Ражаство́, ражджаство́ ’каляды’ (Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк.), рожество́, роздво́ ’тс’ (Талстая, Полес.), ражство́ ’тс’ (Гарэц.), рождво́ ’тс’ (ПСл), роздво́ ’тс’ (ТС), параўн. укр. різдво́, рус. рождество́, польск. Boże Narodzenie, чэш. Narození Páně, серб. рождѐство, харв. roždastvo, roždestvo, балг. рождество́, ст.-слав. рождьство, розьство. Утворана ад радзі́ць 1 (гл.). Ва ўсходніх славян у XI–XII стст. свята мела назву рожьство, пазней — рожество (Сразн.), ст.-бел. роство, розтво (1387 г.), апошняе з рожьство (> росство, гл. Карскі, 1, 284), што адпавядала зыходнай стараславянскай форме гэтага слова са значэннем ’нараджэнне’, ’дзень нараджэння’. Параўн. ст.-бел. роженье: день роженья его (Альтбаўэр) як сінанімічнае ўтварэнне ад таго ж кораня, але з іншым суфіксам, сучаснае ражджэ́нне ’нараджэнне’ (Сл. ПЗБ), рожэ́нье ’тс’ (ТС) (Фасмер, 3, 493; Чарных, 2, 119–120; БЕР, 6, 304).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Райці́ннікі ’выхавацелі і пастухі коней’ (Карскі, Труды, 320), ст.-бел. ройтиник (з 1510 г.) ’шляхціч (’путный боярин’) вялікага князя’, ’даглядчык коней, конюх, канявод’. Лічыцца запазычаннем з літ. raĩtininkas ’вершнік’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 94). Трэба думаць, што літ. raĩtininkas утворана паводле мадэлі dainininkas ’спявак, пясняр’ (< daina ’песня’), mokslininkas ’вучоны’ (< mokslas ’навука’) і інш., адсюль raĩtininkas, магчыма, ад літ. raitija ’конніца, кавалерыя’, што, імаверна, звязана з ням. reiten ’ехаць’, Reiten ’язда на кані’. Такім чынам, у якасці здагадкі, паколькі бел. райціннік мае іншую афіксацыю, можна дапусціць самастойнае яго ўтварэнне пры дапамозе суф. ‑нік непасрэдна з ням. *reiten‑nik, магчыма, з прамежкавай аддзеяслоўнай формай *райцінне ’язда на кані’. Падобна, як і ст.-польск. rojćnicki (1561 г.) створана з уласнай патранімічнай суфіксацыяй < *rejtьn‑icki. Гл. таксама ройтаннік.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Све́тка (свѣтка) ‘сведка’ (Нас., Шымк. Собр.), сьве́тка ‘тс’, мн. л. светкі ‘тс’ (Бяльк.; петрык., Яшк. Мясц.): немашака светак (Сержп. Казкі), све́тка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свя́тка ‘тс’ (Скарбы), ст.-бел. свѣтки ‘сведкі’ (1450 г.), светок ‘сведка’ (XVI ст.). Апошняе, згодна з Карскім (1, 275), пад уплывам формы мн. л. свѣтки, ад яго, відаць, і свѣтчити, свѣтчу (1487 г.), што адлюстроўваюць аглушэнне д (Карскі, 1, 274; 2–3, 261), гл. сведчыць. Адсюль запазычана і літ. sviẽtkas ‘сведка’ (Буга, Rinkt., 2, 495), форма з ‑я‑ пад уплывам польск. świadek ‘сведка’. Сюды ж дыял. све́тчыць (свѣтчиць) ‘пацвярджаць; дапамагаць; даносіць’ (Нас.). Станкевіч (Язык, 643) бачыць тут корань ‑вет‑ (*‑vět‑), гл. веціць, адно са значэнняў якога было ‘гаварыць, абвяшчаць’, што, магчыма, паўплывала на першасную форму. Гл. сведка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Стадо́ла ‘канюшня на заезным двары’, ‘вялікі хлеў’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), ‘адрына’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), ‘адрына; пуня’ (Скарбы), ‘вялікая пабудова’ (ТС, Ян.), стадо́ля ‘вялікае заезнае памяшканне’ (Шат.), стодо́л ‘адрына для малацьбы’, ‘частка адрыны, дзе малоцяць’ (Шушк.). Укр. стодо́ла, стодо́ля ‘клуня’, рус. стодо́ла ‘навес, хлеў, адрына’, польск. stodoła ‘гаспадарчы будынак для захоўвання сена, збожжа і пад.’, чэш. stodola ‘тс’. Запазычанне праз польскае і чэшскае пасрэдніцтва з ст.-в.-ням. stadal ‘хлеў, стойла’; гл. Міклашыч, 323; Фасмер, 3, 764; Брукнер, 516; Махэк₂, 578; Борысь, 578; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 339–340. У беларускай праз польск. stodoła (Карскі, Белорусы, 135; Кюнэ, Poln. 99); ст.-бел. стодола (стадола) ‘гасцініца, карчма, гумно’ (XVI ст.) з ст.-польск. stodoła.; гл. Булыка, Лекс. запазыч., 97.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Суро́кі ’паводле забабонных уяўленняў — няшчасце, хвароба, пашкоджанне, прынесеныя каму-небудзь нядобрым вокам’ (ТСБМ; круп., докш., барыс., Сл. ПЗБ; усх.-маг., ЛА, 3; Растарг.), суро́цы ’тс’ (Нас., Шымк. Собр., Шн. 3, Гарэц., Нік., Оч., Касп., Бяльк., Растарг., ЛА, 3), суро́чыць ’зракнуць’ (Касп., Некр. і Байк., Ласт., Шн. 3, Нас., ТС, ЛА, 3). Рус. смал. суро́к ’урокі’, изуро́к ’тс’. Ад *sǫ і *rokъ (гл. су- і рок); паводле Фасмера (3, 808), першаснае значэнне — ’пашкоджанне, няшчасце, прынесеныя нядобрым словам’, параўн. урок, уроцы (гл.). Хутчэй адваротны дэрыват ад прыставачнага сурочыць, гл. уракаць, уракці. Паводле Карскага (1, 365), формы на ‑цы — глыбокі архаізм з памякчэннем зыходнага заднеязычнага перад другасным і, якія пасля дээтымалагізаваліся пад уплывам назваў хвароб тыпу сухоты, пранцы і пад., гл. Карскі 2-3, 136, 331.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сусе́д ’чалавек, які жыве паблізу, побач або займае бліжэйшае месца’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Растарг.), сусе́дзь ’тс’ (Ян.), сасе́д, сасе́дзь ’тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. сусѣдъ ’тс’ (Карскі 1, 122), сусѣда ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сусі́д(а), рус. сосе́д, дыял. сусе́д, ст.-рус. сусѣдъ, польск. sąsiad, в.-луж. susod, н.-луж. sused, чэш. soused, славац. súsed, серб.-харв. су̏сјед, славен. sósẹd, балг. съсе́д, макед. сосед, ст.-слав. сѫсѣдъ. Прасл. *sǫsědъ ’сусед’, дэрыват з прыст. *sǫ‑ і назоўнікавым коранем *‑sěd‑ < *sěděti ’сядзець’; гл. Шустар-Шэўц, 1380, Фасмер, 3, 726; Трубачоў, Проспект, 80; ESSJ SG, 1, 240. Борысь (540) разглядае як аддзеяслоўны назоўнік ад *sъ‑sěsti (sę) ’сесці разам, побач’, першапачаткова як назва дзеяння з наступным пераходам *sъ‑ > *sǫ‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тамто́й ’той’ (Сцяшк. Сл., Вруб.; беласт., Сл. ПЗБ), там‑той ’вунь той’ (Байк. і Некр.), та́мты ’той, той там, той вунь там’: та́мты хлапе́ц (Ласт.), тамто́й: в тамтао́му ро́ці, в тамтао́му году́ ’летась’ (пін., ЛА, 2), тамто́је ’тое’ (Вруб.): та́мтая ле́та ’летась’ (астрав., ЛА, 2), та́м‑тэй ’вунь той’ (Нас.), ст.-бел. тамтый ’той’ (Ст.-бел. лексікон), фіксуецца ў старабеларускай мове з канца XV ст. (КГС); сюды ж вытворнае тамтэ́йшы ’немясцовы, нетутэйшы’ (Ласт.). Калька са ст.-польск. tamten, дзе tam ’там’ і ten ’той’, гл. там і той. Карскі (2–3, 91) адносіць сюды і іншыя ўтварэнні з пачатковым элементам там: ст.-бел. тамтотъ, тамтого, складанае прыслоўе тамто і інш., што ўзніклі пад польскім уплывам (гл. то). Параўн. ЕСУМ, 5, 513.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трае́цкі — прым. ад Тройца ’Святая Тройца, свята Сёмуха’: трое́цькый ты́ждэнь ’тыдзень пасля Сёмухі’, трае́цкія дзяды́ (трае́цкые деды́) ’памінальныя дні перад Тройцай’ (гом., Талстая, Полес.), трое́цькый ты́ждэнь ’тыдзень пасля Сёмухі’ (маляр., там жа), трое́цкый грыб ’агульная назва вясновых грыбоў’ (пін., Жыв. сл.), трое́цкі грыб ’ранні, веснавы баравік’ (ТС), сюды ж урбанонімы Трае́цкая гара, Трае́цкае прадмесце ў Мінску, Трае́цкая царква́ ў Віцебску, ст.-бел. троецького (1532 г.), троецкиѣ (1624 г.), гл. Карскі, 1, 226. Гл. Тройца; паводле Карскага (там жа), форма з е на месцы jь з’яўляецца заканамерным утварэннем. Параўн. таксама трое́чны ты́дзень ’тыдзень, на які прыпадае Сёмуха’ (ТС), трое́шны ты́ждень ’тс’ (лельч., Талстая, Полес.), відаць, ад Тро́ечка, Трое́шнік ’Сёмуха’ (там жа) з народнаэтымалагічным набліжэннем да тройка, тройчы (гл.), параўн. трае́чны ’трайны’ (Некр. і Байк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тро́йчы ‘трайчасты’ (Байк. і Некр.), ‘тры разы, утрая’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Растарг., Сержп. Прык.), трэ́йчы ‘тс’ (Федар. 2, Пятк. 2, Кліх), тро́йча ‘тс’ (Нар. Гом.), тры́йчы (трійчи) ‘тс’ (Нас.), трычы, трычі ‘тс’ (арш., Мат.; Бес.), ст.-бел. тройчи, треичы ‘тс’ (ГСБМ). Утвораны ад зборнага лічэбніка trojь і іменнай формы *jьtjь ‘ход’ ад дзеяслова *jьti ‘ісці’ (ЭССЯ, 5, 193; ЕСУМ, 5, 642) падобна, як ст.-слав. форма на ‑жды, якая з *šьdy < дзеепрыметнік *šьdъ (< xoditi ‘хадзіць’). Інакш — Карскі (Белорусы, т. II, вып. 2, Варшава, 1911, с. 91) і Шуба (Прыслоўе, 56–57): суфіксальны элемент ‑ч‑ збліжаецца з ‑ц‑ (параўн., стараж.-рус. двоица, троица, балг. двоица, троица, макед. двајца, четворица) і ўзводзіцца да ‑к‑, параўн. трэ́йко ‘трыкроць’ (ТС; гом., Рам. 3).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трэ, трэ’ ‘трэба’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк., Касп., Шат., Сержп. Казкі, Мат. Маг. 2, Арх. Вяр., Ян., ТС, ПСл, Сл. ПЗБ), сюды ж трэ́а ‘тс’ (Ян.; кобр., гродз., Кольб.), трэ́э ‘тс’ (Сержп. Прык. і прым.), а таксама тра ‘тс’ (КСТ, Булг., Сл. Брэс.). Параўн. укр. тре, тре́а ‘тс’, палес. тра ‘тс’: йак тра, то тра (Арк.), польск. trzea, trza ‘тс’, чэш. třa, třás ‘тс’, славац. tra ‘тс’, ст.-слав. трѣ ‘тс’. У выніку рэдукцыі з трэ́ба 1 (гл.) у працэсе трансфармацыі ад назоўніка да прыслоўя (Карскі, 2, 354); не выключана, што гэтаму паспрыяла гаплалогія ў найбольш частотным спалучэнні трэба было > трэ было, параўн. трэ́ было́, трэ́бло (Хромчанка, Паўн.-маст. гав.), трэ́було (з у < ы, Сцяцко, БММ, 2, 204), trébała ‘тс’ (Варл.), трэ́бало ‘тс’ (Клундук) і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)