тэлефо́н, ‑а, м.

1. Від электрасувязі, які дае магчымасць весці вусную размову паміж абанентамі, аддаленымі адзін ад другога на далёкую адлегласць. Гаварыць па тэлефоне. □ Неяк увечары пазваніў па тэлефоне сын маіх знаёмых Толік і запытаў, ці не магла б я даць яму якую-небудзь цікавую кніжку. Бяганская.

2. Электраакустычны апарат для перадачы І прыёму моўнай інфармацыі. Міжгародні тэлефон. Палявы тэлефон. □ Пятрэнка, а за ім Казімір з Ірынкай, прайшлі ў маленькі дырэктарскі кабінет, дзе на сцяне над сталом вісеў тэлефон. Краўчанка. // Нумар тэлефоннага апарата. Дакладны бяру тэлефон, Дакладны ведаю Адрас. Барадулін.

•••

Тэлефон-аўтамат — тэлефонны апарат з механічнай сістэмай аплаты тэлефонных размоў; таксафон.

Абарваць тэлефон гл. абарваць.

Вісець на тэлефоне гл. вісець.

Сядзець на тэлефоне гл. сядзець.

[Ад грэч. tēle — далёка і phōnē — гук.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэ́хнік, ‑а, м.

1. Спецыяліст у якой‑н. галіне тэхнікі з сярэдняй тэхнічнай адукацыяй. Інжынеры і тэхнікі. Тэхнік-электрык. □ Ля станка сабраліся тэхнолагі, інжынеры, тэхнікі. Зараз пачнецца выпрабаванне. Асіпенка.

2. Чалавек, які працуе ў галіне тэхнікі. Глядзеў Сяргей перад сабой уніз, дзе стаялі лётчыкі, матарысты, тэхнікі. Лынькоў. // Пра работніка з сярэдняй адукацыяй у некаторых іншых галінах. Тэхнік-статыст. Тэхнік-лесавод. // Разм. Навучэнец тэхнічнай навучальнай установы. Старэйшы сын фізік, а малодшы — тэхнік.

3. Чалавек, які валодае высокай тэхнікай, высокім майстэрствам у якой‑н. справе, мастацтве. Для натуршчыцы «Джаконды» Леанарда да Вінчы вынайшаў і змайстраваў уласнымі рукамі многа цікавых прылад працы. Большасць з іх вядома сучасным тэхнікам і заслужыла высокай адзнакі. Матрунёнак.

•••

Зубны тэхнік — спецыяліст, які робіць зубныя пратэзы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умясці́цца, умяшчуся, умесцішся, умесціцца; зак.

1. Поўнасцю змясціцца ў чым‑н., дзе‑н. Язэп асцярожна падышоў да жыта, сарваў колас. Ён не ўмясціўся на далоні. Асіпенка. Чэк трэба было асабліва асцярожна падпісваць: каб умясціцца ў вузенькім радку і, барані божа, не заскочыць якой-небудзь рыскай за блакітнае поле. Скрыган. Падышоў тралейбус, і чарга ўмясцілася ў яго. Сабаленка. // перан. Заняць, запоўніць сабой што‑н. Усё, што здарылася за адзін дзень, не магло ўмясціцца ў галаве [Шылянка]. Кавалёў.

2. Размясціцца на якім‑н. месцы. Міхась паслухмяна саслізнуў з лаўкі і ўмясціўся побач з рыжым хлопчыкам. «Вожык». Глыбока ўздыхнуўшы, Чарнавус лепш умясціўся на лаўцы, паставіў на калені локці і апусціў на далоні сваю жорсткую бараду. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усе́сціся, усядуся, усядзешся, усядзецца; пр. усеўся, уселася; заг. усядзься; зак.

1. Сесці, размясціцца дзе‑н. (звычайна зручна, надоўга). Галкі ўзняліся над дахам, зрабілі круг і, нахохленыя, уселіся на антэне. Карпаў. Пад дубам уселася цесна Брыгада, як штаб палявы. Калачынскі. Уладзік доўга масціўся на лавачцы, нарэшце ўсеўся, выставіўшы наперад крывую нагу. Кудравец. Антон Пятровіч выпіў квас, асцярожна паставіў на талерку пустую шклянку і зручней усеўся ў крэсле. Шашкоў. // Заняць месца для паездкі. Не кінуўся [Сагура] у кузаў, не — таптаўся ўсё ўбаку, чакаў хвіліны, пакуль не ўсядуцца ўсе. Ракітны. Турсевіч усеўся ў каламажцы, зняў шапку, памахаў прыяцелю. Фурманка рушыла з месца. Колас.

2. Прыняцца за якую‑н. справу ў сядзячым становішчы. Усесціся за чытанне газет. □ Хлопцы ўселіся вячэраць пры вогнішчы. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усту́п 1, ‑а, м.

Частка чаго‑н., якая адступае ад асноўная лініі, утвараючы ступень, выемку. Уступ катлавана. Уступы гор. □ Ля невялікага віру, які пераходзіць у доўгую затоку, [мы] спыніліся, аглядаючы кожны ўступ ля берага. Ігнаценка. Па другі бок.. [вуліцы], там, дзе канчаецца асфальт, не крута, а ўступамі, штораз усё ніжэйшымі, пачынаецца спуск да Дняпра. Палтаран.

усту́п 2, ‑у, м.

Пачатковая частка кнігі, артыкула, музычнага твора і пад., уводзіны да чаго‑н. Уступ да паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». □ Уступ [Трэцяй сімфоніі Р. Пукста] пачынаецца магутнай, моцнай па гучанню кароткай завершанай тэмай. Дубкова. І Міхась па .. голасу [маці] здагадаўся: гэта толькі ўступ, а галоўнае — наперадзе. Сіўцоў. // Прадмова, уступнае слова. Ян Дрда, папрасіўшы ўвагі, у кароценькія ўступе сардэчна, па-сяброўску вітае нас — беларускіх таварышаў. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлябта́ць, хлябчу, хлебчаш, хлебча; незак., што.

1. Піць, зачэрпваючы вадкасць языком (пра некаторых жывёлін). Тады Слава падштурхнуў шчаня да сподачка. Нахіліў галоўку. Толькі пасля гэтага яно і пачало прагна хлябтаць, распырскваючы на падлозе драбнюткія кропелькі малака. Шыловіч.

2. Прагна піць. Ды Дзед Мароз ужо хлебча з конаўкі ваду, выцірае бараду і глядзіць, ладкуецца, дзе б гэта аблюбаваць месца на шырокім палку прылегчы. Кухараў. [Апенька] хлябтаў на поўны рот, пакуль не спаражніў пасудзіны. Навуменка.

3. Разм. груб. Піць (віно, спіртныя напіткі) у вялікай колькасці. — Мала мы з табою, ты [Халімон], нежанаты, ды я, пры жонцы халасты, той гарэлкі папілі ды ў дурня пагулялі?! — на вачах Кірдуна выступіла вільгаць. — Мне, думаеш, лёгка? Буду там чорт ведае з кім тую гарэлку хлябтаць. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́ха,

1. Прысл. да ціхі.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць цішыні дзе‑н., ціхае надвор’е. Было ціха і цёпла. Здавалася, яшчэ дзень-другі — і ў ліловых алешніках зацёхкаюць галасістыя салаўі. Ігнаценка.

3. безас. у знач. вык. Пра спакойнае, мірнае жыццё. Гора ў прорву нябыту сплыло. Шчасце зведалі дзеці. Толькі б ціха на свеце было, Толькі б ціха на свеце... Гілевіч. // Пра адсутнасць спрэчак, сутыкненняў паміж кім‑н. [Жанчына:] — Маўчыць [Пятро], як вады ў рот набраўшы. Кажа: «Абы ў хаце ціха было». Пальчэўскі. // перан. Пра душэўны спакой, уціхаміранне. На душы было ціха.

4. у знач. вык. Ужываецца як загад не шумець, замаўчаць. — Ціха-а, — шапнуў Косцік, — гэта вавёрка. Брыль. — Ціха, хлопцы! Памаўчыце хоць адну хвіліну. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́зня, ла́зьня ’памяшканне, дзе мыюцца і парацца’ (Нас., Гарэц., Мядзв., Мал., Бяльк., Касп., Шат., Грыг., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’сушня, будынак, у якім труць лён’ (Бір. Дзярж., КЭС, лаг.; саліг., З нар. сл.). Укр. лаз́ня ’лазня’, ’хаціна з маленькім уваходам’, ’яма для захоўвання збожжа’, рус. ла́зня ’падвал’, ’лесвіца’, ’лаз у яму’, ст.-рус. лазня (з XII ст.), якое, несумненна, паўднёва-заходняга паходжання (гл. Філін, Происх., 571); польск. łaźnia ’лазня’ (з XV ст.), н.-луж., в.-луж. łaznja ’лазня, ванна’, чэш. lázeń ’тс’, ’купанне’, lázně ’курорт’, паўд.-чэш. lazna ’стаў’. Паўн.-слав. дыялектызм. Прасл. laznь і lazьnja ўзніклі ў розныя часы: першасны дэрыват laz‑nь (як kaz‑nь); laz‑ьnja, утвораная ад lazьnъ(jь) < lazъ, параўн. укр. лазня піч, ст.-польск. (XVI ст.) co dalej to wyszsze jako w laźniej ’а далей — усё вышэй, як у лазні’ (Слаўскі, 5, 72). Да ла́зіць (гл.). Параўн. ст.-рус. влазити, влѣзти въ баню. Лазня першапачаткова азначала месца, куды лазілі: уніз → у яму (дзе была печ), уверх на палок у лазні (Машынскі, Kult., 1, 607–608; Бернекер, 697; Брукнер, 308; Шрадэр, Reallexikon, 1, 74; Зяленін, AfslPh, 32, 601). Іншыя версіі падлягаюць сумненню: паводле Махэка₂ (322), прасл. laznь трэба чляніць la‑znь, у якім la‑ < і.-е. *lavǝ‑, параўн. лац. lavāre ’мыць, мыцца’, хец. lā‑ ’тс’. Гэта прыняў і Вахрас (ScSl, IX, 1963, 166–167), дапускаючы, што сувязь з лазіць другасная. Ёстэррайхер (16, 10) звязвае лазню з lazъ ’выкапаная яма’. Міклашыч (161) памыляецца, калі выводзіць яе са ст.-грэч. λάσανον, лац. lasanum ’сасуд’. Кіслоўкі мяркуе, што касцюк. лазня — паланізм (КЭС). Гл. яшчэ Краўчук, УМШ, 1960, 6, 50–62.

Ла́зня2 ’прыстасаванне для лазання на дрэва’ (Інстр. 1), рус. лазня ’лесвіца, драбіна, лескі’. Да ла́зіць (гл.) (аб суф. ‑ня гл. Сцяцко, Афікс. наз., 58).

Ла́зня3 ’дзіцячая гульня’ (ТС). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казі́нец1 ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’ (ТСБМ; полац., КЭС; Сержп. Грам.), ’падагра’ (БРС; полац., Суднік, вусн. паведамл.) ’хвароба, калі калені не згінаюцца’ (гродз., Цыхун, вусн. паведамл.), ’дрыжанне ног (хвароба)’ (Байк. і Некр.), ’сутарга’ (Федар. Рук.), казініц ’хвароба ног, калі яны слабеюць’ (КЭС, лаг.). Укр. мірт. козинець ’хвароба калень пярэдніх ног каня’, рус. скап., раз., калуж., кемер. козинец ’крывізна, скрыўленне пярэдніх ног у коней, калі нага нагадвае казіную’ зафіксавана і Далем, але без геаграфіі. Усх.-слав. інавацыя. Матывацыя празрыстая (гл. дэфініцыі). Па словаўтварэнню гэта семантычны кандэнсат або адпрыметнікавы (ад асновы казін‑) дэрыват з суфіксам ‑ец, аб тыпах утварэння гл. Сцяцко, Афікс. наз., 100–102, дзе і літ-ра.

Казі́нец2 ’казялец, Ranunculus acris’ (Мат. Гом.). Дакладных адпаведнікаў няма. Статус слова няясны, магчыма, рэгіянальны наватвор, а магчыма, і старое ўтварэнне, паралельнае да казелец (гл.), параўн. серб.-харв. kozinac ’Astragalus onobrychis’; нягледзячы на тое што бел. і серб.-харв. словы называюць розныя расліны, матывацыя, відаць, аднолькавая. Параўн. бел. гарох воўчы, гарох авечы, віхрава трава (для віду Astragalus glycyphyllus), укр. горох гадючий, горох кошачий (для віду A. onobrychis), горох вовчий, горох заячий, вовча ступа і інш. для віду А. glycyphyllus. Словаўтварэнне, як у выпадку з казінец1; з прыведзеных намі сінонімаў можна бачыць тут семантычны кандэнсат. Аб матывацыі (сувязь з назвай жывёлы) гл. казелец.

Казі́нец3 ’трава сівец, Nardus stricta’ (карэліц., Жыв. сл.), казіняц ’тс’ (пух., Сл. паўн.-зах.). Сувязь з назвай жывёлы відавочная, параўн. каза ’Nardus stricta’ (ТСБМ). Аб словаўтварэнні гл. казінец1.

Казі́нец4 ’неўрадлівая, забалочаная сенажаць, дзе расце вельмі жорсткая дзікая трава’ (Прышч. дыс.). Відаць, да папярэдняга слова.

*Казі́нец5, козінец ’грыб пеўнік стракаты’ (лельч., Жыв. сл.). Матывацыя зразумелая з ілюстрацыі: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (Жыв. сл., 211). Аб словаўтв. параўн. казінец2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паса́д1 ’снапы, раскладзеныя ў рад для малацьбы цэпам’ (паўсюдна, апрача Зах. Палесся і Зах. Віцебшчыны — ДАБМ, к. 285; ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Янк. БП, Некр., Сцяшк., ТС, Янк. 2, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’колькасць снапоў, высушаных у ёўні за адзін раз’ (Касп., Шатал.), ’месца на таку для абмалочвання снапоў’ (паст., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’будынак для абмалочанага збожжа’ (Мат. Гом.). Укр. поса́д, рус. поса́д ’род або круг снапоў’, том. насад ’тс’, уладз. ’рад дамоў з аднаго боку вуліцы’, польск. posad, posot, posou̯t ’снапы на таку для абмалоту’, славен. pósad, násad, nasàd, серб.-харв. на́сад, макед. насад ’тс’. Прасл. posadъ. Да садзі́ць ’насаджваць’ (гл.). Першапачаткова, відаць, снапы насаджвалі на нешта ці ўсаджвалі (напр., у азярод), калі малацьба была больш прымітыўнай. Параўн. малацьбу ў Сярэдняй Азіі і на Каўказе, дзе малацілі пры дапамозе дошак з вострым) зубамі (Основы этнографии, M., 1968, 168).

Паса́д2 ’трон, прастол уладара’, ’месца (звычайна дзяжа, пакрытая кажухом), дзе сядзіць маладая на вяселлі’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Маш., Мал., Касп.; КЭС, лаг.; ТС, Бяльк.), ’рознае дабро, рэчы’ (паўн.-усх., КЭС), ’вышка’ (Яруш.), ’як каравай дзеляць, тады ета пасад, маладой расплятаюць касу’ (Мат. Гом.), садзіць на пасад ’садзіць маладую на воз да маладога’ (паўн.-усх., КЭС). Яшчэ ў X ст. пасад — ’гандлёва-рамесная частка горада за крапасной сцяной’, ’прыгарад, прадмесце, пасёлак’ (ТСБМ). Укр. посад, рус. посад, ст.-рус. посадъ, польск., ст.-польск. posad(a) ’тс’. Да пасадзіць < па‑ і сад, садзі́ць (Ягіч, AfslPh, 13, 300; Фасмер, 3, 338). Брукнер (432) выводзіць з posagъ (гл. паса́г). Сюды ж пасажа́нка, паса́дная маці ’пасаджоная маці’, паса́жаны бацька ’сват’ (Сцяшк., Сл.), паса́жаны, пасаджоны (бацька, маці) ’хросныя’ (Бір.), пасаднік ’намеснік князя’, ’выбраны вечам правіцель горада ў Старажытнай Русі’ (ТСБМ), пасадзі́ць ’усадзіць у зямлю’, ’паставіць у гарачую печ’, ’прымусіць сесці’, ’арыштаваць’, ’пакінуць знак’, ’прывесці ў нягоднасць’, ’змясціць у вулей рой’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)