. прош. часу sētun < і.-е. *sēd‑, параўн. яшчэ ст.-інд. sídati ’ён сядзіць’, лац. sīdō ’саджуся’, якія ўзыходзяць да рэдуплікаванага *sizd‑ (Вальдэ-Гофман, 2, 509). Чэшскія і лужыцкія формы (без даўгаты) адпавядаюць лац. sedēre ’сядзець’ (Шустар-Шэўц, 1280). Фартунатаў (KZ, 36, 50) рускае і ўкраінскае *сидѣти < *sěděti тлумачыць як вынік асіміляцыі ў 2‑й і 3‑й ас. адз. л.: *sědiši, *sěditъ; у беларускіх формах Карскі (1, 226) бачыць захаванне старога стану. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 618; Бязлай, 3, 222; Махэк₂, 539; Борысь, 545–546; ЕСУМ, 5, 226–227; Шаўр, Studia Etym. Brun., 3, 367 (скарачэнне праславянскай даўгаты лічыць другаснай з’явай з мэтай пазбыцца аманіміі з адпрыметнікавым дзеясловам ад *sěd‑ ’сівы’). Гл. сесці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарпа1 ’вялікая сцірта снапоў або саломы пад адкрытым небам’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Байк. і Некр.), ’куча снапоў, складзеная камлямі навонкі, а каласамі ў сярэдзіну’ (Варл.), ’застаронак у гумне’ (тураў., ЛА, 2), ’частка ў гумне, якая заложана адным відам збожжа’ (кругл., валож., ЛА, 5), ’прыстаронак, месца ў гумне паабапал току, дзе складваецца збожжа’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’сцірта, складзеная ў гумне паміж дзвюх супрацьлеглых сцен вузкай паласой; дах на слупах без сцен, дзе складалі сена’ (Касп.), торп ’сцірта снапоў у гумне’ (ТСБМ, Тур., Сцяшк.; ашм., Стан.), ’адгароджаная частка гумна, застаронак’ (Сл. ПЗБ), тарпі́на ’застаронак’ (гродз., Сл. ПЗБ), торпы́на ’сцірта (сена, саломы, збожжа)’ (стол., ЛА, 2), ст.-бел. торпъ ’тс’ і адзінка для вымярэння неабмалочанага збожжа’. Фіксуецца з 1539 г. і лічыцца запазычаннем з літ. tárpas (Буга, Rinkt. 2, 630; Булыка, Лекс. запазыч., 95; Лаўчутэ, Балтизмы, 34; Гутшміт, ZfSl, 19, 269), дзе развіццё значэння ад ’прамежак’ да ’застаронак’, гл. Анікін, Опыт, 288. Разглядаецца як балта-фрака-беларуская ізаглоса, параўн. фрак. tarpas, terpas ’зазор, прамежак’, гл. Санько, Бел. гіст. агляд, 14, 1–2, 329.

Тарпа2 ’торф’ (Сцяшк., Сл. Брэс., Янк. 2; дзятл., маст., брасл., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’тарфяное балота’ (брасл., Сл. ПЗБ), торпа́ ’торф, іл’ (жыт., Жыв. НС). Адаптаванае ў народнай мове торф (гл.; замена ф > п, канчатак ж. р. ‑а з-за фанетычна не ўласцівага канцавога спалучэння ‑рп, перанос націску на канцавы склад), гл. таксама торп2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)