Махна́тка, махне́тка, махны́тка, махны́ка ’галавешка’ (стаўб., Жыв. сл.; хоцім., Янк. 2; Сцяшк. Сл., Мат. Маг.; Мікуц.; паўд.-усх., КЭС), ’маленькая галавешка’ (Бяльк., Растарг., Мат. Гом.), ’худы, хілы чалавек’ (Юрч., Нас.), махні́ткінявялікая галавешка’ (слаўг., Нар. словатв.), смал. мохны́тка ’галавешка ў печы’, махни́тка ’тс’. Да махна́ты (гл.). Аб суфіксе ‑(ат)ка гл. Сцяцко, Афікс. наз., 149. Матывацыя: абгарэлае палена — галавешка — выглядае махнатым дзякуючы попелу ў выглядзе лісточкаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мацяры́к1вялікая частка сушы, якая абмываецца марамі і акіянамі’, ’пласт зямлі пад глебай’ (ТСБМ). Запазычана з рус. материк ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 72), якое (паводле Бернекера, 2, 25) з рус. матерой, матёрый. Параўн. таксама яшчэ ст.-рус. материкъ ’высокая мясціна (у процілегласць нізкаму месцу)’, ’высокі бераг ракі ці возера’. Усходнеславянскае.

Мацяры́к2 ’мат, лаянка’ (Юрч.). Зваротнае ўтварэнне ад рус. материться, якое да матер‑, маці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турба́н1 ‘музычны інструмент тэорба’ (Нас.). Відаць, праз польск. tyorba, teorbanвялікая лютня’ з франц. théorbe, téorbe, tuorbe ‘тс’, італ. tiorba ‘тс’. Гл. тарба́н.

Турба́н2 ‘усходні галаўны ўбор, палотнішча, абматанае вакол галавы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Вруб.). Праз польск. turban ‘тс’, якое (магчыма, праз франц. turban) з тур. tülbend ‘муслін’ < перс. dülbänd ‘тканіна з крапівы’ (SWO, 1980, 783; Фасмер, 4, 136; Арол, 4, 129).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́чавялікая хмара’ (Ян.; брасл., Сл. ПЗБ), ‘хмара’ (Гарэц., Ласт., Бяльк., Брасл. сл., Федар. 4, Сл. ПЗБ), ‘дажджавая хмара’ (зэльв., маст., паўд.-палес., віц., усх.-маг., усх.-гом., ЛА, 2): вышла да сіняя туча з‑пад цёмнага бору (паст., Песні нар. свят), ‘залева, праліўны дождж’ (ТС), ‘навальнічная хмара з маланкай’: Kab ciebe … lichaja tucza ŭbiła! (ваўк., Федар. 4), ‘граданосная хмара’: ту́ча кажуць, ек град (КСТ), ту́цы ‘хмары’ (гарад., ЛА, 2); ту́чка ‘светлая хмарка ў пагодлівы дзень’ (шарк., талач., касцюк., ЛА, 5), ту́чкі ‘воблачнасць несуцэльнага характару’ (Інстр. 1), ст.-бел. туча ‘хмара’, тученосный ‘які нясе хмары’: ильꙗ тоученосный ѡблакъ (ГСБМ); сюды ж тучы́на, тучынка ‘хмарка’ (Нас.); ту́чышчавялікая хмара’ (Юрч. СНЛ), тучы́сты ‘праліўны’ (ТС), ту́чанне (ту́чыньня) ‘хмаранне’ (Юрч. СНЛ), ту́чыцца ‘хмарнець’ (Нас.), ‘хмарыцца’ (Юрч., Мат. Гом.), ту́чыць ‘тс’ (Юрч. Сін.); перан. ту́чавялікая колькасць чаго-небудзь (аваднёў, птушак, варон)’ (в.-дзв., дзятл., ЛА, 1; глыб., брасл., Сл. ПЗБ); магчыма, сюды і параўнанне як ту́ча ‘вельмі тоўсты’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ту́ча ‘густая цёмная хмара’, ‘вялікая колькасць’, ‘грымоты з дажджом’, ‘праліўны дождж з градам’, ‘вецер, бура са снегам’, дыял. ‘вясёлка’, рус. ту́ча ‘хмара’, стараж.-рус. ту́ча ‘дождж’, ‘бура’, ‘хмара’; польск. tęcza ‘вясёлка’, каш. tącz(a) ‘залева’, палаб. tǫ́co ‘хмара’, н.-луж. tyca ‘вясёлка’, в.-луж. tuča ‘хмара з бурай’, tučel, tučałka ‘вясёлка’, славен. tóča ‘град’, серб. ту̏ча, харв. tȕča ‘тс’, ст.-слав. тѫча ‘дождж, залева, снег’. Прасл. *tǫča (< *tǫk‑ja) ‘дажджавая, навальнічная, градавая хмара’, роднаснае літ. tánkus ‘густы, часты’, ‘шчыльны, дзябёлы, тугі’, ст.-інд. tanákti ‘сціскае, збівае разам’, авест. taxma‑ ‘храбры, моцны’, арм. t‘anjr ‘густы’, ірл. técht ‘загуслы’, гоц. þeiƕo ‘гром’ < і.-е. *ten‑k‑ ‘сцягвацца, збірацца, збівацца’ < і.-е. *ten‑ ‘цягнуць, валачы’; першапачаткова *tęča‑ ‘збітая маса’ > ‘сабраная ў хмару’ і іншыя пераносныя значэнні (Фасмер, 4, 129; Брукнер, 570; Скок, 3, 517— 518; Борысь, 630; ЕСУМ, 5, 688). Як варыянт індаеўрапейская аснова падаецца ў выглядзе *temk‑ ‘рабіцца цвёрдым, згушчацца’ (Покарны, 1068; Сной, 769; ESJSt, 16, 973: тут крытыка версіі пра сувязь з *tukъ, гл. тук1, падрабязней Жураўлёў, Язык и миф, 340). Зводку ранейшай літаратуры гл. у Арол, 4, 122–133.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мо́ра, ‑а, н.

1. Частка акіяна, больш-менш адасобленая сушай, з гаркавата-салёнай вадой. Чорнае мора. Балтыйскае мора. □ Над морам займаецца ясная раніца, і падаюць промні наўскос у ваду. А. Вольскі. Паўночнае мора сустрэла нас штормам. Панчанка. // Умоўная назва некаторых вялікіх азёр ці вялікіх штучных вадаёмаў. Аральскае мора. Мінскае мора.

2. перан. Вялікая прастора чаго‑н. Мора лясоў. □ Рэчкі, купіны, чароты, Мора траў і хмызняку. Колас. І зноў пачыналіся палі, далёка забягаючы жаўтаватым морам жытоў. Скрыган.

3. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Мора людзей. Мора кветак. Мора слёз. Мора агню. □ Над морам людскіх галоў узлятае чырвоны сцяг. «Маладосць». / Аб адцягненых з’явах, прадметах, аб пачуццях. Цямней .. становяцца вочы твае, і душа мая тоне ў глыбокім моры іх ззяння. Бядуля.

•••

Адкрытае мора — мора, якое знаходзіцца ў агульным карыстанні ўсіх дзяржаў.

Закрытае мора — мора, усе берагі якога належаць адной дзяржаве.

Капля (кропля) у моры гл. капля.

Мора па калена — усё ніпачым, нічога не цяжка, нічога не страшна.

На дне мора знайсці гл. знайсці.

Чакаць з мора пагоды гл. чакаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́рва, ‑ы, ж.

1. Вельмі глыбокі, стромкі абрыў, надзвычай глыбокая расколіна; бездань. Сарвацца ў прорву. □ Пячэры клыкі сталактытаў ашчэраць. То раптам тунелі у мроку, то прорва дзвювёрстая збоку. Вялюгін. // Багністае месца; дрыгва. Я рвануўся да.. [Іры], схапіў пад пахі і, ледзь сам не паляцеўшы ў балотную прорву, падняў на бераг, усю мокрую, перапалоханую. Пташнікаў. Балота цягне, засмоктвае ў чорную прорву, усё мацней сціскае грудзі. Аляхновіч. // перан. Бязмежная, вялікая глыбіня. Безупынна звініць ланцуг, і ў прорву бяздоннага ацэментаванага калодзежа з громам ляціць акаванае жалезнымі абручамі драўлянае вядро. Навуменка.

2. перан. Карэннае, прынцыповае разыходжанне ў чым‑н. паміж кім‑, чым‑н. — Маё сэрца цалкам у вашым калгасе. Але між намі, таварышы, — прорва: я — пасялковец. Колас.

3. Разм. Вельмі вялікая колькасць каго‑, чаго‑н., мноства. Прорва грошай. □ Нялёгка было падняць жаночымі рукамі такую прорву зямлі. Васілевіч. — Бач, параць, смажаць, ядуць, п’юць. Накармі такую прорву. Навуменка.

4. Разм. Аб пражэрлівым чалавеку. — Хлопчыка ўзялі. Ды такі ўжо хлопчык.. Прорва нейкая ненасытная — колькі не кармі, мала яму. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а́рмія, ‑і; Р мн. ‑ій; ж.

1. Сукупнасць узброеных (сухапутных. марскіх, паветраных) сіл дзяржавы. Савецкая Армія. Служыць у арміі. Прызывацца ў армію.

2. Сухапутныя ўзброеныя сілы (у адрозненне ад ваенна-марскіх і ваенна-паветраных сіл).

3. Злучэнне я некалькіх корпусаў або дывізія аднаго або некалькіх родаў войск, якія прызначаны для вядзення ваенных аперацый. Танкавая армія. Армія Заходняга фронту. Рэзервовая армія.

4. У дакастрычніцкай Расіі — асноўная маса сухапутных войск, якая не мела службовых прывілей, у адрозненне ад гвардыі.

5. перан.; каго-чаго. Вялікая колькасць людзей, аб’яднаных якой‑н. агульнай справай, прыкметай. Працоўная армія. Армія барацьбітоў за мір. Армія сельскіх настаўнікаў. □ Арміі грабароў і машын пайшлі ў наступленне на балоты. Лынькоў. // Вялікая колькасць каго‑н. Але гэта было нішто перад усёй колькасцю пінгвінавай арміі. Маўр.

•••

Дзеючая армія — часці арміі, якія ў час вайны знаходзяцца на фронце.

Кадравая армія — тое, што і кадравае войска (гл. войска).

Чырвоная Армія — назва Савецкай Арміі з 1918 да 1946 года.

[Фр. armée ад лац. armo — узбройваю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рой, ‑ю; мн. раі, ‑ёў; м.

1. Сям’я пчол (або іншых падобных насякомых), якія ўтвараюць на чале з маткай адасобленую групу. З дзедавых расказаў .. [Міхалка] ведаў, што рой доўга не сядзіць на месцы, што матка, вывеўшы з вулля сваю маладую сям’ю, толькі чакае высланых разведчыкаў, якія паляцелі шукаць новае месца для рою. Якімовіч.

2. Вялікая колькасць насякомых або птушак, якія кружацца ў паветры. Рой мошак віўся перад .. тварам [Нявады]. Чорны. / Пра сняжынкі, лісце і пад., якія кружацца ў паветры. Узмахне Зіма рукавом кажуха і рой сняжынак, быццам белыя матылькі, сыплецца на зямлю. Даніленка. Над палянаю кружыўся залаты рой кляновага лісця. Шамякін.

3. у знач. прысл. ро́ем. Чарадой, гуртам, у вялікай колькасці. Гарачым летнім днём Вол з ворыва вяртаўся. Напрацаваўся, аж хістаўся. За ім жа куча аваднёў Ляцела роем. Крапіва. Па рэйках роем пстрыкалі кулі. Машара.

4. перан.; каго-чаго або які. Мноства, вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Над вогнішчам узвіваецца цэлы рой залатых іскрынак. Курто.

•••

Віцца роем гл. віцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Птах ’птушка (звычайна вялікая)’, ’птушка-самец’, ’птушкі; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, Мік., Булг., Нас., Ласт., Байк. і Некр.; драг., З нар. сл.; стол., Нар. лекс.; Ян.; бяроз., ЛА, 1), пташ ’тс’ (Нас.), таксама пта́ха ’птушка; вялікая птушка’, ’птушкі; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, Нас., Янк. 3., Мат. Гом.; маст., жабін., ЛА, 1), пта́шка ’птушка’ (Мат. Гом., ТС), ’дробная птушка; агульная назва дзікіх птушак’ (ТСБМ, ЛА, 1), пташʼё ’тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пта́шы ’птушыны’ (Нас.). Ст.-бел. птахъ (1580, Карскі 2-3, 36). Укр. птах, пта́ха, пта́шка ’птушка’, рус. дыял. птах, пта́ха (птя́ха), пта́ша ’тс’. Вытворныя ад прасл. *pъta (гл. птушка) з рознымі агентыўна-пеяратыўнымі суфіксамі. Булыка (Запазыч., 270) ст.-бел. птахъ ’птушка’ лічыць запазычаннем з польск. ptach ’тс’, але шырокі дыяпазон вытворных з такімі суфіксамі ва ўсходнеславянскіх мовах паказвае, што птах магло ўтварыцца і на уласнай глебе. Німчук (Давньорус., 171) сцвярджае, што памяншальна-ласкальныя формы тыпу стараж.-рус. пътахъ, пътаха маюць яшчэ праславянскае паходжанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перарэзвялікая бочка’ (Гарэц.), ’частка двудоннай бочкі, перарэзанай на дзве палавіны, чан’ (Нас., Касп.; чавус., Мат. Маг.), перэрэз ’бочка сярэдніх памераў, звужаная ўверсе, для квасу, засолкі гуркоў’ (усх.-палес., З нар. сл.), пірарэ́з ’засек, месца для ссыпкі зерня’, пірярэ́жчык ’засек у свірне’ (Бяльк.). Укр. пере́різ ’палавіна перарэзанай упоперак бочкі’, палес. перере́з ’тс’; рус. дыял. перерез ’кадушка з перарэзанай напалам бочкі, цэбар; вялікі чан’. Усходнеславянскае. Да пера- і рэзаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)