ху́ткі, ‑ая, ‑ае.

1. Які адбываецца з вялікай хуткасцю. Хуткі бег. Хуткая хада. □ Коні, узмакрэлыя ад далёкай дарогі і хуткай язды, як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць. Брыль. // Які імкліва перамяшчаецца ў прасторы, які вызначаецца вялікай хуткасцю. Прабягалі хуткія кур’еры За кароткім часам наўздагон. Глебка.

2. Быстры ў сваіх рухах, дзеяннях, рашэннях і пад. Арэшкін хоць і быў вышэйшы ростам, але крочыў паважна, не спяшаючыся, і імкліваму, хуткаму ў рухах Лемяшэвічу прыйшлося запаволіць сваю хаду, а калі ён парушыў рытм, рэчы пачалі замінаць. Шамякін. [Сяргей:] — Надта ж марудна кнот тлеецца... [Таня:] — Ах, які ты хуткі на ўсё. Машара. // Паспешлівы. [Андрэй] падаў паперку старэйшаму. Той узяў яе, кінуў хуткі погляд на напісанае. Самуйлёнак. Крушынскі аглядваецца па баках, хуткімі крокамі выходзіць з лесу. Бядуля.

3. Які адбываецца ў кароткі адрэзак часу. Хуткі рост прамысловасць Хуткі рост народнай асветы ў рэспубліцы. // Які павінен адбыцца праз невялікі адрэзак часу. Вер нам цвёрда, Зямля! І чакай нас, Зямля! Да спаткання, да хуткай сустрэчы. Гілевіч.

•••

Карэта хуткай дапамогі гл. карэта.

Хуткая дапамога гл. дапамога.

У хуткім часе гл. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)