То́паць ’тупаць, ісці (пра малых дзяцей)’ (мёрск., Нар. лекс.), ’ісці; хадзіць’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’скакаць’ (Сцяшк. Сл.), сюды ж топ ’пра топанне, няўдалыя скокі’ (мсцісл., Нар. лекс.), ’тупат’ (Нар. Гом.), топоні́ць ’тупацець’ (ТС), ст.-бел. топотъ ’тупат’ (1518 г., КГС). Укр. то́пати ’ісці’, то́пкати ’таптаць’, рус. то́пать ’тупаць’, то́пот ’тупат’, польск. дыял. topotać się ’дрыжаць (ад страху, трывогі)’, в.-луж. topotać ’тупаць’, чэш. ťopati ’крочыць’, славен. topotáti, topótniti ’тупаць’, серб.-харв. топо̀тати ’тс’, то̏пот ’тупат’, балг. то́пот ’тупат’, макед. топоти, тупоти ’тупаць, моцна стукаць’. З прасл. *top‑, якое звязана з *tep‑, гл. цепаць, а таксама прасл. *topotъ (гл. тупат). Лічаць гукаперайманнем і параўноўваюць з лат. tapa, tapu ’туп-туп’, tapât ’крочыць, топаць’, літ. tapuoti ’тс’, фін.-угор. tap ’біць, штурхаць’, тат., казах., кыпч. taptamak ’таптаць’, tap‑tap ’туп-туп’. (Фасмер, 4, 78; Махэк₂, 647; ЕСУМ, 5, 598; Сной₂, 773). Да семантыкі параўн. то́пкаць ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́е ‘трое’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб., ТС), тро́я, тро́і ‘тс’ (ваўк., Сл. ПЗБ), тро́і ‘тс’ (Стан., Кліх), ст.-бел. трое, треи, трей ‘тс’ (ГСБМ), троя ‘тс’ (Жлутка), у тым ліку ў спалучэннях троя двадцать (Статут 1529). Параўн. укр. тро́ї, троє, рус. тро́е, польск. troje ‘тры асобы’, trzej, ст.-польск. trój, н.-луж. tšoji ‘трое’, ‘трайны’, в.-луж. troji ‘трайны’, палаб. tari ‘трое’, чэш. trojí, troje ‘трое’, ‘траякі’, славац. troje (н. р.) ‘тры’, ‘трое (у парных назоўніках)’, славен. tróje ‘трое’, tróji ‘траякі’, харв. trȍji, серб. тро̏ји ‘трайны’, макед. тројца ‘трое’, балг. дыял. тро́и, трой, тро́е, трои́ ‘трое’, ст.-слав. трои (м. р.), трое (н. р.) ‘тры, трое’. Прасл. *trojь ‘тры, трайны’, прыметнікавы лічэбнік *trьje м. р. (Дыбо, Этимология–2000–2002, 247), які з і.-е. *trei̯ó — зборны лічэбнік з tréi̯es ‘тры’ (Сной₃, 808; Борысь, 642; Фасмер, 4, 104). Сюды ж таксама троёвы ‘трохзубы, трохрогі’: троёвые вілкі́ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трубо́й ‘вертыкальна, прама, уверх, угору’ — жыты … ўсталі трубою (ТСБМ); дым валіць трубой (Сл. ПЗБ); сюды ж, відаць, у трубы віцца ‘вельмі добра расці’ (ТСБМ): Каб наша жыта / У трубы павілося (навагр., Песні нар. свят). Няясна; параўн. рус. труба́ трубо́ю валить (пра вялікую колькасць людзей, Даль). Хутчэй за ўсё, да труба1 ‘сцябло збожжа перад калашэннем’, пра выключнае значэнне гэтай стадыі развіцця расліны для земляробаў сведчаць спецыяльныя тэрміны трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых, выхад у трубку’ (ТСБМ), укр. трубкува́ння ‘тс’, рус. трубить ‘выпускаць, утвараць сцябліну (пра расліны)’: озими уже трубят (Даль), а таксама сімвалічнае выкарыстанне трубы: «вечарам пасля вяртання з поля селянін браў трубу і пачынаў трубіць. Гэта рабілася для таго “щобы так трубыло жыто”, г. зн. каб забяспечыць добры ураджай» (Теодорович Н. И. Волынь в описании городов, местечек и сёл. Т. V. Почаев, 1903, 391). Паводле Талстых, у гэтым выпадку «народная этимология порождает … ритуал» (Слав. языкозн. X, 259–260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́ба1 ’земнаводная жывёліна’ (ТСБМ). Рус., укр., балг., макед. жаба, польск. żaba, чэш., славен. žába, серб.-луж. žaba, палаб. zobo ’жаба, рапуха’. Ст.-слав. жаба ’жаба’. Прасл. *žaba < *gēbā < і.-е. g​eb(h)‑ ’слізістае, жаба, крот’ (Покарны, 1, 466): ням. Quappe ’апалонік; мянтуз’, ісл. kvap(i) ’жэле, халадзец’, швед. дыял. (s)kvabb ’нешта тлустае’, англ. quab ’балота’, ст.-прус. gabawo ’жаба’ (Тапароў, E–H, 124–127). Фасмер, 2, 31. Міёр. жа́біна ’згустак сопляў’ (Нар. словатв., 162), магчыма, адлюстроўвае не пераноснае значэнне, а старажытную семантыку. Гэта датычыць, магчыма, і жабер ’студзяністыя водарасці’ (Яшкін; гл. жабурынне). Параўн. памор. žaba (побач з ’лягушка’, ’жаба’, ’смоўж’) ’засохшыя соплі’ (Лорэнц, Pomor.). Калі першаснае значэнне ’жывёліна’, не выключана гукапераймальнае паходжанне і.-е. слова (Махэк₂, 721; Скок, 3, 669; Покарны, 1, 466, не ўпэўнена). Гл. Хэмп, Этимология, 1981, 35–37.

Жа́ба2 ’хвароба горла’ (Бяльк., Шат.). Значэнне ’хвароба горла, рота’ вядома ў рус., укр., польск. (Карловіч), чэш., славац., славен., балг., макед., серб.-луж. (у апошніх для формы žabka), таму можа лічыцца агульнаславянскім. Параўн. таксама літ. gẽbenė ’пухір, прышч, высыпка’. Відаць, ад назвы жывёліны (Фасмер, 2, 31). Падобны перанос параўн. у лац. rana ’жаба; нарыў на языку ў жывёліны’, ням. frösch im Halse ці англ. frog in the throat літар. ’жаба ў горле, хрыпата’, тур. kurbaǧacik ’жабяня, запаленне жыл шыі’ (Радлаў, Опыт). Паводле Махэка (Studie, 123), жаба ў народных павер’ях — ведзьма, што прыносіць хваробу. Трэба улічваць яшчэ жабіць ’перагінаць’ (гл.), магчыма, ’сціскаць’ і лац. angina ’ангіна’ ў сувязі з дзеясловам ango ’душыць, сціскаць’. Мяркулава, Этимология, 1963, 72–78.

Жа́ба3 ’дэталь у плузе для прымацавання паліцы і ручак’ (Шатал.), жа́бка ’рэгулятар мельнічных жорнаў’ (Касп., Сцяшк. МГ, Шатал.). Рус., укр., дыял. жа́бка ’тс’; у іншых слав. мовах žaba, žabka таксама абазначаюць розныя ’прылады для прыяднання або замацавання дэталей’ (польск., чэш., славац., славен., серб.-харв., балг.). Улічваючы іншамоўныя тыпалагічныя паралелі (англ. frog ’жаба’, ’засаўка’, узб. бақа, кірг. бака ’жаба’, ’крыжавіна, на якой замацаваны верхні камень жорнаў’ і г. д.), хутчэй за ўсё перанос назвы жывёліны паводле формы і ўяўнай функцыі (быццам жаба трымае, седзячы, тое, што знаходзіцца пад ёю).

Жа́ба4 ’загана ў палатне, калі ўток слаба прыбіты бёрдам’ (Нар. слова, 253; Влад., 210). Чэш. žaba ’тс’ (PSJČ), балг. жаба ’тс’ (БЕР). Прыналежнасць да тэрміналогіі ткацтва, што мае старажытны характар, а таксама фіксацыя ва ўсіх групах слав. моў указваюць на, магчыма, старажытны характар значэння. Ці перанос ад жаба ’непрыемная жывёліна’ або ’загана, выкліканая ўздзеяннем жабы — ведзьмы’, ці непасрэдна звязаны з дзеясловам жабіць (гл.)? Няясна.

Жа́ба5 ’карабатае месца на астрыі касы’ (Жд. 1). Магчыма, звязана з паняццем няроўнасці ці непрыемнасці да жа́ба1 (параўн. жа́ба4) або з карабатасцю да дзеяслова жа́біць (гл.). Але не выключана і сувязь з жа́бры: рус. дыял. жа́бри́, жа́бры ’зазубіны на восцях, вудцы; ніжняя сківіца’ (СРНГ).

Жа́ба6 ’адмоўная назва дзяцей’ (ТСБМ), жабянё, жабу́цька, ’малая жаба, дзіця’ (Шат.), жа́біца, жабу́ха ’рабая, маршчыністая жанчына’ (Нас.). Перанос ад жа́ба1 па падобнасці. Такія пераносы вядомы і іншым слав. мовам. Найбольш замацавана ў чэш. і славац. žaba ’дзяўчынка’ (без адмоўнага адцення).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узня́ць, -німу́, -німеш, -німе і уздыму́, узды́меш, узды́ме; -ня́ў, -няла́, -ло́; -німі́ і уздымі́; -ня́ты; зак.

1. каго-што. Нагнуўшыся, узяць што-н. (з зямлі, падлогі і пад.).

У. лыжку.

2. каго-што. Падняць, аддзяліць ад зямлі, маючы дастаткова сілы, каб утрымаць (навісу).

У. бервяно.

3. каго-што. Падняць уверх, надаць чаму-н. вышэйшае становішча.

У. рукі.

У. бровы.

У. галаву (таксама перан.: стаць бадзёрым, смелым). У. сцяг.

У. заслону сцэны.

4. каго-што. Прымусіць устаць, скрануцца з месца з якой-н. мэтай.

У. полк у атаку.

У. з ложка каго-н. (разбудзіць). У. мядзведзя з бярлогі (успудзіць, выгнаць).

5. што. Падняць уверх (пыл, снег і пад.).

Машына ўзняла на дарозе пыл.

6. перан., каго (што) на што. Натхняючы, схіліць да актыўных дзеянняў.

У. народ на барацьбу.

7. што. Зрабіць вышэйшым.

У. узровень вады.

У. чый-н. аўтарытэт (перан.: зрабіць больш значным у чыіх-н. вачах).

8. перан., што. Павялічыць, павысіць.

У. прадукцыйнасць працы.

У. цэны.

9. перан. Зрабіць больш актыўным, прыўзнятым, палепшыць.

У. настрой.

10. што. Наладзіць, палепшыць, развіць.

У. гаспадарку.

У. эканоміку.

11. што. Зрабіць, пачаць дзеянне, названае назоўнікам.

У. плач (расплакацца). У. шум.

У. трывогу.

У. пытанне.

12. што. Тое, што і узараць (спец.).

У. цаліну.

13. звычайна безас., перан., каго. Узлаваць, вывесці з сябе.

Сказанае чалавека ўзняло.

|| незак. узніма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і уздыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. узня́цце, -я, н. (да 3, 6, 10—12 знач.), узды́м, -у, м. (да 2, 3, 6 і 10 знач.), узніма́нне, -я, н. і уздыма́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

падня́ць, -дыму́, -ды́меш, -ды́ме і падніму́, падні́меш, падні́ме; -ня́ў -няла́, -ло́; падымі́ і паднімі́; -ня́ты; зак.

1. каго-што. Нагнуўшыся, узяць (з зямлі, падлогі).

П. аловак.

2. каго-што. Узяць, маючы дастаткова сілы, каб утрымаць у руках.

П. камень.

3. каго-што. Перамясціць наверх, надаць чаму-н. вышэйшае становішча.

П. на ліфце.

П. якар (выцягнуць з вады перад адплыццём). П. заслону сцэны.

П. галаву (таксама перан.: стаць бадзёрым, смелым).

4. каго-што. Дапамагчы або прымусіць устаць; зноў надаць каму-, чаму-н. стаячае становішча.

П. з пасцелі каго-н. (разбудзіць). Сабака падняў зайца (успудзіў). П. павалены плот.

5. каго (што). Прымусіць крануцца з месца з якой-н. мэтай, прымусіць узяцца за што-н.

П. салдат у атаку.

6. перан., каго (што). Натхняючы, схіліць да якога-н. актыўнага дзеяння.

П. народ на барацьбу.

7. што. Зрабіць вышэйшым, узвысіць.

П. падмурак.

П. узровень вады.

8. перан., што. Павялічыць, павысіць.

П. ураджай.

П. цану.

9. перан. Зрабіць больш актыўным, прыўзнятым, палепшыць.

П. дух.

П. цікавасць да чаго-н.

10. што. Наладжваючы, палепшыць, развіць.

П. гаспадарку.

11. што. Зрабіць, пачаць дзеянне, названае назоўнікам.

П. бунт (узбунтавацца). П. смех.

П. трывогу.

П. пытанне.

12. што. Тое, што і узараць (спец.).

П. цаліну.

|| незак. падыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і падніма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. падня́цце, -я, н. (да 1—3, 6—9 і 10 знач.), падніма́нне, -я, н. (да 1—4, 7—9 і 12 знач.) і пад’ём, -у, м. (да 2, 3, 7 і 12 знач.).

|| прым. пад’ёмны, -ая, -ае (да 2, 3 і 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Плю́скаць1 ’хлюпаць, плюхаць, плюхцець’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб., Нас., Шат.; сміл., Стан.), ’хлюпаць (па шыбах — аб дажджы)’ (Купала “Восень”), ’ударыць далоням’ (Нас.), плю́скыць ’пляскаць’ (Бяльк.); укр. плю́скати ’плёскаць’, польск. płuskać ’плёскаць, шумець’, ’плёскаць’, ’хлюпаць’, н.-луж. pluskaś, в.-луж. pluskać ’плёскаць’, ’журчаць’, чэш. plískati, pluskati — пра моцны дождж, снег, мокрую гразь, ’плёскацца’, славен. pljȗskati ’плёскаць, пырскаць, плёхацца’, серб.-харв. пљу̏скати ’плёскаць’, ’пырскаць’, ’хвастаць (аб дажджы)’, ’біць па твары’, балг. плюскам ’плёскаць, пляскаць’, ’жэрці, прагна есці’, ст.-слав. плюскъ, ’шум’. Прасл. *plʼuskati — пра праліўны дождж (Банькоўскі, 2, 612) — інтэнсіў на ‑sk‑ ад незахаванай першаснай формы, роднаснай літ. pliaũpti ’хвастаць’, ’хлябтаць’, ’ліцца цурком’, pliauškė́ti ’пляскаць’, ’плёскацца’ (Махэк₂, 460–461; Бязлай, 3, 59). Фасмер (3, 289), Васілеўскі (Прадукт. тыпы, 85) адносяць лексему да гукапераймання, паводле Смаль–Стоцкага (Приміт., 169), з першаснага выклічніка плюсь ’плюх’, гл. таксама Копечны (Зб. Младэнаву, 385). Суадносяць яшчэ з лац. pluere ’ісці (пра дождж)’, pluvia ’дождж’, літ. pláuti ’паласкаць, мыць’, ст.-грэч. πλύνειν ’тс’, ст.-в.-ням. flewen < і.-е. *pleu̯‑sk‑ ’імжэць’. Сюды ж плюсь! — пра імгненны ўдар далонню, падзенне азадкам; ’імгненна пайсці (пра дождж), для перадачы гука пры пацалунку’ (Нас., Шат., ТСБМ, Некр.); плюсна́ць! — пра пляск шчупака ў вадзе (Шат.).

Плю́скаць2 ’гаварыць пустое’ (ельск., ЖНС). Балтызм. Параўн. літ. pliáuška ’пустамалот, балбатун’, pliaũkšti ’несці лухту’, ’вярзці бязглуздзіцу’, ’брыдкасловіць’ і рус. валаг. плю́сни́ть ’гаварыць брыдкія словы’. Відаць, гукапераймальнае, параўн. пляска́ць ’біць, хвастаць’ і ’гаварыць многа і абы-што’; гл. папярэдняе слова.

Плю́скаць3, плю́скыць ’лыпаць, моргаць (вачамі)’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Юрч., Др.-Падб., Шат., Касп., Бяльк., Варл., Растарг., ТС, Нар. Гом.), плю́скыньня ’мірганне’ (Юрч. Вытв.), (зоры) плю́скаюць ’ззяюць, мігцяць’ (рас., ЛА, 2). Укр. плю́щити, плю́щитися ’заплюшчваць вочы’, рус. смал. плю́скать ’часта міргаць, выражаючы разгубленасць’, пск., смал., бранск. ’лыпаць, моргаць вачыма’. Арэальнае семантычнае ўтварэнне, гл. плю́скаць ’пляскаць’, плю́шчыць ’заплюшчваць’. Сюды ж: другаснае аддзеяслоўнае плюсь! ’раптоўна маргнуць’ (Нас.), плюсь!/міргунь! — пра аднаразовае мільганне (мсцісл., Нар. лекс.); а таксама плю́склы ’сплюшчаны, зморшчаны, плоскі’ (ТС), укр. дыял. плюскова́тий ’тс’, плюски́й ’плоскі’, плю́склий ’сплюшчаны, плоскі’, параўн. пляскаты (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́кры, пры́крый, прі́крый, пры́клы ’непрыемны, брыдкі; крыўдны; надакучлівы, нязносны; прытарны, агідны; нясмачны’ (Нас., Нік. Очерки, Бес., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ; смарг., шальч., баран., чэрв., Сл. ПЗБ; ТС, ЛА, 3), пры́кра ’непрыемна, брыдка; крыўдна; надакучліва, нязносна; прытарна, агідна’ (ТСБМ, Мядзв., Нас., Нік. Очерки, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., Бяльк., ТС), ’горка’ (Байк. і Некр.), прі́кра ’прыкра; горка’ (Бяльк.). Сюды ж з іншымі архаічнымі значэннямі: пры́кры ’стромы (бераг)’ (Мат. Гродз., Сцяшк.), пры́кры, пры́крый ’абрывісты, круты (бераг)’ (лід., іван., пін., Сл. ПЗБ; ЛА, 2, ТС), прэ́кры, прэ́крый ’круты, стромкі (пра бераг)’, прэ́кро ’крута, стромка’ (Сіг., ЛА, 2). Таксама сюды ж вытворныя назоўнікі і дзеясловы, якія захоўваюць семантыку прыметнікаў: пры́красць, прікрысь, прікрысць ’непрыемнае пачуццё, непрыемнасць’ (Нік. Очерки, Ласт., Байк. і Некр., Яруш., ТСБМ), пры́кросць ’прыкрасць, непрыемнасць’, ’круцізна, абрывістасць’, прыкрэ́ц ’круты бераг’ (ТС), са стратай каранёвага ‑р‑ пры́кун ’круты бераг’ (Мат. Гродз.); пры́крыць ’надакучваць; назаляць; рабіцца прытарным, агідным’ (Нас., Нік. Очерки, Байк. і Некр.), прыкрэ́ць ’рабіцца прытарным, больш салодкім’ (Нас.), прі́кріцца ’апрыкрыць, надакучыць’ (Бяльк.), пры́крыць ’рабіць непрыемнасці’ (ашм., Сл. ПЗБ); ст.-бел. прикрии, прыкрыи ’круты’, прыкрыи ’непрыемны’, прикритство ’строгасць, жорстскасць’ (Сл. Скарыны). Параўн. укр. при́крий ’непрыемны; моцны, надзвычайны; рэзкі (пра колер); злы; круты; стромы’, рус. дыял. при́крый ’прытарны’, ’цяжкі, недаступны, недасягальны (пра шлях, работу і пад.)’, польск. przykry ’прыкры, аскомісты’, чэш. příkrý, славац. príkry ’прыкры, брыдкі, непрыемны, аскомісты, востры’. Узыходзіць да прасл. *prikrъ(jь) ’круты; востры, горкі; непрыемны; рэзкі і г. д.’, якое калі не спрадвеку было полісемічным, то набыло шэраг значэнняў (аб якіх падрабязна гл. Пятлёва, Этимология–1983, 43–45; тут таксама крытычны агляд папярэдніх версій і аналіз семантыкі) даволі рана, што, безумоўна, можа быць звязана з патэнцыяльна невычэрпнай семантыкай і.-е. *qer‑ ’рэзаць’, да якога (з прэфіксам pri‑) праславянскае слова ўзводзіў яшчэ Петарсан (гл. Фасмер, 3, 364; Пятлёва, там жа). Іншыя версіі (Міклашыч, 264; Голуб-Копечны, 301; Махэк₂, 493) падаюцца пэўнымі ў значна меншай ступені. Кюнэ (Poln., 89) па лінгвагеаграфічных прычынах лічыў польскім запазычаннем у беларускай мове, што не мае падстаў у сувязі з народным характарам слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наводліў ’наводмаш’ (ТСБМ), навотліў ’тс’ (калінк., З нар. сл.), наўотліў: «паганымі рукамі рву [завітку] наўотліў — направа ці налева, толькі не ўверх» (хойн., Полес. этнолингвист. сб. М., 1983, 100), навотляў ’наводліў, наводмаш’ (карэл., Нар. лекс.), навотляй (лях., Янк. Мат.), навотля, наотля ’наводмаш; наадварот, не так, як трэба; ад сябе’ (гродз., Сцяшк. Сл.), навотля, навотлю ’наводмаш; на адлегласці’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж, відаць, навотвіль, наотвіль ’наводмаш’ (ТС), навотляг (стаўбц., Жыв. сл.), навотлях (слонім., Нар. лекс.), na wodlach ’тс’ (Федар. II, 159). Параўн. укр. навідлі, навідлів, навідліг, наодлів ’наводмаш’, польск. naodlew, na odlew ’з левага боку, левай рукой’. Існуе некалькі версій паходжання названага слова: ад ле́вы, параўн. польск. odlew ’з левай рукі, левай рукой; перан. махнуўшы рукой ад сябе, адным замахам’ (Варш. сл.), такой версіі адносна бел. навотліў, навотлю прытрымліваецца Шуба (Прыслоўе, 114), які лічыць іх прыставачна-суфіксальнымі; або ад ліць, як лічыць Брукнер (289), для польск. слова, г. зн. на‑(в)од‑ліў, як на‑(в)од‑маш (ад махаць), на‑(в)од‑шыб (ад шыбаць) і г. д. Не выключае, што тут мы маем справу з узаемаўплывам розных па паходжанні слоў, пра што можа сведчыць спецыфічнае для польск. odlew значэнне ’ад сябе, праз руку’, зафіксаванае ў слоўніку Ольгебранта (у т. зв. Віленскім слоўніку): lać do szklanki na odlew, што, відаць, адлюстроўвае праз т. зв. пальшчызну крэсову ўплыў беларускай мовы. У такім выпадку частка аднесеных сюды слоў можа мець іншае паходжанне: наводлег, навотлях ад легчы, ляжаць (< на‑од‑лег), навотвіль, наотвіль ад віляць і г. д. Улічваючы магічны сэнс розных кірункаў дзеяння (параўн., напрыклад, адліванне, адкідванне хваробы ў знахарскай практыцы), перш за ўсё з мэтай засцярогі («Серпа, косу откідалі от себе, ек грымело», ТС, 3, 280), а таксама недапушчальнасць з пункту погляду народнай этыкі наліваць каму-небудзь ад сябе (што павінна сведчыць пра злыя намеры), можна прыняць для наводліў другую версію. Параўн. таксама Журэк, JP, 57, 1977, 36–38 (польск. na odlew — пра замах шабляй з левага боку).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лоб1, лоп, луоб, ло̂б ’пярэдняя частка галавы’ (ТСБМ, Бес., Кл., Бяльк., Касп., Сцяшк., Янк. Мат., ТС, Мат. Гом.), ’чалавек моцнага целаскладу’ (ТС), ’галава, мазгаўня’ (Кл.), ’абібок’ (б.-каш., Мат. Гом.), ’пярэдняя частка чаго-небудзь’ (Сцяшк.); лэб, лэп ’лоб’ (шальч., воран., іўеў., шчуч., валож., трак., швянч.), ’галава’ (астрав., ашм.), шчуч. ’валасы’ (шчуч.Сл. ПЗБ) — параўн. ст.-бел. лебъ < ст.-польск. łeb (Булыка, БЛ, 11, 46). Укр. лоб, ліб, рус. лоб ’лоб’, польск. łeb ’галава жывёлы’, зневаж. ’галава чалавека’, ст.-польск. łep ’чэрап’ (у Сымона Буднага); паўн.-усх. ’лоб’ і розныя пераносныя значэнні; чэш. leb ’чэрап’, перан. ’галава’, ст.-чэш. leb, славац. leb ’чэрап’, славен. ləb ’чэрап’, ’лоб’, балг. лъб, ц.-слав. лъбъ ’чэрап’, ст.-слав. лъбьнъ (параўн. рус. лобное место, славен. lebánja, lobánja ’чэрап’, ’узгорак’). Прасл. lъbъ ’чэрап’ > ’лоб’ > ’галава’ (Слаўскі, 5, 92). Звычайна прасл. лексему супастаўляюць са ст.-грэч. λόφος ’шыя’, ’узгорак’, ’чубок, чупрына’, ’султан з пёраў’ і з тах. A lap ’чэрап’, ’галава’ (Шульцэ, Kleine Schriften, 1933, 252; Бецэнбергер, BB, 4, 333; Фрэнкель, 398; Поўха, Inst. linguae tocharicae, 1, 1955, 264; Фасмер, 2, 507). Аднак гэта аспрэчваюць: Бернекер (1, 748–749), Слаўскі (JP, 36, 72), Фрыск (2, 140) з прычыны фанетычных неадпаведнасцей. Яны, а таксама Брукнер (309), Махэк₂ (323) параўноўваюць прасл. lъbъ з lubъ ’кара, лыка’, прыводзячы ў якасці доказаў наяўнасць сінонімаў — параўн. серб.-харв. дуброўн. lùbina ’чэрап’, харв. lùbanja, славен. lubánja, якія ў рэшце рэшт узыходзяць да і.-е. *leubh‑ ’лупіць, здымаць кару’. Прасл. lъbъ адпавядае і.-е. lubh‑ (сюды ж і літ. lùbena ’лушпіна’, lùbos ’столя’, lubà ’стальнічына’) з першасным значэннем ’выпуклая шкарлупка’ (параўн. серб.-харв. чак. з XVI–XVII стст. lup ’чэрап’, lȗp ’шкарлупа’).

Лоб2 ’пакрытая ледзяной карой зямля (пасля дажджу, адлігі)’ (карэліц., Янк. Мат.). Да лоб1 (гл.).

Лоб3 ’шчыт, франтон’ (Тарн., Зн., Касп.; пруж., бяроз., в.-дзв., Нар. сл., Шатал.; міёр. Нар. сл.), лельч., калінк. ’падстрэшак’, пруж. ’закот’, міёр. лоп ’падфрантонная сцяна ў будынку’ (Нар. сл.). У выніку пераносу паводле падабенства з лоб ’лоб’, параўн. палес. спіна, грыва ’вільчык’. Да лоб1 (гл.). Параўн. таксама лабак1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)