Руле́т ’кумпяк, з якога вынята костка і якому нададзена форма каўбасы’, ’ежа з сечанага мяса ці бульбы з якой-небудзь начынкай, запечаная ў выглядзе прадаўгаватага кавалка, звычайна акруглай формы’, ’пірог з цеста, згорнутага ў некалькі слаёў з салодкай начынкай’ (ТСБМ). Рус., укр. руле́т, балг. руле́т, ру́ло, рулад. З заходнееўрапейскіх моў, крыніца распаўсюджання — франц. roulette ’колца; ролік; рулетка’ < roulerкаціць; катаць; скочваць’. Чаму ў пералічаных славянскіх мовах значэнне ’рулет’ атрымала франц. roulette ’кольца’, а не roulade ’рулет’ (> ням. Roulade ’рулет’) — невядома, магчыма, таму, што скрылёк рулета нагадвае кола (Чарных, 2, 127).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кату́рхаць ’трэсці, калыхаць’ (Сцяшк. МГ, БРС). Няяснае слова. Магчыма, нейкае гібрыднае ўтварэнне. Параўн. рус. дыял. котура́ться ’куляцца’, котуря́ть ’штурхаць’. Першая частка катур‑хаць, можа, звязана з дзеясловам тыпу рус. котуря́ть, а другая трансфармавалася пад уплывам штурха́ць (інакш цяжка вытлумачыць з’яўленне элемента «х» у разглядаемым дзеяслове). Магчымы камбінацыі дзеяслова штурхаць з «прэфіксамі» ка‑, ко‑ і спрашчэннем кансанантнай групы шт > т (з якіх прычын?). Параўн. нарэшце існаванне «комплекса» котур‑ (прасл. *koturati): рус. дыял. котура́ться ’куляцца’, славен. kotúrati ’капіць’, серб.-харв. коту̀рати ’вярцець’, ’каціць’ (паводле Трубачова, Эт. сл., 11, 209, дзеяслоўны інтэнсіў, утвораны ад *kotiti ’капіць’ «узмацняльным суфіксам» *‑ur‑a‑ti).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каці́цца ’нараджаць дзіцянят (пра авечку, казу і некаторых іншых жывёл)’ (ТСБМ, БРС, Касп.), каці́ць ’тс’ (Касп.). Рус. коти́ться ’нараджаць кацянят’; у дыялектах таксама коти́ть, укр. коти́тися, чэш. kotiti se, славац. kotiťsa, польск. kocić się, серб.-харв. kòtiti (se), балг. ко́ти се, славен. kotíti і г. д. Прасл. *kotiti sę ’каціцца’. Этымолагамі выказваецца думка, што першапачаткова дэрывацыя *kotъ*kotiti () не магла быць рэальнай, таму што мелася на ўвазе не кошка, а, напрыклад, важныя ў гаспадарцы жывёлы. Магчыма, аднак, *kot‑ ’кошка’ было аманімічным з нейкім іншым словам, якое адзначала маладую жывёлу. Трубачоў, Эт. сл., 11, 205, прыводзіць лац. catulus ’дзіцяня, шчаня’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Валі́ць1 ’прымушаць упасці, перакульваць’ (БРС). Рус. валить, укр. валити, польск. walić, в.-луж. walić, н.-луж. waliś ’круціць’, чэш. valitiкаціць’, славац. váľať ’валіць (дрэва)’, балг. ва́лям, макед. валка ’валяць, катаць’, серб.-харв. ва́лјати, славен. valíti, ст.-слав. валити. І.‑е. паралелі: літ. võlioti ’катаць’, лат. uolît ’катаць, круціць’, ст.-інд. válati ’ён круціцца, паварочваецца’, ст.-в.-ням. wuolên ’качаць’, лац. volvo ’катаю, кручу’, грэч. ἐλύω ’катаю, закручваю’. Гл. вал2 у Фасмера, 1, 268. Параўн. Шанскі, 1, В, 12; Брукнер, 599–600; БЕР, 1, 116–117; Скок, 3, 562–563.

Валі́ць2 ’вырабляць з воўны’ (Бяльк.); ’качаць, збіваць сукно’ (КЭС), валка (тканіны) (КТС). Да валіць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Като́мка ’сумка, клунак’ (Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. котома́, кото́мка; паводле Фасмера, 2, 353, сюды адносяцца (з тым жа значэннем) рус. ко́тма, хото́мка, коту́ль, коты́ль, хоту́ля, хату́ль. Трубачоў (Эт. сл., 11, 208) прыводзіць яшчэ ўкр. ко́тма ’тс’. Слова няяснага паходжання. Прапанаваліся розныя этымалогіі, напр., утварэнне ад дзеяслова ката́ть, далей, запазычанне з фін. kontti ’карзіна з бяросты, якую носяць на спіне’, або з чагат. kat ’футляр’ (гл. Фасмер, 2, 353). У апошні час Трубачоў, там жа (праўда, без бел. матэрыялу), мяркуе, што, магчыма, было прасл. *katoma, залежны дзеепрыметнік на ‑om ад дзеяслова *kotitiкаціць, валяць і да т. п.’ Няпэўна. Параўн. яшчэ Шанскі, 2, К, 360.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кацёлка ’драўляны кружок, круг’; ’драўлянае кола, якое качаюць дзеці дзеля забавы’; ’усё, што нагадвае сабой круг, кола’ (ТСБМ, БРС), таксама ’круг на навоі, які стрымлівае ніткі, каб не рассоўваліся’, ’шапка сланечніка’ (Бяльк.). Сюды ж, відавочна, качу́лка (Касп.), кацю́лька ’круглы кусок палкі, якая падкладваецца пад вілы, каб лягчэй падаць у печ гаршчок’. У Нас. каце́лка ’плоская акругленая дошчачка для катання, для дзіцячай гульні’, каце́ль ’коўзанка’; ’вырубленае з лёду круглае сядзенне, на якім катаюцца’. Утварэнне ад дзеяслова *kotitiкаціць’ або *katati ’катаць’ суфіксам *‑elь. Адносна словаўтварэння параўн., напр., прасл. *kotelь — фармацыя на ‑*elь ад дзеяслова *kotiti (гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 199–200). Кацёлка і інш. утвораны, відаць, па гэтай мадэлі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ката́ць ’катаць’ (у розных значэннях). Слова вядома не ва ўсіх слав. мовах (у такой форме) і этымалогія яго таксама няпэўная. Трубачоў (Эт. сл., 9, 162) параўноўвае балг. дыял. ка́там ’хадзіць на справах, гаспадарыць’, ст.-рус. катати ’катаць’, рус. ката́ть ’вазіць і да т. п.’, ’гойдаць’, ’ляжаць хворым’, ’рабіць з бітай шэрсці’, ’валяць (абутак)’, ’гладзіць’, далей укр. ката́ти ’біць’, ката́тися ’катацца’, ката́ти ’качаць катком зямлю’, ’выціскаць ваду качаннем’, далей бел. ката́цца ’катацца’, ката́ць (дыял.) ’скручваць у трубку’. Магчыма (як зваротныя вытворныя), сюды адносяцца чэш. kat ’кат’, славац. kat, польск. kat, далей рус. дыял. кат ’калёсны след’; ’каток для ўкачвання поля’ і інш. Прасл. *katati (), якое суадносіцца з прасл. *kotiti (гл. каці́ць) і *katjati (гл. кача́ць). Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 209–210.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пра́ца, ‑ы, ж.

1. Працэс уздзеяння чалавека на прыроду; чалавечая дзейнасць, накіраваная на стварэнне матэрыяльных і культурных каштоўнасцей. Фізічная праца. Наёмная праца. Прадукцыйнасць працы. Прылады працы. □ Мірная праца і радасць шчаслівага сямейнага жыцця — вось яе светлы сённяшні дзень. Брыль.

2. Работа, якая патрабуе затраты фізічнай ці разумовай энергіі. Гануля была ў бацькоў адной дачкою і, яшчэ будучы дзіцём, дапамагала маці ў цяжкай сялянскай працы. Гурскі.

3. Вынік творчай, разумовай дзейнасці; твор. Друкаваная праца. Матэматычная праца. Лінгвістычная праца. // толькі мн. (пра́цы, прац). Назва навуковых часопісаў, зборнікаў. Працы Інстытута Мовазнаўства Акадэміі навук БССР.

4. Тое, што і работа (у 4 знач.). Хадзіць на працу.

•••

Біржа працы гл. біржа.

Герой Сацыялістычнай Працы гл. герой.

Інспекцыя працы гл. інспекцыя.

Сізіфава праца — цяжкая да знясілення марная праца (ад імя міфічнага цара Сізіфа, прыгаворанага багамі вечна каціць на гару камень, які, дасягнуўшы вяршыні, падаў назад).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Туры́ць ‘гнаць, прымушаць хутка рабіць што-небудзь, імчаць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Гарэц., Бяльк., Яўс., Ласт., ТС, Варл., Волк., Растарг.), ‘гнаць, штурхаць’ (Вушац. сл.), ‘везці нешта грувасткае’ (ТСБМ, Кал.), ‘бязмэтна траціць, раскідаць’ (Растарг.), ту́рыць (ту́рытсь) ‘прымушаць, паганяць’ (Шпіл.), ‘гнаць (пра самагонку)’ (Зайка Кос.), ту́ріць ‘рабіць нешта непрыстойнае’: культура — дзе стаіць, там і туря (ветк., Palaeoslavica, 23, 1, 173), туры́ты ‘гнаць’ (Сл. Брэс., Арх. Вяр.; драг. З нар. сл.), туры́цца ‘гнацца, бегчы следам, даганяючы’ (Рэг. сл. Віц.). Параўн. укр. ту́ри́ти ‘гнаць, выганяць’, рус. тури́ть ‘падганяць, гнаць, пудзіць’, польск. дыял. turać ‘абарочваць, каціць’, каш. tuřëć ‘хутка ехаць’, серб., харв. tȕřiti ‘штурхаць, піхаць, класці’, славен. túrati ‘піхаць, тузаць’, макед. тури ‘пакласці, паставіць’, балг. ту́рям ‘ставіць, класці’. Прасл. *turiti і *turati ‘піхаць, паганяць, гнаць’ без пэўнай далейшай этымалогіі (SEK, 5, 181); паводле Глухака (645), узыходзіць да і.-е. *tour‑, няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Тое, што і каціць (у 1 знач.), аднак абазначае рух, які адбываецца ў розны час і ў розных напрамках. Качаць бярвенне. □ Дзеці дружна на бульвары Абручы качаюць. А. Александровіч. На палубе матросы качаюць бочкі, носяць скрынкі. Сіпакоў.

2. Размякчаючы рукамі і рухаючы па якой‑н. паверхні, надаваць чаму‑н. акруглую форму. Глядзелі хлопцы, як на дзіва, Як дзядзька, цеста замяшаўшы, Качаў галушкі, міску ўзяўшы. Колас.

3. Паварочваць з боку на бок у чым‑н. сыпкім, вязкім. Качаць рыбу ў муцэ. Качаць бульбіну ў тлушчы.

4. Разгладжваць, выпростваць з дапамогай качалкі, качалак. Качаць бялізну. // Спец. Рабіць пракатку. Качаць ліставое жалеза.

5. Разм. Падкідваць каго‑н. на руках, выражаючы радасць, захапленне і пад. А тут падхапілі Міколку на рукі і ну качаць. Лынькоў. Адкасілі шчыра — Сенажаці чыстыя... І качаюць брыгадзіра Дзецюкі плячыстыя. Маляўка.

6. Валіць на зямлю, перамагаць (пры дужанні, бойцы і пад.). [Валя] абівала ў мяне з плячэй снег, калі Пеця качаў нас у гурбах. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)