Тапары́шча ’дзяржанне сякеры’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Стан.), тапары́шчо, тапары́шчэ ’тс’ (Сл. ПЗБ), топо́рышчэ ’тс’ (Вруб.), топоры́шчэ ’тс’ (ТС, Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. топорище ’тс’, ’адзінка вымярэння даўжыні ў цесляроў’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. топори́ще ’тс’, рус. топори́ще ’тс’, в.-луж., н.-луж. toporišćo ’дзяржанне, ручка (напр., сякеры)’, харв. toporišće ’дзяржанне сякеры’, дыял. toporìšče ’чаранок матыкі’, славен. toporìšče ’тс’, таксама дыял. ’чаранок лапаты’, ’ручка цэпа, цапільна’, балг. топори́шка ’дзяржанне сякеры’, дыял. топори́ште ’дзяржанне вялікага молата, якім збіваюць сукно ў валюшы (сукнавальні)’. На значнай частцы моўнай тэрыторыі ўжываецца паралельна з тапарыска (гл.), якое мае адпаведнік у польск. toporzysko ’дзяржанне сякеры’, чэш. topořisko ’тс’, славац. toporisko ’тс’, што несумненна ўяўляе пазнейшую інавацыю ў славянскіх мовах. Шустар-Шэўц (1518) рэканструюе дзве праславянскія формы *toporiště і *toporisko, вытворныя ад *toporъ (гл. тапор). На беларускай і ўкраінскай тэрыторыі формы тапары́ска і топари́сько ’дзяржанне сякеры’ з’яўляюцца пранікнёнымі з польскай мовы, падтрыманымі экспансіяй суф. ‑isko.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лю́лька 1 ’прылада для курэння’ (ТСБМ, Мядзв., Гарэц., Др.-Падб., Мал., Бес., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.). У Беларусь гэта слова магло трапіць праз укр., рус. ці польск. мовы. Першакрыніца — тур. lüle, азерб. lülä ’люлька, галоўка люлькі’, якія з перс. lūlä ’тс’ (Фасмер, 2, 546; Слаўскі, 4, 378; Козыраў, Тюркизмы, 11). Сюды ж лю́лечка, лю́лечны, лю́лькавы (ТСБМ).

Лю́лька 2, лю́ля ’калыска’ (ТСБМ, Гарэц., В. В., Др.-Падб., Бяльк., Нас., Растарг., Шат., Касп., Ян., ТС), ’тс’, ’каляска ў матацыкла’ (Сл. ПЗБ). Укр. лю́лька, лю́ля, рус. лю́лька, лю́ля, лю́ленька ’тс’, лю́лечка ’карзіна для збору ягад’, ’кошык’, дан. ’сядзенне на драбінах’, перм. ’сядзенне на дрэве ў выглядзе памоста пры паляванні на мядзведзя’; польск. lula, бельск., усх.-польск. lulka, серб.-харв. љу́ља љу̑лька ’калыска’, ’арэлі’, макед. лулка, lʼulʼka ’арэлі’, балг. люлка ’арэлі’, ’калыска’, радопск. ’посцілка для нашэння дзяцей за плячыма’. Прасл. lʼulʼьka ’калыска’ < lʼulʼati > люля́ць. Найбліжэйшы адпаведнік — літ. liũlė ’калыска’. Параўн. калыска — калыхаць, зыбка — зыбать.

Лю́лька 3 ’лічынка’ (малар., Анох.). Відавочна, з ля́лька (гл.). Сюды ж люлю́шка ’адростак на храпцы ў выглядзе невялікага качана’ (паст., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́ць ’зябнуць, мерзнуць’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат.), ’дубець, карчанець’ (Нас.), ’здыхаць’ (Яруш.). Рус. бран., смал., цвяр., пск., наўг., вяц. і інш. колеть ’цвярдзець’ (у Даля без геаграфіі), (смал.) ’здыхаць’. Відаць, інавацыя ў бел. і шэрагу рус., пагранічных з беларускімі гаворках. Утворана аналагічна дубець, карчанець і да т. п. ад кол (гл.). Што датычыць семантыкі, асноўнае значэнне ’станавіцца цвёрдым’, адкуль і ’мерзнуць’ і ’здыхаць’. З вытворных слоў звяртае на сябе ўвагу калелая ў выразе калелая бярэ (Янк. БП), бадай яго каліэлая ўзела (Сержп. Грам.). У Насовіча калёлая тлумачыцца як наз. жан. р. са значэннем ’холад, дрыжыкі’: «Колѣлая цебе берець, на печь лѣзсшъ» (Нас., 242), колѣлый ’замёрзлы, азяблы’. Думаецца, што можна меркаваць пра беларускую інавацыю, паколькі дакладны адпаведнік быў адзначаны толькі Дабравольскім: колелая ’дрыжыкі, ліхарадка’. Не выключана, што тут эўфемістычная назва хваробы, параўн. рус. дыял. назву ліхаманкі колотуха. У такім выпадку значэнне магло развіцца натуральна на базе семем ’зябнуць’ і ’дрыжаць, трэсціся’ (параўн. і трасца ў аналагічных выпадках). Да статуса інавацыі параўн. рус. том. колеться ’зябіць, ліхаманіць’: «колется тебе всё, колется, хворатся».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мацёры ’вялікі, высокі, доўгі, вялізны’ (Нас.), ’сталы’, ’поўны сілы, моцны, здаровы’, ’вопытны, непапраўны, закаранелы’ (ТСБМ, Жд. 1), ст.-бел. матеръ (Булахаў, Гіст., 125–127). Укр. матерни́й, ма́терий ’чалавек у сталых гадах’, рус. матёрый, матерой ’тс’, польск. zamatorzały, zamotrzały ’зацвярдзелы’, ст.-чэш. matorný ’спелы’, ’строгі’, мар. mateřeti ’тлець’, ’трухлявець’, славен. matór, matér, motór, matóren ’стары’, серб.-харв. матор ’тс’, макед. матор ’трохгадовы баран’, балг. ма̏тор ’моцны, здаровы’, ’спелы, дарослы, сталы, стары’, ст.-слав. матерьство ’старасць, спарахнеласць’, прасл. matarъ, materъ (БЕР, 3, 686–687), matorъ ’дарослы, стары’ ў суадносінах з прасл. starъ ’стары’ семантычна пераразмеркавалася ў ’вялікі, моцны’. Мае іт. адпаведнік, параўн. лац. mātūrus ’спелы, дарослы, стары’, што дае магчымасць рэканструяваць іт. *mātoros ’тс’ у якасці крыніцы пранікнення для прасл. лексемы (Мартынаў, Язык, 84–85). Бязлай (2, 172) адносіць яе да і.-е. кораня *mē‑/*mō‑ ’вялікі’ (гл. Покарны, 704) і суфікса *tor‑, прыводзячы роднасныя ст.-ірл. mōr, уэл. mawr, брэт. meur ’вялікі’. Менш верагодныя іншыя версіі (гл. Бернекер, 2, 25; Фасмер, 2, 581; Скок, 2, 390; Махэк₂, 355; БЕР, 3, 687).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калёныя ў выразе калёныя або вадзяныя арэхі ’расліна Trapa natans’. (Дэмб.). Адпаведнікаў у іншых бел. гаворках як быццам няма. Таксама нельга з упэўненасцю меркаваць аб іншаславянскіх паралелях. Семантыка беларускага слова не вельмі ясная. Вядома, што арэхі ўжывалі ў ежу як у сырым выглядзе, так і прыгатавання. Магчыма, слова неабходна разглядаць як вытворнае ад паліць ’смажыць і да т. п.’, параўн. рус. наўг. калить ’грэць’, кастр. ’кіпяціць ваду’, вяц. калить яйца ’запякаць яйкі ў закрытым гаршку без вады, у печцы’. Іншая магчымасць тлумачэння — сінонім, зафіксаваны таксама на Магілёўшчыне — каменныя арэхі. Калі разумець каменны як цвёрды, то калены ад паліць ’гартаваць’. Параўн. да семантыкі і формы рус. бран. калёный ’цвёрды’: «Кружовник калёный» (СРНГ, 12, 351), хоць тут, магчыма, адпаведнік бел. каляны (rл.). Разам з тым імаверна, што гэта назва адпавядае рус. дыял. колкие орехи, укр. дыял. їжачок, рагатка, ням. Stachelnuß, Spitznuß. У такім разе да калоцьf аднак словаўтварэнне не вельмі яснае. Параўн. рус. сіб. каленная ’расліна змеегалоўнік Dracoccphalum thymiflorum’ прыклад двухсэнсоўны, не выключана, што семантыка менавіта такая і паходзіць таксама ад калоць. Гл. колкай у назвах розных раслін, якія маюць калючкі. рожкі і да т. п. (СРНГ, 14, 137).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Косць ’частка шкілета’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Нар. словатв., Яруш., КЭС, лаг.). Укр. кість, рус. кость, ст.-рус. кость ’тс’, ст.-слав. кость, балг. кост, серб.-харв. ко̑ст, славен. kȏst ’тс’, польск. kość, чэш. kost, славац. kosť, в.-луж. kosć, н.-луж. kosć, палаб. tʼüst ’тс’. Прасл. kostь генетычна не суадносіцца з лац. costa ’рабро’ (насуперак Бернекеру, 1, 1, 582). Серб.-харв. ко̑ст у значэнні ’рабро’ мае другаснае паходжанне. Апрача гэтага, прасл. rebro ’рабро’ нельга разглядаць як пазнейшую праславянскую інавацыю, паколькі яно мае надзейны адпаведнік у прагерм. rebia (ст.-ісл. rif, ст.-англ. ribb, с.-в.-ням. rippa). Таму больш перспектыўным з’яўляецца суаднясенне з хет. hastai, ст.-інд. ásthi, ст.-іран. asti, ст.-грэч. ὀστέον, лац. ōs, ōssis ’косць’ (Мейе, RÉS, 3, 197; Мейе, RÉS, 5, 8–9. Параўн. Шрэдар, Sprache, 9, 1, 11; Хэмп, KZ, 98, 1). Гэта група лексем характарызуецца ĭ‑асновай, што з’яўляецца дадатковым аргументам да семантычнага. Адзіную цяжкасць складае «рухомае к», якое атрымлівае тлумачэнне як узнікшае ад прасл. x. Такім чынам, kostь < *xostь пад уздзеяннем дысіміляцыйных тэндэнцый. Параўн. прасл. kamy ’камень’ і ст.-інд. áśmaḥ ’тс’ (Мартынаў, Слав. акком., 160–162).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сачо́к 1 ’конусападобная сетка на абручы з ручкай, якая служыць для лоўлі рыбы, насякомых і пад.’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Бес., З нар. сл.), са́чак ’тс’ (Дэмб., 2, 575). Памяншальнае да сак 2 (гл.).

Сачо́к 2 ’від жаночага адзення, кароткая куртка на ваце’ (ТСБМ, Янк., Сцяшк.), са́чак ’тс’ (Бір., Сцяшк., Шатал., Янк., З нар. сл., Нар. сл.), са́чык ’тс’ (Сцяшк., З нар. сл., Жд. 1, Нар. сл., Сл. Брэс., Сакал., Скарбы). Памяншальнае да сак 1 (гл.).

Сачо́к 3 ’гультай’ (Жд. 1). Запазычанне вусным шляхам з рус. прастамоўнага сачо́к ’тс’, сачкова́ть жарт. ’гультаяваць; прапускаць урокі, лекцыі’. Дзеяслоў, паводле ССРЛЯ, 13, 210, фіксуецца ўпершыню ў пісьменніка Новікава–Прыбоя ў значэннях ’лавіць рыбу сачком’, ’гультаяваць’. Тады да сачок < сак 2 (гл.) ’прылада лавіць рыбу’; значэнне ’гультаяваць’ у дзеяслова з’явілася, відаць, пад уплывам меркаванняў, што лоўля рыбы — гэта заняцце, каб правесці час. Гэта можа быць і народная этымалогія. Гаўлава (Etym. Brunensia, Brno, 1980, 27), якая прыводзіць яшчэ дыял. маск. сачёк ’хлопец, які заляцаецца да дзяўчыны, яе каханы’, узводзіць да *sočiti (гл. сачыць), што больш верагодна, параўн. і вядомае ў гутарковай мове 30‑х гадоў XX ст. сачо́к як адпаведнік рус. сексо́т (< секретный сотрудник).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Судо́сіць 1 ’сустрэць’ (Ласт., Кольб., Сцяшк.; івац., ЛА, 2), судасі́ць ’спаткаць’ (Арх. Федар.), судасі́ці ’сустрэць’ (пруж., ЛА, 2), судосы́ты ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ; кобр., Нар. лекс.), судосы́ты, судосэ́тэ ’тс’ (Сл. Брэс.), судаша́ць ’сустракаць’ (Ласт.), судоша́ты ’сустракаць’ (бяроз., Сл. ПЗБ), судоша́ці, судоша́ты ’тс’ (Сл. Брэс.). Бел.-укр. ізалекса: укр. дыял. судо́сити ’сустрэць’, судоща́ти ’сустракаць’; гл. Цыхун, Бел.-укр. ізал., 82. Прэфіксальны дэрыват (*су‑ < *sǫ‑) ад прасл. *dositi ’знайсці’, які ў ст.-слав. досити ’тс’, ст.-рус. досити ’знаходзіць’ (гл. ЭССЯ, 5, 82), звязанага чаргаваннем галосных з прасл. *desiti: ст.-слав. десити ’знайсці, сустрэць’, балг. дыял. де́сим ’стаяць прама доўгі час’, серб.-харв. дѐсити ’сустрэць’ (гл. ЭССЯ, 4, 217–218); Махэк₂ (115) адносіць сюды ж і чэш. poděsiti ’знайсці, застаць’. Роднаснымі лічацца грэч. δέκομαι ’прыймаю’, лац. decet ’падыходзіць’, авест. dāšta ’той, які атрыманы’; гл. Бернекер, 1, 188; Скок, 1, 395; ЕСУМ, 5, 468; аднак Фасмер (1, 505–506) заўважае, што розніца ў значэннях пазаславянскіх адпаведнікаў выклікае цяжкасці. Сюды ж судошʼа́ймацця ’сустракацца’ (Клім.), з судашаць і мець.

Судо́сіць 2 ’гудзіць; пляткарыць’ (Некр. і Байк.), прыводзіцца як адпаведнік рус. судачить (там жа). Няясна; магчыма, да судзіць (гл.) з экспрэсіўна?! суфіксацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́раць ’прыгараць, абвуглівацца’ (Шат.), журэ́ць ’тлець, слаба гарэць’ (Сл. паўн.-зах.). Чэш. žírati ’распальвацца’, žířeti, žířiti ’напальвацца, гарэць’, балг. жу̀равам, жу̀рна ’моцна запякаць’, дыял. журя ’пячы, жарыць, парыць’, журѐя вянуць, сохнуць’, жу̀ре ’моцна паліць’. БЕР (1, 561) этымалагізуе журя без уліку іншаслав. паралелей як кантамінацыю жа̀ря і горя̀. Махэк₂ (722) тлумачыць žířeti як форму з чаргаваннем галоснага да žár. Супрун (Бюлетин за съпоставително изследване на български език с други езици, 1976, 5, 74–76) звязвае жураць з укр. жевріти ’тлець, слаба гарэць’, якое Бузук (Записки іст.-філол. відділу ВУАН, 7–8, 1929) тлумачыў як перастаноўку з *жеравіти (параўн. ст.-слав. жеравиѥ ’вуголле’), а Ільінскі (там жа, 21–22, 1930–1931) звязваў з і.-е. *gʼeu̯er‑ ’палаць’. Па фанетычных прычынах апошняе дало б з‑, а не ж-. Для прасл. žur‑ ’тлець’ і.-е. адпаведнік можа быць толькі *geur‑. У Покарнага (1, 399) ёсць корань *g(e)u‑lo‑ ’жар; тлеючае вуголле’, адкуль герм. словы для вуголля (ням. Kohle, англ. coal), ірл. gúal ’вугаль’. Паводле Покарнага, арм. krak ’агонь, тлеючае вуголле’ адлюстроўвае суфікс ‑r‑ замест ‑l‑ (пра функцыянальную адпаведнасць l — r Бенвяніст, Индоевр., 65) : *geu‑r‑ ’жар’ (гл. іншыя супастаўленні, Ачаран, 2, 678). Да гэтага *geur‑ узыходзіць і слав. žur‑, прадстаўленае ў жураць. Гл. жуляць, журыцца, жэўрэць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́лей (БРС, Грыг., Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ, Анох.), ву́ляй (чэрв., рагач., З нар. сл.), уле́й (віл., воран., З нар. сл.), вуль, уль (Касп., глыб., віл., слаўг., бялын., З нар. сл., палес., Анох., Нар. лекс.), укр. ву́лій, ву́лень, ву́лік, дыял. вуль (Лысенка, СПГ), ву́лий ’бочка для залення бялізны’, рус. у́лей, польск. ul, чэш. úl, славац. úľ, н.-луж. huľ ’вулей, выдзеўбаная калода’, палаб. väul, славен. úlj ’дуплістае дрэва, борць, вулей’, серб.-харв. уља̀ник ’вулей’, мн. л. у́љеви ’чарва’, макед. улиште ’вулей’, балг. у́лей, дыял. радоп. вулʼ ’дрэва з дуплом, драўляная труба для вады ў млыне, вулей’. Прасл. ulьjь, uljь ’дупло, пустая калода, вулей’; дакладны семантычны і словаўтваральны адпаведнік слав. uljь — літ. aulỹs, лат. aũlis; паколькі такая форма ўспрымалася як зборны назоўнік, то для ўзмацнення адзінкавасці атрымала дадатковы фармант ulь‑jь; параўн. салаве́й (*solvь‑jь) (Мартынаў, Деривация, 56 і наст.); характэрна, што нарашчэнне атрымала таксама адпаведная літоўская форма avilỹs (Атрэмбскі, Gramatyka, 122). Іншыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. aulis ’галёнка’, aulinis ’халява’, грэч. αὐλός ’труба, дудка’, лац. alvus ’поласць жывата, трыбух’, alveus ’поласць, карыта, вулей’, што дазваляе рэканструяваць і.-е. *au‑lo‑s ’труба, падоўжная поласць’ (Фасмер, 4, 159; Брукнер, 593; Младэнаў, 651; Махэк₂, 668; Слаўскі, SP, 1, 80, 83 адносна суфікса ‑jь: «выступае ў функцыі фарманта, які пашырае розныя архаічныя словаўтваральныя катэгорыі, накладваючыся на першасныя ўтварэнні»). Беспадстаўна Булыка (Запазыч., 329) выводзіць ст.-бел. уль з польск. ul.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)