перы́яд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Адрэзак часу, у які што‑н. адбываецца або які чым‑н. абмежаваны. Перыяд росквіту. Гістарычны перыяд. Аднаўленчы перыяд. □ Камуністычная партыя кіравалася і кіруецца ленінскім вучэннем аб пераходным перыядзе ад капіталізму да сацыялізма. «Звязда».

2. Спец. Адрэзак часу, на працягу якога завяршаецца які‑н. паўторны працэс. Перыяд вагання. Перыяд абарачэння штучнага спадарожніка вакол Зямлі.

3. Спец. Час, на працягу якога адкладваюцца асадкі геалагічнай сістэмы; частка эры, якая дзеліцца ў сваю чаргу на эпохі. Ледніковы перыяд. Мелавы перыяд мезазойскай эры. Каменнавугальны перыяд палеазойскай эры. Сілурыйскі перыяд. Юрскі перыяд.

4. У матэматыцы — група лічбаў, якія нязменна паўтараюцца ў адной і той жа паслядоўнасці ў бесканечных дзесятковых дробах. Перыяд трыганаметрычнай функцыі.

5. У граматыцы — складаная сінтаксічная канструкцыя, часткі якой звязаны паміж сабой граматычна, лексічна і інтанацыйна.

6. У музыцы — пабудова, якая ўвасабляе закончаную музычную думку.

•••

Вегетацыйны перыяд — перыяд росту і развіцця расліны.

Інкубацыйны перыяд — скрыты перыяд хваробы ад моманту заражэння да паяўлення яе першых прыкмет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Напе́рад ’уперад’ (ТСБМ, Ян.), наперэ́д ’тс’ (ТС), напе́рад, наперэ́д, напярод ’раней’, ’спачатку’ (Жд. 2, Ян., ТС; пруж., Сл. ПЗБ), укр. наперед ’уперад’, ’спачатку’, ’надалей’, рус. наперёд ’раней’, ’спачатку’, ’у будучым’, польск. naprzód ’спачатку’, ’уперад’, серб.-харв. напред ’уперад’, балг. напред ’тс’, макед. напред ’тс’. Са спалучэння *na і назоўніка ў він. скл. адз. л., гл. перад1, пярод ’пярэдняя частка’; семантыка ’спачатку’, ’раней’, ’надалей’ развілася з прасторавага значэння для абазначэння часу, пры гэтым пунктам адліку можа стаць як мінулы, так і будучы адрэзак часу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пэ́рса (persą) ’адрэзак поля, шырэйшы за загон’ (беласт., SOr, 17, 244), pers, bers ’тс’ (там жа). Рэлікт на базе кораня і.-е. *prkпараўн. літ. praparšas ’роў, акоп’, s на месцы š тлумачыцца ўплывам “мазурэння” на поўначы Беласточчыны (гл. Абрэмбская–Яблонская, Зб. Аванесаву, 200–204; Śladami, 406–412); не выключана народнаэтымалагічнае пераасэнсаванне ў назвах палёў тыпу Perša, Perse (параўн. парадкавы лічэбнік першы, польск. pierwszy), літ. Peršiekščis (Słownik nazw terenowych póln.-wsch. Polski, Warszawa, 1992, 354–355), гл. Цыхун, Зб. Абрэмбскай-Яблонскай, 47. Гл. таксама перс.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

насу́праць і насупро́ць, прысл. і прыназ.

1. прысл. Прама перад кім-, чым-н., на процілеглым баку.

Ён жыве н.

2. прысл. Наперакор, нязгодна з кім-, чым-н. (разм.).

Гаварыць н.

Рабіць усё н.

3. прыназ. з Р. Указвае на прадмет або асобу, перад якімі на процілеглым баку што-н. размяшчаецца.

Сядзець н. акна.

4. прыназ. з Р і Д. Наперакор каму-, чаму-н., нязгодна з кім-, чым-н.

Н. жаданням.

Н. волі бацькі.

5. прыназ. з Р. Указвае на тэрмін, адрэзак часу, перад якім што-н. існуе, адбываецца ці павінна адбыцца.

Паехаць у горад н. ночы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ху́ткі, ‑ая, ‑ае.

1. Які адбываецца з вялікай хуткасцю. Хуткі бег. Хуткая хада. □ Коні, узмакрэлыя ад далёкай дарогі і хуткай язды, як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць. Брыль. // Які імкліва перамяшчаецца ў прасторы, які вызначаецца вялікай хуткасцю. Прабягалі хуткія кур’еры За кароткім часам наўздагон. Глебка.

2. Быстры ў сваіх рухах, дзеяннях, рашэннях і пад. Арэшкін хоць і быў вышэйшы ростам, але крочыў паважна, не спяшаючыся, і імкліваму, хуткаму ў рухах Лемяшэвічу прыйшлося запаволіць сваю хаду, а калі ён парушыў рытм, рэчы пачалі замінаць. Шамякін. [Сяргей:] — Надта ж марудна кнот тлеецца... [Таня:] — Ах, які ты хуткі на ўсё. Машара. // Паспешлівы. [Андрэй] падаў паперку старэйшаму. Той узяў яе, кінуў хуткі погляд на напісанае. Самуйлёнак. Крушынскі аглядваецца па баках, хуткімі крокамі выходзіць з лесу. Бядуля.

3. Які адбываецца ў кароткі адрэзак часу. Хуткі рост прамысловасць Хуткі рост народнай асветы ў рэспубліцы. // Які павінен адбыцца праз невялікі адрэзак часу. Вер нам цвёрда, Зямля! І чакай нас, Зямля! Да спаткання, да хуткай сустрэчы. Гілевіч.

•••

Карэта хуткай дапамогі гл. карэта.

Хуткая дапамога гл. дапамога.

У хуткім часе гл. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адле́гласць, ‑і, ж.

1. Прамежак паміж двума прадметамі. За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны. Колас. // Адрэзак шляху пэўнай велічыні, працягласці. За мінуту штучны спадарожнік праходзіць велізарную адлегласць. □ Дзімін, відаць, хваляваўся, бо рукі ў яго былі закладзены за спіну і мераў ён адлегласць — крокаў дзесяць туды, крокаў дзесяць назад — таропка, нецярпліва. Карпаў. // Прамежак у часе. Адлегласць доўгую да перамогі Гадамі давялося вымяраць. Аўрамчык.

2. Больш-менш аддаленае месца; далечыня. Перадача электрычнай энергіі на далёкія адлегласці.

•••

Трымаць на адлегласці гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

год, ‑а, М ‑дзе; мн. гады, ‑оў і год; м.

1. Прамежак часу з 1 студзеня, за які Зямля робіць адзін паварот вакол Сонца (уключае ў сябе 365 ці 366 сутак, або 12 каляндарных месяцаў). Адыходзілі вёсны і зімы, І гады за гадамі плылі. Колас.

2. Адрэзак часу ў 12 месяцаў, які адлічваецца з якога‑н. дня. Аб усім утрая Клапаціцца гатоў, Быццам думаю я Жыць яшчэ сто гадоў. Гілевіч.

3. толькі мн. Ужываецца ў спалучэнні з парадкавым лічэбнікам для абазначэння дзесяцігоддзя. Саракавыя гады дваццатага стагоддзя. Камсамольцы дваццатых гадоў.

4. толькі мн. Адрэзак часу ў некалькі год. Пасляваенныя гады. Гады росквіту культуры і народнай гаспадаркі.

5. толькі мн. Узрост; перыяд, пара ў жыцці чалавека. Спадарожны Пятра быў Захар Палянскі, чалавек сярэдніх гадоў, досыць заможны гаспадар. Колас.

6. Адрэзак часу, на працягу якога планета робіць абарот вакол Сонца. Год Марса.

•••

Высакосны год — кожны чацвёрты год, які мае ў лютым не 28, а 29 дзён.

Зорны год — прамежак часу, за які Сонца робіць свой бачны шлях па нябеснай сферы адносна зорак.

Навучальны год — час вучэбных заняткаў ад канца адных і да пачатку наступных летніх канікул.

Новы год — дзень 1 студзеня.

Светлавы год — адзінка адлегласці, роўная шляху, які праходзіць прамень святла за трапічны год.

Трапічны год — прамежак часу паміж двума праходжаннямі Сонца цераз пункт веснавога раўнадзенства.

Адны гады; у адных гадах — аднолькавы ўзрост; аднагодкі, равеснікі.

Без году тыдзень гл. тыдзень.

Гады падышлі — настаў ўзрост, калі патрэбна зрабіць што‑н.

Гады ў рады — вельмі рэдка (бываць дзе‑н., сустракаць з кім‑н. і інш.).

Год ад году — з кожным годам.

З году ў год — пастаянна, на працягу некалькіх гадоў.

З малых гадоў (год) — з дзяцінства.

На схіле гадоў (год) гл. схіл.

Не па гадах — неадпаведна ўзросту, не падыходзіць па ўзросту.

Па маладосці гадоў гл. маладосць.

У гадах — пажылога ўзросту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., што.

1. Адлажыць убок, палажыць побач. Пачуўшы стукат у дзверы, Карызна адклаў убок пяро і, паціраючы рукі, крыкнуў бадзёра і весела: — Уваходзь! Зарэцкі. [Рудзько] адклаў лічыльнікі ўбок, змёў далоняй махорку са стала ў падстаўленую лодачкай другую далонь і адарваў новы кавалачак газеты. Дуброўскі. // Палажыць асобна, аддзяліць. Адкласці сапсаваныя фрукты ў асобную скрынку. / у перан. ужыв. Ужо зіма свае ўборы На другі адклала год. Броўка. // Зберагчы якія‑н. сродкі, паклаўшы іх асобна; сэканоміць. Адкласці грошы.

2. Назбіраць, назапасіць; утварыць адклады. За доўгія гады возера адклала на дне многа ілу.

3. Палажыць яйкі для захавання патомства. Самка авадня здольна адкласці да 500 яечак.

4. Апусціць, адагнуць, адкінуць (аб прадметах, прымацаваных да чаго‑н. адным краем). Анісім ад звонкасці Алімпінага голасу прабудзіўся, адклаў каўнер кажуха і пачаў .. услухоўвацца ў Алімпіны словы. Сабаленка.

5. Перанесці на больш позні час; адтэрмінаваць. Прыйшлося адкласці падарожжа на заўтра. Маўр. Старыя раяць шлюб адкласці, А маладыя прагнуць шчасця, — Вось тут, як кажуць, і кукуй! Крапіва.

6. У геаметрыі — адмераўшы, адзначыць адрэзак на прамой. На прамой АВ адкласці адрэзак СД.

7. перан. Пакінуць след, адбітак, не знікнуць бясследна, зрабіць уплыў. Уражанні дзяцінства адклалі выразны адбітак на душы чалавека. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́сяц, ‑а, м.

1. Планета, самая блізкая да Зямлі. Месяц-маладзік. □ Ноч была цёмная — ні месяца, ні зорак на небе. Шыловіч.

2. Дванаццатая частка астранамічнага года, у якой ад 28 да 31 дня. Пёк добры мароз, хоць і быў ужо красавік месяц. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Адрэзак часу ў 30 дзён, калі лічыць ад якога‑н. дня. Месяц прамінуў, як дзень. Гартны. Ішлі спачатку месяцы, потым мінуў год, другі. Ракітны.

•••

Поўны месяц — поўня.

Мядовы месяц — першы месяц пасля шлюбу ў маладых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

секу́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Адзінка вымярэння часу, роўная 1/60 часткі мінуты. Кожны з нас Працы час Да секунд разлічыў, Толькі б болей зрабіць для любімай Радзімы! Панчанка. // Вельмі кароткі адрэзак часу, імгненне. І вось праз секунду, а можа праз дзве Трапечацца лешч на вільготнай траве. Глебка.

2. Адзінка вымярэння вуглоў, дуг, роўная 1/3600 градуса, якая на пісьме абазначаецца значком ″ зверху лічбы справа.

3. У музыцы — другая ступень дыятанічнай гамы, а таксама інтэрвал паміж двума суседнімі гукамі гэтай гамы.

4. Другі інструмент і яго партыя ў аркестры. Скрыпка-секунда. Кларнет-секунда.

[Ад лац. secunda — другая, наступная.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)