АДРЭ́ЗАК, сегмент (матэм.),

мноства лікаў або пунктаў на прамой, размешчаных паміж двума лікамі або пунктамі A і B, разам з пунктамі A і B. Каардынаты адрэзка задавальняюць умовам a ≤ x ≤ b (a і b — каардынаты канцоў адрэзка).

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕГМЕ́НТ (лац. segmentum адрэзак, паласа ад seco рэжу, рассякаю),

1) С. на плоскасці — плоская фігура, якая знаходзіцца паміж крывой і яе хордай. Напр., С. круга — частка круга, абмежаваная дугой ABC і хордай AC.

2) С. у прасторы — частка цела, абмежаваная плоскасцю і кавалкам паверхні, які адсякаецца гэтай плоскасцю.

3) С. — тое, што адрэзак.

Сегмент круга.

т. 14, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЫУС (лац. radius літаральна спіца кола, прамень) акружнасці (сферы), адрэзак, які злучае адвольны пункт акружнасці (сферы) з іх цэнтрам, а таксама даўжыня гэтага адрэзка.

т. 13, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫФМА́РЫЙ,

сукупнасць рыфмаў, якія выкарыстоўвае пэўны паэт ці ўся паэзія ў нейкі гіст. адрэзак часу (Р. бел. паэзіі 19 ст., Я.​Купалы і інш.). Часам Р. называюць рыфмаў слоўнік аднаго паэта або ўсёй нац. паэзіі.

т. 13, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАВІКО́ЎЕ, гляцыял, ледавіковая эпоха,

адрэзак часу ў геал. гісторыі Зямлі, які характарызуецца значным пахаладаннем клімату і развіццём магутных покрываў мацерыковага лёду ў палярных і ва ўмераных шыротах. Л. падзяляліся эпохамі амаль поўнага знікнення льдоў — міжледавікоўямі. Гл. таксама Зледзяненні, Ледавіковы перыяд.

т. 9, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫГЕ́Й (ад перы... + грэч. gē Зямля),

бліжэйшы да цэнтра Зямлі пункт арбіты Месяца ці штучнага спадарожніка Зямлі; процілеглы апагею. Адлегласць ад П. да цэнтра Зямлі наз. перыгейнай адлегласцю. Адрэзак часу паміж двума праходжаннямі Месяца праз П. наз. анамалістычным месцам, які роўны 27,5546 сярэдніх сонечных сут.

т. 12, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНЫ ЎЧА́СТАК у касманаўтыцы,

адрэзак траекторыі палёту касм. лятальнага апарата, калі працуюць ракетныя рухавікі. Заканчваецца звычайна ў месцы, дзе касм. аб’ект аддзяляецца ад ракеты-носьбіта і выходзіць на зададзеную траекторыю руху. У залежнасці ад месца старту палёт касм. апарата можа складацца з чаргавання актыўнага ўчастка з пасіўнымі (без работы ракетных рухавікоў).

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛС (галанд. hals),

1) курс судна адносна ветру: левы галс (вецер дзьме з левага боку), правы галс.

2) Адрэзак шляху судна (ад павароту да павароту), якое ідзе зігзагападобным курсам пры лавіраванні пад ветразямі, выкананні прамерных работ, траленні і інш. 3) Прылада, якая мацуе да мачты ніжні наветраны вугал ветразя (галсавы вугал).

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ПУКЛАЕ ЦЕ́ЛА,

геаметрычнае цела, якое змяшчае цалкам адрэзак, што злучае 2 любыя яго пункты; аб’яднанне выпуклай вобласці ў прасторы з яе мяжой. Напр., целы Архімеда, шар, куб, паўпрастора. Мяжа выпуклага цела ўтварае выпуклую паверхню (гл. Выпукласць і ўвагнутасць), праз кожны пункт якой праходзіць не менш як 1 апорная плоскасць, што мае агульны пункт (адрэзак або частку плоскасці) з мяжой, але не перасякае яе.

Выпуклае цела бывае 5 тыпаў: канечнае (мяжа — замкнёная выпуклая паверхня), бясконцае (адна бясконцая паверхня, напр., парабалоід), бясконцыя ў абодва бакі цыліндры (замкнёная выпуклая цыліндрычная паверхня, напр., бясконцы кругавы цыліндр), слаі паміж парамі паралельных плоскасцей, уся прастора. Асновы тэорыі выпуклага цела распрацавалі ў 19 ст. ням. матэматыкі Г.​Брун і Г.​Мінкоўскі; агульную тэорыю — сав. матэматыкі А.​Д.​Аляксандраў, А.​В.​Пагарэлаў і інш. Гл. таксама Мнагаграннік, Мноства.

В.​В.​Гарохавік.

Выпуклае цела (а) і нявыпуклае цела (б).

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАНО́ВА,

1) імкненне, жаданне вытворцы (прадаўца) прапанаваць на продаж свае тавары. Велічыня П. характарызуе колькасць тавараў і паслуг, якую вытворца жадае і можа прадаць па пэўнай цане за вызначаны адрэзак часу, залежыць ад цаны і інш. фактараў. Гл. таксама Попыт.

2) Заява прадаўца аб жаданні прадаць тавар, паслугі на вызначаных умовах (аферта).

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)