захапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак., кім-чым.

1. Праявіць да чаго‑н. вялікую цікавасць, цалкам аддацца якой‑н. справе, занятку. Захапіцца спортам. □ Многія аднакласнікі, у тым ліку і Грыша Верас, захапіліся зборам этыкетак. Жычка.

2. Поўнасцю паглыбіцца ў які‑н. занятак, забыўшыся аб усім астатнім. Манг зноў захапіўся працай і забыўся на голад. Маўр. Леанід так захапіўся ўрокам, што і не заўважыў, як ён закончыўся. Шахавец.

3. Залюбавацца, зачаравацца чым‑н. Зусім забыўся Голуб, дзе ён, захапіўся малюнкам ціхага поля, такога блізкага, роднага. Галавач. Я толькі з любімай магу захапіцца Успененым морам, паводкай зары. Панчанка.

4. Адчуць цягу, сімпатыю да каго‑н. Маша не магла забыцца, як .. [Славік] з першага позірку захапіўся ёй. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)