Прыму́рак, прымо́рак, прумо́рак, прімо́рок, пры́морок, пры́морочэк ’тое, што прымуравала, прыбудавала; выступ (радзей выемка), карніз печы, на якім можна сядзець або ставіць, класці што-небудзь; выступ на бакавой сценцы печы, па якім залазяць на печ; ляжанка, тапчан пры печы як яе частка’ (ТСБМ, Інстр. 1, Шушк., Янк. 2, Лексика Пол., З нар. сл., Шатал., Нар. словатв., Жд., Сл. ПЗБ; маладз., дзятл., стаўб., слуц., ЛА, 4; ПСл). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад мур (гл.). Параўн. аналагічнае ўкр. при́мурок ’карніз печы; каменная прыбудова; бакавая сцяна ганчарнай печы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паз, паза, м.

1. Выемка ў якой‑н. дэталі, куды ўстаўляецца выступ другой дэталі. Хлопцы дасталі магазін [аўтамата], агледзелі і зноў асцярожна ўставілі ў пазы. Якімовіч. У.. пазы заходзяць шпунты другіх дошак, і, такім чынам, сценкі вулея становяцца вельмі шчыльнымі. Ваданосаў. // Канаўка, прадаўгаватае паглыбленне ў чым‑н. Каля дарогі на тоўстай сасне дзяцел раздзёўбваў заціснутую ў паз шышку. Федасеенка.

2. Вузкая доўгая шчыліна паміж няшчыльна прыгнанымі бярвёнамі, брусамі, плітамі і пад. Сцены яшчэ без тынкоўкі — у пазах свежага дрэва роўныя шнуркі заканапачанага моху. Ракітны. Кладуцца пліты роўна, але не шчыльна: пазы паміж імі мы забіваем растворам.., калі звараны металёвыя канцы. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Камі́нак, каміно́к, камяно́квыемка ў печы, месца ля чалеснікаў, дзе раскладалі агонь для асвятлення хаты’ (ТСБМ, КЭС, лаг.; Інстр. I, Сцяшк.), ’пярэдняя частка печы’ (Яруш.), ’выступ на коміне для запалак, гзымс’ (Сцяц.; Мат. Маг.; в.-дзвін. Шатал.; Сцяшк.) ’шкло ў газавай лямпе’ (мін., Кар.; Жд. 2; КЭС, лаг.; Інстр. I; жытк., Жыв. сл.). Запазычана з польск. kominek. Да комін (гл.). Сюды ж каміна́р ’чысцільшчык комінаў’, ’запэцканы ў сажу’ (ТСБМ, Некр., Сцяц., Жд. 3, Гарэц., Сцяшк.) і камінарнік ’тс’ (стаўбц., Жыв. сл.; шчуч., Нар. лекс.; вілей., Нар. сл.; Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́мба ‘невысокі слупок ля дарогі або тратуара’, ‘круглае збудаванне для наклейвання афіш, аб’яў’, ‘падстаўка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Яўс.), ‘выемка, гняздо ў бэльцы, куды ўстаўляецца прамавугольны шпень кроквы’ (Зайка Кос.), ‘тоўстая мажная кабета’ (Яўс.), тумбава́ты ‘тоўсты (чалавек)’ (Сцяшк. Сл.), тумбішча ‘непаваротлівая жанчына’ (Юрч. СНЛ). Праз польскую (tumba першапачаткова ‘саркафаг для цела святога’, пасля ‘слупок’, якое з лац. tumba) ці рускую мову (ту́мба, якое з нова-в.-ням. Tumbe ‘магіла’, ‘труна’, ‘яма’) з нар.-лац. tumba ‘магіла’, апошняе ўзыходзіць да ст.-грэч. τύμβος; ‘пагорак’, ‘магільны курган’, роднаснага лац. tumulus ‘узгорак’ (Фасмер, 4, 120; ЕСУМ, 5, 675; Чарных, 2, 271; Арол, 4, 116).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пры́печак, ‑чка, м.

1. Месца, пляцоўка перад чалеснікамі печы. На руках [маці] данесла яго да прыпечка, а як узяла на вілкі і падняла, каб падаць яго далей у печ, рукі задрыжалі, закружылася галава і чыгун перавярнуўся. Галавач. [Люда] расклала на прыпечку з трэсак агеньчык. Хадкевіч.

2. Выступ печы або дашчаны насціл каля печы, на якім можна сядзець або ставіць што‑н.; прымурак. На прыпечку змардаваная гаспадыня, вурк[очучы] верацяном, цягне бясконцую, як жыццёвая нягода, нітку. Зарэцкі. Андрэйка скочыў на прыпечак, потым на печку і, натужыўшыся, галавою ўзняў адну дошчачку, другую і шмыгануў на дах... Кавалёў.

3. Абл. Выемка для вуголля, попелу ў печы. Аўгінка вымятала памялом печ. Старанна згарнуўшы вуголле ў прыпечак, пачала класці дровы. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ашлап ’верхняе бервяно ў зрубе, якое кладуць на бэлькі’ (карэліц., Весці АН БССР, 1969, 4, 126), ошлап (стол., Шушк.), ошлапа ’бервяно, якое кладзецца пад вокнамі (КСТ), ашлапны ’ахопліваючы, верхні’ (Касп.). Наяўнасць навагр. атла́бвыемка ў ніжнім бервяне для шчыльнага прылягання з верхнім’ (Сцяшк.) робіць магчымым супастаўленне з літ. ùžlapas ’закрыты’ (параўн. Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 126), якое ўтварае пару з ãtlapas ’адкрыты’, аднак цэлае гняздо слоў з больш шырокім значэннем, гл. ашлапіць, прымушае прыняць славянскае паходжанне ці, ва ўсякім разе, лічыць цалкам магчымым такое паходжанне слова або поўную фармальную і семантычную яго адаптацыю, параўн. укр. палес. нашлапа ’тс’ (Лысенка, СПГ), рус. смал. шлапник ’папярочная бэлька, на якой трымаецца столь’. Цікавую паралель дае ахлуп і ачэп ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жура́ўка1 ’калодка з адтулінай (дзіркай) у верхнім камені жорнаў, у якую ўстаўляецца млён’ (Сл. паўн.-зах.; свісл., Шатал.), ’выемка ў ткацкім станку, куды закладаецца навой’ (петрык., Шатал.). Рус. пск. журавка, журавль ’рукаятка руля, румпель’. Магчыма, перанос назвы птушкі, вядомы для намінацыі прылад у рус. дыялектах: кур. жураве́ль ’дэталь прасніцы — драўляная дошчачка’, ленінгр. жура́в ’верацяно’. Тут, аднак, акцэнтуецца наяўнасць адтуліны, дзіркі, выемкі, што збліжае з назвамі самаробных цацак, зробленых з косці з дзіркай: жужулачкі, журжа1, у той час як перанос назвы журавель хутчэй на доўгі, высокі прадмет. Можа, перанос паводле функцыі часткі прылады для калодзежа, але гэта менш верагодна. Няясна.

Жура́ўка2 ’дзіцячая гульня’ (Бяльк.). Рус. смал. жура́вль ’абрадавая гульня для сустрэчы жураўлёў’, укр. жураве́ль ’від танца’, польск. дыял. żóraw ’гульня’ (Карловіч). У бел. для назвы гульні выкарыстоўваецца форма ж. р. назвы птушкі. Цікава, што і ў балтыйцаў назва жураўля выкарыстоўваецца як назва гульні (Мюленбах-Эндзелін, 1, 548; LKŽ, 3, 272), а ў балт. мовах назва птушкі ж. р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́печ1, прі́печь, пры́печак, пры́пэчэк, пры́пэчка, прэ́пічок, прі́пачак, пры́печча, пры́пяшнік ’прыпек’, ’выемка для вуголля, попелу ў печы’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., Янк. 1, Янк. 2, Ян., Стан., Растарг., Шат., ЛА, 4). Рус. при́печь, припе́чек, припе́чье ў аналагічных значэннях, укр. припі́чок ’прыпек; ляжанка на печы’, польск. przypiecek ’ляжанка на печы’. Прэфіксальная (пры́печ) і конфіксныя (пры́печак і пад.) дэрываты ад печ (гл.).

Пры́печ2 ’пясчаныя берагі; пляж’ (Жучк., Стан.), ’пясчаны спадзісты бераг’, ’пясчаны нанос каля берага ракі’ (Яшк.); відаць, сюды ж прыпічак ’тоня (участак вадаёма)’ (віл., Сл. ПЗБ), пры́печок ’абрыў’ (ТС), ’выступ (не абавязкова каля печы)’ (Ян.). Рус. пск. при́печь ’пясчаны бераг ракі (без расліннасці)’, ’пясчаны нанос’, волжск. ’уступ, прыпечак на дне ракі ўздоўж берага’. Этымалагічна тое ж, што і прыпеч1, першапачаткова ’абрыў, спадзісты бераг у выглядзе прыпечка’. Інакш Куркіна (Этимология–1985, 15), якая лічыць, што ў падобных утварэннях, параўн. яшчэ рус. опе́чь ’пясчаная мель у рацэ’, опе́чек ’вал пяску, каменняў, намыты вадой’, захоўваецца першапачатковае значэнне *pektь ’скала, камень’ (гл. печ, пячына), бо прымітыўная печ мела форму ачага, складзенага з каменняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́ла1 ‘прылада, пры дапамозе якой наматваюць цэўкі’ (докш., Янк. Мат.). Рус. скала́, ска́ло, ска́лка ‘тс’. З *съкало, першапачаткова назоўнік з суф. ‑dlo ад *sъkati (рус. скать); з інш. ступенямі чаргавання гл. сукно, сукаць, сучыць (Праабражэнскі, 2, 293; Фасмер, 3, 631). Параўн. сукала (гл.). Сюды ж, відаць, ска́ла ‘скрутак лубу, дубовай кары’: здымалі кару, скручвалі ў трубу — “скалу” і затаплялі “ў мачышчах” (Лакотка, Борыс, Сцежкамі дзядоў. Мн., 1986, 124). Параўн. аднак скала́ ‘бяроста’ (гл. наст, слова), дзе больш прымальным здаецца паходжанне ад *skal‑ ‘сячы, калоць’.

Ска́ла2 ‘бяроста’ (Бломкв.). Параўн. рус. скала́, ска́ла ‘тс’, разам з скала́ ‘каменная глыба’ звязваецца з ска́лить ‘трэскацца’, што да *skel‑/*skal‑, роднаснага літ. skélti ‘расколваць’, skalà ‘лучына, трэска’, лат. skals ‘тс’ (Фасмер, 3, 630), насуперак Тапарову (Балтийские яз., 46), які лічыць падмаск. скала́ ‘бяроста’ субстратным балтызмам. Гл. спецыяльна Анікім, Опыт, 278.

Скала́1 ‘каменная глыба, гара з крутымі схіламі, вострымі выступамі’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.; ашм., Стан.), ‘вельмі цвёрдая гліністая глеба’ (Касп.; астрав., Ск. нар. мовы), ‘вапняк’ (Касп., Сл. ПЗБ), ‘камяністая глеба’ (ЛА, 2), ‘буры балотны жалязняк, якім выкладаюць сцены скляпоў, ям у зямлі’, ‘празрысты лёгкі мінерал, т. зв. “чортаў палец”’ (Яшк.), “скалою зовутся и кремень, и кремневые орудия каменного века — «перуновы стрелы»” (Рам. 5, 176), ‘выемка ў прырэчным камені’ (лях., Архіў БЭЛА), ст.-бел. скала ‘каменная гара’ (XVIII ст., Карскі 2-3, 459), укр. скала́ камень’, рус. скала́ ‘каменны ўцёс, каменная глыба’, ст-рус. скала ‘скала’, польск. skała ‘скала; камень’, старое ‘расколіна’, в.-луж., н.-луж. skała ‘скала’, чэш. skála ‘скала; камень’, славац. skala ‘камень’, славен. skála ‘скала’, ‘трэска’, балг. скала́ ‘камень’, макед. скала ‘каменны выступ’. Прасл. *skala. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. skeliu, skelti ‘расколваць’, skílti, skįlù ‘трэскацца’, skalà ‘шчапа, лучына’, лат. skala ‘тс’, ст.-ісл. skilja ‘расчляняць’ і г. д.; гл. Фасмер, 3, 630; Махэк₂, 545, Траўтман, 264. Усё да і.-е. кораня *(s)kel‑ ‘калоць, рэзаць’. Першаснае значэнне слова ‘востры камень, камень, які атрымаўся ў выніку расколвання ў адрозненне ад каменя ў глебе, рачной гальцы і да т. п. Борысь (550) *skala разглядае як дэрыват ад прасл. *skolili з рэгулярным падаўжэннем галоснага ў корані o → a, параўн. рус. дыял. осколить ‘абцясаць вакол, ачысціць’, якое далей да *(s)kel‑. Гл. яшчэ БЕР, 6, 718; Сной₂, 570 (*skala лічыць дэрыватам ад *skaliti, гл. скаліць).

Скала́2 ‘маланка’ (капатк., ДАБМ, камент., 901; малар., іван., лях., пін., стол., лун., мазыр., Архіў БЭЛА). Фармальна, як і скала1, да кораня *(s)kel‑, г. зн. ‘якая расколвае (неба)’. Але магчыма і непасрэдна звязаць гэтыя два значэнні праз фальклорна-міфалагічныя ўяўленні славян, паводле якіх скала ‘страла Перуна (каменная)’; такія скалы́, таксама як гром і маланка, адносіліся да арсенала Перуна (аб чым падрабязна Іванаў–Тапароў (Иссл., 85 і наст.), якія параўноўваюць з палескімі назвамі кавалкаў крэменю, якія знаходзяць на полі: перуно́выя стрэ́лы, перуно́ў па́лец. Скал(к)а ‘перуновая страла’ адпавядае хец. perun‑ ‘скала’ (= камень = пярун), гл. Іванаў–Тапароў, Бел. лекс., 59, што аспрэчваецца Страхавым (Palaeoslavica, 12, 2, 251) як занадта аддаленае.

Скала́3 ‘каляровае рэчыва чырвонага колеру ў гліне ў ганчароў’ (бабр., Нар. словатв.), скалі́стая гліна ‘гліна з такім рэчывам’ (там жа). Скала́ інакш называецца кра́сная іржа́ (там жа). Міхайлаў (вусн. паведамленне) адносіць слова да скала1, таму што гэта праслойка звычайна больш цвёрдая, чым гліна. Сюды ж, відаць, скала́ ‘вялікія плямы ржаўчыны на вадзе’ (ТС), гл. скалка2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)