Лу́дзіць 1 ’кпіць, жартаваць, смяяцца’ (віл., Нас.), ’маніць’ (мядз., Нар. словатв.), ’марнатравіць час’ (Шат.), ’трызніць’ (Касп.), мін. ’сварыцца’ (Сл. ПЗБ). Укр. луди́ти ’прывабліваць, спакушаць’, гуц., бойк. ’заманьваць (птушак, свойскую жывёлу’, зах. ’выбіць, ашукваць, зводзіць’; рус. лу́дить, луди́ть ’падманваць’, ’красці (у садзе, агародзе)’, ’сварыць, ганіць каго-небудзь’, ’піць’, ’біць’; польск. łudzić ’прывабліваючы, уводзіць у зман’, ’зводзіць’ і шматлікія прэфіксальныя ўтварэнні з гэтым дзеясловам; чэш. louditi ’вымантачваць, зводзіць’, ’хвалячы, спакушаць’, ст.-чэш. lúditi ’падманваць’, ’прыцягваць’, славац. lúdiť ’зводзіць, баламуціць, прывабліваць’, ’настойліва прасіць’; славен. lúditi ’намагацца ўвесці ў зман, спакусіць’, ’праводзіць час’, ’над нечым забаўляцца’, lǫ́diti ’ашукваць’, ’зводзіць’, ’прывабліваць’, loditi se ’займацца чым-небудзь, забаўляцца’, ст.-слав. лоудити ’ашукваць, зводзіць’. Прасл. luditi ’прывабліваючы, падманваць’, ’зводзіць у зман’, ’спакушаць’, ’прывабліваць’ (Слаўскі, 5, 291–296). І.‑е. адпаведнікі: ст.-прус. laustineiti ’прыніжайце’ (< *laustas ’пакорлівы’), літ. liũsti ’засмучацца’, liū́dnas ’смутны, журботны’, liūdė́ti ’быць смутным’, ’перажываць’, першапачаткова ’быць схіленым’ > ’згінацца пад цяжарам мітрэнг і клопатаў’, лац. lūdere ’маніць’, гоц. luits ’фальшывы’, liūta ’крывадушнік’, luton ’зводзіць, ашукваць’, ст.-ісл. lutr пахілены, нагнуты’, lot ’ашуканства’, уэл. lluded ’стомлены’ < і.-е. *leud‑ ’нахіляцца’ > ’схіляцца перад кім-небудзь’, ’прыніжацца’ > ’быць крывадушным, ашукваць’. Значэнне ’трызніць’ у лудзіць можна супаставіць з блізкімі ’неразумны, шалёны, дурны, прыдуркаваты’ ў паўд.-прасл. ludъ: серб.-харв. лу̑д, лу̑да̄, славен. lȗd, макед., балг. луд ’тс’ і ’недасведчаны, няспелы, наіўны’, ’свавольны, раптоўны’, а таксама ц.-слав. людыи ’дурны, шалёны’ і укр.-ц.-слав. людъ ’дурны’ (Фасмер, 2, 528; Махэк₂, 341; Скок, 2, 325–326; Бязлай, 2, 155; БЕР, 3, 486–487 з л-рай). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 133), ст.-бел. лудити (1595 г.) ’вабіць, клікаць; ашукваць’ — запазычанне са ст.-польск. łudzić.

Лудзіць 2 ’выводзіць (птушанят)’ (шчуч., Сцяшк. Сл.). Відавочна, генетычна можа быць звязана з літ. lùgzti ’трэскацца, лопацца’ (з чаргаваннем ‑gz‑/‑ж і пераходам ж > дз — гл. Карскі, 1, 384). Параўн. таксама лузґа́ ’жамерыны’, ’кастрыца ад ільну’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́жа, лу́жана, лу́жына ’месца на дарозе, дзе ўтварылася яма, запоўненая вадой’, ’калюга, якая застаецца пасля дажджу’ (ТСБМ, Мядзв., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Яруш., Сл. ПЗБ; слуц., слонім., КЭС), слаўг. лужа́віна, лужа́іна, лужаі́вінка, лужае́віна, лужча́віна, лёзн. лу́жынка ’лужына вады’ (Яшк.), а таксама лу́жа ’дрыгва, вялікае махавое балота’ (капыл., рэч., слаўг., Яшк.), ’стаячае возера’ (рэч., слаўг., Яшк.), ’заліў ракі’ (паўд.-усх., КЭС). Зах.-укр. лу́жа ’лужына’, бойк. лужи́на ’лаза для кошыкаў’, у Грынчэнкі лужи́на ’луг’; рус. лу́жа: валаг. ’лужына’, ’лагчына, запоўненая вадой’, разан. ’сырое, балоцістае месца’, ’запруда’, разан., арханг. ’невялікае азярко’, пск. ’сенажаць на нізкім месцы’, пск., цвяр. лужа́вина ’сырое, балоцістае месца’, уладз. ’лужок’, кастр. ’сенажаць’, ст.-рус. лужа ’лужына’, ’балота’, лужина ’азярко, стаячае балотка’; польск. łuża ’яма, катлавіна, залітая вадой’, в.- і н.-луж. łuža ’лужына’, łuž ’вада ў лужы’, ’слота’, палаб. lau̯zə ’лужына’, ’балота’, ’луг’; чэш. louže, louž, мар. lužovica, ган. ložufka ’лужына’, ’яма для жыжы з гною’, ст.-чэш. lúžě ’лужа, балота’; славен. lúža ’тс’, серб.-харв. лужа (XVII ст.) ’лужына’, ’дрыгва’, ст.-балг. лужа ’балота, возера’ і, магчыма, балг. лъ́жа, лъ́джа ’лазня’, ’лужына’ (насуперак БЕР, 3, 541). Прасл. luža (у Фасмера, 2, 529 — памылкова lougi̯a) ’яма з балоцістай, стаячай вадой’, ’балота’, ’мокрая мясціна’ (Слаўскі, 5, 377–378). Найбліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: літ. lū̃gas, liū̃g(n)as ’балота’, ’лужына’, лат. luga ’ліпкая маса, якая пакрывае зарастаючыя азёры’, ļuga ’халадзец’, lugava ’асенняя слота’, назва ракі Ludze і возера Ludza, ст.-прус. Lügelgen, а таксама рус. гідронім Лжа < Лъжа, ст.-грэч. λυγαῖος ’цёмны’, ілір. *lugas, *lugā ’балота’ (у Страбона) > алб. lëgatë ’лужына’, ’балота’. Да і.-е. *lougi̯a, якое з *leug‑ ’цёмны’, ’балота’ (Літ-py гл.: Махэк₂, 342; Скок, 2, 333; Бязлай, 2, 158 і ў вышэйпададзеных слоўніках). Гл. таксама генетычна роднаснае луг 2. Паводле Мартынава (Язык, 37) прасл. luža з’яўляецца балтыйскім інгрэдыентам прасл. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лунь 1 ’мышалоў, Circus Lacép., драпежная птушка з сямейства ястрабіных з шаравата-белым апярэннем у дарослых ’самцоў’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Укр. лун, лунь ’тс’, ’коршак’; рус. лунь ’мышалоў’, ’сокал’, ’сава’, ’голуб’, ст.-рус. лунь ’драпежная птушка’; ст.-польск. łunak ’каня’, ст.-луж. luń, чэш. luňák ’тс’, ходск. ’крэчат’; славац. luniak, lunák ’каня’; славен. lȗnj ’каршун’, ’мышалоў’, ’арол’, ’каня’, серб.-харв. lunj, ljȗna, лу̏ња, љ̏на, ју̏на ’шулёнак’, ’каня’, ’палявы мышалоў’, ц.-слав. лунь ’каршун’. Прасл. lunь ’драпежная птушка з сям’і сокалаў’ (Слаўскі, 5, 311–312; Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 227). Генетычна звязана з прасл. luna ’святло, бляск’. Названа паводле белага, сіва-белага, шэра-белага, матавага колеру апярэння. Бернекер (745–746), аднак, звязвае назву птушкі з паняццем ’востры, быстры ясны погляд’. Іншыя этымалогіі менш імаверныя, гл.: Фасмер (2, 534); Уленбек (KZ, 39, 260), Брукнер (KZ, 42, 356), Махэк₂ (344), Скок (2, 231); Бязлай (2, 156).

Лунь 2 ’хмара’ (віл., Сл. ПЗБ). Да луна́ 3 (гл.).

Лунь 3 ’маўклівы, скаваны ў рухах чалавек’ (міёр., З нар. сл.), ’марудлівы, пасіўны’ (паст., віл., глыб., брасл., Сл. ПЗБ), ’стары чалавек, жывёліна без энергіі’ (паст., глыб., Нар. лекс.), ’разумова недаразвіты, здурнелы, разгублены’ (глыб., брасл., паст., гарад., Нар. лекс.; глыб., в.-дзв., паст., Сл. ПЗБ), ’здань, прывід’ (чэрв., Сл. ПЗБ; віл., Нар. лекс.); лунь, луніца ’самотны’ (глыб., віл., Нар. лекс.); паст., брасл. аблуне́ць ’стаць зацюканым, прыгнечаным’; паст., віл., глыб., гродз. лунява́ты ’дурнаваты’ (Нар. лекс., Сл. ПЗБ); в.-дзв., брасл., лаг. лунь ’той, хто ходзіць без справы’, ’гультай, маруда’ (КЭС, лаг.). Да луна́ 1 (гл.). Аткупшчыкоў (Из истории, 238) лексему лунь выводзіць з *louk‑s‑nis. Семантычна блізка стаіць да луне́ц, луна́цік (гл.). Усё семантычнае поле гл. Мацкевіч₂ (Нар. лекс., 165–167).

Лунь 4 ’глыбокае, небяспечнае месца на балоце’ (гродз., Яшк.). Да луні (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луч 1 ’лепш’ < лу́ччы ’лепшы’ (Рам. 1, Нар. Гом., ТС), лу́ччай ’лепш’ (Жд. 1, Ян.), лу́чча ’тс’ (Ян.), лу́тчай ’тс’ (в.-дзв., Шатал.), луччэй ’тс’ (Растарг.), лу́ччы, луччэйшы ’лепшы’ (Бяльк., Растарг., Мат. Гом.; круп., Сл. ПЗБ), лу́чшы(й), лу́ччый ’тс’, ’правы бок матэрыі’ (шчуч., стол., даўг., Сл. ПЗБ), лу́ччай ’больш’ (Ян.). Укр. лу́чче, лу́ччий, рус. лу́чше, лу́чший, ст.-рус. лучии, ст.-слав. лоучии, лоучьши — першапачаткова азначала ’які найбольш падыходзіць’. Да лу́чыць (гл.).

Луч 2, мн. лучэ́ ’прамень’ (гарад., Сл. ПЗБ; Яруш.). Укр. луч ’тс’, рус. луч ’тс’, ’лучына’, ’паходня’, ’агонь на носе лодкі’ (арханг., пск., урал.), ’агонь на краі гумна пры малацьбе’ (цвяр.), ’агонь у жыллі’ (арханг.), ’колер’, луча́ ’лучына’ (цвяр.), ’прамень’ (вяц.); польск. łuczywo, н.-луж. łucywo, в.-луж. łučwo, łučiwo, чэш. louč, славац. lúč ’лучына’, lúče ’прамяні’, славен. lúč ’святло’, ст.-славен. ’свечка’, долен. ’лучына’, серб.-харв. лу̑ч ’лучына’, ’паходня’, ’сасна’, лу̏ча ’прамень’, макед. лач, балг. луч, луча ’тс’, ’зара’, ц.-слав. лучь ’святло, бляск’, лоуча ’прамень’. Прасл. lučь < *lou̯k‑is, luča < *lou̯ki̯a < і.-е. *leuk‑ ’свяціць’ (параўн. ст.-прус. luckis ’палена’, літ. laũkas ’жывёла — Лыска або Зорка’, ’поле’ — аналагічна славен. svet ’поле’; ст.-інд. loká‑ ’прастор, святло’, rōkás ’святло’, rōciṣ ’бляск’, авест. raōčah‑ ’святло’, ст.-грэч. λευκός ’светлы, бліскучы’, λύχνος ’зара’, лац. lūx ’святло’, lūcus ’святы гай’, lucerna ’лятарня’, ірл. lóche ’маланка’, гоц. liuhaþ ’святло’, ст.-в.-ням. lōh ’прасека’, ст.-ісл. log ’полымя, святло’ (Фасмер, 2, 537; Скок, 2, 323–324; Бязлай, 2, 154; БЕР, 3, 529–530; Шустэр–Шэўц, 11, 784–785).

Луч 3 ’пучок лучыны, вязка карчоў, якія паляць у сетцы на носе лодкі, калі колюць рыбу васцямі ноччу’ (полац., З нар. сл.), рус. арханг., пск., урал. луч ’агонь на носе лодкі’; параўн. таксама паўн. ст.-рус. лучити ’лавіць рыбу з падсвечваннем на спецыяльным прыстасаванні на носе лодкі’ (XVII ст.). Да луч 2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліс ’драпежная жывёла з сямейства сабачых, Vulpes vulpes’, ліса́ ’самка ліса’, ’футра гэтай жывёлы’, лісіца, лісіцка ’ліс, ліса’ (ТСБМ, Касп., Нас., Бяльк., Шат., Сцяшк., Яруш., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.); ліс, ліса — ’пра хітрага, ліслівага чалавека’, ’падліза’ (Нас., ТСБМ). Укр. лис, лиса́, лиси́ця, рус. лис, лиса, лиси́ца, арханг. лиса́ва; польск. lis, lisiec, lisa, lisica, liszka, ст.-польск. liszyca, палаб. laiskə; н.- і в.-луж. liška, чэш., славац. liška, lišiak, ст.-чэш. lisa, славен. lisíca, lisják, lȉs, серб.-харв. ли̑с, лѝсица, лиси̏ца, lesica, ли̏ска, ли́сац, лѝсјак, liśȃk, лиса і з XVIII ст. ли́ха > ли́ја, ли̑х, ли̑ј, макед. лиса, лисица, лисец, лишʼица (та) ’тс’, лишка ’звер’; балг. лиса, лисица, ст.-слав. лиса ’ліс, ліса’. Прасл. lisъ, lisica; для зах.-слав. варыянта liš‑ъka Слаўскі (4, 292) не выключае праформу lixa, паралельную да lisa (супраць чаго Трубачоў (Этимология–73, 179)). Відаць, прасл. lisa генетычна звязана з літ. lãpė, лат. lapsa, ст.-прус. lape, лац. volpēs, vulpēs (< *u̯ləps), ст.-грэч. ἀλώπηξ ’ліс (а)’, ст.-інд. lōpāśá‑, ’шакал’, с.-перс. rōpās, брэтон. louara, арм. ałues ’ліс’, літ. vilpišỹs ’дзікі кот’, якія можна аднесці да і.-е. асновы *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 139), а для прасл. выводзіцца *u̯leipk̑‑ > lisa або *u̯leip‑soi/‑sā ў аўтараў: Бернекер, 1, 724; Фасмер, 2, 500; Скок, 2, 306; Бязлай, 2, 143–144. У гэтай праформе *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, там жа) з’яўляецца верагодным удзел двух семантычна блізкіх каранёў: і.-е. *u̯el‑ ’драць, ірваць’ (> ’красці’, ’хітрыць’ і pek̑‑ ’драць, шчыпаць’ — такім чынам, праформа магла б абазначаць ’хітрая драпежніца’ (ліса і дзікі кот). Мартынаў (Регион. особенности…, Гомель, 1985, 135) прасл. lisъ — lisiti (параўн. каш. lësëc ’ісці па следу’) суадносіць з прагерм. *leis — leisan ’трапіць на след’ і з прасл. lьstь ’хітрасць’; семантычны пераход lisъ ’хітры’ > ’ліс’ адбыўся на слав. моўнай глебе. Сюды ж ліс‑мікіта (гульня), лісава́нік ’воз’ (мін., КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ліцца ’паводзіць, уяўляць сябе як малое дзіця’ (Янк. 3., Нас., КЭС, лаг.), ’змяншаць гады’ (пух., З нар. сл.; віл., Жыв. сл.), ма́ліць ’прадстаўляць малым, змяншаць’ (Нас., Касп.), малі́цца ’прыкідвацца малым’ (ТС). Укр. малі́ти ’змяншацца’, мали́тися ’рабіцца меншым’, ’паводзіць сябе па-дзіцячаму’, рус. ма́лить ’змяншаць’, ст.-рус. малити (XIII ст.). Польск. maleć ’змяншацца, станавіцца малым, меншым’, чэш. máliti se ’значна змяншацца’, славац. maliť sa ’тс’, серб.-харв. ма́лити, макед. мали се, балг. малея. Прасл. maliti ’змяншаць, рабіць меншым’. Бел.-укр. ізасема. Да малы́ (гл.).

Маліцца ’звяртацца да бога, святых’, ’вельмі моцна прасіцца’, ’абагаўляць’, ’дагаджаць’ (віл., Сл. ПЗБ), малі́ць ’надта прасіць, умольваць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Яруш.; КЭС, лаг.), браг. маліць ’маліцца’ (Мат. Гом.). Укр. моли́тися ’маліцца’, моли́ти ’маліць, упрошваць’, рус. молиться ’маліцца, чытаць малітву’, ’прасіць’, ’пераканаўча, настойліва прасіць’, польск. modlić (się) ’маліцца’, ’моцна прасіць’, н.-луж. modlić se ’маліцца’, в.-луж. modlić so ’тс’, ’дагаджаць’, чэш. modliti se ’маліцца’, ’абагаўляць каго-небудзь’, славац. modliť sa ’маліцца’, славен. móliti, mòdliti, серб.-харв. мо̀лити, макед. моли, ’прасіць літасці’, моли се ’маліцца’, балг. моля ’прашу’, моля се ’малюсь’, ст.-слав. молити. Прасл. modliti ’прасіць, звяртаючыся да багоў, прыносячы ім ахвяру’, ’ахвяраваць’. І.‑е. адпаведнікі: балт. (тут заканамерна ‑ld‑, у той час як у прасл. мове яшчэ да метатэзы tolt/trat адбылася мена ld > dl з прычыны аманіміі з групай слоў moldъ ’малады’): літ. maldá ’просьба’, maldýti ’маліць, упрошваць’, mel̃sti ’прасіць’, ’маліцца’, хецк. maltāi ’прасіць, гаварыць’, арм. małthem ’упрошваю’, ст.-в.-ням. melda ’плёткі’, meldôn ’заяўляць’, і.-е. *meldh‑ ’рытуальная прамова ў богаслужэнні’ (Покарны, 722; Міклашыч, 119; Бернекер, 2, 65; Фасмер, 2, 642; Махэк₂, 371–372; Скок, 2, 451–452; Бязлай, 2, 193). Прасл. modliti пранікла ў прагерм. maþljan ’заклікаць, звяртацца з урачыстай прамовай, абяцаць’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 170–172).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́сяц, ме́сіц, ме́сец, ме́січык, ме́сячка, ме́сячак, ме́сячко, ме́сечык, ме́січак, ме́сечок, ме́сячык, ветк. ме́сячка, стол. мі́сац, драг. мі́сяц(ь) ’планета, найбліжэйшая да Зямлі’, ’12‑я частка астранамічнага года’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ, Кліх, Янк. 1, Бяльк.; бых., Янк. Мат.), ’рагалік на вясельным караваі’ (Маш.). Укр. мі́сяць, рус. ме́сяц, польск. miesiąc, н.-луж. mjasec, в.-луж. měsac, чэш. měsíc, славац. mesiac, славен. mẹ̑sec, серб.-харв. мје̏сец, макед., балг. месец, ст.-слав. мѣсѧць. Прасл. měsęcь, якое, паводле Махэка₂ (360), мела значэнне як ’месяц-свяціла’, так і ’месяц (30 дзён)’. І.‑е. *mēs‑ (< *mēns‑): літ. mė́nuo, mė́nesis, лат. mēnesis ’месяц’, mēness ’30 дзён’, ст.-прус. menins ’свяціла’, гоц. mēna ’тс’, mēnōþs ’30 дзён’, лац. mēnsis ’тс’, ст.-грэч. μήν ’тс’, іян., ат. μείς < *μενς < μηνς, дар. μής ’тс’, μήνη ’свяціла’; алб. muai, ірл. mī, ст.-інд. mās‑ (mā́sas) ’месяц’, авест. må, новаперс. māh, тах. A mañ, тах. B meñe, арм. amis ’месяц’. Слав. měsęcь разглядалася этымолагамі як аснова mē‑, пашыраная элементамі ‑n‑ і ‑es‑ (як у балт. мовах), якая прысутнічае ў лексеме мера (měra): месяц мерае час. Суфікс *‑ko‑ (> ‑ьcь) у *měsenьcь той жа, што і ў лексемы sъlnьce, і ўся лексема носіць табуістычны характар (задобрыванне). Гл. Бернекер, 2, 51; Траўтман, 179; Шпехт, KZ, 66. 53; Мее, 336; Фасмер, 2, 608–609; Скок, 2, 437–438; Бязлай, 2, 179; БЕР, 3, 755–756. Развадоўскі (Rozprawy, 25, 425) прапануе прыняць першапачатковае значэнне ’які мяняецца’ і выводзіць лексему měsecь з і.-е. асновы *mei̯‑/*moi̯‑ ’мена’. Непераканаўча. Як і Трубачоў (ВЯ, 1980, 3, 5), які выводзіць з і.-е. *menyos ’менш’. Атрэмбскі (Балто-слав. сб., 186–192) лічыць, што слав. měsęcь і балт. mė́nuo з’яўляюцца варыянтамі аднаго і таго ж славяна-балтыйскага слова (< і.-е. *mē(n)s).

Ме́сяц 2 ’від танца’ (кап., Жыв. сл.; Інстр. III). З рус. ме́сяц з назвы песні «Чудный месяц», на матыў якой танец выконваўся.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лайно 1 ’гной, памёт, асабліва свіны’ (Нас.), укр. лайно, ст.-рус. лаино ’гной, памёт’, ’цэгла’, польск. łajno ’гной, кал жывёльны’, каш. ’тс’, ’мала, нічога’, ст.-польск. ’экскрэменты’, чэш. lejno, ст.-чэш., славац. lajno ’памёт жывёл, птушак’, славен. lájno, серб.-харв. чак. ла̑јно, lanje, макед. лайно, балг. лайно, ст.-слав. лаина ’кал’, ц.-слав. ’цэгла’. Прасл. утварэнне lajьno. Непасрэдных і.-е. адпаведнікаў не мае. Роднаснае да і.-е. *(s)lei ’слізісты, коўзкі, лепкі’: ст.-інд. láyatē, líyate ’лепіцца, прыціскаецца, льне’, ст.-грэч. ἀλίνω ’намазваю, націраю’, лац. linō, linere, lēvi ’пэцкаць, брудзіць’, ст.-ірл. lenaid ’выцякаць’, лац. limus ’іл, бруд, кал’, якое з *loimos, ст.-в.-ням. leime, ням. Lehm ’гліна’, ст.-ісл. leir ’іл’, ст.-прус. layso (*laisā) ’гліна, суглінак’, алб. leth ’сырая гліна’ (Бернекер, 687; Покарны, 662; Слаўскі, 4, 438; Фасмер, 2, 451–452; Скок, 2, 262) (< *lōi̯‑ino ’тое, што зляпілася’). Махэк₂, (325) за аснову бярэ прасл. lějǫ ’ліць’, з якога спачатку lajь, пасля + ьno. Параўн. таксама асец. lyjyn: lyd/lijun: lid ’caccare’, якое адносіцца да іншага і.-е. кораня *rei, *ri‑ ’цячы’ (Абаев, 2, 54).

Лайно 2, ланнё ’адзенне’ (Жд. 2), ’усё верхняе адзенне ў сукупнасці’ (Нік., Віц., Шн. 3, Касп.), ’агульная назва асобных штук вопраткі’ (Інстр. 1, Мядзв., Мат. Шкл., Янк. Мат.), ’адзежына, вопратка’ (Яўс., БНТ, Лег. і пад.), ’адна рэч бялізны’ (Бяльк., Касп.; бялын., Нар. сл.; талач., Шатал., ТСБМ, Мат. Гом.), ’адзежына, посцілка, коўдра, радно’ (Мат. Гом., Нар. сл.), ’звязка бялізны, якую можа падняць жанчына’ (Нас., Касп.), ’адна з рэчаў дзіцячай пасцелі’ (Янк. Мат., Мат. Гом.), лайніна, лъйніна́ ’адна штука адзення, адзежына’ (гарад., Хрэст. бел. дыял.; чавус., Нар. сл.; міёр., Нар. словатв.), ’кавалак палатна пакрываць што-небудзь’ (Шат.), ’ануча’ (Мат. Гом.), ’абрэзак, старое, патрапанае адзенне’ (жлоб., Нар. словатв., Мат. Маг.). Толькі беларускае — прасл. архаізм logno, які генетычна суадносіцца са ст.-прус. lagno ’штаны’. Гл. ладно.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жабра́к, жабрава́ць. Укр. жебра́к, же́брати, жебрув́ати ’тс’, же́бри ’жабраванне’, рус. пск., прыбалт. жебра́к, жеброва́ть (відаць, з бел.), польск. żebrak, żebrać, чэш. žebrák, žebrati, славац. žobrák, žobrať, в.-луж. žebrjak, žebrić, н.-луж. žebrak, žebriś, славен. žebrâvec, zebráti, серб.-харв. же̏брак, жебрачити, џе́брак, џе̏брати ’тс’. Літ. žebrõkas, žebravoti, лат. žabravât ’тс’ з бел. або польск. (Фрэнкель, 1294); венг. zsebrák (з 1456 г.) ’тс’ са слав. (MESz, 3, 1212). У ст.-бел. з канца XV ст. фіксуецца жебракъ (Булыка, Запазыч., 113), зафіксаваны дзеяслоў жебрати (Гіст. лекс., 116). Прынята этымалогія бел. слова з польск. мовы, дзе, паводле Брукнера (663), з XV ст. з ням. seffr ’бадзяга’ (Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1970, 7, 150; Булыка, Запазыч., 113). Калі так, відаць, праз чэш., бо іначай незразумела пашырэнне ў серб.-харв. і славен. Скок (1, 471) лічыць адпаведныя словы гэтых моў запазычанымі з чэш. < ням. і далей турцызіраванымі ў серб.-харв. ž > dž. Махэк₂ (724) лічыць польск. і ўкр. запазычанымі з чэш., а для чэш. і славац. прыводзіць (як Голуб-Копечны, 443) шэраг дыялектных і экспрэсіўных варыянтаў, напр. škebrati, škemrati, žebronit (гл. жабанець), žgamrat ’жабраваць’ і г. д. Як і Міклашыч (406), Голуб-Копечны (443), Махэк₂ (724) не даюць, уласна кажучы, этымалогіі, на ням. паходжанне не ўказваюць, што можна расцэньваць як прызнанне слав. паходжання. Тады ці не трэба параўнаць з бел. кубрак ’чалавек, які просіць на царкву’ (Нас.), кубрыць ’кпіць’ (Нас.), укр. дыял. кубрак ’бедны чалавек’ (Жэлях.), кубрячити ’п’янстваваць’, рус. наўг. кубра ’свавольнік’. Параўн., аднак, польск. kubrak ’куртка’, якое тлумачаць, хаця і мала верагодна, у сувязі з укр. кубрак ’бядняк’ з цюрк. kubur ’адзенне’ (SWO, 405) або як запазычанне з лац. ці ням. (Слаўскі, 3, 299). Калі ўлічыць магчымую сувязь з жабанець (гл.) і формамі тыпу škomořiti/žemořiti, ці не трэба да гэтай групы аднесці і скамарох?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Збан, жбан ’гліняная пасудзіна’. Рус. жбан, укр. дзбан, збан, польск. dzban, чэш., славац. džban ’тс’, серб.-харв. жба̏н, жба̏њ ’драўляная пасудзіна’, балг. джиба́н, джуба́н ’тс’. Ст.-рус. жбанъ (XVII ст.). Ц.-слав. жбаньць, чбанъ, чванъ (Міклашыч, Lex. palaeosl.). Ст.-бел. (1582 г.) збанокъ (< збанъ). Параўн. ст.-рус. чьванъ (1119 г.), чьбанъ (1144 г.), ст.-чэш. čbán, dčbán, žban, ст.-польск. czban, dzban, zban. Прасл., верагодна, *čьbanъ. Зыходная форма пацвярджаецца венг. czóban ’драўляная пасудзіна для піцця’, якое лічаць запазычаным са слав. (Бернекер, 1, 165; Скок, 3, 672; параўн. MESz, 1, 545). *Čьbanъ нельга адрываць ад групы слав. слоў, прадстаўленых бел. цабэрак (гл.). *Čьbanъ пры выпадзенні ь і азванчэнні č перайшло ў džbanъ, адкуль жбан. Форму dzban Слаўскі (1, 188) лічыць вынікам мазурэння. Тады бел. і ўкр. збан з польск. Для *čьbanъ Фасмер (2, 3–37) схільны прыняць сувязь з літ. kìbti ’вісець’ (збан быццам бы ’пасудзіна для вісення’), што адкідваў Бернекер, 1, 165. Младэнаў (РФВ, 62, 261) параўноўваў з грэч. κύμβη ’чаша, човен’, лац. cumba ’човен’, ст.-інд. kumbhás ’гаршчок’ і інш. (і.-е. *kum‑bh, варыянт *keu‑bh, да якога кубак, Покарны, 1, 591). Гэта асцярожна прымаюць Шанскі, 1, Ж, 278–279; Праабражэнскі, 1, 223; БЕР, 1, 361–362. Слаўскі (1, 187–188) параўноўвае з літ. kibìris ’вядро’, лат. ciba ’драўляная пасудзіна’, што прымае Шанскі. Махэк₂ (138) параўноўвае з грэч. ἴβανος ’збан’. Голуб-Копечны (112) параўноўваюць (наўрад ці абгрунтавана) з карчма (і ст.-рус. назвай пасудзіны корчага) і пішуць пра манг. крыніцу (якую?). Этымалогія Ільінскага (AfslPh, 34, 4) čьbanъ < *bъčьvanъ аднадушна адкінута. Думка Аткупшчыкова (Из истории, 174–175) ст.-рус. чь‑б‑анъ суадносіцца з і.-е. коранем *(s)ker‑ ’рэзаць’, цікавая семантычна, патрабуе абгрунтавання і тлумачэння ‑b‑. Іншую літ-py гл. у Фасмера, Скока. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)