небыли́ца ж.

1. не́быль, -лі ж., небылі́ца, -цы ж.; (выдумка) вы́думка, -кі ж.; (вздор) лухта́, -ты ж.; глу́пства, -ва ср., недарэ́чнасць, -ці ж., бязглу́здзіца, -цы ж., бяссэ́нсіца, -цы ж.;

возводи́ть (распуска́ть и т. п.) небыли́цу (ы) распуска́ць небылі́цы (вы́думкі), раска́зваць ба́йкі, вярзці́ лухту́;

2. лит. небылі́ца, -цы ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Тапы́рыць ’паднімаць, ставіць тарчма, настаўляць (валасы, шэрсць і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц.), тапы́рыць ’апранаць з шыкам’ (Нас.), тапы́рыць ву́шы ’стрыгчы вушамі (пра каня)’ (Жыв. св.), тапы́рыцца ’стаяць тарчма, напружвацца, супраціўляцца’ (ТСБМ), ’распускаць пер’е, настыбурчвацца’ (Шат., Гарэц., Нас.), ’гневацца, злавацца’, ’апранацца з шыкам’ (Нас.), ’задавацца, фанабэрыцца’ (Некр. і Байк.), сюды ж тапы́ря ’капрызнік, капрызніца’ (Юрч. Фраз. 2), тапы́рны ’горды, напышлівы, вычварны’ (Шпіл.). Укр. дыял. топи́рити ’натапырваць’, рус. топы́ритъ ’падымаць дыбка, натапырваць’. Да пы́рыць (гл.), якое, як мяркуюць, роднаснае да пяро́, пе́р’е (ЕСУМ, 5, 598; Фасмер, 4, 81; Махэк₂, 98), што неабавязкова. Пачатак слова ідэнтыфікуюць з экспрэсіўным ‑то‑ ў рус. растопы́ритъ ’развесці, расставіць’ (Фасмер, 3, 446; сумненні гл. Пятлёва, Этимология–1978, 66), або выводзяць з прыстаўкі ото‑ ў рус. отопы́риться ’надуцца, наставіцца, распушыць пер’е’, гл. Тадораў, Зб. Варбат, 361: тут адмаўляецца агульнае паходжанне з рус. топо́рщить ’тс’ (гл. тапоргичыць, тапыршчыць). Несумненна збліжэнне некалькіх этымалагічна розных, але блізкіх па значэнні слоў, параўн. яшчэ тапарашчыць, тапурыць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трындзе́ць ‘многа гаварыць аб чымсьці нязначным; хлусіць’ (Мілк. Сл., Аляхн.), трындзе́ць, трындзі́ць ‘вярзці, гаварыць глупствы’ (Васільковая сп., Вушац. сл.), трындзі́ць ‘хутка гаварыць абы-што’ (Сцяшк. Сл.), ‘вярзці’ (слонім., Жыв. НС), трындзі́ць, тырындзі́ць ‘пустасловіць, гаварыць абы-што’ (Скарбы), трыньді́ты ‘многа гаварыць, балбатаць’ (Клундук), сюды ж дэвербатывы трында́ ‘пустамалот, балбатун’, ‘балбатлівы чалавек’ (там жа), тры́нда ‘хлус, падманшчык’ (Аляхн.). Параўн. укр. дыял. три́ндати ‘трасці адзенне на сабе, ісці трасучыся’, рус. тры́ндить ‘гаварыць, навязліва паўтараць, балбатаць; распускаць плёткі’, польск. дыял. tryndać ‘круціцца, не сядзець на месцы, блытацца пад нагамі’, каш. trińdać ‘таптаць’, ‘збіваць масла’. Утворана на базе гукапераймальнага тры́нды (прыпеў), параўн.: Tryndy baba, tryndy dzied, / Zdochla baba, zdochnie dzied! (Федар., 6, 64), гл. трынды, трынды-рынды. Параўн. меркаванне пра паралельныя «звонкія» варыянты дрындаць (гл. дрындушка), польск. dryndać ‘цягнуцца, трасціся на возе’, славац. дыял. drindať ‘бегчы, тупацець’ (SEK, 5, 169). Гл. Брукнер, 99 (памылкова звязвае з tryny ‘апілкі’), ЕСУМ, 5, 639; Арол, 4, 110. Параўн. таксама трандзіць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буры́ць1 ’руйнаваць’ (БРС, Шат., Нас., Бяльк., Касп.), ’распускаць вязанае’ (Жд.), бу́рыць ’разрываць, руйнаваць’ (КЭС, лаг.). Рус. бури́ть ’руйнаваць, кідаць і г. д.’, укр. бу́рити ’руйнаваць; моцна ліць, ліцца і г. д.’ У розных, але падобных значэннях і ў іншых славян: польск. burzyć, чэш. bouřiti, серб.-харв. бу́рити се і г. д. Звязана з слав. *burʼa (гл. бу́ра), Слаўскі, 1, 51; Мейе, RS, 2, 65; Махэк₂, 62 (лічыць *burʼa аддзеяслоўным утварэннем); Фасмер, 1, 244–245. Іначай (але паводле Фасмера, там жа, непераканаўча) Праабражэнскі, 1, 658 (рус. і ўсх.-слав. buriti < oboriti кантамінацыяй з бу́ря). Сюды ж адносіцца і бел. буры́цца ’абвальвацца’ (Нас., Касп., Жд.), бу́рнуць ’шпурнуць’ (Арх. Бяльк., слонім.), бурну́ць ’тс’ (Янк. III), бура́ць ’шпурляць, кідаць’ (Янк. III). Параўн. рус. бурну́ть ’шпурнуць, кінуць’, буря́ть ’кідаць, шпурляць, руйнаваць’.

Буры́ць2 ’мачыцца’ (Гарэц.), бу́рыць (Нас.), бурэ́ніць ’тс’ (Бяльк.), буры́ць ’моцна ліць ваду’ (Шат.). Рус. дыял. бури́ть, бу́риться ’тс’, бу́рила ’дзіця, якое ноччу мочыцца’. Развіццё значэння зразумелае з рус. дыял. лексікі: бу́ри́ть ’біць крыніцай, бурліць’; ’наліваць багата, праз край’ (→ ’мачыцца’). Усё да бу́ра, бу́ры́ць (гл.). Параўн. і ўкр. бу́рити ’моцна ліць, ліцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сква́рыць ‘пячы, смаліць (пра летнюю спёку)’ (Нас.), ‘тс (пра моцны мароз)’ (Шат.), ‘пячы на агні (пра сала і пад.)’, ‘запраўляць сквараным салам’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, Сцяшк., ЛА, 4). Укр. шква́рити, польск. skwarzyć ‘тс’, чэш. skvařiti ‘вытапліваць тлушч, скварыць’, славац. škvariť ‘тушыць; пражыць’. Сюды ж рус.-ц.-слав. раскврѣти ‘спражыць’, ст.-чэш. skvřieti sě ‘пражыцца, растоплівацца’, в.-луж. škrěć ‘плавіцца з шыпеннем’, н.-луж. škŕěś ‘тс’, славен. cvrẹ́ti ‘пражыць’. Прасл. *skvariti, *skverti ‘растапліваць (на агні) (тлушч)’, ‘прыпякаць, смажыць’. Ізаляванае славянскае слова. Найбольш верагодным лічыцца гукапераймальнае паходжанне і супастаўленне з коранем *skvьr‑ (гл. скварэц, сквярціся); гл. Праабражэнскі, 2, 296; Голуб-Копечны, 371. Мяркулава (Этим. иссл. 2, 114–116) збліжае з гукапераймальным *ščeverъ ‘дрэнны пах ад гарэлага’, якое выводзіцца на падставе паўн.-рус. ще́вер ‘дрэнны пах і трэск ад гарэлага’, а першасным значэннем лічыць ‘спальваць ахвярную жывёліну’. Роднасць з рус. скве́рный Праабражэнскі (там жа) і Фасмер (3, 636) лічаць сумніўнай. Махэк₂ (615) дапускае магчымасць паходжання слова ад кораня *ver‑ ‘варыць’, а sk‑ лічыць мадыфікатарам кораня накшталт прыстаўкі ко‑. Сной₁ (65) мяркуе аб роднасці са с.-н.-ням. smoren ‘тушыць (ежу)’ (адкуль ням. schmoren ‘тс’) і паходжанні ад і.-е. кораня *skē̌u‑ ‘рэзаць’ з уплывам значэння ‘растапліваць (тлушч)’. Борысь (556) удакладняе, што *skvariti з’яўляецца каузатывам ад прасл. *skverti ‘тапіць, распускаць праз падагрэў, смажанне’ з заменай каранёвага галоснага e → o і наступным падаўжэннем o → a.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапі́ць1 ’апускаць у ваду, прымушаць тануць, губіць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Ян., Бяльк., Федар. 4): тапіць русалку ’(траецкі) звычай’ (Сержп. Прымхі), ’навадняць, заліваць вадой’ (Нас.), топі́ць ’губіць у вадзе’, ’затапляць, заліваць вадой’ (ТС), тапі́цца ’гінуць у вадзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4), ’ехаць па гразкай дарозе’ (Нас.), топі́цца ’гінуць у вадзе’ (ТС), топі́тісʼе ’тс’ (Вруб.). Укр. топи́ти ’прымушаць захлынуцца; заліваць (пра ваду)’, рус. топи́ть ’прымушаць тануць’, польск., в.-луж. topić ’засоўваць у ваду’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’тс’, славен. topíti ’акунаць’, серб.-харв. то̀пити ’затапляць’, макед. топы ’засоўваць у ваду’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’тапіць’, якое звязана з *topnǫti ’тануць’. Корань *top‑ у гэтым значэнні Фасмер звязвае з аманімічнымі прасл. *top‑ ’награваць’ і *topь ’балота’, ’месца, дзе растаў снег, лёд’ (Фасмер, 4, 78–79). Паводле Шустара–Шэўца (1504), схема развіцця семантыкі ’награваць’ > ’расплаўляць’ > ’затапляць’ > ’тапіць’. Паводле Борыся (638): ’растапляць’ — ’апускаць у растопленае’ — ’пагружаць у ваду’. Праславянскі корань *top‑ супастаўляюць таксама з прасл. *tep‑ ’біць’ > польск. tepać ’тс’ (Брукнер, 573; Младэнаў, 636; Варбат, ОЛА, Исследов. 2003–2005, 220) з развіццём значэння ’біць, прыбіваць’ — ’трамбаваць’ — ’тапіць’.

Тапі́ць2 ’награваючы, распускаць, расплаўляць; вытопліваць або ператопліваць (масла, сала і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), топі́ць ’тс’ (ТС). Укр. топи́ти ’расплаўляць’, рус. топи́ть, польск. topić ’растопліваць, плавіць’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’растопліваць, плавіць’, славен. topíti ’награваць, плавіць’, серб.-харв. то̀пити ’растопліваць, плавіць’, макед. топи ’тс’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’награваючы, распускаць, расплаўляць’, паводле Борыся (638), каўзатыва ад незахаванага прасл. *tepti ’быць цёплым’, параўн. *teplъ (гл. цёплы) і далей роднасныя ст.-інд. tápati (tápyati) ’награвае і награваецца, гарыць’, tāpáyati ’спальвае’, авест. tãpayeiti ’тс’, лат. tepeo, ‑ēre ’быць цёплым’ да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’. Гл. таксама Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484; Глухак, 633; ЕСУМ, 5, 599.

Тапі́ць3 ’паліць (у печы і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Барад., Пятк. 2, Жд. 1; усх.-бел., палес., ЛА, 4): баню тапіць (гом., Д.-Хадак.), ’палячы дровы, ацяпляць’ (Сл. ПЗБ), топі́ць ’паліць у печы’ (ТС), топі́ті ’тс’ (Вруб.), топі́ты, топы́ты ’паліць у печы’ (Сл. Брэс.), тапі́цца ’ацяпляцца’ (Мат. Гом.), топі́цца ’паліцца (пра печ)’ (ТС). Параўн. укр. топи́ти ’падтрымліваць агонь’, рус. топи́ть ’паліць (у печы і пад.)’, польск. дыял. topić (w piecu) ’паліць (у печы)’, в.-луж. tepić ’паліць, апальваць’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topit ’тс’, славен. topiti ’награваць’. Ад прасл. *topiti з сінкрэтычным значэннем ’награваць, абпальваць; плавіць’, з далейшымі роднаснымі сувязямі (гл. тапіць2) да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’ (ЕСУМ, 5, 599; Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484). Няясныя адносіны з тапіць1 тлумачаць развіццём семантыкі праз стадыю тапіць2 (асабліва ў адносінах да снегу, лёду) і прыродных наступстваў гэтага працэсу (затапленне, паводка). Ластоўскі (Выбр. тв., 417) меркаваў пра табуізацыю слова паліць (параўн. палаць ’гарэць буйным полымем’, гл.) шляхам замены яго словамі тапіць (“быццам кідаць агонь у ваду”) і цепліць (гл.) з мэтай пазбегнуць т. зв. слоўнай магіі (каб не запалілася хата), параўн. мокнуць у значэнні ’гарэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Растаро́п1 (рістаро́п, рыстаро́п) ’разуменне, развага’, ’чалавек цямкі, растропны, разумны’ (Бяльк.), растаро́па ’кемлівасць’, ’кемлівы’ (Юрч.), ’кемлівая, дасціпная, прабіўная асоба’ (капыл., Жыв. сл.), сюды ж растаро́пны ’кемлівы ў справах, упраўны’ (ТСБМ); параўн. укр. росторо́па ’цямкі, здагадлівы, кемлівы’, розторо́пний ’тс’, рус. росторо́пный ’кемлівы’, польск. roztropny ’кемны’. Узводзяць да прасл. *torp‑, першапачаткова ’паваротлівы, шустры’, параўн. грэч. τρέπω ’паварочваю’, лац. trepit ’вярцець’, ст.-інд. trápatē ’саромецца; адварочвацца’, tr̥pás ’неспакойны’, гл. Фасмер, 3, 446 (з літ-рай). Брант (РФВ, 25, 30) лічыць роднаснымі літ. tar̃pti ’мець поспех, працвітаць’, tarpà ’працвітанне’. Згодна з Махэкам₂, 649, можа быць звязана з літ. stropė́ti ’быць старанным’, параўн. літ. stropà ’стараннасць, руплівасць’. Гл. таро́піцца ’старанна ўглядацца’. Сувязь з торап ’пуд, страх’ (гл.) магчыма праз прасл. *torpiti ’рабіць цвёрдым, акачанелым’ (параўн. атарапець, гл.) < *torpa ’зацвярдзенне, акачанеласць’ (гл. Сной у Бязлай, 4, 213). У такім выпадку прыстаўка рас- надае слову супрацьлеглае значэнне.

Растаро́п2 ’бездараж, распуцце’ (Нас., Мат. Гом., Бяльк.), ’расталая дарога’ (мазыр., ГЧ), ’разводдзе’ (навагр., капыл., З нар. сл.; Мат. Маг.), ’гразкасць’ (Нас.), ’многа гразі; слата; бездараж’ (Янк. 3.), расторо́па ’гразь (вясною, восенню)’ (Нас.), ’слата’ (Сл. ПЗБ), растаро́пʼе ’гразь, слата, бездараж’ (Янк. 3.), растаро́піца ’слата’ (Сл. ПЗБ), ’бездарожжа’ (Нас., Яруш., Гарэц., Бяльк., Варл.); сюды ж растаро́піць (ръстаро́піць) ’растаць, набракнуць вадой, развесці (пра снег)’ (гарад., Нар. лекс.), растарапі́ць ’прыгатаваць’: зелле свінням растарапіла (Мат. Гом.), да апошняга параўн. рус. дыял. (комі, сіб.) расторо́пить ’разбавіць вадой ці інш.’, растаро́пило ’развязло (пра снег)’. Няясна. Зыходны дзеяслоў тыпу *тарапіцьраспускаць’ захаваўся ў вытворных, параўн. тарапя́нка ’страціўшая раўнавагу’ (гл.). Параўн. распу́ціца, роспуск2 (гл.). Не выключана сувязь з літ. strópti ’зацвярдзець, падсохнуць’, тады зыходны дзеяслоў мог мець форму *рас‑(с)тарапіць з супрацьлеглым значэннем, параўн. папярэдняе слова. Гл. таксама ростарапень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гаварыць, казаць, гаманіць / ціха, невыразна: мармытаць, муркаць, гугнець, гугнявіць / абменьваючыся думкамі: гутарыць, размаўляць, перагаворвацца, перамаўляцца, субяседнічаць; баіць, балбатаць, балабоніць, балабаніць, прастарэкаваць, лепятаць, лапатаць, ляпаць, пляскаць, бурчаць, плявузгаць, вякаць, чаўпці, вярзці (разм.); красамоўнічаць (разм. іран.) / абменьваючыся думкамі: зюзюкаць, дудукаць, тарабарыць, балакаць, сакрэтнічаць / на незразумелай мове: гергетаць (разм.); гуторыць, талкаваць, дзейкаць (абл.); выступаць, спяваць, трашчаць, барабаніць, бубніць, трубіць, гусці, рэзаць, сыпаць, плесці, несці, гарадзіць, малоць (перан.); брахаць, гаўкаць (перан., груб.) □ весці размову, весці гутарку, мець гутарку, весці гамонку, трымаць гаворку, перакідвацца словамі, трубіць у вушы, званіць ва ўсе званы, біць у бубен, распускаць язык, часаць язык, мазоліць язык, малоць языком, трапаць языком, мянціць языком, мянташыць языком, пераліваць з пустога ў парожняе, тачыць лясы, тачыць балясы, разводзіць балясы, разводзіць балачкі, разводзіць тары-бары

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

трыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Узяўшы ў рукі (зубы, рот і пад.), не даваць выпасці. Трымаць лыжку. Каршун трымаў у дзюбе кураня. □ Настаўніца трымала ў руцэ бліскучы цыркуль. Даніленка. Ён кол маланкаю хапае: — Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе, Напагатове кол трымае. Колас. // Браць, атрымліваць што‑н. — Быў Хвядос у нас у атрадзе, дык ён яму [бандыту] вінтоўку ў зубы, трымай, кажа. Галавач. // Мець сілы, магчы рабіць што‑н. [Сымон:] — Дні ўжо мае мін[у]лі. Рукі не так ужо моцна Вёслы трымаюць. Танк. А ўсе, хто мог трымаць у руках рыдлёўку, ад цямна да цямна працавалі на балоце. Паслядовіч. // Умець карыстацца якім‑н. інструментам, прыладай і пад. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. // Схапіўшы за што‑н., не адпускаць ад сябе або перашкаджаць руху. Воддаль слуга трымаў за павады пару асядланых коней. Крапіва. // Абняўшы рукамі, утрымліваць каго‑, што‑н. Трымаць дзіця на руках. □ Бо гэта вельмі цяжка — трымаць у абдымках маці, гаварыць ёй пяшчотныя словы, што бярог доўгія гады, і бачыць, што яна іх не чуе. Мехаў.

2. перан. Захоўваць за сабою; утрымліваць у сябе. За добрую работу калектыў .. трымае пераходны Чырвоны сцяг. «Маладосць». Так, нялёгка трымаць званне першага футбаліста ў вёсцы! Гамолка. // Захоўваць некаторы час. Іх [сосен] цёмна-зялёны кажух яшчэ трымае ўчарашняе нагрэтае сонцам паветра. Федасеенка. Пра Хмару нават гутаркі няма, яе слядоў я [Вецер] не пакіну ў небе. А Сонца жар не здолее трымаць, я прахалоду дам людзям і глебе. Дубоўка. // Утрымліваць, абараняць што‑н. ад непрыяцеля. Кустамі, пералескамі прабіралася Настачка да лініі абароны, якую мужна трымалі партызаны. Кавалёў. // Утрымліваць у асадным становішчы. Трымаць ворага ў асадзе. // Стрымліваць, спыняць каго‑, што‑н. Дамба трымае ваду. □ Няспынна, цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор; Шахцёры мужнасцю адною Трымаюць іх круты напор. Глебка.

3. Прымушаць знаходзіцца, пакідаць дзе‑н. супраць волі, не выпускаць. Трымаць пад арыштам. Трымаць у палоне. Трымаць у турме. □ [Салдат:] — Было страшна, калі білі, калі ў пакаранне па цэлых сутках трымалі без яды, калі саджалі ў карцэр — сыры цёмны склеп, дзе вяліся пацукі і кажаны. Васілевіч.

4. Мець у сябе, у сваёй уладзе; кіраваць кім‑, чым. Трымаць у руках дзяржаўную ўладу. □ Трымаюць людзі катоў не так за іх работу, як з ласкі: жывому ж недзе жыць трэба. Калюга. [Паасобныя галасы:] — Тут трэба так, як па статуту належыць, а ты сабе хоць і карову трымай. Скрыган. // Мець у сябе ў якасці работніка. [Бабрук:] — Парабкаў, кажа, ды наймічак трымаў. Час быў такі, не я адзін трымаў. Брыль.

5. перан. Мець у духоўным падпарадкаванні. [Сцёпка:] — Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве. Колас. // Мець пад наглядам, пад прыцэлам. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. // Разм. Абыходзіцца з кім‑н., адносіцца да каго‑н. нейкім чынам. [Гаспадыня:] — [Трахім] мне што казаў? Тое ж самае: трымай Гараньку ў строгасці. Савіцкі. // Мець пастаянна пры сабе (у якасці паклонніка, сімпатыі і пад.). [Анна Паўлаўна:] Нашто табе наогул трымаць яе [Зёлкіну] каля сябе? [Гарлахвацкі:] Як жа каля сябе? Проста яна працуе ва ўстанове, як і ўсе. Крапіва.

6. Надаўшы чаму‑н. якое‑н. становішча, захоўваць яго на некаторы час. Трымаць дзверы адчыненымі. // Падтрымліваць, захоўваць у якім‑н. становішчы, парадку. Трымаць кватэру ў чысціні. □ Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці. Чорны. // Падтрымліваць, прытрымлівацца, выконваць. Трымай нагу ў паходны такт. Гарніст, іграй, звіні! Броўка.

7. Быць, служыць апорай чаму‑н.; падтрымліваць. Страху трымаюць кроквы і латы. □ Намеснікавы ногі, відаць, трымалі свайго гаспадара не дужа надзейна, бо ён абедзвюма рукамі ўхапіўся за лаўкі. Навуменка.

8. Аддаваць куды‑н. на які‑н. час; захоўваць дзе‑н. Трымаць грошы ў ашчаднай касе. Трымаць сшыткі ў шафе. // Мець пры сабе. [Скіба:] Дакументаў я вам не пакажу, бо пры сабе іх не трымаю. Крапіва. Недарэмна ён [камуніст] дбае, працуе як след, Каля сэрца трымае партыйны білет. Куляшоў. // Пакідаць што‑н. у сябе, не аддаваць. Тварыцкі трымаў у сябе ўкрадзеныя ў банку дзяржаўныя грошы. Чорны.

9. Забяспечваць сродкамі на жыццё. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям’ю, а думаць пра вышэйшую адукацыю няма чаго... Чарнышэвіч. Праца чалавека трымае і ўзбагачае, а гультайства псуе. Прыказка. // Мець у рэзерве што‑н. Трымаць канцэнтраваны фураж на пасяўную. // Мець на продаж або для іншага выкарыстання. Трымаць качак і курэй. // Уст. Мець якое‑н. прадпрыемства. [Юрый:] — Мой бацька паравы млын трымаў, быў першым чалавекам на ўсё сяло. Навуменка. [Савулеску:] — Я і Андрыяна пераехалі ў Канстанцу. Там Андрыяніна цётка карчму трымала. Хомчанка.

10. Разм. Здаваць каму‑н. за плату памяшканне. [Старая:] — А .. [падчарыца з мужам] сабе, як панкі, — усё па курортах ездзяць. Дзіва: гэтулькі кватарантаў трымаюць, а ён, яшчэ ў нейкай канторы за начальніка. Вышынскі.

11. Разм. Рухацца ў якім‑н. напрамку. На Варшаву шлях трымалі. Бядуля. Пазняку спадабаўся такі рэцэпт, і ён амаль кожны дзень, скончыўшы службовыя справы, садзіўся на веласіпед і трымаў кірунак за горад, у лес. Дуброўскі. — Трымай, Бажэнка, правым бокам, На ворага ў абход! Броўка.

12. Мець кантакты з кім‑, чым‑н. Загадчыца бібліятэкі Аляксандра Панцюхова трымае цесную сувязь з мясцовай школай. «ЛіМ».

13. перан. Наводзіць сябе адпаведным чынам. Умець трымаць сябе сярод людзей.

14. перан. Не выпускаць з памяці, з думак; не забываць пра каго‑, што‑н. Трымаць у памяці наказ сяброў.

15. Утрымліваць, трымацца (пра мароз і пад.). Лёд трашчыць, але трымае. □ Раніцамі трымаў марозік, днём свяціла сонца. Чарнышэвіч.

16. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць тое, аб чым гаворыць назоўнік. Трымаць экзамен. Трымаць ініцыятыву. Трымаць адказ.

•••

Ногі не трымаюць гл. нага.

Так трымаць! — а) каманда рулявому трымаць курс; б) працягваць работу, як і пачалі.

Трымаць банк — паставіўшы грошы на кон, весці гульню супраць партнёраў.

Трымаць вуха востра — не быць вельмі даверлівым, быць асцярожным, пільным.

Трымаць вуха трубкай — пільна прыслухоўвацца да чаго‑н., сачыць за чым‑н., каб не наклікаць бяды на сябе.

Трымаць высока сцяг — з годнасцю прадаўжаць і развіваць што‑н.

Трымаць галаву высока — паводзіць сябе горда, з пачуццём уласнай годнасці.

Трымаць за язык — не дазваляць гаварыць каму‑н.

Трымаць камень за пазухай — тое, што і насіць камень за пазухай (гл. насіць).

Трымаць курс (кірунак) — рухацца ў пэўным напрамку.

Трымаць лейцы ў руках — мець у сваіх руках уладу, кіраўніцтва.

Трымаць (вытрымліваць) марку — падтрымліваць сваю рэпутацыю, годнасць.

Трымаць на аброці — трымаць у пэўных рамках, у паслушэнстве. [Лукавіцын] умеў трымаць сэрца сваё на аброці, прыкрываючы яго .. панцырам практычнага розуму ад небяспечных стрэл амура. Крапіва.

Трымаць на адлегласці — пазбягаць блізкіх адносін, сувязей з кім‑н.

Трымаць на ланцугу; трымаць на прывязі каго — не даваць каму‑н. свабоды ў дзеяннях, учынках і пад.

Трымаць на мушцы — пазіраць, сачыць за кім‑, чым‑н.

Трымаць нос па ветры — прыстасоўвацца да абставін, беспрынцыпова мяняць свае паводзіны, свае погляды.

Трымаць пад замком каго-што — а) не выпускаць з памяшкання (арыштаванага, злачынца і пад.); б) не даваць карыстацца чым‑н.

Трымаць пад сваім крылом каго-што — апекаваць каго‑, што‑н., заступацца за каго‑, што‑н.

Трымаць пад сукном — не даваць ходу чаму‑н.; неаператыўна вырашаць якую‑н. справу.

Трымаць порах сухім — быць заўсёды гатовым да абароны.

Трымаць пры сабе (думкі, погляды) — не выказваць уголас, публічна.

Трымаць рукі па швах — слухаць і не пярэчыць.

Трымаць руку каго, чыю — заступацца за каго‑н., быць на чыім‑н. баку, адстойваць думку каго‑н. Па судзе я буду трымаць тваю руку. Скрыган.

Трымаць слова — выконваць абяцанне.

Трымаць сябе ў руках — стрымліваць свае пачуцці, падпарадкоўваць іх сваёй волі, валодаць сабой, захоўваць вытрымку.

Трымаць у галаве (у думках, у памяці, наўме) — пастаянна думаць, помніць пра каго‑, што‑н.

Трымаць у кулаку — а) трымаць у поўным падпарадкаванні. Валя таксама засмяялася: вельмі ж непадобна было, што такога чалавека, як Пятро Аляксеевіч, трэба трымаць у кулаку. Шамякін; б) сабраць разам каго‑, што‑н. Было нешта і станоўчае ў тым, што Гаруноў усё [справы, людзей] трымаў у сваім кулаку. Дуброўскі.

Трымаць у полі зроку — наглядаць за кім‑, чым‑н., не спускаць з вачэй каго‑н.

Трымаць у сабе — не выказваць, стрымліваць свае пачуцці.

Трымаць у сакрэце — не выдаваць таго, што павінна захоўвацца ўпотай.

Трымаць у сваіх руках — мець у сваім падпарадкаванні каго‑н., не даваць волі каму‑н.

Трымаць у струне — не распускаць, трымаць вельмі строга. Антон трымаў унука ў струне. Вітка.

Трымаць у шорах — прымушаць паводзіць каго‑н. пэўным чынам; абмяжоўваць свабоду дзеянняў каго‑н.

Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім‑н.

Трымаць фасон — а) прытрымлівацца адпаведных норм паводзін; б) трымацца з шыкам; фарсіць.

Трымаць язык за зубамі — маўчаць, не гаварыць лішняга, быць асцярожным у выказваннях.

Трымаць язык на прывязі — маўчаць, не гаварыць лішняга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)