змест, ‑у, М ‑сце, м.
1. Тое, пра што расказваецца, што выкладаецца, адлюстроўваецца дзе‑н.; тэма (кнігі, артыкула, карціны і пад.). Змест кнігі. Змест оперы. Змест размовы. □ Часамі Данута перакладала змест якога-небудзь англійскага або французскага артыкула, і мы разам захапляліся рознымі дробязямі. Карпюк. // Пералік раздзелаў, састаўных частак кнігі з указаннем старонак, змешчаны ў канцы ці пачатку.
2. Сэнс, сутнасць чаго‑н. Яўхім маўчаў. Але і ў маўчанцы аднаго і ў лёгкіх жартах другіх быў адзін змест і адзін сэнс. Мурашка. [Нават] хаты, поле і лес у сваім старым выглядзе набылі новы змест, тварылі новыя настроі. Бядуля. // Аснова з’явы ці працэсу, якая вызначае іх сутнасць. Форма і змест. Культура нацыянальная па форме і сацыялістычная па зместу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зня́цца, знімуся, знімешся, знімецца; зак.
1. Пакінуць якое‑н. месца, адпраўляючыся ў дарогу. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з гэтага фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Колас. Раніцаю тавар зняўся з месца. Лупсякоў.
2. Вызваліцца ад чаго‑н. і набыць магчымасць рухацца (пра судна). Зняцца з якара. Зняцца з мелі.
3. Сцягнуцца, ссунуцца (пра адзенне, абутак). Боты лёгка зняліся.
4. Аддзяліцца, злезці з якой-небудзь паверхні. Грым лёгка зняўся. Кара знялася з дрэва.
5. Саскочыць з чаго‑н. (пра што‑н. навешанае). Дзверы зняліся з завесаў.
6. Сфатаграфавацца. Дэлегаты зняліся каля турэмнай сцяны. Галавач. // Прыняць удзел у кіназдымцы, выканаўшы якую‑н. ролю. Зняцца ў кінафільме.
•••
Зняцца з уліку — перастаць быць на ўліку дзе‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
блу́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ходзіць, блукае, не знаходзячы месца, дому; невядома чый або зусім нічый. Блудны рой пчол. □ [Міша:] — Мы вось пойдзем, а з лесу, можа, выйдзе блудная карова ды ў бабкі. Сіняўскі. Маладзічка нястомна варыла пяшчотныя ласкі, спадзеючыся прыручыць да ўдовінай хаты блуднага, ваенных часоў, жаніха. Асіпенка. // Які недзе бадзяўся, туляўся і вярнуўся дадому.
2. Не прамы, звілісты, дзе лёгка заблудзіць. Блудная дарога, сцежка.
3. перан. Не такі, які прыняты, не зусім звычайны. [Мароз:] — Вечна ў.. [Шэмета] нейкія блудныя думкі, вечна яму нешта не падабаецца! Лобан.
4. Разм. Які мае адносіны да блуду; распусны, непрыстойны. Бацюшка Дземіян зусім п’яны. Усё цераз стол да паненкі Гані кідаў блудныя жарты. Баранавых.
•••
Блудная авечка гл. авечка.
Блудны сын гл. сын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Мерна гайдацца з боку ў бок або зверху ўніз. Маятнік вагаўся важна, без звыклага цікання. Карпаў. Чайная была амаль пустая, толькі ў кутку, дзе вагалася, зачапіўшыся за рагаты фікус, доўгая фіранка, сядзела некалькі наведвальнікаў. Савіцкі. Дзверы віселі на адной завесе, падлога вагалася. Асіпенка.
2. перан. Быць у нерашучасці, адчуваць няўпэўненасць; сумнявацца. [Лабановіч] пэўны час вагаецца, але даволі хутка знаходзіць выхад у збліжэнні з перадавым сялянствам. Пшыркоў. [Георгій], відаць, вагаўся — хацелася ўбачыць бацьку, асабліва цяпер, калі ён стаяў побач, за дзвярыма, калі быў чуваць яго голас. Мележ.
3. перан. Быць няўстойлівым, хісткім, непастаянным; мяняцца. Вышыня сцябла розных сартоў кукурузы вагаецца ў межах ад 0,5 да 4,5 метра і вышэй.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
затрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Перашкодзіць руху каго‑, чаго‑н., прымусіць застацца дзе‑н. Затрымаць машыну. Затрымаць снег на палях. □ Лабановіч накіраваўся да дзвярэй, каб падацца на вуліцу, але Саханюк затрымаў яго. Колас. Іван Рыгоравіч затрымаў клас пасля ўрокаў. Якімовіч. // Спыніць, сканцэнтраваць на кім‑, чым‑н. (погляд, позірк). Алена бездапаможна аглянулася вакол і затрымала позірк на Таццяне. Шамякін. // перан. Адтэрмінаваць што‑н., перашкодзіць чаму‑н. Дажджы затрымалі сяўбу. Затрымаць пуск электрастанцыі. // перан. Спыніць ход, рост, развіццё чаго‑н., перашкодзіць чаму‑н. Халады затрымалі рост раслін. // Запаволіць або спыніць на пэўны час. Затрымаць дыханне.
2. Не аддаць, не выдаць у тэрмін. Затрымаць зарплату.
3. Узяць пад варту; арыштаваць. Затрымаць злачынца. Затрымаць парушальніка граніцы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
захапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак., кім-чым.
1. Праявіць да чаго‑н. вялікую цікавасць, цалкам аддацца якой‑н. справе, занятку. Захапіцца спортам. □ Многія аднакласнікі, у тым ліку і Грыша Верас, захапіліся зборам этыкетак. Жычка.
2. Поўнасцю паглыбіцца ў які‑н. занятак, забыўшыся аб усім астатнім. Манг зноў захапіўся працай і забыўся на голад. Маўр. Леанід так захапіўся ўрокам, што і не заўважыў, як ён закончыўся. Шахавец.
3. Залюбавацца, зачаравацца чым‑н. Зусім забыўся Голуб, дзе ён, захапіўся малюнкам ціхага поля, такога блізкага, роднага. Галавач. Я толькі з любімай магу захапіцца Успененым морам, паводкай зары. Панчанка.
4. Адчуць цягу, сімпатыю да каго‑н. Маша не магла забыцца, як .. [Славік] з першага позірку захапіўся ёй. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзе́я,
1. Дзейнасць; справа. Там добрая дзея, дзе два арэ, а трэці сее. Прыказка. // толькі мн. (дзе́і, дзей). Учынкі, паводзіны, дзеянні. У дзень яго [Леніна] зямнога нараджэння Да сэрца зноў прыслухайся свайго, Каб дзеямі, жыццём сваім, сумленнем Хоць кроплю быць падобным да яго! Звонак.
2. Падзея, аб якой ідзе гутарка. Дзея адбываецца ў часы белапольскай акупацыі ў БССР. Крапіва. Зменены фінал драмы. Апошняя карціна — новая. Дзея адбываецца ў полі, на дарозе. Тут сустрэлася Ірынка з чырвонаармейцам. Кудраўцаў. // Развіццё падзей у літаратурным творы. Так забаўляла ўсіх ігра [дзядка], што цяпер мала хто ўжо сачыў і за ходам дзеі, і за перажываннямі герояў. Краўчанка.
3. Закончаная частка драматычнага твора або тэатральнай пастаноўкі; акт. Камедыя ў трох дзеях.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мясці́цца, мяшчуся, месцішся, месціцца; незак.
1. Змяшчацца, знаходзіцца, размяшчацца. Там жа, дзе пачынаўся за вясковымі платамі выган, мясціўся і будынак школы. Галавач. Пакой, у якім мясціўся сельгасаддзел, быў не так вялікі. Сабаленка. // Мець прыстанішча, жыць. У хутарскіх хатах, разам з гаспадарамі, і мясціліся палонныя з лесапільні. Чорны.
2. Займаць зручнае месца; уладкоўвацца. Хутка сястра пайшла, а хворы, крэкчучы і стогнучы, пачаў мясціцца пад коўдрай. Быкаў. Я чую, як варочаецца на паліцы жанчына, пэўне, месціцца, каб зручней было гутарыць. Галавач.
3. Умяшчацца, змяшчацца. Народ не месціцца ў хаце. Скрыган. Цеснавата калгаснаму дабру .. мясціцца ў старых будынінах. Палтаран. / Аб думках, пачуццях, перажываннях. У галаве .. [Лемеша] не месціцца, як гэта можна пайсці супраць начальства? Колас. Радасць гэткая ў сэрцы не месціцца. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напатка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Ідучы або едучы, сустрэць каго‑н. Па дарозе.. [Лук’янскі] напаткаў чатырох польскіх коннікаў, але яны не зачапілі гэтага мужыка. Чорны. // Выпадкова сустрэць каго‑, што‑н., натрапіць на каго‑, што‑н. Я напаткаў мясціну, дзе было шмат лісічак, нагнуўся і збіраю іх. Ляўданскі. За агародамі.. [Чыжык] напаткаў знаёмы ручай, упаў і пачаў піць. Лупсякоў.
2. перан. Здарыцца, спасцігнуць (пра бяду, няшчасце і пад.). [Мікола і Таня] ніколі не гаварылі пра тое, што можа [іх] напаткаць у баі. Новікаў. Перад канцом вайны.. [Сцепаніду Андрэеўну] напаткала непапраўнае гора — прыйшла чорная вестка аб смерці сына. Шахавец. // З’явіцца, узнікнуць. І тут у першы раз Міхала Вось гэта думка напаткала: Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
натра́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., на каго-што.
Напасці, наткнуцца на што‑н. Як звычайна, [хлопцы] накіраваліся ў лес. Праз некаторы час знайшлі некалькі маладзенькіх грыбоў.. А яшчэ праз некалькі крокаў натрапілі на лісічкі. Маўр. Прабіраючыся на ўсход, .. [Гнядкоў] на шчасце натрапіў на партызанскі атрад Прыборнага і застаўся ў ім. Шамякін. // Сустрэцца з кім‑н., выпадкова наткнуцца на каго‑н. [Волька:] — А дзе Кастусь — мы не ведаем. Можа, і ён нас шукае, але натрапіць адно на другое не можам. Чорны. Раманаў позірк усё блукаў па зале ды вось натрапіў і на Генку. Ярашэвіч.
•••
Натрапіць на след — тое, што і напасці на след (гл. напасці).
Не на таго натрапіў — тое, што і не на таго напаў (гл. напасці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)