ма́рка 1, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Значок аплаты паштовых і некаторых іншых збораў звычайна ў выглядзе чатырохвугольнай паперкі з абазначэннем цаны і якім‑н. рысункам. Гербавая марка. □ — Казімір! — хапіла яго за руку Ірынка. — Асцярожней! Ты ж не забывай, што я збіраю калекцыю паштовых марак. Краўчанка.

2. Знак, кляймо на тавары з абазначэннем горада, прадпрыемства, дзе вырабляўся тавар, яго якасць і інш. Фабрычная марка. □ І ў зарніцах аўтагеннай зваркі, Здаецца, бачым: з брамы завадской Аўтамабілі беларускай маркі Выходзяць на прастор зямлі маёй. Панчанка.

3. Гатунак, тып вырабу, тавару. Марка цэменту. Марка віна. □ Многія нават па гулу матора, пачутаму здалёк, пазнаюць ларку машыны. Дуброўскі.

4. Грашовая адзінка ў некаторых краінах. Задзівіўся дужа дзед, калі пакуп[нік] пачаў адлічваць яму грошы папяровымі маркамі. Колас.

•••

Пад маркай чаго — пад выглядам.

Трымаць (вытрымліваць) марку гл. трымаць.

ма́рка 2, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Гіст.

1. Пагранічная вобласць з ваенным упраўлення ў раннефеадальнай Франкскай дзяржаве і ў сярэдневяковай Германіі.

2. Сялянская абшчына ў сярэдневяковай Заходняй Еўропе.

[Ням. Mark — мяжа.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сві́та 1, ‑ы, ДМ свіце, ж.

1. Асобы, якія суправаджаюць важную, высопапастаўленую асобу. Світа караля. □ [Мартын:] — Едзе, бывала, пані, дык хто-небудзь з яе світы крычыць на нас, хлапчукоў: «Здымайце шапкі, галганы, на калені!». «ЛіМ». // Разм. Асобы, якія пастаянна, увесь час ходзяць за кім‑н. Я з усёй вясёлай світы Маладзейшы. Барадулін.

2. Афіцэры, якія складалі ваенна-прыдворны штат цара ў дарэвалюцыйнай Расіі.

[Фр. suite.]

сві́та 2, ‑ы, ДМ свіце, ж.

Спец. Сукупнасць пластоў горных парод, аб’яднаных узростам, агульнасцю ўмоў утварэння і падобным саставам. Вапнавая світа. Вугляносная світа. Світа пясчанікаў.

сві́та 3, ‑ы, ДМ свіце, ж.

Доўгая сялянская верхняя вопратка з сукна. Смалою, сасняком прапахла твая світа, шапка; у крывавых мазалях, нібы тыя таркі, твае далоні, а ты [плытагон] гоніш плыты ў чужыя краіны, гоніш золата роднага краю. Бялевіч. Максім ускочыў з пасцелі, хуценька апрануўся, паснедаў на хуткую руку і, уздзеўшы на свой паўкажушак шырокую світу з башлыком, падперазаўся тоўстым поясам і выйшаў з хаты. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сві́та1 ‘асобы, якія суправаджаюць важную высокапастаўленую асобу’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘кампанія’ (Сл. ПЗБ, ТС). З рус. сви́та (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 71), вядомага з 1709 г., або праз польск. świta з ням. Suite < франц. suite ад suivre ‘ісці следам’ (Праабражэнскі, 2, 262; Фасмер, 3, 581; Борысь, 624).

Сві́та2, сві́тка ‘доўгая сялянская верхняя вопратка з даматканага сукна’ (Нас., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), світно́ ‘тс’ (Арх. Федар., Серб. Вічын, ЛА, 4). Укр. сви́та, рус. паўдн. сви́та, сви́тка ‘світа’, пск. ‘лыкавая вяроўка’, ст.-рус. съвита, свита ‘від вопраткі’, польск. świtaусх.-слав., Брукнер, 538; Тарн., 20), серб.-харв. сви̏та ‘сукно’, ‘сінія і чырвоныя палоскі сукна як нагрудныя ўпрыгожанні белых сялянскіх каптаноў’, славен. svȋta ‘вопратка’, балг. сви́тка ‘від старой жаночай вопраткі; нашытыя ўпрыгожанні ў выглядае тасёмкі’, макед. сви́та ‘від тонкай шарсцяной тканіны’, ст.-слав. свита ‘від вопраткі’. Этымалогія і рэканструкцыя зыходнай формы спрэчныя. Прапаноўвалі прасл. *sъvita і сувязь з віць, гл. Праабражэнскі, 2, 262; Скок, 3, 373. Фасмер (3, 581) указвае, што гэта форма быццам бы падтрымліваецца рус.-ц.-слав. съвить ‘палатно’, але фінскае запазычанне з слав. viitta ‘плашч’ прадугледжвае прасл. *svita, бо *sъvita дало б suviitta. Зыходзячы з *svita, параўноўвалі з лат. svietas ‘шарсцяныя анучы на нагах у жанчын’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 1167; гл. яшчэ БЕР, 6, 558–559; ЕСУМ, 5, 193.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сярмя́га ’верхняе адзенне з даматканага сукна, світка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 4), сермя́га (сѣрмя́га, сѣрьмяга) ’тс’ (Нас., Шымк. Собр., Шпіл.), сірні́га, сернега, серня́га ’тс’ (Тарн., Сакал., Горбач, Зах.-пол. гов.), сырне́га ’тс’ (кобр., Ск. нар. мовы), сверме́га ’тс’ (Сл. Брэс.), памянш. сярмя́жка, сярмя́шка, сермя́жка, ’верхняя жаночая вопратка свабоднага пакрою’ (Жд. 2), ’кароткае мужчынскае адзенне, звычайна з шэрага сукна’ (Скарбы), шырма́га ’світка’ (Бяльк.), ст.-бел. сермя́га ’род сялянскай вопраткі’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. сермʼя́га ’даматканае грубае сукно; адзенне з такога сукна’, рус. сермя́га ’світка’, польск. siermięga ’грубая тканіна’, ст.-польск. szermiąga ’тс’, каш. šerḿąga, ’брадзяга, абарвала; кляча’, širḿęgaсялянская вопратка з грубай самаробнай тканіны’. Слова без пэўнай этымалогіі. Брукнер (489) параўноўваў з літ. šìrmas ’шэры’, лат. sir̃ms ’сівы’, што падмацоўваецца народнымі назвамі світкі з даматканага сукна — шарак, сярак (гл.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 10) бачыць у слове пранікненне з мовы голядзі, пра што, магчыма, сведчыць фанетыка (першапачатковае s‑ > літ. š‑), прадуктыўны балтыйскі суф. *‑ingas, і тэрыторыя распаўсюджання, звязаная з міграцыяй голядзі; на карысць балтыйскага паходжання па фанетычных прычынах таксама Варбат, Этим. исслед., 2, 89–91; Анікін, Опыт, 275; супраць гл. Папоўска–Таборска, Бел.-польск. ізал., 107. Крытычны агляд іншых версій гл. Фасмер, 3, 609; ЕСУМ, 5, 220; SEK, 5, 76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́ля1 ’драматычны вобраз акцёра’, ’поўны тэкст з п’есы слоў адной дзеючай асобы’, ’работа, занятак’, ’значэнне, ступень удзелу, мера ўплыву’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). З польск. rola ’тс’, якое (праз ням. Rolle) з франц. rôle ’роль’, ’спіс’ < лац. rotulus ’папяровы скрутак з тэкстам акцёра’ (Праабражэнскі, 2, 212; Фасмер, 3, 498; Брукнер, 462; БЕР, 6, 315).

Ро́ля2 ’земляробства’, ’ралля’, ’узаранае поле’ (Нас.), (весня́на) ро́ля ’ралля, веснавое ворыва’ (івац., ЛА, 2), ст.-бел. рольѧ ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. рілля́ ’узаранае поле, ралля’, рус. паўд. ро́лия, ро́лья, ро́ля ’ралля, час ворыва’ (Даль), стараж.-рус. ролия ’ралля, ворыва, земляробства’; польск. rola ’апрацоўваемая зямля’, палаб. rülʼă ’узаранае поле’, н.-луж., в.-луж. rola ’ралля’, паўд.-чэш., ходск. rolí, мар. rolʼa ’ворная зямля’, славац. rolʼа ’поле’, ralʼaсялянская сядзіба, участак’, славен. rál ’ралля’, râl ’ворыва’, ’час ворыва’, ’узараная зямля’, ’мера плошчы’; харв. rȁl ’мера зямлі 0,73 га’ і orál ’мера зямлі 2519 м²’, ’узаранае поле’; стараж.-рус. раль ’поле’. Прасл. *or–lja (Брукнер, 462), *orlьji < *orə‑vl‑iə < *orə‑vr‑iə (Махэк₂, 516), *orlьja (Рэйзак, 543), якое з дзеепрым. órlъ: Фурлан (Бязлай, 3, 148–149) выводзіць прасл. *orlь з órlъ, якое да прасл. *orti > orati > араць (гл.). З і.-е. *arH‑: лац. arvum ’узаранае поле’, ’луг’, ’дзёран, мурава’, ст.-грэч. ἄρουρα ’ралля’ (Покарны, 63; Фрыск, 2, 147; Вальдэ (1906), 47). З прасл. *orlь утварыўся зборны назоўнік *orlьje > славен. (o)rálje, orolje ’узараная плошча, поле’, ’мера плошчы’, бел. раллё ’ўзаранае поле’, ’ворыва’ (гл. раллё1), чэш. rolí ’поле’, а бел. ралля (гл. ралля1), ц.-слав., стараж.-рус. ролия, укр. рілля́, польск. rola і г. д. — з прасл. *orljьa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапо́р1 ’сякера’, ’старадаўняя баявая зброя’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’сякера’ (Касп., Сержп. Прымхі, Бяльк., Сл. ПЗБ; рагач., Рам. 3), ’сякера з шырокім лязом’ (беласт., Ніва, 1973, 11 лістап.; ЛА, 2), ’сякера з крывым лязом, склюд’ (Нік. Очерки; ЛА, 2), топи́р ’сякера калоць дровы’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Укр. то́пі́р ’сякера з доўгім дзяржаннем, якая выкарыстоўвалася ў якасці зброі’, рус. топо́р ’сякера’, польск. topór ’тс’, в.-луж. toporo ’тапарышча, дзяржанне сякеры’, старое н.-луж. topor ’тс’, чэш., славац. topor, старое славен. tópor ’дзяржанне сякеры’, старое балг. топо́р ’баявая сякера’. З прасл. *toporъ ’сякера’, наконт якога няма агульнапрынятай этымалогіі. Звязваюць з прасл. *teti (< *tepti), *tepǫ ’біць, выцінаць’, адпаведна ст.-слав. тети, тепѫ (Фасмер, 4, 79; Чарных, 2, 250–251; Борысь, 638 і інш.); з укр. тепо́рити ’цягнуць з цяжкасцю’, прасл. *top‑, гл. то́паць, тапта́ць (Шустар-Шэўц, 1518–1519), што малапераканальна. Іншыя лічаць старажытным запазычаннем з іранскіх моў і параўноўваюць са ст.-перс. *tapara‑ ’баявая сякера з доўгім дзяржаннем’, перс. teber, бялудж. tapar (адкуль арм. tapar ’тс’), курд. tefer (Трубачоў, Ремесл. терм., 152; Брукнер, 573; Махэк₂, 647; Голуб-Копечны, 387 і інш.). Паводле Мартынава (Балта-слав. иссл., 1980, 26), з іран. *tapara < *tarata ’тс’, асец. faeraet ’тс’ праз скіфскую ў славянскія мовы.

Тапо́р2 ’поле; былая надзельная сялянская зямля’ (мазыр., ГЧ). Няясна. Відавочна, нейкім чынам звязана з тапо́р1 (гл.), параўн. ст.-бел. топорище ’адзінка вымярэння даўжыні ў цяслярскай справе’ (Ст.-бел. лексікон), якая выкарыстоўвалася таксама для вымярэння зямлі, параўн.: по два сажни и по два топорища (Скурат, Меры, 25–26). Гл. тапарышча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ка́па, ‑ы, ж.

Узорыстае пікейнае пакрывала на ложак. Заслаць ложак капай. □ У хатах радыё, гардзіны на вокнах, ложкі з капамі і рознымі накідкамі на падушках. Ермаловіч. На блакітную коўдру і падушкі накінута капа з карункамі. Гарбук.

[З лац. cappa.]

капа́ 1, ы́; мн. ко́пы (з ліч. 2, 3, 4 капы́), коп; ж.

Куча сена, саломы, складзеная конусам; невялікі стажок. [На сенажаці] там-сям стаялі ўжо стагі, густа былі раскіданы копы і ляжала яшчэ не згрэбенае, але ўжо парыжэлае сена. Чарнышэвіч. На палетках зрэдку стаялі яшчэ не звезеныя копы, а ні бабак, ні мэндлікаў ужо зусім не было: уборка набліжалася к канцу. Кулакоўскі. // перан. Пра пышныя, густыя валасы. На самай макаўцы высокай капы каштанавых валасоў сядзеў маленькі.. капялюшык. Алешка. Капа светлаватых валасоў хвалямі спадала і рассыпалася па яе [Рэгініных] плячах. Лупсякоў.

капа́ 2, ы́, мн. ко́пы (з ліч. 2, 3, 4 капы́), коп; ж.

Даўнейшая адзінка лічэння: шэсцьдзесят штук чаго‑н. Капа арэхаў. □ Густа-густа ляжаць тоўстыя снапы, капа напэўна дасць восем пудоў — не меней. Галавач. Гуркоў па сто дванаццаць коп узята з кожнай градкі. Вялюгін.

капа́ 3, ы́; ж.

На Беларусі і Украіне ў часы феадалізму — сход сялян, які разглядаў судовыя справы і зямельныя спрэчкі. Беларускі селянін прынёс у горад свае традыцыйныя ўяўленні аб самакіраванні, якія з пакалення ў пакаленне замацоўвала сялянская абшчына і яе вышэйшы арган — сялянскі сход, ці так званая капа. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ізба́ ’жылы драўляны будынак’ (Інстр. I, 49), ’маленькая хата, жылы будынак меншага памеру’ (Лекс. Палесся, 154), ’хата-чытальня’ (Сцяшк. МГ). У сучаснай бел. мове выціснута словам хата, але ст.-бел. изба мела цэлы комплекс значэнняў: ’жылы будынак’, ’пакой у хаце’, ’кладоўка’, ’памяшканне для чэлядзі і інш.’ (КГС). Рус. изба́ ’драўляная сялянская хата’, дыял. ’жылы будынак з аднаго пакоя (з рускай печчу)’, ’частка жылля, якая ацяпляецца’, ’пакой’, ’гара, вышкі’, ’жыллё з гліны, саману і г. д. (у адрозненне ад цагельных і драўляных дамоў)’, польск. izba ’пакой’, в.-луж. jstwa, stwa ’тс’, н.-луж. śpa ’святліца, вялікі пакой’, палаб. jåzbă ’гасціная’, чэш. jizba ’жылое памяшканне, пакой’, славац. izba ’тс’, славен. ȋzba ’пакой’, ’гара, вышкі’, jȇzba ’сталовая’, серб.-харв. уст. ѝзба ’пакой’, ’святліца’, балг. и́зба ’падвал, склеп’, ’хаціна, зямлянка’, макед. дыял. изба, визба ’склеп’. Ст.-слав. истъба ’пакой’, ст.-рус. истьба, изъба, изба ’драўляны будынак’, ’частка дома, пакой’. Пэўнай этымалогіі няма. У адных тлумачэннях прасл. *jьstъba выступае як запазычанне, у другіх — як спрадвечна слав. слова. Найбольш пашырана версія аб запазычанні з герм. *stuba (ст.-в.-ням. stuba ’цёплае памяшканне, лазня’, ст.-ісл. stofa, stufa ’лазня з печчу’), але ў гэтым выпадку няма тлумачэння для пачатковага jь‑. Гл. Міклашыч, 97; Уленбек, AfslPh, 15, 1893, 487; Бернекер, 1, 436–438. Больш абгрунтавана Мейе (BSL, 29, 1929, 211), Махэк₂ (230), Трубачоў (Эт. сл., 8, 243–245), якія бачаць крыніцу запазычання ў раман. арэале; параўн. франц. étuve, італ. stufa, ісп. estufa, праванс. éstuba ’лазня, апарня’ < *estūfa (скарачэнне ū > яшчэ ў нар.-лац.). Спроба аб’яднання абедзвюх крыніц падана ў Слаўскага, 1, 475–476; Etnografia polska, 1960, 351–354. Тлумачэнне слова на слав. глебе належыць Мартынаву, Лекс. взаим., 122–125: *jьstъba ’нерухомая маёмасць, гаспадарка’ < *istъ‑ba звязваецца з гняздом *istъ (гл. існы). Гёрнер (ZfslPh, 32, 1965, 332) прыцягвае сюды прасл. *ьstěja/*ěstěja ’печ, вогнеахвярнік’ і лічыць семантычную адзнаку ’ацяплення’ зыходнай для слав. *jьstъba; параўн. народна-этымалагічнае збліжэнне з *istopiti. Інакш Мядзведзева (Праблемы мовы і літаратуры, 1972, 103–114) выяўляе ў *jьstъba корань *stьb‑, як у сцябло, ствол. Этнаграфічны аспект гл. А. С. Харузін, Славянское жилище, 1907. Гл. істопка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

двор 1, двара, м.

1. Участак зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, абгароджаны плотам ці сценамі будынкаў. Выйсці з хаты на двор. Выехаць з двара. □ Прасторны, роўны двор вясёлы Заўсёды повен быў жывёлы. Колас. Хата мела ў сабе пяць акон: тры на двор і два на вуліцу. Гартны. // Абгароджаны ўчастак з будынкамі для скаціны. Скацінны двор. □ Меркавалася сена з грудоў прывезці да коннага двара. Чарнышэвіч.

2. Сялянскі дом, хата з усімі гаспадарчымі пабудовамі; асобная сялянская гаспадарка. Сяло Чмарава па ўзгор’і — вялікае, а хаты параскіданы як папала; некалькі двароў ёсць новых. Каваль. Вучняў было нямнога — вёска налічвала ўсяго сорак двароў. Кавалёў. / У значэнні падліковай адзінкі. З разлікам на кожны двор.

3. Гіст. Памесце, маёнтак. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты. Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. Памятаў Рыгор і тыя моманты, калі цёмныя лістападаўскія ночы асвятляліся вогненнымі факеламі з панскіх двароў. Гартны.

4. Гаспадарчы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства (калгаса, саўгаса і пад.). Калгасны двор — стайня і кароўнік — быў на загуменні. Лобан.

•••

Манетны двор — дзяржаўнае прадпрыемства, якое вырабляе манеты, ордэны, медалі і іншыя знакі і вырабы з металу, прымяняючы залачэнне, серабрэнне і ювелірныя эмалі.

Заезны двор (дом) (уст.) — памяшканне для начлегу з дваром для коней і фурманак, а таксама карчмой.

На дварэ — не ў хаце, на вуліцы, на адкрытым паветры.

На двор — па натуральнай патрэбе (схадзіць, папрасіцца, хацець і пад.).

Ні кала ні двара гл. кол ​2.

Прахадны двор — а) адкрыты двор, праз які можна прайсці чужым людзям; б) хата, дом і пад., куды часта прыходзяць людзі.

двор 2, двара, м.

У манархічных краінах — манарх і яго акружэнне. Будучы апазіцыйна настроеным да царскага двара, Сувораў не аднойчы трапляў у няміласць. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́та, ‑ы, ДМ хаце, ж.

1. Жылая сялянская пабудова, зрубленая з бярвення. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі. — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. Прасторная хата-пяцісценка, хляўчук, пуня. Верхавінне гонкіх сосен гойдаецца над гонтавым дахам. Хадкевіч.

2. Унутраная частка такой жыллёвай пабудовы; жылое памяшканне. На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата: Памыты лавы, стол, падлога. Колас. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. У печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы. Адамчык. // Падлога (з дошак або глінабітная). А месяцы праз два так хата зарасла, Што і зайсці ў яе агідна стала. Корбан. Не хітруе і лісіца, Ёй таксама не ляжыцца: Як мятлой, хвастом пушыстым Падмятае хату чыста. Муравейка. Дзе багата гаспадыняў, там хата не мецена. Прыказка. // Птушынае гняздо. Ластаўка ўецца віхураю — Над хатаю новай клапоча. Чарот. Натрудзіць дзяцел сваю дзюбу, збудуе сабе хату, і не паспеў яшчэ ў ёй асталявацца, як, глядзіш, ужо і кватарант з’явіўся: рыжая белка ці сама.. драпежніца-сава. Якімовіч.

3. Асобны сялянскі двор, гаспадарка; асобная сям’я. Вёска на пяцьдзесят хат. □ Тады, у тую восень, і нарабілі зямлянкі пад Курачовымі Цянямі. Збіраліся хатамі — і рабілі. Пташнікаў.

4. У назвах некаторых сельскіх устаноў. Хата-чытальня. Хата-лабараторыя.

•••

Адбіцца ад хаты — не быць дома, не глядзець гаспадаркі.

Выносіць смецце з хаты гл. выносіць.

Мая хата з краю — мяне гэта не датычыцца; гэта не мая справа.

На ўсю хату — а) вельмі моцна плакаць, гаварыць, крычаць. [Агапа] моцна заплакала на ўсю хату. Мурашка; б) займаць многа месца.

Чужую хату пільнаваць гл. пільнаваць.

Чым хата багата — форма ветлівага запрашэння.

Як у сваёй хаце — тое, што і як дома (гл. дома).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)