перы́яд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Адрэзак часу, у які што‑н. адбываецца або які чым‑н. абмежаваны. Перыяд росквіту. Гістарычны перыяд. Аднаўленчы перыяд. □ Камуністычная партыя кіравалася і кіруецца ленінскім вучэннем аб пераходным перыядзе ад капіталізму да сацыялізма. «Звязда».

2. Спец. Адрэзак часу, на працягу якога завяршаецца які‑н. паўторны працэс. Перыяд вагання. Перыяд абарачэння штучнага спадарожніка вакол Зямлі.

3. Спец. Час, на працягу якога адкладваюцца асадкі геалагічнай сістэмы; частка эры, якая дзеліцца ў сваю чаргу на эпохі. Ледніковы перыяд. Мелавы перыяд мезазойскай эры. Каменнавугальны перыяд палеазойскай эры. Сілурыйскі перыяд. Юрскі перыяд.

4. У матэматыцы — група лічбаў, якія нязменна паўтараюцца ў адной і той жа паслядоўнасці ў бесканечных дзесятковых дробах. Перыяд трыганаметрычнай функцыі.

5. У граматыцы — складаная сінтаксічная канструкцыя, часткі якой звязаны паміж сабой граматычна, лексічна і інтанацыйна.

6. У музыцы — пабудова, якая ўвасабляе закончаную музычную думку.

•••

Вегетацыйны перыяд — перыяд росту і развіцця расліны.

Інкубацыйны перыяд — скрыты перыяд хваробы ад моманту заражэння да паяўлення яе першых прыкмет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)